Турцыя прапануе турыстам All inclusive без алкаголю. Колькі каштуюць такія туры з Мінска?
У Турцыі плануюць зрабіць таннейшым кошт тураў па сістэме «ўсё ўключана». Гэта магчыма за кошт павелічэння колькасці базавых пакетаў без алкаголю. Такія пуцёўкі ўжо не першы год можна купіць у Беларусі. Выданне Office Life даведалася, колькі яны каштуюць і ці папулярныя.
Гендырэктар турэцкай кампаніі Bentour Дэніз Угур у інтэрв'ю выданню Turizm Guncel расказаў, што з-за павышэння гатэльерамі цэн
у гэтым годзе адпачынак у Турцыі стаў даражэйшым, чым у іншых Міжземнаморскіх краінах. На яго думку, на гэта паўплывала сістэма «ўсё ўключана» з прапановай алкаголю — у Турцыі высокі падатак на спіртныя напоі.
Турпакеты без алкаголю маглі б павысіць цікавасць турыстаў да адпачынку на турэцкіх курортах. У Беларусі не першы год прапануюць non-alcoholic all inclusive туры ў Турцыю. Але гатэляў з такім варыянтам адпачынку няшмат, гэта нішавая прапанова.
Што прапануюць
У Турцыі ёсць халяльныя гатэлі, дзе алкаголю няма ў прынцыпе, а зона для купання ў басейнах падзеленая на мужчынскую і жаночую. Гэта гатэлі, разлічаныя на турыстаў з мусульманскіх краін. Але ёсць і такія, дзе можна забраніраваць пражыванне і харчаванне па стандартнай сістэме all inclusive і non-alcoholic all inclusive.
Сярод гатэляў, якія працуюць па такой сістэме, для браніравання з Беларусі даступныя, напрыклад, Grand Cortez Resort Hotel & Spa 5*, Atlas Beach 4*, Selge Beach Resort & Spa 5*, Wome Deluxe 5*, Modern Saraylar Hotel 5* і Bera Hotel Alanya 5*.
Па звестках тураператара «Аэрабелсэрвіс», які выступае ў ролі кансалідатара чартарных рэйсаў у Турцыю, адпачынак на дваіх на сем начэй у Аланьі ў гатэлі Grand Cortez Resort Hotel & Spa 5* па сістэме non-alcoholic all inclusive абыдзецца ў 1546 еўра з вылетам з Мінска ў пачатку верасня. Гэты ж турпакет з алкаголем будзе даражэйшы на 40 еўра.
Для параўнання — яшчэ адзін варыянт у Кушадасах: тур на 11 начэй у гатэлі Sentinus 4* на дваіх па сістэме харчавання без алкаголю з вылетам з Мінска зноў-такі ў пачатку верасня будзе каштаваць танней на 174 еўра. Гэта 1998 еўра супраць 1824.
Кіраўніца аддзела маркетынгу тураператара «Аэрабелсэрвіс» Марына Лавіцкая расказвае, што такі варыянт адпачынку цікавы прыхільнікам здаровага ладу жыцця.
Турысты не хочуць пераплачваць за алкаголь, які ўсё адно не будуць ужываць падчас адпачынку. Паводле ацэнак суразмоўніцы, кошт non-alcoholic all inclusive зніжае выдаткі на харчаванне ў гатэлі на суму да 9%.
Менеджарка па продажах тураператара «ТОП-ТУР» Ірына Ганчарова пры гэтым адзначае, што цяпер такія туры непапулярныя, а пакеты са стандартным all inclusive ў падобным гатэлі могуць быць таннейшыя, чым з сістэмай харчавання non-alcoholic.
«У прыярытэце ў турыстаў усё ж такі кошт, а не канцэпцыя гатэля. Калі пражыванне і харчаванне ў гатэлі такога ж узроўню са стандартнай сістэмай «усё ўключана» таннейшае, то прасцей забраніраваць гэты варыянт і на месцы не карыстацца тым, чым не хочаш.
Прадстаўнікі турбізнэсу лічаць, што, магчыма, у наступным турсезоне больш гатэляў прапануюць турыстам сістэму non-alcoholic all inclusive. Аднак пакуль такая прапанова не стане масавай, ацаніць рэальную цікавасць да яе складана.
Летась Турцыя была самым папулярным замежным кірункам для адпачынку ў беларусаў. Яе наведала больш за 104 тысячы беларусаў. Пры гэтым у маі колькасць турыстаў з Беларусі там павялічылася на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года.
Каментары