Грамадства1010

Чаму Маркаў не Салаўёў. Чым адрозніваецца беларуская і расійская прапаганда

Галоўная задача беларускай прапаганды — дагадзіць Лукашэнку. А ў расійскай? Пра рознасць і падабенства прапаганды разважаюць аналітыкі.

Скрыны відэа ТБ

Галоўнае — пераседзець непрыемнасці

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман заўважае, што звонкае маўчанне беларускай прапаганды ў адказ на рэзанансныя падзеі — гэта ўжо тэндэнцыя. Узяць для прыкладу гісторыю з Віктарам Бабарыкам, які трапіў у бальніцу і пра стан якога практычна нічога не вядома цяпер.

«Мы так і не даведаліся, што з ім здарылася, ці жывы ён увогуле. Прапаганда пераседзела гэтую тэму, як спрабуе пераседзець непрыемную для сябе тэму з выбухам на чыгунцы ў Бранскай вобласці, дзе маглі пацярпець беларускія чыгуначнікі».

«Прапагандзе дадзены відавочны загад перакрываць, перабіваць далікатныя праблемы іншымі тэмамі, — дадае Фрыдман. — Аб Пратасевічу цяпер дзяржаўная прапаганда амаль не піша, што азначае, на мой погляд, што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў падвешаным стане. Афіцыйныя СМІ паведамілі толькі, што да разгляду апеляцыі ён застаецца пад хатнім арыштам. Самі прапагандысты не ведаюць, чым уся справа скончыцца, таму, магчыма, і дадзены загад Пратасевіча не чапаць».

Раман Пратасевіч. Фота: БелТА

У Расіі ж дзяржаўныя медыя звычайна рэагуюць і на непрыемныя для іх тэмы. Чым абумоўленыя такія розныя паводзіны саюзнікаў па прапагандзе?

«Гэта самае важнае адрозненне беларускай прапаганды ад расійскай. Беларуская прапаганда на 100% знаходзіцца пад кантролем: яна не мае ніякай самастойнасці, уся яе дзейнасць праходзіць у адным рэчышчы, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — У Расіі сітуацыя выглядае трохі інакш: там існуе значны кантроль з боку дзяржавы, але не татальны. Таму многія непрыемныя для Расіі рэчы, якія ў Беларусі трапілі б пад забарону, там усё-такі выходзяць у публічную прастору».

Аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі тлумачыць паводзіны прапагандыстаў рознай сітуацыяй у Беларусі і Расіі:

«У Расіі яшчэ засталася інерцыя існавання ліберальных медыя, яны не поўнасцю знішчаныя ў краіне, і яны, прынамсі, даступныя ў інтэрнэце. Іх уплыў не тое каб вялікі, але іхняе існаванне прымушае рэагаваць на некаторыя пытанні. Французскі сацыёлаг П'ер-Іў Шароль выдзяляў тры віды інфармацыі ў залежнасці ад яе функцыі: зададзеную, вымушаную і нейтральную. То-бок ліберальныя выданні выклікаюць вымушаную рэакцыю: цалкам заплюшчваць вочы на непрыемныя падзеі не ўдаецца.

Не скажу, што ў Расіі вымушаная рэакцыя дзейнічае заўсёды: там даўно стала табу ўпамінанне Навальнага, але калі здараецца выбух, то яны мусяць на яго рэагаваць, хаця могуць ужываць эўфемізмы, напрыклад, выбух называюць хлапком, — кажа эксперт. 

— У беларускай сітуацыі тыя, хто кіруе прапагандай, упор робяць на кіраванні тэлевізарам — і гэта самае галоўнае. Таму вельмі часта яны не лічаць патрэбным штосьці заўважаць. 

Апрача таго, калі ў Беларусі недзяржаўныя медыя фактычна знішчаныя дубінкай і турмой, то ў Расіі быў і ёсць шэраг недзяржаўных медыя, які ўяўляе сабой шмат адценняў шэрага: хто адлюстроўвае пазіцыю адной башні Крамля, хто — іншай. У Беларусі кіроўны рэжым кансалідаваны, груп уплыву на медыя не існуе, таму ён паступае прыкладна аднолькава». 

Так у адным з сюжэтаў БТ выглядалі «члены «Вясны», якія ачарнялі Алеся Бяляцкага. Скрын відэа БТ

Яшчэ адно адрозненне прапаганды — умоўная «самастойнасць», якую могуць сабе дазволіць медыя.

«У Расіі шмат прапаганды робіцца на так званым аўтсорсінгу ці ў форме фармальна незалежных ад дзяржавы медыя: «Московский комсомолец», «Комсомольская правда». Яны могуць дазволіць сабе вострыя выказванні, якія «Российская газета» і іншыя дзяржаўныя газеты лічаць недазволенымі, хаця межы магчымага ў Расіі апошнім часам значна пашырыліся, — кажа Паўлюк Быкоўскі, маючы на ўвазе свабоду лаянкі, а не свабоду слова. — У Беларусі недзяржаўных выданняў, якія б выконвалі такую функцыю, фактычна няма. Гэтая частка прапаганды робіцца праз тэлеграм-каналы і так званыя аўтарскія перадачы. Пры неабходнасці заўсёды можна сказаць: гэта пазіцыя Азаронка, але не пазіцыя дзяржавы», — лічыць Быкоўскі. 

Беларуская прапаганда робіць стаўку на ТБ. Фота: «Наша Ніва»

Спрошчаная сістэма дзяржпрапаганды, стрыжнем якой ёсць тэлевізар, таксама адрознівае беларускую сістэму ад расійскай.

«У Беларусі існуе тры дзяржаўныя тэлеканалы, пяток выданняў нацыянальнага ўзроўню, абласныя газеты — усё гэта ў вачах рэжыму выглядае адладжанай сістэмай. Але ў інтэрнэце так не атрымліваецца. А ў Расіі працуюць на ўсіх магчымых пляцоўках і выдаткоўваюць на гэта грошы. Той самы Уладзімір Салаўёў раней вельмі актыўнічаў на YouTube, а цяпер на іншых пляцоўках, створаных у Расіі на замену YouTube». 

Каго абслугоўвае прапаганда

Аляксандр Фрыдман мяркуе, што беларуская прапаганда круціцца вакол пажаданняў адной персоны, аўдыторыя беларускай прапаганды — выключна Лукашэнка:

«Уся прапаганда арыентуецца на патрэбы і густы аднаго чалавека, усё пішацца і робіцца толькі для аднаго чалавека — гэта і ёсць сапраўдная аўдыторыя прапаганды, менавіта яму і трэба спадабацца. Уся пісаніна, зразумела, не чытаецца, але арыентацыя на яго мысленне прысутнічае.

Лукашэнка са шпіцам на хакеі. Фота: «Пул першага»

Гэта адрознівае дзяржаўную беларускую прапаганду ад расійскай, бо расійская імкнецца заваяваць аўдыторыю. Для беларускай дзяржаўнай прапаганды заваяванне аўдыторыі — пытанне другаснае, першаснае — дагадзіць Лукашэнку і калектыўнаму Лукашэнку».

«І ў Беларусі, і ў Расіі прапаганда абслугоўвае кіроўныя рэжымы. Але ў Расіі прапаганда больш разгалінаваная: там існуе сама дзяржаўная прапаганда, ёсць аўтсорсінг для прыватных выдаўцоў, якія могуць гэтым займацца. Плюс існуе вялікае кола магчымасцяў зарабляць грошы, абслугоўваючы дзяржаўную прапаганду ў сацыяльных сетках, тэлеграме, — кажа Паўлюк Быкоўскі. — У Беларусі на гэтыя мэты грошай амаль не выдзяляецца, асабліва ў параўнанні з Расіяй. Ёсць тэлебачанне, ёсць дзяржаўныя газеты, у якіх драўляныя прамовы пра тое, як дзяржава добра працуе, што Беларусі пагражае «калектыўны Захад». А вось каб працаваць на розныя аўдыторыі — такой далікатнай надбудовы, якая раней была вельмі прадуманая ў Расіі, у Беларусі няма.

А цяпер з-за вайны і ў Расіі паламалі схему, бо імітаваць кантроль прысутнасці розных меркаванняў у кантраляваных Крамлём медыя стала складана: трэба, каб усе аб’ядналіся вакол сцяга і лічылі, што ідзе «айчынная вайна» і што ўвогуле Захад напаў на Расію». 

Ці варта Салаўёва параўноўваць з Маркавым

Твары беларускай і расійскай прапаганды таксама маюць свае адрозненні — маштаб і папулярнасць, напрыклад. Ці можна параўноўваць прапагандыстаў-саюзнікаў?

«Расійскага Салаўёва варта параўноўваць з Маратам Маркавым, бо і той, і той з’яўляюцца кіраўнікамі, медыяменеджарамі і прысутнічаюць у кадры як прапагандысты. У Беларусі такі твар мае фактычна адзін Марат Маркаў, астатніх можна ўбачыць у «Клубе рэдактараў», але, мякка кажучы, гэта не самая рэйтынгавая перадача на тэлебачанні», — кажа Паўлюк Быкоўскі.

Ці з’яўляюцца прапагандысты часткай сістэмы або толькі абслугоўваюць яе?

«Яны розныя: ёсць звычайныя выканаўцы, але ёсць і тыя, хто набліжаны да цела. Тэлевізіёншчыкі, якія выконваюць заказ, — шараговыя выканаўцы, а той жа Мукавозчык, Гігін, Азаронак, Маркаў — не проста прапагандысты. Тая акалічнасць, што яны нават прысутнічаюць у камісіі па вяртанні палітычных эмігрантаў, сведчыць пра тое, што яны частка дзяржаўнага апарату», — мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Паўлюк Быкоўскі згодны з такой высновай:

«І Салаўёў, і Маркаў — абодва ўпісаныя ў сістэму, але па-рознаму. Калі Салаўёву можна плакаць па памесцях у Італіі, якія арыштаваныя, то ў Маркава, думаю, памесцяў не было. А на рахунках Маркава ў банках, з пункту гледжання Салаўёва, невялікія грошы, але ў беларускай сістэме каардынат Маркаў, напэўна, адзін з паспяховых дзеячаў, хто можа лічыць сябе забяспечаным». 

Каментары10

  • Салаўіны памер
    18.05.2023
    Навошта абмяркоўваць гатункі экскрэментаў?
  • Абу
    18.05.2023
    Адрозненні прааналізаваны слушна, але чаму ад іх ванітуе аднолькава - вось пытанне!
  • Dendraryj
    18.05.2023
    Выбачайце, але гэта ўсё параўнанне г...на і ванітаў

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю1

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Усе навіны →
Усе навіны

Ідэя на падарунак — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам1

Зніклы чатыры дні таму на Камчатцы самалёт Ан-2 знойдзены. Людзі жывыя

Кулямёт замест кантрактаў. Чым запомніцца візіт Лукашэнкі ў Аман?3

Украінец Аляксандр Усік зноў перамог Тайсана Ф'юры і абараніў тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе4

«Мы не маем кур'ераў у Беларусі». Ініцыятыва Dissidentby пракаментавала фільм на АНТ

Пракурор назваў магчымы матыў атакі ў Магдэбургу4

Жыццёвыя драмы Аляксандра Саладухі: ад прафнепрыдатнага артыста да праўладнага мільянера33

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй3

Сталі вядомыя тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтных дронаў, якія ЗША пастаўляюць Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю1

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Галоўнае
Усе навіны →