Грамадства22

Абсалютная стэрыльнасць: у падпісным каталогу «Белпошты» не засталося незалежных СМІ

Міністэрства інфармацыі на сваім сайце штомесяц абнаўляе статыстыку медыйнай галіны. Паводле апошняга падліку на 1 снежня, у Беларусі зарэгістравана 1178 друкаваных выданняў. Прычым з гэтай колькасці 764 нібыта незалежныя і толькі 414 з дзяржаўнай доляй уласнасці. Але калі пагартаць падпісны каталог, стане відавочна, што карціна «дыскрымінацыі» бюджэтных СМІ цалкам падманлівая, канстатуе пасля правядзення маніторынгу Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст РУП «Белпошта» сфарміравала падпісны каталог на 2023 год, цяпер кожны беларус мае магчымасць замовіць дастаўку ўлюбёных газет ды часопісаў проста дадому.

Праўда, пры знешняй стракатасці прапаноў насамрэч выбар невялікі: альбо ідэалагічна вытрыманыя выданні пад кантролем цэнтральнай, абласной і раённай вертыкалі, альбо забаўляльная перыёдыка — крыжаванкі, кулінарыя, хатняя гаспадарка, дзіцячыя расфарбоўкі.

Грамадска-палітычная ніша, некалі шчодра запоўненая праектамі незалежных выдаўцоў, паступова знікла. Найбольш заўважнай «чорная дзірка» стала пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі ўлады пачалі мэтанакіравана зачышчаць выданні, якія у рознай ступені ангажаванасці асвятлялі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і непрыхаваны садызм з боку сілавікоў.

Сцэнар закручвання гаек практычна ва ўсіх выпадках быў падобны: друкарні адмаўляліся браць у працу «крамольныя» СМІ, а «Белпошта» аўтаматычна выкрэслівала іх са свайго спісу. Ахвярамі палітычнай цэнзуры сталі газеты «Народная воля», «Свободные новости Плюс», «Новы Час», «БелГазета», «Комсомольская правда» в Беларуси», многія іншыя нацыянальныя і рэгіянальныя выданні. Апошнім у гэтым пераліку фігуруе адзін з найстарэйшых тыднёвікаў «Белорусы и рынок», гісторыя якога сёлета вымушана спынілася на 33-м годзе існавання.

Служба маніторынгу БАЖ пагартала свежы падпісны каталог і паспрабавала знайсці хоць нейкі намёк на альтэрнатыву інфармацыі, якую тыражуе прапаганда.

Фактычна тыя «знаходкі» можна пералічыць на пальцах адной рукі — нагадаем, агулам галіновым міністэрствам зарэгістравана без малога 1200 найменняў друкаванай прадукцыі. І цалкам лагічна, што іх кантэнт пад ціскам рэалій у найлепшым выпадку нейтральны, а ў бальшыні — мала адрозны ад астатняй «аднароднай масы».

Такім чынам, у катэгорыі «нацыянальных медыя» адзіным прадстаўніком недзяржаўнай прэсы засталася «Эканамічная газета». У лепшыя часы разам з рэдакцыямі «Белорусская деловая газета», «Белорусы и рынок» гэтыя выданні былі «інфармацыйным барометрам» для бізнэсменаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, індывідуальных прадрымальнікаў. Цяпер жа на старонках «Эканамічнай газеты» друкуюцца пераважна афіцыйныя дакументы вузкапрофільнага характару і адкрытая статыстыка па сферах дзейнасці.

Дзеля справядлівасці, «нацыянальны маштаб» умоўна можна прыпісаць і некалі звышпапулярнаму «Прессболу», які вось ужо 30 гадоў выходзіць у папяровай версіі. Аднак пераход калектыву пад фактычны кантроль Беларускай федэрацыі футбола і, як вынік, страта пазнавальнага хвосткага стылю аб’ектыўна адкідаюць газету да ўзроўню дзяржаўна-абязлічанай «Спортивной панорамы».

Пасля рэзананснай гісторыі з блакаваннем дзейнасці «Комсомольской правды» в Беларуси», журналіста якой Генадзя Мажэйку якраз цяпер судзяць за «распальванне варожасці» і «абразу Лукашэнкі», непасрэдная прысутнасць расійскіх рэдакцый у Мінску звялася да мінімуму. Напрыклад, значыцца падпіска на беларускі выпуск «Аргументов и фактов», але па сутнасці колішні суперпраект з мільённымі накладамі ператварыўся ў даведнік для садаводаў-агароднікаў. 

У так званыя палітычныя «траваедныя часы» назіраўся сапраўдны ўздым незалежнай рэгіянальнай прэсы. «Брестская газета», «Борисовские новости», «Витебский курьер», «Пагоня» (Гродна), «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Новая газета Смаргоні», «Гомельская думка», «Мозырская неделя», «Информ-прогулка» (Лунінец), «Ляхавіцкі час», «Нясвіжскі час», «Рэгіянальная газета», (Маладзечна), «Мясцовы час» (Пінск), «Бобруйский курьер», «Химик» (Наваполацк), Intex-press (Баранавічы) ды дзясяткі іншых па духу і тэмах былі нашмат бліжэй мясцовым чытачам, чым цэнтральныя СМІ з агульнымі разважаннямі пра ўсё і ні пра што.

Але з цягам часу ад таго багацця выбару не засталося нічога, за адным выключэннем: у падпісцы на 2023 год яшчэ значыцца «Інфа-Кур’ер» — прыватная рэгіянальная газета, якая распаўсюджваецца ў Слуцкім, Старадарожскім, Любанскім і Капыльскім раёнах Міншчыны. 

У ідэалагічна адфільтраваным каталогу «Белпошты» даволі нечакана было сустрэць часопіс «Дзеяслоў», які, уласна кажучы, 20 гадоў таму ўзнік у адказ на спробу дзяржавы пазбавіць літаратурныя рэдакцыі ўсялякай самастойнасці. У ліку аўтараў выдання былі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч ды іншыя жывыя і ўжо памерлыя класікі. Шмат увагі прысвячаецца і сучасным маладым творцам: для многіх гэта «стартавая пляцоўка» перад самастойным плаваннем. Карацей, падпіска на «Дзеяслоў» ёсць — адрозна ад іншага знакавага праекта «ARCHE Пачатак».

Наогул каталог здзіўляе не самым вытанчаным густам. З аднаго боку, дзяржава не ўхваляе дэманстрацыю палітычных сімпатый, але пры гэтым без пытанняў дае падпісацца на друкаваны орган ЦК КПБ «Коммунист Беларуси. Мы и время» (узроставы цэнз 0+). Або іншая крайнасць, калі адштурхоўвацца ад камуністаў, — выданне «Мир с Богом».

А на закуску — газета «15 суток». Здавалася б, намёк цалкам зразумелы, але насамрэч гэта выданне «для веселья, раскрепощения, снятия усталости», якое выходзіць у Беларусі з 2002 года.

І такога кантэнту, не абцяжаранага грамадска-палітычнай нагрузкай, у беларускай медыяпрасторы цяпер абсалютная бальшыня.

Каментары2

  • баж і укж
    22.12.2022
    а ці даўно спадарства было ў кіёсках белсаюздруку? там жа ні газет, ні часопісаў няма. нуў... кава і гумка затое ёсць
  • даведка
    23.12.2022
    Ну хотя бы независимые газеты «На страже» и «Милицейский вестник», журнал «Спецназ» пока не закрыли?.. 

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні2

Стала вядома, што за беларус арганізоўваў напад на расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні2

Кіпр забраў грамадзянства ў семярых расійскіх мільярдэраў і членаў іх сем'яў5

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»8

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?4

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў

«У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў». У АПК з’явіўся адказны за легалізацыю беларусаў за мяжой5

У Ізраілі памёр чалавек, які пакараў смерцю нацысцкага злачынцу Адольфа Эйхмана5

Уладальніка гродзенскага блога S13 адправілі яшчэ на 15 сутак арышту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →