Маці палітвязня расказала, што таго амаль усё лета пратрымалі ў ШІЗА
Праект «1906» пагаварыў з маці Уладзіслава Карэцкага. Мы публікуем гэты тэкст.
Уладзіславу Карэцкаму 26 гадоў. Хлопец жыў у Мінску, працаваў асвятляльнікам на «Беларусьфільме».
У юнацтве Уладзіслаў быў чэмпіёнам Беларусі па грэка-рымскай барацьбе, а апошнія некалькі гадоў зацікавіўся танцамі.
Як асвятляльнік, ён браў удзел у здымках фільма «Урокі фарсі» рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Карціну вылучылі на прэмію «Оскар» 2021 года ад Беларусі. Але на прэм'еру хадзіла толькі маці Уладзіслава, сам ён з 14 жніўня 2020-га знаходзіцца за кратамі.
У 2020 годзе Уладзіслаў стаў валанцёрам штаба Віктара Бабарыкі. Хлопец збіраў за яго подпісы. Праз шэсць дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў Уладзіслава разам з іншымі валанцёрамі — Ігарам Ярмолавым, Мікалаем Сасевым, Дзмітрыем Канапелькам —затрымалі ў рамках справы аб масавых беспарадках.
Уладзіслава і астатніх абвінавачвалі паводле двух крымінальных артыкулах — ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках»), ч. 3 арт. 293 («Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне гэтай дзейнасці»).
Дзяржабвінавачанне сцвярджала, што кожны з чацвярых «меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова прадаставіў неўстаноўленым асобам з ліку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у мэтах прымянення ўказаныя вышэй прадметы».
Прадметамі, якія на думку абвінаваўцаў павінны былі стаць прыладамі злачынстваў, з'яўляюцца два слясарныя малаточкі, не менш як 90 лазерных указак, дзве запальнічкі, два піратэхнічныя вырабы.
Адвакаты абвінавачаных настойвалі, што самі лазерныя ўказкі не могуць быць зброяй, таму што не адпавядаюць азначэнню гэтага тэрміна, адзначанаму ў артыкуле 1 закона «Аб масавых мерапрыемствах у РБ». Там сказана, што зброя — гэта прылады і прадметы канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці іншай цэлі. А ўказкі не могуць іх паражаць, прычыняць цялесныя пашкоджанні ці якім-небудзь іншым чынам быць прыладай узброенага супраціву.
Суддзя Святлана Бандарэнка вырашыла задаволіць запыт старшага памочніка пракурора Маскоўскага раёна Мінска Рамана Бізюка і прызнаць усіх чацвярых вінаватымі. Кожнаму прысудзілі па 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Уладзіслаў Карэцкі цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку.
Яго маці расказала праекту «1906», пра што піша хлопец ёй ў лістах і як яна трывае без яго ўжо два гады.
«6 верасня мусіла быць сустрэча з ім. За дзень да гэтага я патэлефанавала ў калонію, мне сказалі, што ён у нейкім штрафным атрадзе. Мужу адказалі, што ён у ШІЗА.
Насамрэч, усё было інакш: 5 верасня ён выйшаў адтуль, 6-га ён нас чакаў цэлы дзень. Спадзяваўся, што мы прыедзем. Пра гэта ён напісаў у лісце», — расказвае маці палітвязня Ірына.
За лета ад Уладзіслава ёй прапусцілі толькі 5 лістоў.
Колькі разоў хлопец быў у ШІЗА, невядома.
«22 чэрвеня мне трэба было аддаць яму перадачу. Зноў не ўдалося, таму ён зноў быў у ШІЗА. Потым ён мне патэлефанаваў і сказаў прыязджаць 8 ці 17 ліпеня.
Мы патэлефанавалі 7-га ў калонію, нам адказалі, што ён у ШІЗА. І 17-га ён зноў там быў. Можа, яго выпускалі адтуль на пару дзён, — не ведаю.
У той дзень, 22 чэрвеня, я хацела трапіць да начальніка калоніі. Мяне не пусцілі, сказалі пісаць заяву і тады будзе сустрэча з ім. Тое, што ад Мінска гэта 300 кіламетраў, а я інвалід — гэта нікога не хвалюе», — кажа яна.
Летам Уладзіслаў пісаў маці, што яго перавядуць «у іншую турму з жорсткімі ўмовамі».
«Наколькі я ведаю ад іншых людзей, палітычных у такіх турмах вельмі моцна прасуюць, — расказвае жанчына. — Ён мне ў лістах піша, што ўсё нармальна, але я разумею, што не.
Ён не тлумачыў, за што яго ўвесь час садзяць у ШІЗА. Такое ў лісце не напішаш. Ведаю, што там караюць за абсалютна дробязныя рэчы: не туды паставіў кубак, не зашпіліў адзенне.
Чалавека, які праходзіў разам з Уладам па гэтай справе, таксама рэзка перавялі ў калонію ў Віцьбе. Бацькі месяц не маглі ніяк з ім звязацца, а потым прыйшоў ліст».
Апошняе спатканне у Ірыны з сынам было 5 красавіка ў гасцініцы пры калоніі.
«Не магу сказаць, што там людзі былі нейкія жорсткія. Наадварот, яны больш-менш лаяльна да нас ставіліся. Гасцініца, у якой мы з сынам у калоніі сустракаліся, вельмі прыстойная. Не адчувала, што знаходжуся ў турме.
У нас было шмат размоў у той дзень. Ён пытаўся пра сяброў. Расказвала яму, што ў іх, у нашых блізкіх. Пра нешта іншае не гаварылі, таму што я выдатна разумела, што лішняга казаць нельга», — успамінае маці.
«Наша Ніва» звярнулася да праваабаронцы Паўла Сапелкі. Ён патлумачыў, хто нясе адказнасць за змяшчэнне зняволенага ў ШІЗА.
«Ніякіх нормаў, колькі чалавека могуць трымаць там, колькі разоў яго туды могуць садзіць за нейкі час, не існуе, — кажа ён. — Напрыклад, прабыў 15 сутак, адвялі на агляд да доктара і зноў пасадзілі ў ШІЗА.
Па крымінальна-выканаўчым кодэксе ёсць толькі правіла, што памер самога спагнання павінен быць у межах 15 сутак. Іх прызначаюць проста адны за аднымі.
У такім рэжыме сядзеў былы палітвязень Міхась Жамчужны.
Змяшчаюць туды за парушэнне ўнутранага распарадку. Далей адміністрацыя выбірае спагнанне, якое адпавядае цяжкасці ўчынку. На адны і тыя ж дзеянні асуджаных могуць рэагаваць па-рознаму.
Адказнасць за гэта нясе адміністрацыя калоніі, за змяшчэнне ў ШІЗА — яе начальнік ці намеснік», — кажа праваабаронца.
Ці можа з часам тое, што робяць з палітзняволенымі ў лукашэнкаўскіх турмах, судом быць прызнанае катаваннямі?
Гэта стане ясна пасля выхаду палітвязняў на свабоду, калі ўдасца сабраць больш сведчанняў.
«Як мінімум тут можна казаць пра жорсткае, бесчалавечнае стаўленне», — кажа Павел Сапелка.
Каментары