Ракеты, выпушчаныя палестынскімі баевікамі ў бок Ізраіля, 6 жніўня 2022 г. Фота: АР

Войска Ізраіля ўвечары 5 жніўня абвясціла аб пачатку аперацыі з кодавай назвай «Світанак». Па сектары Газа былі нанесены ракетныя ўдары. У выніку аднаго з іх загінуў кіраўнік «Брыгады Аль-Кудс» (баявое крыло «Ісламскага джыхаду» на поўначы сектара Газа) Тайсір Махмуд Джабары. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць: тэрыторыя Ізраіля аказалася пад ракетным абстрэлам.

Усяго з учарашняга дня з Газы запусцілі больш за 200 ракет у бок Ізраіля. У асноўным пад абстрэл трапляе паўднёвая частка краіны, аднак сірэны таксама раздаваліся ў цэнтры — у Рышон-ле-Цыёне, Бат Яме і Тэль-Авіве.

Адна ракета трапіла ў жылы дом у Сдэроце, які мяжуе з Газай. «Пашкоджанні вельмі значныя, мы пачулі сігнал трывогі і пабеглі ў сховішча», — сказаў гаспадар.

Яшчэ адна ракета ўпала ў Ашкелоне.

Армія абароны Ізраілю справаздачылася аб нападзе на два склады з боепрыпасамі, якія былі размешчаны ў дамах актывістаў ваенна-марскіх сіл «Ісламскага джыхаду» у сектары Газа. Таксама атакаваны чатыры ваенныя пазіцыі групоўкі, яе навучальны комплекс, ваенны склад у Хан-Юнісе і ваенны комплекс у Газе. Напярэдадні ЦАХАЛ прызваў 25 тысяч рэзервістаў.

У Ізраілі медыцынскую дапамогу на гэты момант аказалі 21 жыхару. З іх двое атрымалі лёгкія раненні ад аскепкаў, 13 атрымалі траўмы, пакуль беглі ў бамбасховішчы.

Па звестках палестынскага Міністэрства аховы здароўя, у выніку абстрэлаў загінулі 15 чалавек. Сярод іх пяцігадовая дзяўчынка, 23-гадовая дзяўчына і лідар баявога крыла. 125 палестынцаў атрымалі раненні.

Чаму Ізраіль першым нанёс удар?

Пасля серыі тэрактаў вясной гэтага года, якія забралі жыцці 20 ізраільцян, міністр абароны Бені Ганц заявіў аб пачатку аперацыі «Валнарэз» па затрыманні падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасці. 1 жніўня ізраільскае войска арыштавала ў Джэніне (горад у Палестынскай аўтаноміі на Заходнім беразе ракі Іардан) аднаго з лідэраў «Ісламскага джыхаду» у Юдэі і Самарыі — Басам аль-Саадзі.

Баючыся эскалацыі на поўдні краіны з-за арышту, урад Ізраіля прыняў рашэнне ўвесці асаблівыя меры бяспекі, перакрыць частку трас, закрыць пляж і ўстанавіць блокпасты вакол сектара Газа.

«Новая газета. Еўропа» паразмаўляла са старэйшым навуковым супрацоўнікам Atlantic Council, былым дэпутатам Кнэсета Ксеніяй Святловай аб тым, што на гэты раз паслужыла падставай для эскалацыі, пазіцыі ХАМАСа, а таксама праблемах з электраэнергіяй у Газе.

Ксенія Святлова, былы дэпутат Кнэсета, старэйшы навуковы супрацоўнік Atlantic Council:

— Арганізацыя «Ісламскі джыхад» дзейнічае не толькі ў Газе, яна дзейнічае і на Заходнім беразе. Яе эпіцэнтр — гэта Джэнін. З Джэніна на працягу ўсёй вясны і раней адзін за адным выходзілі тэрарысты, якія рабілі тэракты ў Ізраілі. Тэрактаў магло быць яшчэ больш, але частку і з іх удалося перадухіліць. За імі пераважна стаіць «Ісламскі джыхад». Таму аперацыя [Ізраіля] фактычна пачалася з гэтага.

І арышт у пачатку гэтага тыдня, у выніку якога быў затрыманы адзін з галоўных лідараў гэтай арганізацыі ў Джэніне прывёў да таго, што Ізраілю было зразумела, што «Ісламскі джыхад» выкарыстае магчымасць, калі ім гэта будзе зручна і калі можна будзе нанесці максімальную шкоду для таго, каб адпомсціць за гэты арышт, затрыманне іншага баевіка, забойства трэцяга баевіка і гэтак далей. Ёсць сувязь паміж Джэнінам і Газай.

На гэты раз Ізраіль проста абраў іншую тактыку — не чакаць таго моманту, калі, напрыклад, узарвуць дзіцячы садок на мяжы з Газай, або выпусцяць залпам супрацьтанкавыя ракеты па якім-небудзь заводзе, калі там будуць знаходзіцца людзі. Пры гэтым цягам апошніх дзён ішлі перамовы. Нават учора раніцай была надзея, што можна будзе неяк дамовіцца. У канчатковым выніку «Ісламскі джыхад» выставіў вельмі высокія патрабаванні па вызваленню шэрагу сваіх людзей з ізраільскіх турмаў і іншым пытанням, але Ізраіль іх не прыняў.

Далей было зразумела, што будзе эскалацыя. Так, яе мог пачаць «Ісламскі джыхад». Але гэта як з ахвярай хатняга гвалту, якая прыходзіць у паліцыю, а ёй гавораць: «Ну, цябе яшчэ не забілі? Вось калі заб'юць, тады і прыходзь». Тут вырашылі не чакаць такога разьвіцця падзеяў.

— Чаму ХАМАС не далучыўся да ваенных дзеянняў?

— Паміж двума гэтымі арганізацыям ёсць велізарная розніца, хоць, па сутнасці, яны абедзве ісламісцкія арганізацыі тэрарыстычнага кшталту — такімі яны прызнаныя ў Ізраілі, ЗША і многіх іншых краінах. Аднак ХАМАС — гэта сіла, якая на працягу практычна 17 апошніх гадоў кіруе Газай. Яны нясуць адказнасць за жыццё двух мільёнаў жыхароў.

Нават калі надта хочацца, яны ўступаюць у непрамыя перамовы з Ізраілем, каб, напрыклад, вырашыць пытанне аб працы палестынскіх рабочых на тэрыторыі Ізраілю. Гадамі гэтага не было, і сёлета яны атрымалі 15 тысяч дазволаў. Практычна ўсе тавары, якія ідуць у Газу, праходзяць праз Ізраіль. Таму даводзіцца з Ізраілем супрацоўнічаць.

ХАМАС на дадзены момант зацікаўлены не ў чарговай вайне — тым больш навязанай у той момант, калі яму самому гэта невыгодна. Ён зацікаўлены ў аднаўленні Газы — зразумела, што ў поўным аб'ёме гэта немагчыма, пакуль вайна лунае ў паветры. Але ўсё ж на дадзены момант яны зацікаўлены ў нейкай раўнавазе.

«Ісламскі джыхад» — гэта крэатура Ірана. Гэта арганізацыя, якая на 100% існуе за кошт Ірана і атрымлівае ўказанні ад краіны, якая многіх палестынцаў напружвае, раздражняе і не лічыцца легітымным партнёрам. На дадзены момант генеральны сакратар «Ісламскага джыхаду» Зіяд ан-Нахала знаходзіцца ў Іране.

ХАМАС — гэта шырокі рух з магутнай падтрымкай палестынскага насельніцтва. Цяпер ён не збіраўся развязваць вайну і зробіць, на мой погляд, усё магчымае, каб у яе не ўступаць. Натуральна, дакладна гэтага ведаць нельга: будзе залежаць ад таго, як будуць выглядаць найбліжэйшыя гадзіны. Чым больш ідзе аперацыя, тым большыя шанцы, што ў канцы ХАМАС усё ж можа далучыцца, хоць яму і не хочацца. Хаця высновы зараз рабіць рана.

— Як палестынцы ставяцца да «Ісламскага джыхаду»?

— Зразумела, што калі пачынаецца вайна і гінуць, напрыклад, маленькія дзеці — зараз загінула пяцігадовая дзяўчынка — мала хто будзе казаць, што гэта «Ісламскі джыхад» вінаваты ў тым, што адбылося. Зразумела, што крайнім будзе Ізраіль. Але асаблівага разумення, навошта гэта трэба [у палестынцаў] зараз няма. І ёсць таксама ўсведамленне таго, што гэта вельмі моцна ўдарыць па тых людзях, якія і так з цяжкасцю выжываюць. Таму шырокай падтрымкі і намера рвацца ў бой у іх няма. Ёсць яшчэ стомленасць ад леташняй аперацыі, якая была ў маі 2021 года. Газа не адноўлена, ваенныя магчымасці ХАМАСа не адноўлены. Канешне, палестынцы падтрымліваюць звычайных людзей, якія жывуць у Газе. Але асаблівага захаплення з нагоды таго, што «давайце ўстанем пад сцяг «Ісламскага джыхаду»» — няма.

Перабоі з электрычнасцю ў Газе

Адзіная электрастанцыя Газы з сённяшняга дня будзе поўнасцю адключана з-за недахопу паліва. Падача электраэнергіі скароціцца да чатырох гадзін на дзень. У электраразмеркавальнай кампаніі Газы заявілі, што адключэнне закране ўсе жыццёва важныя аб'екты, і заклікалі жыхароў, медустановы, муніцыпалітэты і іншыя аб'екты прыняць неабходныя меры.

— Перабоі з электрычнасцю ў сектары Газа пачаліся ў 2006 годзе пасля таго, як ХАМАС захапіў у палон ізраільскага салдата Гілада Шаліта, — распавядае Ксенія Святлова. — Тады быў першы раз, калі разбамбілі электрастанцыю ў Газе. Таму штораз, калі ўзнікае агрэсіўны фон, калі ёсць вайна, сітуацыя пагаршаецца. Калі былі нейкія перамовы наконт таго, каб дадаць палестынцам у Газе электрычнасці (яны атрымліваюць яе толькі на працягу некалькіх гадзін у суткі), то зараз яны могуць пазбавіцца яе наогул. Мне здаецца, што гэта стварае дадатковую нагрузку на ХАМАС, таму што калі акажацца, што не будзе магчымасці ўвесці ў Газу «салярку» з-за ваенных дзеянняў, і электрычнасці не будзе некалькі дзён, з-за чаго пацерпяць бальніцы, дзе ёсць параненыя і грамадзянскія асобы, гэта ўсё можа садзейнічаць эскалацыі.

Клас
19
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
10
Сумна
28
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру