Алігарх Гуцэрыеў расказаў, як расчараваўся ў Захадзе: Пасля 2022 года я нібыта зняў шоры з сябе
Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў расказаў, як вайна і санкцыі змянілі яго светапогляд, назваў галоўныя праблемы Расіі, патлумачыў, чаму нельга забараняць замежных агентаў і што трэба зрабіць, каб скончылася вайна.
Мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў даў вялікае інтэрв'ю ютуб-каналу Forbes. Прыводзім самае цікавае.
@nashaniva Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў СССР і яго рэстаўратараў #лукашенко #ссср #белорусы #беларусь #беларусьновости #нашаніва ♬ 原创音乐 - s.santehnika
«Пасля 2022 года я зняў нібыта шоры з сябе»
У інтэрв'ю Гуцэрыеў сцвярджае, што пасля 24 лютага 2022 года большую частку свайго часу праводзіць у Маскве, толькі зрэдку выязджаючы за мяжу, «куды ёсць магчымасць выехаць».
Алігарх адзначае, што пасля пачатку поўнамаштабнай інтэрвенцыі Расіі ва Украіну (у інтэрв'ю гэта называецца «пасля 24 лютага 2022 года») яго жыццё стала іншым.
«Многія рэчы, многія ўчынкі мае, мой светапогляд змяніўся. Мае ўчынкі сталі іншымі. Маё стаўленне стала іншае да Захаду, дапусцім. І ўвогуле да бізнэсу стала іншым — стратэгія не на развіццё, а стратэгія на ўтрыманне. Партнёрства, узаемаадносіны з партнёрамі. Многія людзі праявілі сябе ў экстрэмальнай сітуацыі — у першую чаргу заходнія партнёры — агідна».
Гуцэрыеў тлумачыць, што ён пачынаў свой бізнэс у час перабудовы, быў прыхільнікам заходняй культуры, заходняй эканамічнай мадэлі, дэмакратыі. Але цяпер ён так не лічыць:
«Для нас заходняя культура была ўзорам. Для мяне быў узор судовай сістэмы, узор выбарнасці, узор кіравання.
Пасля 2022 года я нібыта зняў шоры з сябе. Я ўбачыў, што судовая сістэма агідная, што зусім відавочныя рэчы, узятыя з нейкага сайту трэцяга гатунку, падаецца судамі як праўда, хоць усё гэта няпраўда. Усё, што напісана там у заключэнні па санкцыях супраць мяне — гэта ўсё няпраўда.
І не толькі ў дачыненні да мяне, гэта маленькі эпізод. Увогуле. Таму я перагледзеў свой погляд на гэтыя каштоўнасці».
Крытыкуючы Захад, мільярдэр заўважае: «Я не кажу, што нашы лепшыя ці там лепшыя». На просьбу пракаментаваць змены ў расійскай палітыцы ён адказаў «Я жыву там, дзе жыву. Без каментарыяў».
«Цяпер я павінен ехаць на цягніку ці на машыне, таму што яны адсочваюць»
Як вядома, Міхаіл Гуцэрыеў 21 чэрвеня 2021 года трапіў пад санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі. Рада ЕС патлумачыла свой крок тым, што алігарх — даўні сябар Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму мае ўплыў на палітычныя эліты Беларусі.
«Ніякіх адносін мае санкцыі не маюць да Лукашэнкі. Санкцыі зроблены супраць Беларусі, беларускага народу. Якія адносіны я маю да Лукашэнкі? Я будаваў, я інвестар. Адным з асноўных інвестараў Беларусі быў у той момант», — адзначае Гуцэрыеў.
На працягу апошніх гадоў бізнэсмен судзіцца за адмену санкцый. Але ён лічыць, што дабіцца справядлівага рашэння немагчыма, трэба чакаць палітычнага рашэння сённяшняй праблемы.
Увядзенне санкцый супраць сябе алігарх называе палітычнай акцыяй, якая «прэваліруе над судовай заходняй сістэмай».
«Ад гэтага мяне і патрэсла. Я лічыў, што іх судовая сістэма заўсёды аддзелена [ад улады]. Яны ўвесь час крытыкавалі Расію — што наша судовая сістэма схільная да ціску ўлады, што яна разам з уладай, што ў іх яна незалежная. Гэта няпраўда. Іхняя судовая сістэма таксама залежная. Як і ў нас, на жаль», — заўважае алігарх.
Ён не бярэцца прагназаваць, калі санкцыі могуць быць адменены, і заўважае:
«Савецкі Саюз таксама 70 гадоў практычна быў пад санкцыямі. Потым гэта ўсё [развалілася]. Гэта значыць, [чакаць можна] ад аднаго дня да бясконцасці. Я не чакаю лепшых часоў. Гэта, па-мойму, ці ў Талстога, ці ў Дастаеўскага Іван Іванавіч чакаў, не браў дробныя паднашэнні, чакаў лепшых часоў. А лепшыя часы ўсё не прыходзілі. Таму я не чакаю лепшых часоў».
Пазней Гуцэрыеў адзначыў, што ў яго ў Беларусі нібыта нічога няма: «Я сышоў адтуль. Распрадаў. Я ўсё аддаў. Нічога ў мяне няма ў Беларусі». І паскардзіўся:
«Да чаго дайшло. Яны адсочваюць нават мае палёты. Юрысты пайшлі ў суд, [там ім] гавораць, а вось бачыце, ён ужо пасля санкцый два разы быў у Беларусі. Яго самалёт быў. Яны адсочваюць нават мае палёты ў Беларусь. Такое адчуванне, што я галоўны віноўнік усіх праблем Беларусі і Расіі. Цяпер я павінен ехаць на цягніку ці на машыне, таму што яны адсочваюць».
«Я лічу, што Беларусь цкуюць, усю краіну. Вось яны [краіны Захаду] і цкуюць. Я застаюся з беларускім народам заўсёды», — адзначае алігарх.
«Калі мы самі сябе замкнём, то ў нас будуць вялікія праблемы ў будучыні»
На погляд Гуцэрыева, нельга гаварыць аб тым, што санкцыі супраць Расіі прывядуць да яе тэхналагічнага адставання.
«Калі краіну не зачыняць, як Савецкі Саюз, то людзі змогуць выязджаць, людзі змогуць кантактаваць, людзі змогуць бачыць, чуць. Я думаю, вядома, будзе складаней, цяжэй, але калі мы самі сябе не закрыем, самі сябе не замкнём у шкатулку, то цяжка [ўявіць], каб мы тэхналагічна адставалі. (…)
Калі мы зоймемся ашалелай прапагандай, што Захад — гэта дрэнна, што Захад — гэта ўсе геі, што Захад — гэта там гэта, і самі сябе замкнём, у нас будуць вялікія праблемы ў будучыні».
Гуцэрыеў адзначае, што неабходна мэтава адпраўляць моладзь вучыцца на Захад па тых напрамках прамысловасці, навукі, тэхналогій, у якіх мае неабходнасць Расія.
«Яны навучацца, прыедуць тут. Частка застанецца, але асноўная частка прыедзе», — заўважае алігарх і пазней тлумачыць, што павінна «можа быць, схаваная, але дзяржаўная праграма».
Галоўныя праблемы Расіі
У інтэрв'ю Гуцэрыеў звярнуў увагу на эканамічныя праблемы Расіі. Сярод іх, акрамя вялікай інфляцыі ён называе «аграмадны бюракратызм», які тлумачыць страхам чыноўнікаў узяць на сябе адказнасць:
«Гэта страх чыноўнікаў. Яны гатовыя нанесці шкоду краіне, але каб ім не ссеклі галаву. Яны гатовыя гадамі не падпісваць тое, што відавочна трэба падпісваць. Баяцца гэта падпісваць, бо прыйдзе які-небудзь іншы, больш галоўны чыноўнік і скажа, што гэта няправільна».
Алігарх заўважае, што цяпер у Расіі выходзіць усё больш законаў, накіраваных на забарону, а не на дазвол, што прыводзіць да закрыцця бізнэсу, знішчэння ініцыятывы. У выніку грамадства ператвараецца ў шэрую масу, як гэта было пры Савецкім Саюзе, калі душылася ўся ініцыятыва.
Калі закончыцца вайна
Гуцэрыеў лічыць, што нельга даводзіць развіццё падзей да ізаляцыі, «лепш дамовіцца і знайсці ўзаемапрымальны варыянт сумеснага суіснавання розных поглядаў на жыццё». Ён адзначае, што верыць у дыпламатыю і тое, што могуць змяніцца погляды ў палітычных лідараў:
«Любая вайна скончыцца мірам. Заўсёды знойдуцца людзі, памяняюцца погляды. Яны могуць памяняцца і ў нашых лідараў. Яны могуць памяняцца і ў заходніх лідараў. Яны могуць памяняцца і ва ўкраінскіх лідараў. Так што, вядома, усё роўна кантакт [неабходны]. Людзі ўсё ж разумныя. Людзі не жадаюць ваяваць і паміраць. Людзі хочуць ствараць, нараджаць, выхоўваць.
Чалавек настроены пазітыўна. Кожны чалавек марыць і спадзяецца. Таму, канечне, да гэтага ўсе прыйдуць. Але іншая справа, як прыйсці з вялізнымі стратамі, з разбуранай эканомікай. Таму я спадзяюся, што хопіць мудрасці. (…) Трэба сесці хаця б за адзін стол. Гэта ўжо вялікі пачатак. Пакуль мы не сядзім нават за адным сталом».
«Кожны чалавек свабодны»
У інтэрв'ю Гуцэрыеў выказаўся ў падтрымку Алы Пугачовай, якая патрапіла пад шквал цкавання з боку расійскай прапаганды.
«Яна для мяне заўсёды застанецца Алай Барысаўнай Пугачовай, што б пра яе ні казалі. Калі яна будзе мець патрэбу ў нейкай падтрымцы (…), я заўсёды ёй працягну руку. Заўсёды», — адзначыў алігарх і дадаў:
«Яна не рабыня, яна мае права з'ехаць, куды яна хоча. Кожны чалавек вольны. Ён можа гаварыць, з кім ён хоча. Вызнаваць рэлігію, якую ён хоча. Змяняць сваю рэлігію, калі падабаецца. Мяняць сваю палавую, іншую прыналежнасць, калі яму гэта падабаецца. Не трэба гэта прапагандаваць, але, [калі] падабаецца табе….»
Тых, хто з'ехаў з Расіі, Гуцэрыеў не лічыць здраднікамі, але, на яго погляд, нельга публічна крытыкаваць сваю радзіму:
«Вы можаце крытыкаваць чалавека. Вы можаце крытыкаваць закон. Вы можаце крытыкаваць напрамак. Але вы не можаце крытыкаваць сваю краіну, у якой вы нарадзіліся, выраслі.
Вы можаце яе крытыкаваць толькі паміж намі двума. Сядзім мы, я расіянін і вы. Не пад камеру мы пачынаем гаварыць: «Нешта ў нас няправільна». Гэта мы тут гаворым. Але калі мы гэта ў публічнай прасторы. (…) Не трэба гэтак».
Замежныя агенты і ворагі народу
Гуцэрыеў крытыкуе палітыку, якая праводзіцца ў Расіі адносна «замежных агентаў».
«Забараняць, не пушчаць… Мы ўжо гэта бачылі. Гэта прывядзе да стагнацыі, гэта прывядзе да адтоку думаючага насельніцтва», — лічыць алігарх.
Наконт погляду аб тым, што цяпер у Расіі вярнулася савецкая практыка, калі людзей з іншымі поглядамі выціскалі з краіны, рабілі з іх «ворагаў народу», алігарх заўважае:
«Гэта не вярнулася.(…) Яно вярнулася толькі ў інстаграм глаголамі ідыётаў. Гэта проста размова. Улада так не робіць, улада нікога не гоніць».
Аб чым марыць алігарх
У канцы інтэрв'ю Міхаіл Гуцэрыеў расказаў пра свае мары. Сярод іх — напісаць «такую песню, каб яна засталася на стагоддзі».
Акрамя гэтага, «ёсць мара, што спыніцца тое, што адбываецца, (…) канфлікт спыніцца, усе разыдуцца, і пачнецца іншае жыццё, і ўсё пойдзе так, як было раней».
Алігарх таксама марыць дажыць да таго, калі яго ўнук будзе атрымліваць дыплом, і «будаваць, калі грошы стануць грашыма, калі курс будзе стабільны».
Версія пра кантакты Гуцэрыева і амерыканцаў: яго паслаў Лукашэнка
Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў
Хто такі Міхаіл Гуцэрыеў і чым яму адгукнуцца брытанскія санкцыі?
Як расійскі бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў папаўняе бізнес беларускімі актывамі
Каментары