Грамадства1111

«Як мы тут загніваем у гэтай Еўропе». 71-гадовая беларуска, гераіня Дудзя, завяла свой канал у Ютубе

«Аднагодкі пыталіся: чаго яна паперлася супраць улады, калі ў яе была кватэра, дача і аўтамабіль?» Пенсіянерка з Гродна Аляксандра Ханевіч вымушаная была пакінуць Беларусь, бо ёй пагражаў арышт. Жанчына расказала «Нашай Ніве» пра жыццё пенсіянеркі ў эміграцыі і пачатак блогерскай кар'еры ў 70 гадоў. А таксама згадала, як здзіўляла мытнікаў, калі падпрацоўвала перагоншчыкам аўто.

Аляксандра Ханевіч

Ад здымак у Дудзя да ўласнага канала ў Ютубе

Аляксандра яшчэ ў Гродне паспела некалькі разоў засвяціцца ў СМІ. А ўжо ў Беластоку стаць гераіняй фільма Юрыя Дудзя, пасля якога яе сталі пазнаваць не толькі ў Польшчы, але і за яе межамі. На гэтым медыйныя прыгоды пенсіянеркі з Беларусі не скончыліся, бо месяц таму яна завяла ютуб-канал, на якім расказвае пра сваё жыццё ў Польшчы.

У Гродне жанчыну двойчы затрымлівалі і давалі штрафы. Пасля выбараў затрымлівалі і яе сына. Яны выехалі з Беларусі 7 снежня 2020 года. Спадзяваліся, што ад'язджаюць да мая, але хуткага вяртання на радзіму не здарылася.

«Добрыя людзі папярэдзілі, што мне лепш выязджаць. І, як аказалася, нездарма. Ужо на наступны дзень пасля ад'езду мужу тэлефанавалі і пыталіся, дзе я.

Візы ў нас з сынам былі дзейныя толькі да мая, таму першапачаткова мы спадзяваліся на тое, што вясной ужо зможам вярнуцца дадому. Спярша верылі ў хуткае вяртанне, але час ідзе, а сітуацыя толькі горшае. Таму перыядычна мяне пачынаюць наведваць і такія думкі, што можа здарыцца так, што я ўжо ніколі не вярнуся на радзіму», — прызнаецца пенсіянерка.

Аляксандра адзначае, што яна перастала падтрымліваць Лукашэнку не ў 2020 годзе, а нашмат раней.

«У 1994 годзе я была за Лукашэнку, хоць дакладна і не памятаю, галасавала за яго тады ці не. Але мая падтрымка яго палітыкі доўжылася зусім нядоўга. У 1996 годзе мой сын служыў у войску, і ўжо тады мне стала вядома, што салдат тэрміновай службы рыхтавалі для падаўлення пратэстаў восенню 1996 года. Канчаткова любыя сімпатыі да Лукашэнкі ў мяне зніклі ў 1999 годзе, калі стала вядома пра знікненне Віктара Ганчара», — успамінае Аляксандра Ханевіч.

Выйшла на пенсію і пайшла ў аўташколу

Большую частку свайго працоўнага жыцця Аляксандра правяла на прадпрыемстве «Хімвалакно» ў Гродне. Пасля выхаду на пенсію ў 2009 годзе яна ўступіла ў ветэранскую арганізацыі завода, дзе прапрацавала каля 30 гадоў, а ў 2018-м стала яе старшынёй.

З выхадам на пенсію жанчына працягвала шукаць магчымасці падзарабіць.

У 57 гадоў пайшла вучыцца на правы — і здала тэорыю і практыку з першай спробы.

На гэтым актыўнасці Аляксандры не скончыліся. Выйшаўшы на пенсію і атрымаўшы пасведчанне кіроўцы, яна пачала падпрацоўваць — у традыцыйных для Гродна кірунках.

Скрыншот з відэа на канале Аляксандры Ханевіч

«У 2009—2011 гадах я пераганяла машыны на продаж. Некаторыя мытнікі не хавалі здзіўлення, калі бачылі, што гэтым займаецца 57-гадовая жанчына», — успамінае Аляксандра.

Акрамя перагону аўто з Еўропы пенсіянерка «ганяла» на Польшчу і Літву: туды везла паліва і трохі цыгарэт, а назад брала тавар на «перакід». Паралельна з гэтым эканоміла, бо рабіла закупы ў Польшчы для сябе і дзяцей.

І гэта не поўны спіс падзаробкаў. У перыяд з 2013 па 2018 гады Аляксандра не адмаўлялася ад магчымасці зрабіць трансфер з Гродна ў аэрапорт Вільні і Мінска.

«Асабліва шмат такіх прапаноў было ў летні перыяд», — успамінае яна.

Жанчына кажа, што нягледзячы на тое, што яна стала кіроўцам, калі ёй ужо было пад 60, пры неабходнасці яна пераадольвала адлегласці аж да 1000 кіламетраў за адну паездку.

Як старшыню ветэранскай арганізацыі, яе запісалі ў члены ініцыятыўнай групы Лукашэнкі і яна павінна была хадзіць на праўладныя мерапрыемствы і збіраць подпісы ў ягоную падтрымку. Але жанчына не хавала сваёй пазіцыі ў адносінах да ўлады.

Спытала ў даверанай асобы Лукашэнкі, за што затрымалі Ціханоўскага

У чэрвені 2020 года Аляксандру запрасілі на выступ даверанай асобы Лукашэнкі, якая павінна была расказваць пра дасягненні за 26 гадоў палітыка ва ўладзе.

Запрашаючаму жанчына адказала, што яна не кіраўнік таварыства сляпых і глухіх, што людзі і так добра бачаць і разумеюць, што ў краіне робіцца.

Як кіраўніцу ветэранскай арганізацыі, яе ўсё ж адправілі на сустрэчу. Але Аляксандра там не прамаўчала і спытала пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага.

«На пытанне, з якой прычыны яго затрымалі, калі ўсім было відна, што гэта правакацыя, мне так і не адказалі. У зале адразу ж падняўся шум і крыкі».

Адразу ж пасля нашумелай сустрэчы Аляксандра была вымушаная адправіцца на пляцоўку для збору подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі ў кандыдаты.

«Гэта была звычайная паказуха для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, якія прыехалі туды», — кажа яна.

Нязручнае пытанне на праўладнай сустрэчы мела свае наступствы.

Паштовую скрыню пенсіянеркі ў літаральным сэнсе завалілі дзяржаўнымі газетамі, на якія яна не падпісвалася. Як высветлілася, на праўладныя газеты Аляксандру падпісаў Савет ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна. Іх мэтай было «перавыхаванне» пенсіянеркі.

«Перавыхаваць» Аляксандру не ўдалося. Праз амаль тры гады з моманту выбараў яна не адступілася ад сваіх поглядаў.

«Сярод маіх знаёмых большасць тых, хто прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў, так і засталіся пры сваім меркаванні. Проста цяпер, знаходзячыся ў Беларусі, яны ніяк не могуць гэтага праяўляць.

Хоць ёсць і тыя, хто «пераабуўся», паверыў прапагандзе і стаў падтрымліваць рэжым. Але такіх, на шчасце, зусім няшмат», — прызнаецца пенсіянерка.

Аляксандра распавядае, што завесці свой блог яна вырашыла пасля прагляду канала, на якім пенсіянерка з'ехала за мяжу і пачала распавядаць там пра сваё жыццё.

«Падзялілася ідэяй з сынам, а ён у сваю чаргу параіў звярнуцца па дапамогу да Руслана Кулевіча, які калісьці здымаў мяне для свайго канала і садзейнічаў запісу ў фільме Юрыя Дудзя.

Хлопцы былі рады, што я захацела весці свой блог. Яны казалі, што і самі задумваліся над чымсьці падобным. Цяпер яны дапамагаюць мне са здымкамі і мантажом».

Асноўная мэта блога Аляксандры — расказваць пра жыццё ў Польшчы. Жанчына хоча, каб старэйшыя людзі маглі атрымліваць праўдзівую інфармацыю ад аднагодкаў.

Нядаўна Аляксандра ездзіла на здымкі ў Вільню, дзе сустракалася з айцом Георгіем Роем — праваслаўным святаром, які перайшоў у Канастанцінопальскі патрыярхат, і заадно наведала навучальныя курсы па вядзенні сацыяльных сетак.

«Хочацца паказваць, як мы тут «загніваем» у гэтай Еўропе», — жартуе пенсіянерка.

Пакуль на канале Аляксандры крыху менш за 800 падпісчыкаў. За месяц выйшла пяць відэа, якія ў суме набралі больш за 18 тысяч праглядаў.

«Найбольш папулярным стала відэа з Паўлам Латушкам. Але пад ім жа і больш за ўсё негатыўных каментароў», — адзначае яна.

Жанчына кажа, што дастаткова спакойна ставіцца да такіх рэчаў, паколькі і раней сутыкалася з нападкамі, у тым ліку з боку аднагодкаў, якія пытаюцца, чаго яна паперлася супраць улады, калі ў яе была кватэра, дача і аўтамабіль. Аляксандра лічыць такія пытанні дурнымі і прымітыўнымі.

Аднак большасць яе знаёмых і каментатараў падтрымліваюць яе.

«Людзі пішуць, што я малайчына, што падтрымліваюць мяне і ў той жа час адразу выбачаюцца, што не могуць паставіць лайк або напісаць каментар, паколькі баяцца наступстваў».

Калі выйшаў выпуск, прысвечаны 71-му дню нараджэння Аляксандры, некаторыя прапаноўвалі ёй зрабіць падарункі і падтрымаць фінансава.

«Я нават саромеюся папрасіць людзей падпісацца і паставіць лайк»

«Мне ўсе кажуць, што гэта нармальна, калі блогер прымае падарункі, дапамогу, просіць заданаціць. Але мне неяк ад гэтага няёмка. Я нават саромеюся папрасіць людзей падпісацца і паставіць лайк», — прызнаецца блогерка-пачатковец.

У Беластоку Аляксандра разам з сынам здымае двухпакаёвую кватэру ў самым цэнтры Беластока. Арэнда каштуе 370 еўра плюс камуналка. Жанчына працягвае атрымліваць беларускую пенсію і падзарабляе прыбіраннем катэджа.

«Як толькі мы пераехалі, у мяне было пяць такіх дамоў, цяпер застаўся толькі адзін. Таксама перыядычна гляджу дзяцей. Сын ходзіць на працу, я атрымліваю немалую па беларускіх мерках пенсію ў 790 рублёў (каля 250 еўра).

Для Беларусі гэта добрая пенсія, бо ў мяне 39 год стажу і з іх 12 гадоў працы на шкоднай вытворчасці. Але калі параўноўваць з пенсіямі ў Польшчы, то гэта вельмі мала. Мая польская прыяцелька атрымлівае 3000 злотых (каля 650 еўра). Калі чалавеку спаўняецца 75 гадоў, то пенсія вырастае яшчэ на 500 злотых (каля 760 еўра).

У пенсіянераў ёсць шэраг ільгот. Таму мне хочацца даносіць да беларускай аўдыторыі, як жывуць пенсіянеры ў іншых краінах, каб яны маглі параўноўваць, як людзі жывуць у «квітнеючай» Беларусі і на «загніваючым» Захадзе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Больш за 2000 беларускіх кампаній пераехалі ў Еўрасаюз пасля 2020 года

Прызёрка Алімпійскіх гульняў з Беларусі уцякла ў Польшчу

Каментары11

  • выбычайце але
    29.04.2023
    трохі мераю
    але
    3 вока не змяшчаецца ў яе
  • Праўдаруб
    29.04.2023
    Ёсік, Ну слухайце, калі чалавек расчараваўся ў Луке яшчэ ў 1996-1999 годзе, то гэта вельмі добра, бо большасць дайшла да гэтага тошькі ў 2020-м. Ну а калі ўжо і пасля 2020-2022 не дайшло, то ўжо і не дойдзе
  • tamozny
    29.04.2023
    Тетя, зачем врать за пенсии? Ни разу не видели в Польше пенсионеров которые моются в мусорных баках?

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?19

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Усе навіны →
Усе навіны

Хто тая жанчына, якая прымае дакументы ў кандыдатаў у прэзідэнты і дзяжурна дакладвае пра сумленнасць выбараў?9

Зіма ўжо блізка! У Мінску заўважылі першых снегіроў

ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах1

Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск3

Памёр журналіст Вадзім Доўнар4

Галоўчанка назваў дату, калі адменяць роўмінг з Расіяй1

Маладая беларуска прэтэндуе на званне варшавянкі года — чым яна гэта заслужыла?1

Узбек атрымаў пяць гадоў за ўдзел у вайне на баку Расіі. На фронце ён правёў літаральна некалькі хвілін1

Тынкоўшчыку з Мінскага раёна далі тры гады калоніі за адмаўленне генацыду беларускага народа2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?19

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Галоўнае
Усе навіны →