Стан Кіркорава падчас канцэрту ў Цюмені выклікаў пытанні. Артысту прыйшлося выбачацца і даваць другі канцэрт
Канцэрт Філіпа Кіркорава ў Цюменскай філармоніі 9 лістапада суправаджаўся скаргамі гледачоў на стан артыста. Спявак перасоўваўся з цяжкасцю, сядзеў на крэсле меў патрэбу ў дапамозе падчас пераапранання.

Выступ Філіпа Кіркорава ў Цюмені 9 лістапада стаў прадметам актыўнага абмеркавання ў сацыяльных сетках і мясцовых медыя. Канцэрт праходзіў у Цюменскай філармоніі, і, паводле паведамленняў у інтэрнэце, частка гледачоў засталася незадаволенай тым, як артыст правёў вечар, паведамляе тамтэйшае выданне «Тагіл сіці».
Гледачы апісвалі яго стан як знясілены: ён з цяжкасцю перасоўваўся па сцэне, доўгі час сядзеў на крэсле і, паводле сцвярджэнняў некаторых наведвальнікаў, не дапяваў асобныя фрагменты песень. Гэтыя назіранні спарадзілі дзве асноўныя версіі — хвароба або алкагольнае ап'яненне. Сам Кіркораў абверг падазрэнні ў другім выпадку, заявіўшы, што ў яго была высокая тэмпература.
Некаторыя гледачы прыехалі на канцэрт спецыяльна з суседніх рэгіёнаў — Новасібірска, Краснаярска і Омска.
Высокі кошт квіткоў стаў адным з аргументаў для тых, хто пасля шоу ўзняў пытанне аб кампенсацыі. У сацыяльных сетках з'явіліся каментары з патрабаваннямі вярнуць грошы, а дэпутат Цюменскай абласной думы Іван Вяршынін публічна падтрымаў гэтую ініцыятыву.
Сам Філіп Кіркораў пасля канцэрта апублікаваў зварот у сацыяльных сетках. У ім ён назваў выступ у Цюмені адным з самых складаных за ўсю творчую кар'еру. Паводле слоў артыста, ён выйшаў на сцэну з высокай тэмпературай, і кожны нумар даваўся яму з цяжкасцю. Спявак адзначыў, што не стаў адмяняць канцэрт, каб не падвесці гледачоў, якія загадзя набылі білеты і прыехалі з іншых гарадоў.
У тым жа паведамленні ён прызнаў, што шоу атрымалася не такім, якім павінна было быць, і дапусціў, што хтосьці з гледачоў мог сысці з пачуццём расчаравання.
10 лістапада расійскі спявак даў у Цюмені другі канцэрт.
Каментары