У тых, хто выязджае за мяжу без візы, пачалі патрабаваць паказваць ДНЖ. Што вядома
Апошнім часам беларускія памежнікі сталі патрабаваць дазвол на жыхарства ці іншыя дакументы ў тых беларусаў, якія падаюць пашпарт без дзейнай візы пры выездзе ў ЕС. Пакуль гэта практыка не закранае ўсіх. Разбіраемся, ці гэта законна і навошта гэта беларускім пагранічнікам.
У некаторых дазвол на жыхарства фатаграфавалі
Яшчэ ў красавіку некаторыя ўладальнікі ДНЖ сталі распавядаць пра тое, што пры праходжанні памежнага кантролю пагранічнік патрабаваў паказаць дакумент, які дазволіць перасекчы мяжу.
«Шмат гадоў выязджаю за мяжу па пашпарце, у якім няма візы, і да канца красавіка ніводнага разу беларускія памежнікі не пыталіся ў мяне, як я збіраюся патрапіць у Польшчу. Але калі апошні раз я выязджала з Беларусі, пагранічнік паведаміў, што трэба даказаць, ці сапраўды я маю магчымасць патрапіць у суседнюю краіну», — згадвае жанчына.
Яна паказала дзейны польскі ДНЖ беларускаму памежніку.
«Мой ДНЖ быў засвечаны яшчэ з тых часоў, калі ў Беларусі дзейнічалі кавідныя абмежаванні на выезд, таму асаблівага сэнсу супраціўляцца не было, і я паказала дакумент, але перад гэтым пацікавілася, на якой падставе яны яго патрабуюць.
Ён мне нічога не паказаў, а толькі вусна спаслаўся на нейкую невядомую пастанову, нумар і дату выхаду якой ён так і не агучыў. Пры гэтым памежнік дадаў, што калі я адмоўлюся паказаць дакумент, то ён мае права развярнуць мяне ў Беларусь».
Пагранічнік паведаміў жанчыне, што робіцца гэта, каб не ствараць дадатковай нагрузкі на пункт пропуску тым, што праходзіць мяжу будуць людзі, якія нібыта не могуць патрапіць у Польшчу і ў выніку будуць вымушаныя адразу вяртацца.
Іншыя чытачы таксама казалі пра тое, што гэтай вясной упершыню сутыкнуліся з патрабаваннем паказаць ДНЖ пры перасячэнні мяжы па пашпарце, у якім няма дзейнай візы.
Памежнікі не толькі праглядалі дазвол на жыхарства, але і фатаграфавалі яго з абодвух бакоў.
Пакуль выглядае, што такія запыты на мяжы не маюць масавага характару. Але ў адмысловых тэлеграм-чатах, дзе людзі абменьваюцца інфармацыяй пра сітуацыю ў памежных пунктах пропуску, абмяркоўваюцца падобныя выпадкі. Некаторыя сцвярджаюць, што такое патрабуюць і на ўездзе ў Беларусь.
Па законе пашпарта для выезду дастаткова. Навошта тады патрабуюць ДНЖ?
Згодна з дзейным заканадаўствам, беларускія пагранічнікі не маюць права патрабаваць ад грамадзян Беларусі паказваць дакументы, якія пацвярджаюць права грамадзяніна на ўезд у сумежную дзяржаву.
У Дзяржпагранкамітэце, куды тэлефанавала наша чытачка, пацвердзілі: для выезду з Беларусі патрэбны толькі дзейны нацыянальны пашпарт грамадзяніна, але дадалі, што пагранічнік можа папрасіць паказаць іншы дакумент, каб быць упэўненым у тым, што вы маеце права патрапіць у іншую краіну. Нібыта такім чынам яны хочуць прадухіліць праблемы, што могуць узнікнуць у сумежным пункце пропуску.
Некаторыя карыстальнікі чатаў выказваюць меркаванне, што такім чынам беларускія ўлады хочуць вызначыць не толькі ўладальнікаў ДНЖ, але і замежных пашпартоў.
Пільна прыглядаюцца да віз
З замежнымі пашпартамі сітуацыя з юрыдычнага пункту гледжання таксама выглядае як мінімум супярэчліва, бо за асобай, якая зʼяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі. Іншымі словамі, замежны пашпарт, які чалавек можа мець паралельна з беларускім, наша краіна не прызнае.
Але варта адзначыць, што, згодна з прынятымі ў пачатку года праўкамі ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», беларусы, якія набылі грамадзянства замежнай дзяржавы або атрымалі дазвол на жыхарства ці іншы падобны дакумент замежнай дзяржавы, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаны праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы.
Праўкі ў закон набудуць моц у наступным месяцы.
Таксама выглядае, што апошнім часам беларускія памежнікі пачалі больш пільна прыглядацца і да пашпартоў з візамі.
Імаверна, візы яны могуць разглядаць дзеля таго, каб выяўляць уладальнікаў карты паляка. Каб атрымаць інфармацыю, што віза атрымана менавіта на падставе гэтага дакумента, беларускаму памежніку дастаткова паглядзець у графу «мэта выдачы». Кожная падстава для выдачы візы мае свой нумар.
Магчыма, менавіта такім чынам збіраюцца звесткі, якія потым спускаюць па дзяржаўных установах, каб ціснуць на людзей і прымушаць іх адмовіцца ад карты паляка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
На мяжы зноў пачалі ўзмоцнена надглядаць людзей. Прычым не толькі тых, у каго 23.34
На мяжы з Расіяй перакопваюць і завальваюць дрэвамі прасёлкавыя дарогі
Супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка. Пры адмове пагражаюць звальненнем
Каментары