Культура3636

Цывія Любеткін, яўрэйская гераіня з Быценя. Да 80-годдзя паўстання ў Варшаўскім гета

19 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня пачатку паўстання ў Варшаўскім гета, якое стала для ўсяго свету прыкладам мужнасці і гераізму і ў якім удзельнічала нямала ўраджэнцаў Беларусі. Амаль не маючы зброі, варшаўскія яўрэі выбралі для сябе смерць у баі, а не на бойні.

20 красавіка 1961 года Цывія Любеткін сведчыць на працэсе супраць нацысцкага ката Адольфа Эйхмана ў Іерусаліме. Па выніках гэтага працэсу Ханна Арэнт напіша славутую кнігу «Банальнасць зла»

Сярод жанчын, якія змагаліся нароўні з мужчынамі, ва ўсім свеце найбольш вядома імя Цывіі Любеткін. Яна нарадзілася ў Быцені (тады гэта быў Слонімскі павет, цяпер Івацэвіцкі раён) 9 лістапада 1914 года ў заможнай і глыбока рэлігійнай сям'і. Яе бацька Якаў-Іцхак нарадзіўся там жа ў 1880 годзе. Юнацтва дзяўчыны ў міжваеннай Польшчы прайшло не на кухні, у мыцці, уборцы і малітвах, як хацелася б бацькам, а ў самаадданай грамадскай дзейнасці.

Цывія вучылася ў польскай дзяржаўнай школе і вывучала іўрыт у прыватных настаўнікаў. У падлеткавым узросце ўступіла ў сіянісцка-сацыялістычны моладзевы рух «Фрайхайт» («свабода» на ідыш), які адправіў яе вучыцца ва ўзорны кібуц ля польскага горада Кельцы. Там разам з іншымі маладымі людзьмі Цывія Любеткін працавала ў пякарні, пральні, прыбіральні, на палетках. Яе старанне і арганізацыйны талент заўважылі і запрасілі працаваць у офісе роднаснай па ідэалогіі арганізацыі «Хе-Халуц» у Варшаве. Там яе прызначылі каардынатарам навучальнага аддзела. Яна ездзіла па ўсёй міжваеннай Польшчы з месца на месца, навучала і падбадзёрвала моладзь, якая рыхтавалася да пераезду ў брытанскую Палесціну, каб будаваць там яўрэйскі нацыянальны асяродак.

Рухі «Фрайхайт» і «Хе-Халуц» у 1938 годзе аб’ядналіся, і пазней гэта аб'яднанне атрымала назву «Дрор» («свабода», але таксама і «верабей» на іўрыце), а Цывію абралі сяброўкай выканкама.

У 1938—1939 гадах яна працавала галоўным чынам над абнаўленнем і камплектаваннем навучальных цэнтраў, што фактычна зрабіла яе нефармальным лідарам руху. «У яе гарэлі вочы і быў праніклівы позірк», — успаміналі пазней тыя, хто ведаў Цывію Любеткін, дадаючы, што яна «была простай і непасрэднай і заўжды патрабавала максімальнага ад іншых і ад сябе. Яе словы і справы ніколі не разыходзіліся паміж сабой». Незадоўга да выбуху Другой сусветнай вайны яна была дэлегаткай на 21-м сусветным сіянісцкім кангрэсе ў Жэневе.

Пачатак вайны Цывія перачакала ў Заходняй Украіне, якую пасля 17 верасня 1939 года акупаваў СССР. Але ў студзені 1940 года нелегальна перайшла праз савецка-германскую мяжу ў Варшаву, каб актыўна ўдзельнічаць у фармаванні руху супраціву. Тут яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іцхакам Цукерманам (1915—1981).

Першыя два гады, калі ў амаль паўмільённага яўрэйскага насельніцтва гета Варшавы заставалася ілюзія магчымасці «нармальнага» жыцця, сіянісцкае падполле і, у прыватнасці, асабіста Цывія займаліся амаль тым жа, што і да вайны: арганізоўвалі нефармальную адукацыю, культурнае жыццё, дабрачыннасць, у прыватнасці, сетку супавых кухняў. Дзяўчына выношвала нават планы стварэння сеткі кібуцаў у польскіх вёсках, каб палепшыць забеспячэнне гараджан-яўрэяў харчамі, яшчэ не ўсведамляючы наіўнасць гэтых памкненняў. У сярэдзіне кастрычніка 1940 года нацысты абвясцілі пра арганізацыю Варшаўскага гета, а яшчэ праз месяц яно ўжо было акружана цагляным мурам. Уваход і выхад зрабіліся магчымымі толькі па накіраваннях на прымусовую працу на кантраляваных нацыстамі прадпрыемствах. Але і тады яшчэ асобныя акцыі застрашвання, нават з чалавечымі ахвярамі, не ўспрымаліся амаль нікім як непазбежны канчатковы лёс усіх яўрэяў на акупаваных нацыстамі тэрыторыях.

Толькі ў студзені 1942 года да Варшавы нелегальна дабраліся ўцекачы з лагера смерці Хелмна пад Лоддзю і з віленскага гета, жыхароў якога масава знішчалі ў Панарскіх гарах, і распавялі пра рэальны маштаб акцый знішчэння. І кіраўніцтва падполля зразумела, што тое самае ўрэшце чакае варшаўскіх і любых іншых яўрэяў.

Праз 20 гадоў, калі Цывія сведчыла на працэсе над нацысцкім злачынцам Адольфам Эйхманам (1960—1962), яна ўспамінала: «Пасля таго, як мы пачулі пра Вільню з аднаго боку і пра Хелмна з другога, мы зразумелі, што гэта сапраўды адбываецца сістэматычна. … Мы спынілі нашу культурную дзейнасць … і ўся наша праца ад гэтага моманту была прысвечана актыўнай абароне». 

28 ліпеня 1942 года, падчас найбольш масавай дэпартацыі яўрэяў з Варшавы, яна была сярод заснавальнікаў Яўрэйскай баявой арганізацыі (Żydowska Organizacja Bojowa, або ŻOB) і была абрана ў склад яе камандавання. Мела баявы псеўданім «Цэліна».

Цывія Любеткін таксама была сяброўкай Яўрэйскага нацыянальнага камітэта (Żydowski Komitet Narodowy), палітычнага крыла ŻOB і яшчэ некалькіх «парасонавых» арганізацый, якія каардынавалі дзейнасць розных палітычных плыняў, ідэйная барацьба паміж якімі ў гета была яшчэ больш вострай, чым да вайны.

Яўрэйская баявая арганізацыя, да якой далучылася найбольш актыўная моладзь, як сіянісцкая, так і бундаўская, мела аддзяленні яшчэ ў некалькіх польскіх гета — Кракаўскім, Чанстахоўскім і інш. Пасля летніх 1942 года дэпартацый у Траблінку ў Варшаўскім гета заставалася каля 60 тысяч чалавек — усяго адна шостая ад колькасці да дэпартацый. І малалікія ячэйкі ŻOB нічога не змаглі супрацьпаставіць гэтаму гіганцкаму малоху знішчэння, нават сімвалічна. Хіба што ім трохі лепш удавалася хавацца ў падземных бункерах.

Настрой, які пераважаў у шэрагах узброенага падполля, быў далёкі ад ілюзій перамагчы нацыстаў і захаваць жыцці. Яны спадзяваліся толькі на годную смерць са зброяй у руках, нават б калі гэта былі толькі кухонны нож, сякера або табурэтка, чым на смерць пакорную і бездапаможную. І разлічвалі забраць жыцці хоць некалькіх бязлітасных катаў узамен.

Cцяг Яўрэйскай баявой арганізацыі — прататып будучага сцяга дзяржавы Ізраіль

Часам ім гэта ўдавалася. Самай славутай стала акцыя ў Кракаве 22 снежня 1942 года, калі байцы ŻOB закідалі гранатамі папулярную кавярню Cyganeria (у якой быў статус «толькі для немцаў», nur für Deutsche). У выніку было забіта ад 7 да 11 нямецкіх афіцэраў, а яшчэ 13 былі паранены, з іх 9 — цяжка. Падчас гэтага нападу быў паранены і ледзь не схоплены каханы і будучы муж Цывіі Любеткін Іцхак Цукерман («Антэк»).

У рамках гэтай жа акцыі іншыя ўдзельнікі вывесілі польскія сцягі на кракаўскіх мастах і ўсклалі кветкі да помніка Адаму Міцкевічу на Кракаўскім рынку, які быў вядомы ў тым ліку і сваймі выразнымі сімпатыямі да яўрэяў. А на месцы прысягі Тадэвуша Касцюшкі на вернасць народу 24 сакавіка 1794 года быў пакінуты вянок з надпісам «Na coś przysięgał, my wykonamy» («На што ты прысягаў, мы выканаем»). Каб адвесці помсту ад Кракаўскага гета, польская Гвардыя Людова ўзяла адказнасць за акцыю на сябе. Але такія выпадкі былі выключнай рэдкасцю.

Моладзі, якая ўступала ў шэрагі арганізацыі, моцна бракавала вайсковага досведу і асабліва — зброі. Дый не такі вялікі працэнт нават моладзі рашаўся памерці са зброяй у руках. Абсалютная большасць або спадзявалася на Боскі цуд, або проста чакала непазбежнага ў апатыі. 25 снежня 1942 года было знішчана гета ў Быцені, адно з некалькіх тысяч на акупаваных нацыстамі тэрыторыях. Загінула большасць сваякоў Цывіі, у тым ліку і яе бацькі, браты і сёстры.

Неўзабаве нагода адпомсціць катам, хаця і вельмі сумная, надалася і варшаўскаму аддзелу арганізацыі. 18—21 студзеня 1943 года на асабісты загад самога Гімлера нацысты праводзілі масавую аблаву ў гета, да 40% жыхароў якога на той момант былі нелегаламі — у асноўным уцекачамі з тых гарадоў і мястэчак, дзе яўрэі ўжо былі цалкам знішчаны. І ўпершыню сутыкнуліся з узброеным супрацівам.

Папярэджаныя пра акцыю людзі масава хаваліся ў схованках, а шмат дзе карнікаў сустракалі стрэламі і гранатамі. Канечне, сілы былі абсалютна няроўныя.

Немцы і калабаранты-паліцэйскія амаль выканалі пастаўленую перад імі задачу. 3 васьмі тысяч запланаваных на вываз у Траблінку ўдалося схапіць каля пяці тысяч, а яшчэ каля 1200 былі забітыя на вуліцах ці проста ў дамах. І на той момант канчатковая ліквідацыя гета была яшчэ не запланавана. Аднак калі нацысты адступілі, у байцоў супраціву і ў многіх мірных жыхароў склалася ўражанне, што гэта іх заслуга. Наступныя тры месяцы ў гета панаваў зусім іншы настрой: падалося, што з нацыстамі магчыма не толькі змагацца, але і перамагаць.

У тых студзеньскіх падзеях брала актыўны ўдзел і Цывія Любеткін. Яны часткова змянілі стаўленне да яўрэйскага супраціву з боку кіраўніцтва польскай Арміі Краёвай, якое ўпершыню пачало аказваць супраціву ў гета дапамогу зброяй і інструктажом, зрэшты, даволі абмежаваную. І ўдзялялася яна не ŻOB, а іншай арганізацыі, найбольш лаяльнай да Польскай дзяржавы — Яўрэйскага вайсковага саюза, які ў значнай частцы складаўся з былых афіцэраў і унтэр-афіцэраў польскага войска.

Што маглі, паўстанцы набывалі самі на чорным рынку зброі, дзеля чаго абклалі данінай найбольш багатую частку насельніцтва гета. Многія з гэтых заможных людзей былі актыўнымі калабарацыяністамі, у тым ліку інфарматарамі СД. Гэтым працэсам кіравала менавіта Цывія.

Канчатковая ліквідацыя Варшаўскага гета пачалася а 3-й гадзіне ночы 19 красавіка 1943 года. Дата невыпадковая. Увечары таго ж дня пачыналася галоўнае яўрэйскае свята Пэсах, а 20 красавіка адзначаўся дзень народзінаў Гітлера.

Сілы карнікаў складалі каля 2000 чалавек — СД, СС, Вермахт, дапаможная паліцыя, у тым ліку ўкраінскія і латышскія калабарацыяністы. Гета было акружана высокім мурам, 3 — 3,5 метра вышынёй, таму карнікі пачалі наступ праз браму. Камандуючы акцыяй брыгадэфюрар СС, генерал-маёр паліцыі Юрген Штроп пазней успамінаў: «Я ўвёў у дзеянне сілы паабапал галоўнай вуліцы. Калі нашы сілы толькі мінулі галоўную браму, на іх абрынуўся дакладны і добра скаардынаваны агнявы ўдар. З усіх вокнаў і сутарэнняў стралялі так, што нельга было бачыць таго, хто страляе. Зараз жа пачалі паступаць рапарты аб стратах. Бранявік загарэўся. Бомбы і запальныя бутэлькі спынялі любое прасоўванне. Пакуль мы пачыналі прачэсваць адзін блок, яны ўмацоўваліся ў суседнім. У некаторых месцах мы былі змушаныя ўжыць зенітную зброю. Толькі цяпер мы выявілі падземныя пункты. Падземныя пазіцыі дазвалялі паўстанцам быць нябачнымі і бесперапынна мяняць сваё месцазнаходжанне. Адну такую пазіцыю нам удалося захапіць толькі пасля двух дзён. Мы з дакладнасцю ўстанавілі, што ўзброеныя былі не толькі мужчыны, але і частка жанчын. Асабліва ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Яны былі апранутыя ў штаны для верхавой язды і з каскамі на галаве… Многія з гэтых жанчын хавалі зараджаныя пісталеты ў нацельнай бялізне. Так баі вяліся да канца аперацыі, ад падвала дома і да яго даху…»

Нацысты ідуць па адной з «зачышчаных» вуліц гета. Фота: архіў інстытута Яд ва-Шэм
Схопленым жывымі жыхарам гета была прызначана смерць на фабрыцы знішчэння ў Траблінцы

Паралельна з гэтым удзельнікі супраціву ліквідавалі найбольш вядомых калабарацыяністаў з юдэнрата і яўрэйскай паліцыі, тых, хто здрадзіў свайму народу і актыўна дапамагаў нацыстам у арганізацыі дэпартацыі і выяўленні актывістаў.

Сімвалічнай кульмінацыяй паўстання стала ўзняцце бела-блакітных сцягоў (правобраза будучага сцяга дзяржавы Ізраіль) і польскага нацыянальнага сцяга на даху дома на вуліцы Мураноўска, 17.

Разам з байцамі Яўрэйскага вайсковага саюза ў раёне Мураноўскай плошчы ў паўстанні ўдзельнічала група Арміі Краёвай маёра Генрыка Іваньскага. У наступныя дні нацысты адмовіліся ад тактыкі прамога наступу. Яны задзейнічалі авіяцыю і спецыяльныя групы падпальшчыкаў, каб паліць дамы гета разам з паўстанцамі дашчэнту.

Падчас паўстання «Цэліна» была сувязной паміж групамі ўзброеных байцоў у паасобных падземных бункерах, каардынуючы бесперспектыўны, але і безальтэрнатыўны супраціў. Ліквідацыя гета і вываз яго апошніх жыхароў у Траблінку працягваліся амаль месяц. Усяго за адзін дзень да таго, як немцы выявілі і знішчылі камандаванне ŻOB (8 мая), размешчанае на вуліцы Мілай, 18, у так званым «бункеры Анялевіча», яно вырашыла, што Цывіі і групе іншых байцоў трэба выбірацца з палаючага гета. Анялевіч перадаў з Цывіяй ліст свайму намесніку Іцхаку Цукерману, у якім, у прыватнасці, пісаў: «Тое, што мы перажылі, перасягнула самыя смелыя нашы надзеі… Галоўнае — здзейснілася мара майго жыцця: я дажыў да таго дня, калі яўрэі гета ўсталі на сваю абарону і павялі на барацьбу ва ўсёй яе велічы і славе».

 

Помнік у Варшаве на месцы «бункера Анялевіча», дзе 8 мая 1943 года загінула рэшта ўзброеных байцоў і кіраўніцтва ŻOB на чале з Мардэхаем Анялевічам. Фота: Wikimedia Commons

Цывія і яшчэ 33 апошнія жывыя байцы ŻOB, перачакаўшы пару дзён, здолелі выбрацца з гета па каналізацыйных трубах. Гэты маршрут разведаў і па ім правёў таварышаў актывіст моладзевай арганізацыі «Аківа» і ŻOB Сімха Ратайзер-Ротэм (псеўданім «Казік») пры садзейнічанні працаўнікоў варшаўскага водаканала. За горадам іх чакаў будучы муж Цывіі Іцхак Цукерман, які кіраваў партызанскім аддзелам ŻOB у лясах калі Ламянкаў недалёка ад Варшавы. Да канца дзён «Цэліне» не давалі спакою згрызоты сумлення за тое, што яе баявыя таварышы загінулі, а яна засталася жыць.

У ноч з 13 на 14 мая савецкія самалёты нанеслі бомбавы ўдар па аб'ектах у Варшаве. Налёт працягваўся дзве гадзіны, на казармы СС і іншыя ваенныя аб'екты было скінута каля ста тон фугасных і запальных бомбаў. Хоць ахвяры былі і сярод яўрэяў, налёт выклікаў у іх бурную радасць. У некалькіх месцах невялікія групы яўрэяў, карыстаючыся замяшаннем немцаў, спрабавалі прабіцца з гета. Некаторым гэта ўдалося. Пра «перамогу» — канчатковую ліквідацыю гета Штроп абвясціў 16 мая. Каля 7 тысяч паўстанцаў і мірных жыхароў загінулі ў баях, каля 6 тысяч — згарэлі зажыва. Яшчэ каля 50 тысяч было вывезена ў Траблінку і іншыя месцы знішчэння. На развалінах Варшаўскага гета, якія дагаралі яшчэ пару тыдняў, быў пакінуты паліцэйскі батальён. Нацысты прачэсвалі мясцовасць, пераразалі апошнія водаправодныя трубы, атручвалі ўсе выяўленыя рэзервуары і крыніцы вады, закідвалі калодзежы напаўзгнілымі трупамі, аблівалі газай знойдзеныя запасы ежы, узрывалі і завальвалі дарогі. Штодня яны засыпалі ўсе люкі, але яўрэі, якія стараліся ўцячы з гета па каналізацыйных трубах, па начах раскопвалі іх.

Паўстанне асуджаных на знішчэнне варшавянаў увайшло ў гісторыю як самае маштабнае за Другую сусветную вайну выступленне яўрэйскага народа ў абарону свайго права калі не на жыццё, то на годнасць. Яно было патоплена ў крыві, але паказала ўсяму свету, што яўрэі не будуць заставацца пасіўнымі ахвярамі, што яны гатовыя пастаяць за сябе. Гэты настрой вельмі прыдаўся праз 5 гадоў, калі пачалася вайна за незалежнасць Ізраіля.

А трохі больш як праз год, у жніўні-верасні 1944 года, Цывія Любеткін разам з мужам і іншымі таварышамі з гета гераічна змагалася ўжо ў агульнапольскім Варшаўскім паўстанні. Гісторыя шмат у чым паўтарылася, толькі гэтым разам у друз і попел была абрынута ўся Варшава. «Цэліна» з мужам і яшчэ некалькімі байцамі два месяцы хаваліся ў бункеры ў варшаўскім раёне Жалібож, адкуль 15 лістапада 1944 года іх удалося эвакуяваць пры садзейнічанні шпіталя Польскага Чырвонага Крыжа. А яшчэ праз два месяцы Варшаву вызвалілі савецкія войскі. Вызвалілі, каб прынесці з сабой новую акупацыю. Праз шмат гадоў Цывія напіша ў сваіх успамінах: «Апоўдні 17 студзеня 1945 года прыйшлі савецкія танкі. Натоўп людзей бадзёра выбег вітаць іх на гарадскі рынак. Народ радаваўся і абдымаў сваіх вызваліцеляў. Мы стаялі побач, раздушаныя і прыгнечаныя, самотныя рэшткі нашага народа».

Пасля заканчэння вайны «Цэліна» і «Антэк» хацелі адразу з’ехаць у Палесціну, але ў Румыніі мясцовыя ўлады на загад супрацоўнікаў НКВД развярнулі іх назад. Давялося ствараць чарговую арганізацыю «Брыха», каб з’ехаць не толькі самім, але і дапамагчы іншым яўрэям, перадусім таварышам па зброі. Прыехаць на гістарычную радзіму ўдалося толькі ў 1946. Цывія адразу ж пабралася шлюбам з Іцхакам Цукерманам і ўзяла ягонае прозвішча. У 1947 годзе ў іх нарадзіўся сын Шымон, у 1949 — дачка Яэль. У маі 1948 года Ізраіль абвясціў пра сваю незалежнасць, і адразу ж быў атакаваны войскамі ўсіх суседніх арабскіх дзяржаў, але здолеў адстаяць сваё права на існаванне.

На шостыя ўгодкі пачатку паўстання, 19 красавіка 1949 года, Цукерманы заснавалі кібуц «Лохамэй ха-Гетаот», ці «Змагары гета», для былых таварышаў па зброі — байцоў супраціву ў Варшаўскім і іншых гета — за 4 кіламетры на поўнач ад горада Акка. А пазней і мемарыяльны музей барацьбітоў гета.

Цывія вярнулася да добра знаёмай ёй перадваеннай арганізатарскай дзейнасці. Вырасціла дзяцей, паспела пабачыць унукаў. Выдала некалькі кніг успамінаў пра жыццё і барацьбу ў гета.

Самая вядомая з іх — «Знішчэнне і паўстанне» — перакладзена на многія мовы свету. Яна заканчваецца словамі: «Было б няправільна, балюча няправільна меркаваць, што супраціў, які праяўляла моладзь у трагічныя дні разбурэння, быў адказам некалькіх асоб, Іцхака, Цывіі, Мардэхая або Фрумкі. Наш лёс быў бы зусім іншым, калі б мы не былі ўдзельнікамі руху… Мы змаглі вытрымаць жыццё ў гета, таму што ведалі, што мы калектыў, рух. Кожны з нас ведаў, што ён ці яна не самотныя…адчуванне, што існуе супольнасць людзей, якія клапоцяцца адно пра аднаго, якія падзяляюць супольныя ідэі і каштоўнасці, дало магчымасць кожнаму з нас рабіць тое, што рабіў ён ці яна. Гэта была крыніца нашых сіл жыць. Гэта тая самая крыніца, якая і сёння падтрымлівае жыццё тых, хто выжыў. Яўрэйскі народ вытрымаў гэтае выпрабаванне».

Цывія з мужам неўзабаве пасля заключэння шлюбу. Фота: Times of Israel
З гэтага фота зроблены мурал

Цывія Любеткін-Цукерман памерла ў заснаваным ёй і мужам кібуцы 11 ліпеня 1978 года ад раку лёгкіх, выкліканага шматгадовым курэннем — благой звычкі падпольшчыцы і партызанкі. Паводле яе завяшчання на мацэве, магільнай пліце, выбіта толькі яе імя: Цывія. Ёй было няпоўныя 64 гады. Муж перажыў яе на тры гады. Унучка Цывіі, Роні Цукерман у 2001 годзе стала першай жанчынай — баявым афіцэрам Вайскова-паветраных сіл Ізраіля, пілотам знішчальніка F-16, пацвердзіўшы фамільную адвагу і загартоўку.

Партрэт Цывіі разам з мужам размешчаны на адной з паштовых марак Ізраіля. Яе можна ўбачыць на некалькіх муралах у варшаўскім раёне Муранаў, зробленых у памяць яўрэйскага супраціву. У яе гонар названа адна з вуліц Тэль-Авіва. Яна — самая вядомая з жанчын Варшаўскага гета, якія змагаліся за жыццё, а найболей за гонар і годнасць свайго народа са зброяй у руках. Нацыянальная гераіня Ізраіля і Польшчы. 

Партрэт Цывіі разам з мужам размешчаны на адной з паштовых марак Ізраіля

А што ў Беларусі? У 2017 годзе аўтар гэтага артыкула суправаджаў у паездцы ў Быцень траюрадную пляменніцу гераіні. А ў 2018 годзе, на 75-я ўгодкі паўстання ў Варшаўскім гета, іныцыяваў зварот у Івацэвіцкі райвыканкам адной з яўрэйскіх арганізацый з просьбай надаць адной з вуліц Быценя, некалі слаўнага сваім базыльянскім кляштарам і родам Тызенгаўзаў мястэчка, імя Цывіі Любеткін. Але атрымаў у адказ, як лёгка здагадацца, звычайную бюракратычную адпіску: «Не лічыцца мэтазгодным». Беларускай уладзе патрэбная моцна прэпараваная памяць пра вайну, выкладзеная ад імя сталінскіх палітрукоў. Яўрэйскія або польскія героі ў ёй не прадугледжаныя. Наколькі мне вядома, імя Марка Эдэльмана, яшчэ аднаго з кіраўнікоў паўстання, ураджэнца Гомеля, таксама ніяк і нідзе ў Беларусі не ўшанавана. Вось такое сумнае і селектыўнае «победобесіе».

Каментары36

  • Беларус
    16.04.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Антось
    16.04.2023
    А хто заказвае гэтую музыку? Хто плоціць? У беларусаў няма беларускіх праблем?
  • поппер
    17.04.2023
    Антось, згодны. Што ні артыкул, то Ізраіль ці сіяністы, якія не жадалі мець анічога супольнага з беларусамі. Пішыце пра свае

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →