Падлічылі колькасць рэпрэсаваных за антываенныя выступы. Яна шакуе
Сярод тых, каго судзілі ці судзяць лукашысты, — пенсіянерка, якая пакінула надпіс на прыпынку «не вайне», сваякі каліноўцаў і тыя, хто перадаваў інфармацыю пра рух расійскай тэхнікі. Падлічылі, колькі чалавек рэпрэсавана — прынамсі, тых, чые імёны вядомыя. Рэальная лічба будзе, напэўна, у разы большая.
Колькі беларусаў пацярпела за антываенны супраціў?
Па звестках ініцыятывы Dissidentby, з 24 лютага 2022 года па розных палітычных крымінальных справах затрымалі не менш за 2300 беларусаў. Па адміністрацыйных справах, звязаных з палітыкай, было затрымана больш за 6500 чалавек.
Найбольшы антываенны пратэст адбыўся ў дні рэферэндуму 27—28 лютага 2022 года. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», па выніках гэтых пратэстаў было затрымана не менш за 1100 чалавек, з якіх каля 600 былі арыштаваныя.
Былі і акцыі асобных людзей, як у Наваполацку, дзе жанчына выйшла на знак пратэсту падчас школьнай лінейкі.
Дакладна падлічыць маштаб рэпрэсій менавіта за падтрымку Украіны і асуджэнне вайны немагчыма. «Часта незразумела, што становіцца прычынай затрымання: удзел у антываенным руху, антываенныя каментары або нешта іншае», — кажа сузаснавальніца ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава. Пра многія выпадкі затрыманняў праваабаронцам і журналістам не паведамляецца.
Дакладна можна назваць больш за 90 імёнаў тых, хто цяпер у СІЗА ці ўжо асуджаны па крымінальных справах непасрэдна за антываенную дзейнасць. Па ацэнках праваабаронцаў, усяго такіх палітвязняў — некалькі соцень.
Антываенныя пратэсты
Вядома, што частка затрыманых пасля «сутак» за антываенны пратэст 27—28 лютага не выйшла на волю.
Так сталася з Аляксандрам Комарам і Андрэем Андрэевым. Іх катавалі пасля затрымання, Комара збілі двойчы, другі раз — за тое, што запэцкаў крывёю машыну спецслужбоўцаў. Пасля ім прысудзілі тры і два з паловай гады калоніі адпаведна.
Пасля пратэстаў 27—28 лютага па «крыміналках» затрымалі яшчэ некалькі чалавек: да прыкладу, у гэты дзень падчас галасавання затрымалі Ігара Фёдарава з Баранавічаў, якому прысудзілі два гады зняволення (за каментар з асуджэннем вайны), і Маргарыту Блашко з Мінска, якой прысудзілі тры гады «хіміі» з накіраваннем (за саму акцыю).
Затрымлівалі нават за заклікі да акцый пратэсту. Да прыкладу, вядома пра затрыманне жодзінца Аляксандра Міронава, які ў чатах заклікаў мясцовых жыхароў да ўдзелу ў акцыі пратэсту. Пазней яму прысудзілі два гады калоніі.
Людзей затрымліваюць за самае нявіннае. У снежні 2022 года ў Брэсце 68-гадовую пенсіянерку Людмілу Коган затрымалі за надпіс «не вайне» на дошцы аб'яў на прыпынку транспарту. Зараз яе чакае суд па крымінальнай справе.
У верасні 2022 года затрымалі пяцярых удзельнікаў акцыі па вывешванні сцягоў Беларусі і Украіны на адным з дамоў па вуліцы Лесі Украінкі ў жніўні 2022 года. Усе яны цяпер праходзяць па крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў турме Жодзіна.
Яшчэ шасцярых беларусаў затрымалі за вывешванне беларускага і ўкраінскага сцягоў на апорах ЛЭП на МКАД у кастрычніку 2022 года. Усе яны таксама ў СІЗА.
«Рэйкавыя партызаны»
На чыгунцы было здзейснена не менш за дванаццаць арганізаваных акцый сабатажу (да прыкладу, акцыя сям'і Глебкаў туды не ўваходзіць — яны спантанна падпалілі бярвенне на рэйках). На сёння вядомыя імёны адзінаццаці арыштаваных «рэйкавых партызанаў» і адной жанчыны, якая мусіла ім дапамагчы (Алеся Буневіч).
Усе яны атрымалі велізарныя турэмныя прысуды — ад 11 гадоў турмы для Сяргея Глебкі і Аляксея Шышкаўца да 23 гадоў для Дзяніса Дзікуна.
Людзі года па версіі «Нашай Нівы» — героі, якія хацелі спыніць вайну. Што пра іх вядома?
Людзі, якія перадавалі інфармацыю пра перасоўванне вайсковай тэхнікі РФ
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома больш за трыццаць людзей, якіх затрымлівалі за перадачу такой інфармацыі. Як падлічыў «Беларускі Гаюн», агулам інфармацыю пра перасоўванне вайсковай тэхнікі перадалі некалькі тысяч беларусаў, якія рызыкавалі сваёй свабодай.
Затрыманыя па такіх справах атрымліваюць рэальныя тэрміны ў калоніі, звычайна — каля трох гадоў турмы.
Што вядома пра падлетка, якога адправілі ў калонію за тое, што зняў на відэа расійскую тэхніку?
Антываенныя каментатары
Самыя вядомыя выпадкі — гэта справы 20-гадовай Дануты Перадня і 19-гадовага Ільі Верамеева. Ім за некалькі допісаў у тэлеграме далі па 6,5 года калоніі кожнаму.
Агулам жа такіх людзей, па звестках «Вясны», не менш за дваццаць чалавек. Большасць з іх атрымала прысуды ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі.
«Шпіёны»
Пасля пачатку вайны ў беларускіх сілавікоў пачалося паляванне на «шпіёнаў». Хутка будзе суд над украінцам Паўлам Купрыенкам і двума жыхарамі Гомельшчыны — Дзмітрыем Салавянчыкам і Тарасам Мачынскім. Ім пагражае да пятнаццаці гадоў турмы.
Яшчэ адзін чалавек, якога публічна вінавацілі ў агентурнай дзейнасці, — былы вайсковец Дзмітрый Гулін. Беларускія спецслужбы кажуць, што быццам бы ён быў завербаваны СБУ ў пачатку вайны, а пасля прылёту ў Беларусь затрыманы.
Але цалкам імаверна, што сітуацыя значна больш празаічная — мужчына павёўся на аператыўную гульню беларускіх спецслужбаў. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў турмы.
У жніўні 2022 года стала вядома пра затрыманне беларуса Яраслава Саковіча. Яго вінавацяць быццам бы ў агентурнай дзейнасці і ўдзеле ў вайне ва Украіне ў 2019 годзе. Але ў гэтых абвінавачваннях занадта шмат нюансаў.
Ягоныя знаёмыя і сябры катэгарычна адмаўляюць нават тэарэтычную магчымасць ягонага ўдзелу ва Узброеных сілах Украіны, а выехаць з Беларусі, па іхніх звестках, ён не мог праз хваробу бацькоў. Па звестках рэсурсу Dissidentby, яго доўгі час катавалі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, каб ён сказаў на камеру, што «ваяваў ва УСУ». Саковіч на відэа сапраўды выглядае збітым.
На непраўдзівасць звестак у відэа наводзіць яшчэ адзін факт: у відэа беларускіх спецслужбаў Саковіч кажа, што «ў 2019 годзе ўступіў у добраахвотны батальён «Арата»» (былы «Правы сектар»). Але рэч у тым, што «Арату» вывелі з зоны баявых дзеянняў у 2018 годзе.
Цяпер яго ўтрымліваюць у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Супраць мужчыны, па звестках беларускіх спецслужбаў, заведзена некалькі крымінальных спраў.
Тыя, хто хацеў паехаць ваяваць ва Украіну і дапамагаў ёй, а таксама сваякі ваяроў
На сёння вядома пра восем чалавек, якія хацелі паехаць дапамагаць Украіне і былі затрыманыя. Гэта 20-гадовы сірата Андрэй Раптуновіч, 30-гадовы Анатоль Міхайлаў, 19-гадовы Андрэй Маслаў, 50-гадовы Міхаіл Лістападаў, 29-гадовы Яўген Карпаў, 37-гадовы Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў і 52-гадовы Сяргей Грыбовіч. Іх дакладна болей, але імёны некаторых невядомыя.
Таксама пераследуюць сваякоў тых, хто паехаў ваяваць ва Украіну. Так, дваюраднай сястры добраахвотніка Яна Мельнікава Вікторыі Навіцкай прысудзілі паўтара года калоніі, а брат Вадзіма Кабанчука Віктар Франчук чакае суда — абое яны цяпер у СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Таксама беларусаў затрымлівалі за ахвяраванні палку Каліноўскага і Украіне. Да прыкладу, 28-гадовая дзяўчына была затрыманая за ахвяраванне ў канцы кастрычніка 2022 года. Яна сказала, што ахвяравала, бо хацела дапамагчы людзям ва Украіне. Зараз ёй пагражае да васьмі гадоў турмы.
Сапраўдны маштаб антываеннага супраціву ў Беларусі і ягоныя наступствы яшчэ давядзецца даследаваць у бліжэйшыя гады.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары