Грамадства22

Што Ларысу Шчыракову чакае ў калоніі 

Біркі жоўтага колеру і абавязак паўтараць «Схільная да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці» пры кожнай праверцы — гэта толькі знешнія праявы тых выпрабаванняў, праз якія праходзяць беларускія барацьбіты за свабоду і правы свайго народа. Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, якую 31 жніўня асудзілі да трох з паловай гадоў зняволення, адна з іх. Яе земляку Леаніду Судаленку таксама толькі што давялося адбыць тры гады ў віцебскай калоніі «Віцьба-3» паводле абвінавачання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Ëн сабраў у адзін спіс тое, з чым даводзіцца сутыкнуцца кожнаму палітвязню.

Ларыса Шчыракова з сынам. Крыніца: фэйсбук Ларысы Шчыраковай

Усіх зняволеных у калоніях дзеляць на дзве катэгорыі: звычайныя крымінальнікі і «палітычныя». У першых на адзенні — біркі белага колеру, а другіх — жоўтага.

«З гэтага і пачынаецца дыскрымінацыя, — кажа Леанід Судаленка. — Гэтае правіла схавана ў нейкіх унутрыведамасных інструкцыях на ўзроўні МУС, бо ў заканадаўстве такога няма. З гэтай біркі ўсё пачынаецца: у «белых» — дзве абавязковыя праверкі на суткі, а ў «жоўтых» — пяць і болей. Звычайны крымінальнік будзе піць чай перад тэлевізарам, а палітычны на патрабаванне адміністрацыі ў любы час павінен спусціцца на першы паверх, у так званы лакальны ўчастак, і чакаць, пакуль прыйдзе кантралёр. Той можа ісці і 20, і 30 хвілін, каб толькі праверыць, ці ты на месцы. І кожны павінен яму рапартаваць: «Я такі і такі, «схільны да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Звычайна ўсіх «жоўтых» ці адразу, ці ў вельмі хуткім часе адміністрацыя запісвае ў патэнцыйныя экстрэмісты, адзначае праваабаронца. І ў патэнцыйныя парушальнікі рэжыму, бо тое, што можна не заўважыць за «белым», за «жоўтым» будзе заўважана адразу і стане нагодай для спагнання. Не зашпіліў верхні гузік, кепска пагаліўся, не так павітаўся — «парушальнік». Любы кантралёр можа напісаць рапарт, і нікому не давядзеш, што гузік быў зашпілены, бо на «жоўтага» можна сказаць усё.

Ці кілаграм яблыкаў, ці шампунь

«Калі ты парушальнік, а палітычных татальна запісваюць у парушальнікі, — гэта значыць, што ў краме ты можаш набыць што-небудзь не на шэсць базавых велічынь, а толькі на дзве за месяц. І ты не ведаеш, што лепей купляць: ці шампунь, ці крэм для галення, ці кілаграм яблыкаў, каб былі хоць нейкія вітаміны. Атрымліваецца, што і грошы ёсць у цябе на рахунку, але патраціць іх ты не можаш», — тлумачыць экс-палітвязень.

Па прыбыцці ў калонію Леаніду Судаленку таксама накідалі некалькі парушэнняў. Гэта ціск на зняволенага, бо калі парушэнняў тры і болей цягам года, то чалавек аўтаматычна робіцца «злосным парушальнікам».

Леанід Судаленка прыгадвае з уласнага досведу: «Для «злоснага парушальніка» няма спатканняў з блізкімі. Я адседзеў так паўтара года. Жонка прыязджала з Гомеля ў Віцебск, прывозіла 50 кг прадуктовай перадачы і пакідала яе на КПП. 500 кіламетраў туды на машыне, 500 — назад. Пазбаўлялі нават кароткіх спатканняў».

Да ўсяго «злосны парушальнік» — небяспечны статус: пасля яго ўжо ідзе прымяненне крымінальнага артыкула 411 — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. За гэта могуць прысудзіць дадатковы тэрмін зняволення. «Я да апошняга моманту хваляваўся, хоць пра гэта родным і не казаў. Да мяне таксама маглі такое прымяніць — як, да прыкладу, да Змітра Дашкевіча. Проста дадаюць год за тое, што ты маеш парушэнні. А парушэнні ты маеш таму, што яны штучныя, таму, што ты «жоўты», — кажа Судаленка.

Выбірай: ці ты курыў, ці ты спазніўся

Пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне «палітычны» таксама можа адразу забыць.

Па заканадаўстве ўсім асуджаным гарантавана ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але не «палітычным» — бо яны ўсе «парушальнікі рэжыму».

Адміністрацыя штучна стварае ўмовы, каб «палітычны» адбыў увесь тэрмін, і Леанід Судаленка неаднаразова назіраў, як гэта робіцца: «Ты заязджаеш у калонію, і начальнік атрада кажа: «Ну, выбірай: ці ты курыў у неўстаноўленым месцы, ці ты спазніўся на зарадку». Калі ты кажаш, што не курыш увогуле і што на зарадку прыйшоў своечасова, ён кажа: «Ну добра. Пабачым». І падчас чарговай праверкі будзь гатовы, што кантралёры знойдуць, да чаго прычапіцца. Правераць, прыкладам, тваю тумбачку, дзе можна захоўваць толькі адзін кавалак мыла. А ў цябе ляжыць новы кавалак і стары абмылак, які пашкадаваў выкінуць. Усё, два кавалкі мыла — парушэнне».

У адрозненне ад «жоўтых», звычайным крымінальнікам нашмат прасцей выйсці на волю па УДВ, па амністыі. «Белым» могуць замяніць пакаранне на больш мяккае: зняволенне ў калоніі — на «хімію» ў сувязі з добрымі паводзінамі і таму, што пакараны «стаў на шлях выпраўлення». Нярэдка звычайныя крымінальнікі атрымліваюць і заахвочванні: дазвол на большую суму «атаваркі» ў краме, большую колькасць званкоў дадому, спатканняў.

«Але гэта вырашае начальнік атрада, а з «жоўтымі» ён не цырымоніцца», — кажа Судаленка. 

Нельга абмяркоўваць палітыку

Тэлефонныя размовы слухаюць, лістоў не перадаюць, знарок ствараюць нязручнасці.

Калі «палітычны» тэлефануе дадому, размову абавязкова слухае аператыўны супрацоўнік. Ён папярэджвае, што нельга абмяркоўваць палітыку, вайну ва Украіне ці ПВК «Вагнер». Калі патрабаванне парушаецца, ён піша рапарт — і зняволенага адпраўляюць у ШІЗА. Звычайных крымінальнікаў ніхто не праслухоўвае, яны могуць размаўляць пра што заўгодна.

«Палітычным» абмяжоўваюць перапіску: ужо шмат прыкладаў, як сваякі не атрымліваюць лістоў з-за кратаў месяцамі, а іхнія лісты не прапускаюць у зваротным кірунку.

«Скажы «дзякуй», што ад жонкі аддаём»

«Пакуль сядзеў у гомельскім СІЗА, мне да дваццаці лістоў за дзень прыходзіла, нават ад незнаёмых людзей. А як толькі апынуўся ў «Віцьбе-3», адразу нібыта ўсе перасталі мне пісаць. Я нават хадзіў да намесніка начальніка калоніі па тлумачэнні. Кажу яму: «У маім прысудзе не напісана, што абмежавана права на перапіску». А ён: «Скажы «дзякуй», што ад жонкі лісты аддаём», — распавёў былы палітвязень.

Яшчэ адзін прыклад дыскрымінацыі — тое, што «жоўтым» заўсёды вызначаюць месца на верхнім ярусе шконак. Нават калі ёсць вольнае месца ўнізе.

«Эпілепсія ёсць? Калі няма, то і гаворкі няма»

Гэта як дадатковае пакаранне: на ложак на верхнім ярусе не сядзеш, можна сядзець толькі на ніжнім, і нават такой дробнай «выгоды» палітзняволеных пазбаўляюць.

Лесвіц, як у цягніку, на верхні ярус няма — прынамсі, не было ў калоніі, дзе адбываў тэрмін Леанід Судаленка.

«Узлезці туды нялёгка, трэба падскочыць, падцягнуцца. З гэтым я таксама звяртаўся да адміністрацыі, маўляў, унізе месца ёсць, а мне 57 гадоў, я ўжо не такі малады, каб скакаць, ціск уздымаецца… Начальнік атрада кажа: «Ідзі да начмеда, калі па медыцынскіх паказчыках табе шкодна караскацца наверх, то пераселім». Я прыйшоў, а той толькі спытаў: «Эпілепсія ёсць? Калі няма, то і гаворкі няма».

Таблетку — і на працу

Медычнае абслугоўванне ў калоніі — асобная тэма для размовы. Праваабаронца распавядае: «Да 38 — гэта за тэмпературу ніхто не лічыць. Лекар дасць таблетку аспірыну, і пойдзеш працаваць у халодны цэх. Мяне трэсла, а замест таго, каб залезці пад коўдру, я быў вымушаны працаваць, бо я палітычны. Палову тэрміну працаваў на дрэваапрацоўцы рознарабочым, а затым мяне перавялі ў цэх разборкі металу. Разбіралі правады, каб дастаць адтуль каляровыя металы: медзь, свінец, алюміній. У першую змену шэсць дзён на тыдзень працуеш, у тым ліку ў суботу, у другую атрымліваецца пяць».

У «Віцьбе-3», каб не хадзіць на працу, «белыя» часта карысталіся магчымасцю вучыцца. Паводле правілаў, усе, хто хоча, могуць навучацца ў філіі мясцовага ПТВ на тэрыторыі калоніі. Там навучаюць працы з дрэвам — лыжкі выразаць, зэдлікі рабіць. А галоўнае — вучоба праходзіць у цёплым памяшканні, і цэлы год можна хадзіць замест працы. Але

для «палітычных» вучоба — табу, нікому гэтага не дазволілі.

«Дыскрымінацыя палітычных — агульнапрынятая практыка ў любой калоніі, не толькі ў віцебскай ПК-3, дзе я знаходзіўся. Тое самае, на жаль, будзе адбывацца ў жаночай калоніі, куды накіруюць Ларысу Шчыракову. Не ведаю, ці дойдзе да яе мой ліст, але я напісаў.

Леанід Судаленка і Ларыса Шчыракова. Фота: сацсеткі Леаніда Судаленкі

«Ларыса, даражэнькая, як жа хочацца цябе абняць па-брацку. Бачыш, сястра, які нам выпаў лёс, я адбыў максімальны тэрмін, і для цябе ўлада не прыдумала лепшага сцэнара. Усё праходзіць, вер мне, бачыш, я сёння ўжо на волі! Галоўнае — захавай сваё здароўе, наколькі гэта будзе магчыма. Абдымаю!» — цытуе свой допіс гомельскі праваабаронца.

Жаночая калонія №4 месціцца ў Гомелі на вуліцы Антошкіна. Этап для Ларысы Шчыраковай будзе непрацяглым: яе проста маюць перавезці з гомельскага СІЗА, што на вуліцы Кніжнай.

ПК №4 знаходзіцца ў Чыгуначным раёне — больш дакладна, у раёне «Гомсельмаша». З горада відаць толькі высокі плот з калючым дротам пад электрычным напружаннем. На вышках дзяжураць ахоўнікі з аўтаматамі, уздоўж плота ходзяць патрулі з сабакамі. На тэрыторыі некалькі двухпавярховых цагляных баракаў 1970-х гадоў пабудовы. Яшчэ медпункт, пральня, вытворчыя карпусы.

«Ларысу чакае практычна ўсё тое самае: будзе спаць на верхнім ярусе і працаваць на «швейцы» — у калоніі вялікая швейная вытворчасць. Будзе тая самая дыскрымінацыя, а жанчынам у калоніі яшчэ цяжэй. Усяго раз на тыдзень на 10—15 хвілін гарачы душ, «лазня» так званая.

У нас было памяшканне на 30 чалавек, куды заводзілі мыцца. З умывальнікаў у камерах цячэ толькі халодная вада. Нехта рызыкуе, мыецца халоднай… Так, у людзей ёсць кіпяцільнікі, каб зрабіць кавы ці гарбаты. Але разетак усяго, прыкладам, 5 на 100 чалавек», — працягвае экс-палітвязень.

Леанід Судаленка пасля выхаду з калоніі «Віцьба-3». Фота: сацсеткі Леаніда Судаленкі

«Мне напісалі ў сацсетках, што нібыта Ларыса пасля абвяшчэння прысуду крыкнула, што апеляцыі падаваць не будзе, — кажа Леанід Судаленка. — Яна прынцыповая, і калі насамрэч так вырашыла, то сапраўды не будзе прасіць літасці ў дзяржавы».

Каментары2

  • Вальжына
    06.09.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Ноўнэйм
    07.09.2023
    Фашысты. Вось жылі беларусы, жылі, і не ведалі, колькі сярод іх фашыстаў, садзістаў і катаў.

Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі9

Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі

Усе навіны →
Усе навіны

Прэс-сакратарка партыі Трампа мае беларускія карані ФОТЫ20

«Ён ёй выколваў вочы». У Расіі на стэнд так званых герояў СВА павесілі фота гвалтаўніка і забойцы6

Наўседа і Грыбаўскайце спрабуюць не дапусціць да ўлады «Зары над Нёманам»13

Мінус спойлер. Афіцэр Бобрыкаў зняўся з выбараў21

Бабруйчанін не паставіў машыну на ручнік і пайшоў дадому. Калі вярнуўся, аўто ўжо было ў возеры1

Расійскаму педыятру з беларускімі каранямі Надзеі Буянавай далі пяць з паловай гадоў за «фэйкі пра армію»2

Выйшаў каляндар з беларускімі строямі на 2025 год6

«Ролтан» больш не забараняюць — ён павінен вярнуцца ў крамы Беларусі1

У Мінск прывезлі вакцыну ад небяспечнай для дзяцей інфекцыі. Адна доза каштуе 2400 рублёў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі9

Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі

Галоўнае
Усе навіны →