Літаратура66

Андрэй Хадановіч. Трынаццаць спосабаў убачыць флікер

1.
Убачыўшы гэта, туземцы здурэлі ўшчэнт.
З такіх удалых абменаў усё й пачалося.
Піраты, набіўшы золатам трум, адплылі на кантынэнт.
Мясцовы шаман глядзеў наўздагон, флікер вісеў у носе.

2.
Яна мела восем гадоў і на твары восем радзімак.
Я, аскубаўшы свой ровар, аддаў ёй пяць катафотаў –
чырвоны й чатыры аранжавыя – за здымак,
і не знайшоў трох радзімак на гэтым фота.

3.
Яна ў кароткай‑кароткай спадніцы ішла паўз шашу,
а ён у доўгім‑доўгім прычэпе вёз дровы.
Ён выкруціў шыю й адчуў, як каханьне займае душу,
убачыўшы флікер на ейным калене – за хвілю да катастрофы.

4.
Ён зрабіўся дарожным рабочым, яна вырасла ў порнамадэльку,
ды, сустрэўшы яго на трасе, яна ўспомніла, што ў іх было –
і ажно засьвяцілася, перш чым заплакаць яму ў камізэльку.
І палоскі на камізэльцы адбівалі яе сьвятло.

5.
Вось як было: яна згубілася ў лёхах, шукаючы скарбы,
а я шукаў калійную соль – і трапіў у тую ж яму.
Сьвятло маёй лямпы ўпала на флікер у выглядзе лялькі Барбі –
і лялька сказала «мама». Так я знайшоў тваю маму.

6.
Яго шаблязубая ўсьмешка рэклямавала кальцый,
гальштук сядзеў на шыі, як матылёк‑аднадзёнка,
флікер колеру золата на безыменным пальцы
хаваў ад жаночых вачэй белы сьлед ад пярсьцёнка.

7.
У той вечар ён мог апраўдацца, бо чорны волас на ложку
выдаў за свой, пад падушкай стрынгі й панчошку –
за падарунак, набыты для жонкі сёньня ў абед, у пярэрве…
Але гэты флікер яна сама падаравала той сьцерве!

8.
Ад цябе застаўся дэкадны на тралейбус, чытацкі білет,
два білеты ў менскую опэру (мы тады не пайшлі на «Фігара»,
зачытаны раман «On the road» і бліскучы твой амулет –
«All you need is love». Як ты там, на дарозе, – безь мяне, без каханьня, без флікера?

9.
Яе дэкальтэ было самым глыбокім на паэтычным кангрэсе,
а бэджык толькі крыху сьцягваў яго краёчкі.
І кожны паэт нахіляўся імя прачытаць – і трэсься,
бо бэдж пачынаў сьвяціцца словам «аёечкі!»

10.
Паэт уцякаў ад сябе ва ўнутраную Манголію,
пакуль мянты не запёрлі ва ўнутраны Улан‑Батар.
Калі фатаграфаваўся, вясёлы і гладка паголены,
зубамі адбіў 32 фотаўспышкі. Зубасты быў літаратар.

11.
Восень. Сышоў патрыярх. Сыходзяць прэм’еры і сьпікеры.
З мокрай альтанкі сыходзіць бяздомны Лёха.
Падае. З дрэваў у парку падаюць жоўтыя флікеры –
і бяздомнаму Лёху мякка, сьветла і лёгка.

12.
Я прысьніў дзявятае неба, а там – Піфагор магутны:
у руках яго – струны сьвятла й мэдыятар трохкутны,
у нагах – Малевічы з флікерамі, як музы –
і сума квадратаў роўная квадрату гіпатэнузы.

13.
«Ведаеш, Дзіма, – сказала першая зорка
першага Б, пакуль ён ранец ёй нёс, –
на тваім ранцы – флікер‑зайчык, на маім – флікер‑вавёрка:
я ўбачыла – і зразумела, што гэта лёс!»

Каментары6

Цяпер чытаюць

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ5

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Усе навіны →
Усе навіны

«Бальніца Піт» названая найлепшым драматычным серыялам года

Навукоўцы выявілі нечаканую прычыну праблем з сэксам у маладых мужчын9

Упершыню над тэрыторыяй Літвы быў збіты беспілотнік6

Сляды на старажытных зубах істотна адсунулі пачатак гісторыі ўжывання людзьмі наркатычных рэчываў8

Грыбная хваля пайшла ў Мінску. Гараджане публікуюць ФОТЫ баравікоў і апенек, назбіраных у сталіцы4

У зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы ўпершыню за 30 гадоў памянялася галоўная трэнерка2

Том Холанд стаў самым касавым акцёрам усіх часоў2

Армянскі пасол не вернецца ў Мінск, пакуль Лукашэнка не папросіць прабачэння1

У Рэчыцкім раёне сустрэча з ласём ператварыла BMW у кучу металалому

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ5

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць