Пагутарылі з Сяргеем пра яго адаптацыю на новым месцы, стрыжкі, ратаванне дзіцячымі кніжкамі, будучыню «Мінкульта» і беларускай літаратуры агулам.

 

Сяргей Календа

«90% заробку здабываю цырульніцкай працай»

«Наша Ніва»: Раней вы казалі, што вам цяжка вызначыцца з тым, хто вы больш — пісьменнік ці цырульнік. Сёння вы як сябе рэпрэзентуеце ў першую чаргу?

Сяргей Календа: Амаль 90% заробку я здабываю цырульніцкай працай, рознымі складанымі афарбоўкамі як стыліст-каларыст. Астатняя частка складаецца з літаратуры. Але тут ужо, бывае, яна прыносіць нейкія грошы, а бывае, што нічога не дае (толькі я сам укладаю ў літаратуру). Але я і не чакаю ад літаратуры на дадзены момант гэтага. У мяне мэта іншая: я хачу распрацоўваць і захоўваць культурны кантэнт. І займаюся я гэтым па ўласным жаданні.

Напрыклад, зараз я раблю кнігу для сына: мы з ім прыдумлялі спачатку гісторыі, потым вымалёўвалі. І ўсё гэта як частка майго жыцця, я не ўспрымаю гэта як прафесію. Гэта такая магчымасць жыць яшчэ і вось гэтым.

«НН»: Чаму вы з’ехалі з Беларусі, што стала вырашаючым момантам у прыняцці такога рашэння?

СК: Мы шмат змагаліся ў Беларусі за ўсё на свеце. Мэты з’ехаць як такой ўвогуле не было, бо спачатку адчувалася эйфарыя і жаданне змяніць да лепшага шмат чаго ў краіне. Потым, калі ўсё пачало закручвацца, усіх пачалі затрымліваць — адразу паўстала пытанне: «Што рабіць далей?» Да апошняга нічога не прадпрымалася. Я працягваў займацца часопісам «Мінкульт» і партызаніў, камусьці дапамагаў (мне здаецца, як усе беларусы, гэта неад’емная частка нашага жыцця, якая нікуды і не дзенецца).

Апошняй кропляй стала тое, што мяне пабудзіў мой брат а 6-й раніцы 24-га лютага. Ëн жыве на мяжы Расіі з Украінай, у Бранску. І вось ён мне паведаміў, што там у яго адны вайскоўцы, самалёты лётаюць, бамбяць вакол — вайна пачалася. Я тады адразу сказаў, што ўсё — мы з’язджаем. Бо ў мяне няма жадання ваяваць на баку цяперашняй Беларусі. І ніякага жадання сядзець там за творчасць таксама няма.

У мяне ёсць сябры, якія сказалі, што застаюцца і гатовыя сесці за Беларусь. Яны лічаць, што зробяць сваім учынкам унёсак у будучыню краіны. А я сваёй карысці ў знаходжанні за кратамі не бачу, куды больш яе ў тым, колькі я зраблю часопісаў, літаратуры. І ў тым, што я магу даць сваім дзецям, канечне.

«Я хачу, каб мой сын выйшаў на «барыкады» і мяняў штосьці ў краіне, каб за гэтыя спробы яго не расстралялі»

«НН»: У вас у Мінску стрыжкі і афарбоўкі ў кліентаў былі распісаныя на месяц наперад, вы іх проста ўсіх кінулі? 

СК: Так, апантана ўсё кінуў і нікога не папярэджваў. Нават бацька не ведаў пра мой ад’езд у Вільню. Я проста закрыўся сам у сабе і зрабіў усё так, як хацеў. Жонка, канечне, падтрымлівала. Яна ўвогуле апошнім часам заставалася ў Мінску толькі дзеля мяне. У мяне ж было так: пачаўся каранавірус, мы сядзім дома, і я такі — вось цяпер ты зразумееш, як важна мець сваю зямлю, асобную ад усіх (у нас быў садовы дамок, акурат). Я планаваў, што мы будзем вырошчваць сваё, будзем падалей ад эпідэміі. Потым пачалася рэвалюцыя, і я казаў ужо: вось мы зараз абаронім Беларусь і пачнем будаваць вялікі дом пад Рудзенскам. Я нават замовіў дызайн, архітэктурны праект класны, геадэзію. Планаваў, што там будзе пасля летняя майстэрня для сяброў-пісьменнікаў. 

Але ў выніку мы вось вырашылі, што трэба ехаць падалей у Еўропу.

Я проста не ўяўляю, як мой сын будзе жыць, калі накрые вайной і Беларусь. І чаму ён будзе вучыцца, якія ў яго будуць каштоўнасці.

Сяргей з сям'ёй

Я ўсё жыццё рос са свабоднымі ідэямі: мне маці з дзяцінства давала волю. І ў нас была 29-я гімназія — з настаўнікамі, якія заахвочвалі спрачацца на ўроках літаратуры (а калі вы не спрачаецеся — значыць, кепска чыталі матэрыял). Ды і сам клас быў цікавым: адзін мой аднакласнік Андрэй, напрыклад, унук Уладзіміра Ганчарыка, экс-кандыдата ў прэзідэнты. Налепкі з вожыкамі-патрыётамі мы яшчэ ў 11-м класе разносілі і клеілі. А ў двары ў мяне ўвогуле былі сябры-панкі. І ў нас заўсёды было жаданне змяніць штосьці, каб нам жылося лягчэй і цікавей.

А зараз я не разумею, як гэта — пайсці апрануць чырвоную хустку і пад гімн пачынаць урокі. Ну і проста не дапускаю думкі, што змагу жыць там, дзе ўсе сядзяць.

Ці што мой сын вырасце, у 15 год пойдзе «на барыкады» — і яго пасадзяць. Я хачу, каб ён выйшаў і мяняў штосьці ў краіне, у якой вырасце. Каб за гэтыя спробы яго не расстралялі.

«Калегі-літоўцы прама сказалі, што баяцца вайны і акупацыі, проста трымцела ўсё ад гэтага страху»

«НН»: Нехта скажа, што Вільня ў плане «падалей» сёння з пагрозамі ў бок НАТА і размоў пра Сувалкаўскі калідор не выглядае такой ужо бяспечнай… 

СК: Пасля Мінска дольш за ўсё я жыў у Вільні, тут усё больш-менш зразумела, знаёма і блізка, таму мы абралі гэты горад. Але ў сакавіку, амаль адразу як мы прыехалі і я ўладкаваўся ў салон на працу, калегі-літоўцы мне, канечне, накінулі жахаў. Яны прама казалі, што баяцца вайны і акупацыі, і проста трымцела ўсё ад гэтага страху.

Але я тлумачыў калегам, што гэтыя жахі несупастаўныя з тымі, калі ў цябе няма ніякай падтрымкі, як у Беларусі. У Літве цябе будзе спрабаваць абараніць дзяржава, НАТА, мясцовыя вайскоўцы. У Беларусі, на жаль, ты нікому не патрэбны, што было бачна на прыкладзе з тым жа каранавірусам і заканчваючы вайсковымі справамі, якія абываюцца на нашай тэрыторыі цяпер.

Як грамадзянін ты адчуваеш сябе там безабаронным, і гэта не дае спакою, не дазваляе якасна жыць. Ты проста сядзіш і перажываеш, што цябе альбо пасадзяць, альбо ты памрэш, бо пачнецца вайна.

«60% маёй кліентуры ўжо тут»

«НН»: Наколькі хутка вы знайшлі сябе на новым месцы?

СК: Сябры сказалі, што я рэкардсмен па хуткасці ў тым, каб знайсці і жытло, і працу.

Калі мы ехалі ў Вільню, я сказаў жонцы на мяжы: калі мы за два месяцы не знойдзем ні жытла, ні працы — значыць, Вільня не для нас, паедзем далей.

Гэта было ў нядзелю. У нас на трое сутак былі арэндаваныя апартаменты, але ўжо ў панядзелак мы знайшлі кватэру (дзякуючы дапамозе сяброў у фэйсбуку, між іншым). У аўторак нам адказалі на ліст наконт садка і школы побач з домам, і ў пятніцу дзеці пайші туды (сын вучыцца ва ўкраінска-беларускім класе, а сад — літоўскі, але там вельмі шмат палякаў, украінцаў і беларусаў, так што адна з першых фраз, якую сын прынёс адтуль стала «Мацька-бацька». Мы не разумелі, адкуль гэта, бо ніколі не ўжываем слова «бацька», гэта для нас пра Лукашэнку. А пазней зразумелі, што выхавальніца-полька часта прамаўляе «Матка боска»).

У сераду ж, праз тры дні, я атрымаў запрашэнне на працу ў салон прыгажосці «Фігаро». Пры гэтым 60% маёй кліентуры ўжо тут, таму было не складана з кліенцкай базай. Ну, і кампанія «Фігаро», прыватная студыя, адкрылася яшчэ ў пачатку 90-х і на сёння з’яўляецца адной з самых буйных сетак. Я ведаў, што ў іх вялікі штат і трэба грукацца да іх як да самых буйных на рынку. Ім якраз не хапала добрых стылістаў, універсалаў, якія б маглі выступаць як і трэнеры-тэхнолагі. 

Сяргей на працы ў літоўскім салоне «Фігаро»

«НН»: У адным з інтэрв’ю вы расказвалі, што стрыглі неяк экс-кадэбэшніка. Сёння б пайшлі на такое?

СК: Калі б гэта адбывалася ў Вільні, то тут маю права адмовіцца ад працы: тут няма такога, што кліент заўсёды мае рацыю. Майстар можа не ўзяцца за справу, бо яму складана. А ў Мінску я быў бы ў пастцы: калі б не пагадзіўся, гэта магло б мець наступствы. 

Увогуле, на новым месцы я адразу адчуў змены ў сваім стане ў лепшы бок. Гэта станоўча адбілася на тэмпах літаратурнай працы. Я зноў пачаў пісаць, вярнуўся да планаў, якія адклаў 1,5 года таму. Тут у мяне ёсць рэсурсы падумаць пра творчасць, а не толькі зарабляць грошы, і гэта важна.

Я адразу знайшоў у сабе сілы рабіць новы нумар «Мінкульта», які, акурат, прысвечаны падарожжам і эміграцыі — самай балючай цяпер тэме для беларусаў, мне падаецца (сайт «Мінкульта» зараз аднаўляецца, ранейшыя нумары пакуль можна адшукаць па спасылцы. — НН).

«Я хачу, каб у нас існавала альтэрнатыўная літаратура, таму і працягваю рабіць «Мінкульт»

«НН»: Раскажыце, акурат, на якім этапе праца з вашым літаратурным часопісам?

СК: У нас былі запланаваныя два новыя часопісы: пра падарожжы і эміграцыю і пра вайну ва Украіне. Другі пакуль адкладаецца: я пагутарыў з украінскімі калегамі, і яны не вельмі хочуць даваць зараз нейкія ацэнкі і тэксты, бо для іх (як і для нас) вайна працягваецца. А пісаць нейкія прамежкавыя рэчы ніхто асабліва не жадае.

Нумар «Падарожжы і эміграцыя» гатовы прыблізна на 80%. Там у нас будзе і Глобус, і Заміроўская, і Філіпенка, Андрэй Дзічэнка бярэ інтэрв’ю ў прабеларускага амерыканца пра асаблівасці жыцця ў амерыканскіх турмах і кібератакі. Будуць там вельмі цікавы аповед пра падарожжа па Барселоне і сумнае пра эміграцыю і асаблівасці жыцця ў Польшчы. Такі мікс з розных месцаў на Зямлі ад беларусаў: дзе, хто, як і чаму жыве. 

Я не проста так вырашыў міксаваць падарожжы і эміграцыю. Гэтыя два тэзісы супрацьстаяць адзін аднаму і адначасова яны разам: некаторыя выпраўляюцца ў падарожжа і гэта робіцца іх эміграцыяй, а іншыя эмігруюць, але ўспрымаюць гэта як падарожжа, яны не прывязаныя да нейкай кропкі.

 

Вокладка нумара пра эміграцыю і падарожжцы, на якой «Даніэль Дэфо сядзіць у чарзе эмігрантаў на выспе Амерыкі»

Беларусы не ўпершыню вымушаныя з’язджаць са сваёй зямлі, але мы ўсё роўна ведаем, што вернемся і зноў пачнецца нешта новае і цікавае. Для мяне самае важнае пытанне тут, калі гэта адбудзецца: калі ў мяне яшчэ будуць рэсурсы выбудоўваць сваё жыццё зноў на новым месцы ці ўжо не.

У фэйсбуку ёсць данэйшн на «Мінкульт», пакуль мы назбіралі чвэрць сумы, каб надрукаваць часопісы, а нам патрэбна 100%, таму што кошты на друк за мяжой немаленькія. А нам трэба яшчэ надрукаваць ужо даўно гатовы нумар «Вірус і выбары», які чакае свайго часу. І нават калі збор не закрыецца, я знайду спосабы яго надрукаваць да канца года. 

Фота: архіў героя

Апошні ў Беларусі «Калядны» нумар я разаслаў усім, хто нам некалі данаціў — у Беларусь, Нямеччыну, Польшчу, Штаты.

Я хачу, каб часопіс працягваў існаваць такім чынам. Каб знаходзілася тыя 300 чалавек, якім гэта трэба. Гэта мэтанакіраваная аўдыторыя, якая будзе захоўваць часопіс, перадаваць у бібліятэкі, займацца буккросінгам. І аднойчы такім чынам папяровыя асобнікі знойдуцца недзе ў Малайзіі, і гэта будзе цікава.

Тым больш, што я збіраю тэксты правакацыйныя, якія часцяком не трапляюць у іншыя часопісы, бо там ёсць фармат, этыкет. Мне ж падабаецца, калі ў літаратуры ёсць панк. Я хачу, каб альтэрнатыўная літаратура існавала і ў нас, таму і працягваю рабіць «Мінкульт».

«З лютага 2020-га да канца таго года фіксаваў, што адбываецца вакол. Як гэты матэрыял перапрацаваць у якасную кнігу і не памерці ад дэпрэсіі — не ведаю»

«НН»: Для пісьменніка жыць у такім цяжкім гістарычным адрэзку — гэта падарунак ці выпрабаванне? 

СК: Ëсць увогуле такі панятак як крызіс творчасці, сюжэтны крызіс. І ён часам не залежыць ад таго, што адбываецца вакол. Некаторыя пісьменнікі знаходзяцца ў сваім сусвеце, у ізаляцыі, і ім неістотна, дзе яны будуць жыць, каб ствараць сваю літаратуру.

Але мне прыгадваецца гутарка з адным нямецкім пісьменнікам у Берліне. Яна адбылася яшчэ ў 2010-м годзе, калі ў нас былі не такія вядомыя ўсім пратэсты, але яны былі. І ён тады сказаў: «Вось вам пашчасціла жыць у крызісныя часы, калі творчасць робіцца больш вострай». А я глядзеў на яго, а ён вельмі дорага апрануты, піў дарагое шампанскае ў творчым каворкінгу. І я такі: «А я б хацеў пажыць, як ты, не трывожачыся ні за што, ні лічачы грошы, і каб пісаць нешта падобнае да Бекета».

Ты мне кажаш пра «лепшыя часы», а ў мяне няма нічога за душой, толькі вяртанне да хворай маці і новых пратэстаў. 

Літаратура ў такі час, мне падаецца, робіцца больш злоснай. Але ў мяне ёсць дзеці, таму я пачаў пісаць больш дзіцячага.

Хаця з моманту, калі пачаўся каранавірус, я паспеў назбіраць матэрыялаў на кнігу. З лютага 2020-га да канца года я збіраў навіны, гутаркі, тое, чым я жыву, — я разумеў, што гэта важны гістарычны момант. Фіксаваў тое, што адбываецца вакол, і дадаваў туды прыдуманы вэрхал. І цяпер я не разумею, дзе там прыдуманае дзеля мастацкасці, а дзе рэальнасць.

І што з гэтым рабіць — там 180 старонак А4. Кожны раз, калі адкрываю гэты файл, там хоць забейся. Як гэты матэрыял перапрацаваць у якасную кнігу і не памерці ад дэпрэсіі — не ведаю. Там жа кожны дзень мы перажывалі мікрасмерць. І пакуль я не магу туды вярнуцца. Калі гэта адбудзецца, я не ведаю. Ëсць некаторыя тэксты, якія могуць у мяне ляжаць і 10, і 15 год.

Праўда, урывак з гэтай мастацкай дакументалістыкі будзе надрукаваны ў «Мінкульце», што прысвечаны вірусу і выбарам.

«НН»: Дзіцячая літаратуры для вас зараз — гэта ў тым ліку нейкае ратаванне ад рэальнасці?

СК: Так. Тым больш, сыну тры гады. Я ж не буду яму распавядаць пра вайну. У нас з ім у Беларусі было, як у фільме «Жыццё цудоўнае», дзе і ў канцлагеры бацька сыну прадстаўленні паказваў. Для дзяцей я ствараю дзяцінства, якое я ім змагу даць, намаляваць, ім не трэба ні трэшу, ні вайны.

Для сына ці я, ці жонка штовечар чытаем. Раней мы чаргавалі беларускую і рускую мову, цяпер часам я нешта па-ангельску дадаю. Тым больш, у сына ў садочку ёсць сябра з Афрыкі, які толькі на ангельскай размаўляе. Для яго ў тры гады шматлінгвізм вельмі натуральны.

 

Сяргей зараз працуе над кнігай «Хлопчык Томчык» на трох мовах адначасова — беларускай, рускай і ангельскай. Яна грунтуецца на гісторыях з жыцця яго сына.

«Беларусы не павінны ведаць, што здарылася ў Кіркорава. Хай лепш ведаюць, што здарылася ў Саладухі хаця б»

«НН»: Вы сярод іншых беларускіх пісьменнікаў удзельнічалі ў сёлетнім фесце PRADMOVA. Не магу не спытаць пра тое, як вы ставіцеся да той дыскусіі, якая разгарэлася пасля запрашэння расійскага кінакрытыка Антона Доліна?

СК: Беларусам глабальна, канечне, у першу чаргу трэба пазбавіцца інфраструктуры, у якой мы жывем пад расійскімі навінамі. Беларусы не павінны ведаць, што здарылася ў Кіркорава. Хай лепш ведаюць, што здарылася ў Саладухі хаця б. Трэба змясціць акцэнты, і тады ўсе будуць нармальна існаваць.

Узяць тую ж Літву — у іх таксама шмат расійскага кантэнту, моладзь можа слухаць актыўна рускіх рэпераў — гэта не замінае ім развівацца ў сваёй літоўскай культуры і мове, сваіх кнігах. Беларуская культура і ў нас павінна быць на першы месцы, а што будзе другім і трэцім — ужо кожны беларус сам вырашыць. 

Канкрэтна тое, што здарылася на «Прадмове», — мне гэта нецікава, гэта пустое. Увогуле, у фестывалю цяпер змясціліся акцэнты. «Прадмова» з’ехала з Беларусі, і цяпер яна і грузінская, і польская, і літоўская. І гэта змяшчае акцэнты ад татальнай беларускасці на мульцікультурнасць.

«Мяне абурыла справа з Андрэем Янушкевічам і яго выдавецтвам — гэта подлы, страшны ўчынак»

«НН»: Якія беларускія навіны са свету літаратуры сталі для вас найбольш балючымі за апошні час?

СК: Мяне больш за ўсё абурыла справа з Андрэем Янушкевічам і яго выдавецтвам. Яго спачатку высяляюць з офіса — ён вымушаны прадаваць свае наклады, бо склада няма. Ëн спыняе новыя замовы. Яму даюць некалькі месяцаў «адпачыць». За гэты час Андрэй знаходзіць новае памяшканне, укладвае туды грошы на рамонт, перавозку, аплату арэнды і праз дзень пасля адкрыцця яго арыштоўваюць. Гэта подла — чакаць, калі чалавек ізноў пачне развіваць свой бізнэс, і пакараць яго не проста суткамі, а фінансава. Каб ты не змог аправіцца. Гэта страшны ўчынак, нароўні з пагромамі ў кватэрах: калі Пракоп’еў толькі зрабіў рамонт пасля першага пагрому, і зноў яе зруйнавалі. Гэта помста на ўзроўні тупога быдла.

Спадзяюся, Андрэй адновіць свой бізнэс за мяжой, там, дзе яму зараз бяспечна будзе працаваць. 

«НН»: Што чакае беларускую літаратуру ўнутры краіны ў такіх умовах, дзе кнігарні зачыняюць, Саюз беларускіх пісьменнікаў ліквідуецца, Чаргінца прызначаюць «народным пісьменнікам», раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» прызнаюць «экстрэмісцкім» і гэтак далей? 

СК: У такіх умовах літаратура будзе стэрылізаваная. Чаргінец будзе рабіць кніжкі і паказваць Лукашэнку тое, што трэба. Будуць зноў вершы пра дзьмухаўцы і розную херату. Не будзе ні канкурэнтаздольных кніжак, ні той літаратуры, якая ўвогуле магла б з’явіцца ў школьнай літаратуры. А вартыя пісьменнікі зноў будуць шукаць сябе за межамі — у тым жа Беластоку, Вільні.

«НН»: Што вы самі зараз чытаеце і можаце парэкамендаваць як «маст рыд»?

СК: У асноўным, насамрэч, гэта тэксты, якія дасылаюць мне ў «Мінкульт». Той жа «Крэмулятар» Сашы Філіпенка — мы будзем частку з яго кнігі ўключаць у часопіс. Там, канечне, вялікая справа пісьменнікам прароблена.

Тое, што я слухаю «пасіўна» зараз у машыне, — гэта аўдыякнігі «Цыбуля памяці» Гюнтара Граса і «Вачыма клоўна» Генрыха Бёля. Гэта два пасляваенныя нямецкія пісьменнікі, якія вельмі падрабязна, шчыра і цікава апісалі сучасную Нямеччыну пасля вайны. Я звярнуўся да гэтага, каб супакоіцца, што нават такая страшная вайна з фашыстамі і тое калісьці скончылася. Там пра тое, як немцы адбудоўвалі краіну, прыводзілі да ладу. І пачыналі ў выніку жыць лепей, чым да вайны, бо перайшлі на новы палітычны ўклад, змяніўшы сацыялізм на капіталізм.

Раю звярнуцца да пасляваеннага пакалення менавіта нямецкіх пісьменнікаў, бо савецкія ў асноўным пісалі пра саму вайну, а гэтыя — пра тое, што і як варта захаваць пасля яе.

«Беларусы не будуць рабіць рэвалюцыю, каб памерці ці забіць, яны жадаюць зрабіць рэвалюцыю, каб жыць»

«НН»: Зараз шмат размоваў пра адказнасць беларусаў за вайну, шмат абвінавачванняў у наш бок. У вас з гэтай нагоды ёсць нешта кшталту пачуцця віны? 

СК: Пачуцця віны ў мяне няма. У мяне толькі злосць на вусатага і ўсё. І крыху на пакаленне нашых бацькоў — яны рэальна галасавалі за яго.

Мне тата распавядаў, што вось быў на МАЗе ён у стачкаме, стварылі яны прафсаюз — узялі ў 1991 годзе манціроўкі і папёрлі. Захапілі з сабой Падшыпнікавы завод, МТЗ, дайшлі да цэнтра і сталі: што далей? І гэтае пытанне — для ўсяго яго пакалення. Яны зрабілі нейкі рух, а лідара, які сказаў бы, што трэба рабіць, не знайшлося. Яны там памыкаліся, бацьку ў выніку пазбавілі чаргі на кватэру, бо гайкі пачалі закручвацца, і больш такога руху ў іх ужо не было. А яны ж сапраўды тады падняліся рабочым класам. І вось у таты крыўда гэтая, што лідара не было. А я крыўдую на тое, што яны нічога не змаглі.

У 2020-м было, канечне, інакш. Мы проста разумелі, што калі пачнем нейкія ўзброеныя дзеянні, то ў нас будзе вайна з Расіяй. Мы ўсе не дуракі, мы не маглі ўсё сваё жыццё і жыццё дзяцей падставіць пад смерць. У нас занадта часта вычышчалі насельніцтва, пастаянна кагосьці расстрэльвалі для такіх учынкаў. Мне бабка ў дзяцінстве казала, што самае страшнае для яе за ўсё жыццё — чорныя варанкі: «Не дай божа яны прыйдуць ізноў». І яна ўсім толькі і казала: «Глядзі, не рыпайся».

Беларусы не будуць рабіць рэвалюцыю, каб памерці ці забіць, яны жадаюць зрабіць рэвалюцыю, каб жыць.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
36
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Satan / Адказаць
25.07.2022
Толковое интервью. Надо задонатить немного на фб) Касаемо про быстро нашел квартиру и т.д., помогли друзья, знакомые... Стандартная такая ситуация. Мы тоже не искали квартиру по объявкам, приехали и сразу вселились) Мораль сего в чем - не будьте скромными задротами! А то вот помогали мы немного одной паре, муж беларус, жена украинка.. ну, и вот сидим пьем пиво с общими знакомыми и разговор какой... украинка хотела позвонить общей знакомой, чтоб в чем-то там по мелочи ей помогла. А муж-беларус говорит... не звони, у них свои заботы, зачем их беспокоить? Ну, и знакомая мне возмущенно говорит - ну ёпта... я взрослый человек, я могу сказать нет, если не могу. А, если могу, то помогу.
3
Ахранеушы / Адказаць
26.07.2022
Што тут камэнтаваць? Вiленскi цырульнiк, нiбыта пiсьменнiк. Каиу патрэбная яго пiсанiна? Як i iнейкага Сашы Ф. Усе вартае чытання ужо дауно напiсана, дый i не да чытання зараз..
0
Кококо / Адказаць
26.07.2022
Ахранеушы,калі вам не патрэбна, то і сядзіце моўчкі. Нам патрэбна.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру