Радыё «Свабода» з дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet Labs удалося атрымаць якасны здымак таго, што адбываецца цяпер на вайсковым палігоне «Лепельскі» ў Віцебскай вобласці. Рэдакцыя сцвярджае, што з пачатку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны гэта першы здымак такой якасці, які ўдалося атрымаць.
Палігон «Лепельскі» — адзін з першых, на які пачалі прыбываць, прыкладна з 18 кастрычніка 2022 года, эшалоны з расійскай тэхнікай і вайскоўцамі пасля абвяшчэньня сумесных вучэнняў так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі.

Па стане на 12 студзеня 2023 года на палігон усё яшчэ працягвалі прыязджаць расійскія вайскоўцы. Пры гэтым адбываецца пастаянная праверка 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, што размяшчаецца ў вёсцы Заслонава пры палігоне. Напрыклад, 9 студзеня 2023 года танкавы батальён брыгады пачаў марш-кідок да 227-га агульнавайсковага палігона пад Барысавам. Да гэтага 13—18 снежня была праведзена праверка гатоўнасці дзяжурных сілаў гэтай жа брыгады.

На палігоне відаць шмат тэхнікі, сярод якой можна заўважыць, верагодна, КАМАЗы, танкі і БМП. Агульная колькасць тэхнікі — не менш як 150 адзінак. З усходняга і заходняга бакоў можна пабачыць два палявыя лагеры прыкладна на 14 і 30 намётаў, кожны намёт прыкладна 10 на 5 метраў.


На поўнач ад палігона — чыгуначная станцыя «Заслонава», ад яе праз вайсковы гарадок і лес ідзе дарога проста да палігона.

На чыгуначнай станцыі відаць два эшалоны з вагонамі і платформамі для пагрузкі тэхнікі. Па ценях, якія адкідае гэтая тэхніка, можам меркаваць, што гэта ў асноўным танкі ці БМП, таксама ёсць грузавыя машыны.
На спадарожнікавым здымку відаць, што на базе захоўвання тэхнікі частка яе выведзеная з гаражоў. Для параўнання прыкладаецца здымак, зроблены ў перыяд з 13 па 18 снежня 2022 года. Бачна, што гэтыя гаражы выкарыстоўваюцца для захоўвання баявых машын пяхоты. Меркавана, на здымку менавіта яны.

Каментары