«Мы лічым, што гэта проста здзек з нашай супольнасці». Рыбаловы Магілёўшчыны абурыліся, што іх праганяюць з большасці вадаёмаў
Магілёўскі аблвыканкам у 2022 годзе зацвердзіў пералік вадаёмаў, у якіх дазваляецца займацца падводным паляваннем, а таксама лавіць рыбу на дарожку з маторных лодак. Цяпер жа гэты пералік вынеслі на грамадскае абмеркаванне, каб пачуць галасы саміх рыбакоў. І галасы прагучалі вельмі незадаволеныя, як піша «Магілёў.Media». Выданне сабрала найбольш характэрныя рэакцыі.
Падводныя паляўнічыя абураныя тым, што для рэалізацыі іхняга захаплення ім выдалі вадаёмы, якія не падыходзяць для гэтага па сваіх прыродна-біялагічных умовах.
Карыстальнік з нікам Buba1404 пракаментаваў новаўвядзенне наступным чынам:
«Я жыву ў Бабруйску, у Бабруйскім раёне. Нам, падводным паляўнічым, выдзелілі тры вадаёмы на ўвесь раён для занятку падводным паляваннем! З іх возера Драгічын (балота, у якім ніколі не бывае празрыстай вады і куды дабрацца можна толькі на верталёце), возера Плывун, у якім таксама ніколі няма празрыстасці, і возера Снарады, у якім празрыстая вада бывае раз на 3-4 гады.
У суседніх раёнах сітуацыя такая ж. У Асіповіцкім дазволілі Асіповіцкае вадасховішча і раку Свіслач, у якіх няма празрыстасці. У Глускім — рака Пціч, у якой штосьці можна ўбачыць адзін месяц у годзе. І так можна пералічыць усе найбліжэйшыя раёны.
Мы лічым, што гэта проста здзек з нашай супольнасці падводных паляўнічых, якія плацяць, у адрозненне ад рыбакоў, унёскі, але скарыстацца сваім правам не могуць! Улічваючы, што нас на ўсю Беларусь каля 3000 чалавек.
Цалкам падтрымліваю варыянт вяртання да спісаў забароненых вадаёмаў. А калі пакуль такой магчымасці няма, трэба раіцца з супольнасцю наконт кожнага вадаёма, які вы ўносіце ў спіс дазволеных вадаёмаў.
На гэты момант нам займацца падводным паляваннем няма дзе! А грошы мы заплацілі! Пытанне: за што?»
«Падводная рыбалка (паляванне) — вельмі складаны і цяжкі працэс, патрабуе сур’ёзнай фізічнай, маральнай, матэрыяльнай падрыхтоўкі, які, насуперак распаўсюджанаму памылковаму меркаванню, не забяспечвае вялікага рэгулярнага ўлову, — піша іншы карыстальнік, «balorek by Мелешко». — Акрамя гэтага, падводны паляўнічы сістэматычна выяўляе сеткі, у тым ліку і забытыя, жакі, і наогул раздражняе браканьераў.
У нашых рэаліях зусім незразумелая матывацыя чыноўнікаў для забароны тых ці іншых вадаёмаў. Забарона не грунтуецца ні на якіх навуковых даных, выніках даследаванняў, а толькі на прынцыпе перакладання адказнасці.
Напрыклад, мясцовай адміністрацыі Клічаўскага раёна зусім нецікавы лёс ракі Ольса, але вось падводнае паляванне ў гэтай рацэ яны чамусьці забаранілі. Чаму? На чым грунтуецца рашэнне аб забароне падводнага палявання на гэтым вадаёме? Чыгірынскае вадасховішча — гіганцкі вадаём, чаму там забароненая падводная рыбалка (паляванне)?»
«Вельмі доўга ўводзяцца дапаўненні да пераліку дазволеных вадаёмаў. А цяпер яшчэ і баяцца, ці правільна зрабілі, і прыдумалі абмеркаванне. Такія дапаўненні трэба рабіць кожны месяц, а не раз у год і потым выхваляцца, што вось мы выдалі дакумент і прарабілі вялікую працу.
Людзям рыбачыць цяпер няма дзе. Неабходна пашыраць пералік і вельмі значна. Раней больш за 10 000 вадаёмаў былі дазволеныя, а цяпер сотні. Што памянялася?
Норма лоўлі для ўсіх спосабаў аднолькавая, дык навошта гэтыя абмежаванні цяпер? Ці раней, на працягу многіх гадоў, нехта моцна памыляўся, дазваляючы рыбачыць у такой колькасці вадаёмаў? Не, цяпер дапусцілі памылку і, нават можна сказаць, уціск правоў грамадзян. З гэтымі спісамі дазволеных вадаёмаў ужо сутыкаліся раней, і было шмат перагібаў на месцах, некампетэнтнасці», — так пракаментаваў дакумент карыстальнік Валерый Сінкевіч.
Каментары
Адказ: за стабільнасць.