Культура

Ева Вежнавец. Шлях дробнай сволачы

Праўда сякеры - хлусьня для камля.

Праўды ў сьвеце няма. Ля-ля.

1. Дажынкі

У той дзень я сядзела ў офісе й нікога не чапала, аж зззум! — пад сталом зазваніў мабільнік. Котка грызе правадок мае зарадкі, ён робіцца ўсё карацейшы, вось чаму тэлефон зараджаецца ў разэтцы пад сталом, а я лажу пад яго. Мая сястра ніколі б сабе гэтага не дазволіла — заміж падрэзваць правадок ды поўзаць пад сталом, яна б набыла новую зарадку. Уся талковасьць дасталася ёй, мне нічога не перапала. Ад яе быў і званок: кліча на абед. Сястрыца мая працуе ў газэце «Савецкая Беларусь» (ст.м. «Акадэмія навук») а я — на радыё «Вольная Беларусь» (ст.м. «Парк Сківіцоўцаў»). Калі правесьці рысу паміж нашымі канторамі, то акурат на сярэдзіне знаходзіцца дыетычная сталоўка, у якой мы зрэдку сыходзімся. Гэта недастаткова добрае месца для сястры, затое нэўтральная зямля, да якой ісьці пароўну, дый ейныя калегі не засьпеюць за крамольным кантактам. Сястра цэліць у начальніцы аддзелу. Яе завуць Віка, а мяне — Люба. Так нас назваў тата. У 1972 г. ён, вандроўны, пітушчы геоляг, які не разьведаў нічога, апрача палявога шпату, прыстаў у прымы да нашай маці, скончыў завочна на агранома і зрабіўся аседлым адмыслоўцам па кармавых культурах. Ягоныя гатункі ВДНГ прайшлі. Бацька часта кажа, што Віка названая ў гонар вікі, я — у гонар лубіну. Можа, і жартуе. Прынамсі, два гатункі ягонай рэдзькі — нашыя цёзкі. Бацька і цяпер падпрацоўвае, вырошчвае гатунковую бульбу. Ён — Герой сацыялістычнай працы. У вёсцы яго так і клічуць — Герой, нашу маці — Героіха, а нас адпаведна — героевы дзеці. Калі я зайшла ў дыетычку, Віка ўжо нэрвавалася, зьвінела пярсьцёнкамі па шклянцы.

— Ну, і чаго звала? — запыталася я.

Апошнія гады, працуючы ў розных «Беларусях», мы сустракаліся рэдка, нават да бацькоў езьдзілі паасобку. Мне здавалася, што столік падзяляе нябачная мяжа, і паветра на баку Вікі цяжкае, і рукі ў яе цяжкія і, напэўна, халодныя, па самыя пазногці налітыя здрадаю і хлусьнёй. Віка, пэўна, думае пра мяне тое ж самае. Некалькі сэкундаў мы глядзелі адна на адну зь цікаўнай агідаю.

— Бацька званіў, — нарэшце сказала Віка. У яго радыкуліт. Сена ня грэбленае. Трэба паехаць, парабіць.

— Вічка-сунічка, ды ты здурнела са сваім бацькам! Я паслала нядаўна грошай, хай ноймуць каго! Я не паеду грэбці ніякае атавы. Ды ён мяне і не запрашаў.

— Ён папрасіў, каб я табе перадала. Ён табе ня звоніць, бо ведае, што ты будзеш раўсьці.

Бацька мог бы без усялякай атавы жыць на геройскую пэнсію й належаць да чыстае публікі. А калі ён унадзіўся ў сялянства, не разумею, чаму я павінна гуляць у ягонае хобі.

— Сьвінкоўскія ўчадзелі. Трэба нам ехаць, — дадала сястра. Маці й сын Сьвінкоўскія памагалі бацькам на палетку за пляшку й ежу.

— Учадзелі?

— Паставілі бражку ў печ і накрылі коўдрай.

Вэранда згарэла, а яны патруціліся дымам.

— Ой, ну хай ноймуць іншых. Калі няма грошай, я пашлю.

— Грошы я пасылала, і сумку пасылала аўтобусам. Тата просіць прыехаць. Дарэчы, там на Востраве дажынкі, я буду пісаць для «СБ» — на лічбавы. Магла б падкінуць табе запісы, ананімна, натуральна. Калярыт, лічбы, цёмнае сялянства, галасы кіраўнікоў. Табе ж ніхто слова ня скажа, сама ведаеш.

Ня скажа, каштавана ўжо. А Віцы — з дарагой душой. Яна жаданы госьць — у выканкамах, у калгасах, шпіталёх і школах, куды мяне могуць і не пусьціць, а як пусьцяць, дык няплятуць кашалёў. Дый голас не заўжды дазволяць запісаць. Але раней Віка мне ніколі не прапаноўвала падкінуць запісы — на тым яе кар’ера і стаіць. Ды і я яе не хачу падстаўляць — я ня Паўлік Марозаў.

Так і выйшла, што напрыканцы жніўня мы прыкацілі на роварах да бацькавага ўрочышча, разышліся мэтраў на дзьвесьце і пачалі зграбаць хвасьцістае сена ды насіць у копы. Я перакананая, што бацька мае на ўвазе нейкі іншы сэнс, чымся нарыхтоўка харчоў карове. Нешта кшталту выхаваньня пакорлівасьці й любові да зямлі. Віка, трыццацігадовая баба з пазногцямі ў кветачкі, цягае сена! Дый я тут не прышый кабыле хвост. Але я хоць бунтую — дастала з заплечніка плястыкоўку «джынтона». Адкрыю вам: паднявольную працу нельга выконваць без алькаголю. Усе вяскоўцы ведаюць гэтую вялікую таямніцу. Усе, апрача Вікі. Я і ня бачачы адчувала, што яна няўхвальна глядзіць на маё прыхлёбваньне. Ну й хай. Я грэбла і насіла, насіла й грэбла, пастанавіўшы, што падыму галаву толькі на сярэдзіне дзялкі. Усё было скончана за нейкія чатыры гадзіны. Месца было глухое, толькі пару разоў праехалі камбайны з дальняга поля. Мы сабраліся ехаць назад. Сястрыца акуратна навязала сахор ды граблі на багажнік ды стырно. Я закруціла шпагат абы-як. Руль не варочаўся. Спыніліся, перавязала. Я нічога ніколі не раблю як сьлед, калі мяне прымушаюць. У Паўночнай Карэі ёсьць панятак «праца любові». Гэта бясплатная работа на карысьць грамадзтва. Ніхто не пытаецца, ці хачу я выконваць працу любові. Можа, я лічу за лепшае адкупіцца? За такімі роздумамі я не заўважыла, як мы праехалі кілямэтры з два. Мае сахор і граблі бэрсаліся. Урэшце сахаровы зуб — п-шшш! — праклюнуў мне камэру. Давядзецца ісьці пешкі. Да дому было далёка.

— Ох! — застагнала Віка. — Як я стамілася з табою, ты, вярэпаўка. Што нам цяпер, пяць кілямэтраў пешкадрала ісьці?

— Цябе ніхто ня просіць. Я павяду ровар, а ты едзь сабе наперад, праз гадзінкі паўтары дачэпаю. На прыроду палюбуюся.

Аднак Віка сьпешылася, і мы моўчкі пайшлі мераць кілямэтры.

Быў той самы час, як лета перакідваецца ў восень. Цішком змыліся стрыжы і ластаўкі, рэзкія сьвісты, крыклівыя сьцізорыкі. На кожным слупе ўздоўж дарогі парамі сядзелі буслы. Конскія каштаны яшчэ не палопаліся. Добра кінуць неаблуплены каштан за каўнер ворагу, а аблуплены, цёплы й гладкі — сябру. Зацьвіў плюшч, у ягоныя кветкі, бы п’янюжкі ў кубак, торкаліся апошнія пчолы. Мы ўвайшлі ў закінутую вёску. Ціха-глуха, як гітляроўцаў страчаюць. Жывых засталося хат дзесяць. Глогавы жываплот ля праваленай крамы. На старой бярэзіне, што працягнула галіну праз дарогу, вецер калоціць бляшаную таблічку:

«Автолавка приезжает по средам и пятницам с 15 до 17. 00. Остановка у магазина».

(На галіне б’ецца шпарка

сэрца вёсачкі Татарка :)

На такім жа дроце татарскія мужчыны вешалі старых сабак. Бывала, пойдзеш увосень па грыбы — знойдзеш шкілет на дроце.

— Ля Палавейкі можна напіцца. Помніш, у яе калодзеж на вуліцы? — кажа сасьмяглая Віка. Дый мне мласнавата пасьля хімічнага «джынтону».

Калодзеж быў на месцы, але ні аглоблі, ні вядра на жораве не было. Мы трохі парыкалі ў студню і пайшлі далей. Татарка складалася з аднае вуліцы, што цягнецца кілямэтры на чатыры. Хаты паваліліся хто куды, з паблізкага лесу па-пластунску напаўзала ажына. Аднак сады зьдзічэць не пасьпелі.

— Давай залезем у які гародчык ды наямося яблык ці якіх сьліваў, — прапанавала я. — Яйкі, млеко, курка, шпэк!

Мы загналі ровары ў густы сьліўняк, пералезьлі пахілы плот, паплецены з крапівою, ды вярнуліся ў тыя часы, калі былі сястрычкамі Любай і Вікай, хадзілі ў адну клясу й мелі адно жыцьцё на дваіх. Віка выцірала нямытыя сьлівы аб штаны. Я — банданаю.

— А сумна, што дзічэе вёска. Помніш, колькі разоў нас тата сюдою вазіў — людзей было! Дзяцей таўклося! — завяла яна катрынку.

— Няма нічога сумнага, — сказала я. — Празь дзесяць год зьнікнуць і сады, вырасьце ажыньнік і алешнік, будуць малінаўкі гнёзды віць ды ваўкі лазіць. Людзі й лясы проста ваююць зь пераменным посьпехам — то там задысьлякуюцца, то сям. Дый як тут жылі ў гэтай Татарцы — ні лазьні, ні крамы, ні садка, ні школы. Па ўсё трэба ў Дамашаны цягнуцца.

Ветраны перадвосеньскі дзень, сонца і пыл, крапіва й сьлівы. Рай, бездум, сама пасьвіцца. Мы нават ажынаў трохі знайшлі. І тут цішу парваў жаночы енк:

— Пірат, Мухтар, фас, фас! Бач, абселі, не нажаруцца ніяк!

Працяг будзе

Ева Вежнавец — пісьменьніца. Жыве ў Менску.

Каментары

Цяпер чытаюць

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя9

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску затрымалі расійскага арганізатара буйной махлярскай схемы з «папяровым ПДВ». Што за яна?1

Наваполацкі макрушнік палічыў, што калі Расія плаціць за забойствы ўкраінцаў, то трэба наймацца. Але прагадаў8

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады26

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?2

«Жахліва смярдзіць». У Брэсце масава скардзяцца на ваду з-пад крана1

Беларусь папярэдзіла Польшчу пра нібыта рыхтаваны на яе тэрыторыі тэракт3

Стала вядома, у што ператворыцца закінутая грамадская прыбіральня на беразе Свіслачы ў цэнтры Мінска1

Алексіевіч праспансавала сарочку для беларускага этнічнага фотапраекта4

Кампанія Honor правяла рэбрэндынг2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя9

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць