Уладзіслаў Сыракомля: вялікі юбілей 2023-га і ягонае «Mы aдвыклi aд вяcны…»
29 верасня — 200-я ўгодкі з нараджэння Людвіка Уладзіслава Францішка Кандратовіча (1823—1862), больш вядомага пад сваім літаратурным псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. Пра гэтага паэта і грамадзяніна піша Алесь Белы.
Напісана пра Сыракомлю ў нас быццам бы не так і мала, аднак зусім нельга сказаць, што яго добра ведае ў Беларусі паспаліты люд. Ну, такое… можа, нейкі эрудыт працытуе адзін-два энцыклапедычныя радкі і набор універсальных штампаў. Кшталту «выбітны дзеяч, асветнік, збіраў фальклор» і г.д. З гэтых дзяжурных рэплік зусім не бачныя ані жывы чалавек, ані творчая асоба. Дык чым жа ён важны для нас сёння, у век серыялаў і кліпавага мыслення?
Сыракомлевы апантаны гімн радзіме з паэмы «Высакародны Ян Дубарог» — не менш кранальны і ўрачысты, чым «Літва, мая айчына» Міцкевіча.
Тут трэба сказаць адкрыта, што Літва што Міцкевіча, што Сыракомлі зусім не тоесная сучаснай Беларусі, як думаюць многія. Гэта гістарычная Літва, па Нёмане і Віліі «ад вытокаў да вусця» — то-бок, сучасная Літоўская Рэспубліка і паўночна-заходняя Беларусь, гэтак званая «Вейшнорыя».
Чужымі і невядомымі, у адрозненне ад Міцкевіча, былі для Сыракомлі абедзве расійскія сталіцы.
На гэтым палягае агульная элегічная танальнасць яго паэзіі.
Заслуга Сыракомлі перад беларускай мовай — велізарная, хаця ён напісаў на ёй толькі адзін верш. (Ну, можа быць, два — пра гэта скажу ў канцы артыкула.) Затое які! 25-гадовым паэт стварыў «Добрыя весці». Гэта быў 1848 год, па Еўропе пракацілася хваля нацыянальна-дэмакратычных рэвалюцый. Пазней у гісторыю яны ўвойдуць пад назвай «Вясна народаў». І ў гэтым абсалютна шэдэўральным вершы першы раз па-беларуску прагучала праграма пабудовы ўсесаслоўнага, буржуазна-дэмакратычнага, нацыянальнага грамадства:
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
Каб весці раду а сваей зямлі.
Як трэба думаць а грамадскай справе,
На адно мейсца, як браты прыйшлі —
Ёсць шаблон, паводле якога ствараюцца нацыі еўрапейскага тыпу. Яго можна ў некаторай ступені мадыфікаваць, але нельга кардынальна перайначыць. Інакш атрымаецца не нацыя, а нешта іншае. Асноўнае ў гэтым шаблоне — гэта тое, што правы і веды былой «панскай» эліты, якія яна назапашвала шмат стагоддзяў толькі для сябе, перастаюць быць іх манаполіяй і хаця б фармальна робяцца даступнымі ўсім. Так этыка і міфалогія паноў робіцца асновай для пабудовы адпаведных агульнанацыянальных — надсаслоўных культур. Усе робяцца панамі, у сэнсе права і этыкі.
У Беларусі ж адбылося кардынальна не так. Усіх паноў (фактычна проста ўсіх людзей з патомнай адукацыяй і патомнымі правамі) аб'явілі ворагамі. Заклікалі іх знішчаць ці (у лепшым выпадку) выганяць з краіны. Была пастаўленая задача цалкам ігнараваць і выкараняць іх культурныя здабыткі. Так загінулі ў тым ліку ідэі законнасці і неад'емных праў чалавека, ідэя аўтаноміі асобы і мясцовай супольнасці, а таксама веды пра гістарычнае мінулае.
Пазней, у 1857 і 1861 гадах, Сыракомля таксама рашуча выступаў у варшаўскай і віленскай прэсе ў абарону права беларускай мовы на існаванне, на самастойнае развіццё, на ахоп ёй, у перспектыве, усіх сфер і ўзроўняў грамадскага жыцця. На той момант у польскамоўным свеце — ды, бадай, і пазней — не было больш аўтарытэтнай асобы такога маштабу, якая б заняла ў гэтым пытанні такую цвёрдую пазіцыю.
Самым вядомым з габрэйскіх сяброў Сыракомлі быў гандляр кнігамі і антыквар Шэвель Кінкулькін (1822—1908). Народжаны ў Вільні, ён з 14 гадоў гандляваў на вуліцах горада кнігамі, пераважна на польскай мове, пазней заснаваў уласную кнігарню. У Кінкулькіна можна было здабыць любую польскамоўную кнігу, у тым ліку (з-пад крыса) і забароненую. Яго добра ведала не толькі Вільня, але і ўся адукаваная Літва.
Славуты рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў, які наведаў Вільню праз некалькі дзён пасля пахавання Сыракомлі, заўважыў шмат супольнага ў талентах абодвух песняроў, нягледзячы на розніцу ў сацыяльным паходжанні, рэлігіі, адукацыі. Сюды неабходна дадаць і розніцу паміж багатай польскамоўнай літаратурай і ўкраінскай, якая тады толькі нараджалася. Магчыма, ён адчуў, што Сыракомля — не зусім паляк, што яго польская мова служыла выказванню патрыятычных пачуццяў іншага асобнага краю, тагачаснай Літвы. І нараджэнне ўкраінскай нацыянальнай ідэі не магло пакінуць абыякавым Сыракомлю, які паспяшаўся выразіць сваю салідарнасць. Ён выдатна разумеў, што самастойная Украіна — абсалютна неабходны хаўруснік у змаганні за вызваленне Літвы і ўсёй Усходняй Еўропы ад царызму. І сёння мы яскрава бачым, да якой ступені ён меў рацыю.
У гэтым сэнсе вельмі паказальны яго наватарскі гістарычны нарыс пра Мінск (1857), які стаў першым сістэматычным аповедам гісторыі гораду ад моманту першых згадак пра яго ў рускіх летапісах.
Прачытаўшы ў газеце аб'яву, што нейкі Юльян Гарайн прадае свой фальварак Рабушкі — недалёка ад Заслаўя і Сёмкава, побач з сучаснай трасай МКАД-2 — ён паехаў яго глядзець. Гаспадар па дарозе ўсё расхвальваў сваю гаспадарку, урадлівасць зямлі і г.д. Але, разгаварыўшыся, даведаўся, што меркаваны пакупнік — той самы вядомы і модны літаратар Сыракомля, чыё імя якраз апошнія некалькі гадоў грымела ў віленскім друку. І тады ён, у будучым і сам літаратар, усаромеўся і прызнаўся, што набытак з Рабушак «яшчэ той», і сам катэгарычна не раіў гэтую здзелку.
Заснавальнік гістарычнага краязнаўства, турыстычнай журналістыкі (і ў пэўным сэнсе піянер мясцовага турызму як такога), ён пільным вокам углядаўся ў навакольныя архітэктуру, раслінны і жывёльны свет, знакавыя стравы, мову і звычаі «крэсовых» палякаў, літоўцаў, русінаў, габрэяў, караімаў і распавядаў пра гэта даступнай мовай, з досціпам і нешараговай эрудыцыяй.
Многія заўважаныя ім звычайныя рэчы і з’явы, ашляхетненыя ягонай творчасцю, рабіліся сімвалічнымі і такімі датрывалі да нашых дзён.
Цікава, што паэт недалюбліваў чыгунку. Але больш таму, што яна не давала магчымасці падарожнічаць са смакам, спыняючыся дзе захочаш, каб як след агледзець тое ці іншае месца і распытацца ў абазнаных пра цікавосткі.
Сыракомля і музыка — асобная, амаль невычарпальная тэма. Ужо самы першы ягоны верш «Паштальён» (1844) у рускім перакладзе зрабіўся народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком», а цытаты з яе гучаць і ў Высоцкага, і ў групы «Агата Крісті». На многія ягоныя тэксты пісалі песні і рамансы і польскія, і рускія кампазітары, нават Чайкоўскі. Дарэчы, нават пільная царская цэнзура дый увогуле — заўжды настроенае пераважна шавіністычна рускае грамадства — не знаходзілі, да чаго прычапіцца ў ягонай творчасці. У ХІХ стагоддзі Сыракомля — мабыць, найбольш перакладаны на рускую мову з усіх польскамоўных творцаў. Доўгі час ён быў «брэндам»…
А вось літоўцы падтрымліваюць у парадку дом-музей у Барэйкаўшчыне, дзе паэт жыў, напераменку з Вільняй, з 1852-га па 1862-гі.
І гэты год урадам Літвы афіцыйна абвешчаны годам Сыракомлі.
Чым больш я пагружаюся ў яго творчасць, тым больш мяне здзіўляе, што ўсю гэтую процьму тэкстаў — вершы, паэмы, п’есы, дарожныя дзённікі, пераклады, лісты і г.д. — ён напісаў усяго за 18 гадоў: з 1844-га па 1862-гі. Неймаверная працаздольнасць! Але ўжо з таго самага 1848 года, з моманту разгрому «Вясны народаў», у ягоных творах усё часцей і ўсё больш прыкра чуваць матыў спыненай, растаптанай вясны.
Расійская імперыя планамерна, бязлітасна пляжыла сваю самую нелаяльную правінцыю.
Сыракомля перабіраецца ў Вільню і апошнія 10 гадоў жыцця піша ўсё больш і лепш, каб заглушыць боль і безнадзейнасць. Але адчуванне, што доўгачаканая Вясна так ніколі і не прыйдзе — не пакіне яго да канца жыцця.
Восенню 1862-га, за некалькі месяцаў да выбуху паўстання 1863-га года і за 2 тыдні да свайго 39-годдзя, Сыракомля памірае ад сухотаў. За ягонай труной у жалобнай працэсіі да могілак Росы ў Вільні ідуць тысячы людзей…
А вось і другі беларускамоўны верш Сыракомлі. Праўда, няма згоды сярод навукоўцаў адносна яго аўтарства. На мой погляд, верш сапраўды можа быць ягоным, улічваючы наколькі характэрным для паэта быў настрой здратаванай вясны.
I нaштo ж вяcнa нaм, Бoжa?
Mы aдвыклi aд вяcны…
Eлкi ў лece, мox нa cтpэce
3eлянeюць зaўcягды…
Чытайце яшчэ:
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары