Свет55

«Тут ёсць увогуле ўсё — і наогул нічога не трэба». Беларуска пераехала ў Тайланд і расказвае, як казачна там жывецца

Ядвіга з Мінска, якая ўжо тры месяцы жыве ў Паўднёва-Усходняй Азіі і пабывала ў Малайзіі ды Тайландзе, расказала выданню CityDog.io, чым жыццё там адрозніваецца ад звыклага еўрапейскага ці мінскага.

Бангкок

«Маім любімым месцам у Мінску заўсёды была аранжарэя Батанічнага саду: мяне зачароўвала яе вільготнае саладкаватае паветра, напоўненае крыкамі папугаяў, і бясконцая чарада яркіх мудрагелістых раслін, — распавядае Ядвіга. — Але і там было не ўцячы ад рэальнасці: яна нагадвала пра сябе ўважлівым позіркам пажылой наглядчыцы і таблічкамі «Рукамі не чапаць».

Апошнія тры гады я жыла ў поўнай упэўненасці, што збегчы ад рэальнасці, у прынцыпе, немагчыма: яна будзе даганяць цябе ў навінах і сторыс сяброў, у размовах незнаёмцаў у кавярнях, у пахмурным поглядзе ў адказ на «Айм фром Беларусь», у складанасцях са здыманнем кватэры і вечным моўным бар'еры, у няведанні, што будзе заўтра, і сотні іншых дробязяў.

Бангкок

Аказалася, я проста недастаткова далёка і доўга бегла: на іншым канцы свету ніхто не ведае пра 2020-ы, вайна тут — толькі адна з навін, якія прылятаюць аднекуль здалёк, а ў адказ на «Айм фром Беларусь» цябе пытаюцца: «А гэта наогул дзе?»

Аказалася, што ў далёкай і дзіўнай Паўднёва-Усходняй Азіі я ўпершыню за два гады эміграцыі адчула сябе так, нібы я зноў дома. Зноў у Мінску і зноў гуляю па аранжарэі Батанічнага саду — толькі вакол няма ні таблічак «Рукамі не чапаць», ні строгіх наглядчыц, а з тых самых яркіх мудрагелістых раслін вырываюцца ўгору не апоры для кветак, а хмарачосы.

Куала-Лумпур
Цэнтральны парк Куала-Лумпура

Тут ёсць увогуле ўсё — і наогул нічога не трэба

Шопінг на Пхукеце, як і ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі, абсалютна дзікі і без ведання меры, і ўпасці ў нястрымнае спажыванне тут прасцей за ўсё. У адным ГЦ прадаюць і H&M, і Louis Vuitton, і рэчы, набытыя на Shein. Асартымент звыклых марак у разы большы, а цэны на іх — ніжэйшыя.

Акрамя звыклых сусветных брэндаў, на цябе з усіх бакоў глядзяць шыльды невядомых табе азіяцкіх марак з рэкламнымі плакатамі, на якіх усмешлівыя, проста да страху ідэальныя твары (некаторыя з іх — згенераваныя ШІ) людзей, якія жывуць шчаслівым жыццём.

Стары горад Пхукет

Не хочацца глянцавага шопінгу? У найбліжэйшым японскім сэкандзе за 13 еўра можна купіць практычна новыя Adidas Yeezy Boost, Dr. Martens, што па-ранейшаму не страцілі бляску, ці што заўгодна яшчэ — асартымент абнаўляюць кожны дзень, зазірай часцей, калі ласка.

На нядзельным маркеце за бесцань прадаюць вінтажнае адзенне, на начным рынку за такую ж бесцань — незлічоную колькасць сінтэтычных аднаразовых рэчаў, заколак і сумнеўнай касметыкі (у незлічоных крамках для турыстаў прадаюць усё тое ж — але крыху даражэй).

Аднак іронія ў тым, што тут вам трэба роўна дзве рэчы: добры санскрын і надзейны дажджавік. Прыгожыя ўборы і бліскучыя футляры памад здаюцца лішнімі і іншароднымі — і нават флаконы духоў, якія праехалі са мной паўсвету і здаваліся мне галоўным напамінам пра даўно забытае адчуванне сталасці.

Так што тут, здаецца, ёсць два шляхі: альбо ты падаеш на дно кансьюмерызму, захінуўшыся ў новенькія шалясткія пакеты, нібыта ў коўдру, ці спазнаеш, нарэшце, мінімалізм. Я пакуль дзесьці пасярэдзіне: нічога не купляю, але ўсё яшчэ думаю, што гэта самападман: насамрэч мне хочацца скупіць увогуле ўсё.

Да добрага прывыкаеш хутка, але і да кепскага таксама

Усё дрэннае, што вам казалі пра Тайланд, калі вы раптам заікаліся, што хочаце сюды ў адпачынак, праўда. Спякота, вільготнасць, прусакі памерам з палец, вараны на заднім двары, бруд, ліхаманка дэнге, змеі і люты смурод — усё так. Калі вы, нягледзячы на гэтыя страшылкі, усё ж паехалі ў Пуа, то ведайце яшчэ адну праўду: да гэтага хутка прызвычайваешся.

У нейкі момант гіганцкі прусак пачынае выклікаць у цябе не страх і дзікую гідлівасць, а будзённае «ты, чэл, вырадак, вядома, але і чорт з табой».

Прырода Пхукета

Праз тры месяцы я пайшла ва Uniqlo і купіла сабе лёгкі швэдар — удосталь нагледзеўшыся на азіятак, якія дзеля прыгажосці носяць тут вязаныя камізэлькі, высокія марцінсы і джынсы.

Да пачатку сезона дажджоў у мяне завёўся асобны гардэроб дажджавікоў — пад розны настрой, для прагулак або паездак на скутары, рознай даўжыні і рознага колеру.

Закрыць вочы і нос на бруд і смурод складаней за ўсё, але разам з імі мясцовая прырода дорыць табе самае салодкае начное паветра і самыя прыгожыя пейзажы: белыя кветкі франжыпані і зараснікі джунгляў бясследна сціраюць успаміны пра стыхійныя гарадскія сметнікі і нязвыкла яркія пахі ежы.

Сабай-сабай

Усё добрае, што вам казалі пра Тайланд, калі вы раптам заікаліся, што хочаце сюды ў адпачынак, праўда. Тут танна (калі, вядома, вы таго хочаце — раскошнае жыццё за пару дзясяткаў тысяч даляраў за месяц таксама ёсць), тут цёпла, тут прыгожа, тут смачна, тут клішыравана душэўна.

Ніводная мая ўсмешка, звернутая да незнаёмца, не засталася без адказу: здаецца, мясцовыя жыхары заўсёды ў добрым настроі. У тайскай мове ёсць слова «сабай», перакласці якое можна па-рознаму, але сутнасць заўсёды зводзіцца да аднаго: што б ні здарылася — усё добра, атрымлівай задавальненне, чаго напружвацца?

Бангкок
Бангкок
Метро BTS Skytrain у Бангкоку
Метро BTS Skytrain у Бангкоку

Аб гэты «сабай-сабай» разбіваецца звыклы камфорт турыстаў, але гэты ж «сабай-сабай» турыстаў і вабіць.

Бывае, дамагчыся ад тайландца вырашэння тваёй праблемы немагчыма: навошта яе вырашаць, калі можна прыкласці да яе, як трыпутнік, філасофію сабай — і закрыць на яе вочы?

«Сабай-сэрвіс» — галоўны антыгерой фарангаўскіх (так мясцовыя называюць еўрапейцаў) чатаў: патрэбнае вам месца можа працаваць пару гадзін на дзень, майстар у прызначаны час можа не прыйсці, паслуга можа быць аказаная так сабе — сабай-сабай, галоўнае, што вы жывыя і свеціць сонца.

Вуліца Бангкока
Кітайскія ліхтарыкі

Але што, калі трошачкі «сабай-сабай» нам усім і трэба? Прывыклі працаваць на знос, прывыклі рабіць усё лепш за ўсіх, прывыклі перажываць праз кожную дробязь, прывыклі нервавацца ад навін і планаваць сваё жыццё на гады наперад. Сабай-сабай, якія б дрэнныя ні былі навіны і як бы ні палохала невядомасць будучыні, сонца ўсё роўна будзе свяціць.

Гатаванне ежы — непатрэбная перашкода на шляху да сабай-сабай

У моманты, калі жыццё пачынае здавацца занадта простым, зразумелым і прадказальным, я іду ў найбліжэйшы прадуктовы магазін. Чыпсы могуць аказацца салодкімі, курыная сасіска — салодкай, таматны сок — салодкім, а печыва — вострым.

Наогул тайландскія прадуктовыя крамы і ў цэлым тайландскі падыход да ежы — падарунак для тых, хто ненавідзіць гатаванне. У найбліжэйшай 7 Eleven не толькі разагрэюць набытую тут жа ежу, але і папросту прыгатуюць што-небудзь проста за прылаўкам — ад простай яечні да рамену з сасіскамі. Галоўнае — не забудзьцеся некалькі разоў паўтарыць «но спайс» і «но шугар» — будзе ўсё адно і спайс, і шугар, але хаця б на кроплю менш, чым магло б быць.

У найбліжэйшай макашніцы (гэта такія перасоўныя ці не вельмі перасоўныя пункты вулічнай ежы) усмешлівая тайландка ўпотай прыгатуе вам… Ну, нешта прыгатуе: адгадаць, што менавіта вы ясце, тут часам складана, але будзе, хутчэй за ўсё, смачна. Проста выбірайце пункт, у якім больш за ўсё людзей, — дакладна не памыліцеся.

Начны рынак на Пхукеце з кітайскім хатпотам

Ежа з начнога маркета ў Пхукеце

Ежа з крэветкамі з японскага рэстарана на Пхукеце

Выбар ежы на вячэрніх маркетах уражвае — і нават палохае. Гэта велізарныя плошчы, шчыльна застаўленыя намётамі з ежай: бяскрыўдныя сушы і сасіскі ў цесце суседнічаюць з кракадзіламі і жукамі, шашлыкі з курыцы смажаць разам з шашлыкамі з невядомых марскіх стварэнняў, а колькасць розных відаў дэсертаў з какоса, здаецца, лічыцца дзясяткамі.

Нарэшце, рэстаранамі ў Старым горадзе занятыя наогул усе дамы, не занятыя крамамі з сувенірамі і травой. Знайсці нешта еўрапейскае можа быць складана (і дорага), а вось выбар азіяцкіх устаноў велізарны: карэйскія барбекюшніцы, кітайскія хатпоты, японскія сушы, тайская локшына — часам губляешся ад неабходнасці выбраць паміж «не ведаю, што гэта» і «не ведаю, што гэта».

Японскія рэстараны на Пхукеце
Японскі рэстаран у Бангкоку
Чайна-таўн у Бангкоку

Харчавацца ў крамах, на дастаўцы, на маркетах і ў рэстаранах у цэлым танней, чым гатаваць ежу самому, тым больш што, па-першае, далёка не ва ўсіх кватэрах наогул ёсць кухні, а па-другое, далёка не ўсе прадукты можна знайсці ў краме. Манга па 1 еўра — калі ласка, нармальныя таматы — ну ўжо не, не гэтым разам.

Ад чагосьці ўцячы нельга

У мясцовых чатах рэдка абмяркоўваюць вайну ці навіны — хутчэй, дзе знайсці майстра пачысціць басейн, куды пайсці падстрыгчыся, дзе купіць грэчку, на якім пляжы сёння мора спакайнейшае і куды лепш ехаць на бордар-ран.

Руская гаворка, калі яе і пачуеш дзе-небудзь у кавярні або на пляжы, хутчэй, будзе звязана з травой, бізнэсам або з якім-небудзь прыемным глупствам. У нізкі сезон тут мала турыстаў, якія нават у адпачынку жывуць навінамі, у асноўным зімой тут можна сустрэць толькі людзей, якія ўжо даўно пераехалі ў Тайланд і даўно перасталі жыць навінамі мацерыка.

Але канчаткова забыцца пра тое, ад чаго я бегла, не даюць партрэты караля і каралевы Тайланда, развешаныя па ўсёй краіне. Праязджаючы міма іх на скутары, я часта лаўлю сябе на думцы: а што мясцовыя думаюць, гледзячы на гэтыя фота? Што, калі б я была цяпер у Беларусі — і на фотаздымках былі б зусім не кароль і каралева?

Партрэты караля і каралевы Тайланда на вуліцах Пхукета

У Крымінальным кодэксе Тайланда ёсць 112-ы артыкул, які прадугледжвае да 15-ці гадоў пазбаўлення волі за абразу манархіі, — яго выкарыстоўваюць і проста для пакарання за іншадумства.

Проста цяпер у Тайландзе спрабуюць выбраць новага прэм'ер-міністра, але справа, здаецца, яшчэ доўга не зрушыцца з мёртвага пункта — праблема ў тым жа самым артыкуле КК. Стары ўрад перашкаджае і выбару новага прэм'ер-міністра, і стварэнню новага ўрада, бо той адкрыта выступае за паслабленне 112-га артыкула.

Апошнія навіны з Бангкока такія: мясцовая паліцыя рыхтуецца да магчымых мітынгаў і пратэстаў.

Каментары5

  • Ігар
    28.07.2023
    А за что она там живет? Вот я строитель-отделочник, как и тысячи-ты белорусов, что за межами оказались. Как там с работой для меня? Как на стройках Чехии-Польши? Или есть нюансы?
  • Максим оставил Дизайн
    28.07.2023
    Спасибо за интересную статью, передает ощущение от далеких мест хорошо
  • Прокл
    28.07.2023
    [Рэд. выдалена]

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»3

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская культурная прастора CreateCulture Space у Вільні на мяжы закрыцця18

У Дзяржаўным музеі Абхазіі вісіць партрэт Шаміля Басаева. І здымаць яго пакуль адмаўляюцца7

«Хочуць прымусіць людзей працаваць за капейкі». Дальнабойшчыкі — пра намеры пазбавіць іх бясплатных медыцынскіх паслуг14

Самалёт Як-130 не перасякаў мяжы, меў месца запуск фальш-цэлі — Паветраныя сілы Украіны3

«Ад дачы паказанняў адмовіўся». Генпракуратура — пра магілёўца, які адбіваўся ад губазікаўцаў9

Расія зноў нанесла ўдары КАБамі па шматпавярховіках Харкава1

У Пецярбургу курсант Вайсковай акадэміі забіў жанчыну, прыняўшы яе слыхавы апарат за шпіёнскую прыладу3

Васкрасенскі патлумачыў, што Лукашэнка хоча ў абмен на палітвязняў. І пахваліў Усава, Балкунца і Гарбунову47

Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў вызваленні ад акупантаў прадпрыемства ў Ваўчанску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»3

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»

Галоўнае
Усе навіны →