Грамадства88

«Убачанае ашаламіла». Перакладчык з Бабруйска — пра паўтара года за кратамі, знішчаныя рукапісы, шлюб у няволі і навуку выжываць

«Жахі, якія творацца, не супастаўляюцца з сучаснасцю», — кажа былы палітвязень Аляксей Гайшун. У няволі, каб выжыць, ён пісаў фантастыку. Схуднеў на 40 кілаграмаў, а калі выйшаў на волю, быў уражаны тым, як змянілася грамадства.

Аляксей Гайшун. Фота: архіў Аляксея Гайшуна

«Праз пару дзён вязніца пачала запаўняцца схопленымі за фатаграфаванне вайсковай тэхнікі»

Аляксею Гайшуну 34 гады. У яго гісторыка-філалагічная адукацыя. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны ён вывучыўся на настаўніка гісторыі і англійскай мовы. Як прыватны прадпрымальнік, з 2015 года займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Да падзей 2020-га года палітыкі пазбягаў. Днямі Аляксей пакінуў радзіму.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Гайшун выпадкова трапіў на сустрэчу жыхароў Гомеля з вылучэнкай на прэзідэнцтва Святланай Ціханоўскай. Яго ўразіла, што пабачыцца з ёю прыйшло шмат людзей.

Гвалт сілавікоў і абурэнне людзей пасля выбараў паўплывалі на Аляксея, і ён стаў хадзіць на пратэсты рэгулярна. 20 верасня 2020-га яго схапілі.

«Тады пачаліся першыя адкрытыя затрыманні. Да гэтага забіралі цішком, у дварах. Мяне схапілі і кінулі ў аўтазак першым», — згадвае былы палітвязень.

Гайшуну за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» прысудзілі восем дзён адміністрацыйнага арышту. Затым паўтара года цягалі на допыты, каб даў паказанні на невядомых яму людзей.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі, 27 ліпеня 2020 года

Паўторна Аляксея затрымалі 21 студзеня 2022 года «за актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ён кажа, што крымінальная справа была калькаю ранейшай адміністрацыйнай.

«Так за адну і тую ж «правіну» мяне пакаралі двойчы», — заўважае былы палітвязень.

Да суда Гайшуна трымалі ў следчым ізалятары Гомеля.

«У судовых дакументах напісалі, што я з несанкцыянаванага мерапрыемства «мог збегчы, але не стаў». І гэта праўда. Я не хацеў адыходзіць, бо прыйшоў па сваёй волі», — адзначае ён.

Аляксея зняволілі за месяц да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пра вайну ў ізалятары даведаліся днём 24 лютага. 

Праз некалькі дзён вязніцу пачалі напаўняць затрыманымі па абвінавачанні ў пратэстах, распальванні варажнечы ды фатаграфаванні вайсковай тэхнікі.

Схуднеў на 40 кілаграмаў

Убачанае ў зняволенні Аляксея Гайшуна ашаламіла.

Нявольніцтва ён параўноўвае з антуражам асучасненай оруэлаўскай антыўтопіі. Перакладчык не мог паверыць, што ўсё гэта адбываецца з ім насамрэч.

«У людзей сучасная гаворка, дзеянні адбываюцца ў сучасным свеце, але жахі, якія творацца вакол, цяжка супаставіць з сучаснасцю. Усё там старадаўняе, закарузлае і жахлівае, нібы наўмысля створанае для запалохвання», — апісвае атмасферу ў зняволенні Аляксей.

Ён прызнаецца, што стрэс прывёў да таго, што яму давялося «збіраць па кусках вытрымку і старацца ўспрымаць сітуацыю мужна». Усё было скіравана на псіхалагічную абарону і абстрагаванне ад рэальнасці. 

Аляксей рашыў, што ў няволі не будзе скардзіцца ні на што турэмшчыкам. У ізалятары ён схуднеў на 40 кілаграмаў, бо не мог есці тое, што давалі арыштантам. 

Аляксей Гайшун да зняволення. Цяпер ён сябе тагачаснага называе «піражком». Фота: архіў Аляксея Гайшуна

Гайшун кажа, што навучыўся «быць гледачом уласнага жыцця». Яго супакойвала, калі ён «сябе ўяўляў бесцялесным духам, які назірае за тым, што адбываецца вакол». Тады ён пераставаў адчуваць холад, голад і боль.

«Каб сысці ад рэальнасці, я паглыбіўся спачатку ў чытанне, але так як у СІЗА быў дэфіцыт кніг, то стаў сам пісаць фантастыку. Гэты жанр максімальна аддалены ад нявольніцкай рэальнасці», — расказвае былы палітвязень.

«Дзве кнігі прымусілі знішчыць»

У СІЗА Аляксей Гайшун напісаў дзве кнігі.

На іх скарыстаў усе запасы паперы і давялося купляць 500 аркушаў па «шалёнай цане». На іх патраціў апошнія грошы.

Лёс рукапісаў выдаўся драматычным.

«Яны былі знішчаныя маімі ж рукамі, — кажа Аляксей. — Мяне паставілі перад выбарам — або новая крымінальная справа, або знішчэнне пісьмовых матэрыялаў. Я знішчыў іх у прысутнасці ахоўнікаў».

Трэцюю кнігу Аляксей пачаў пісаць у калоніі. На маленькіх шматках паперы ён выкладаў для яе тэзісы, думкі, цытаты. Запісы знайшлі падчас «шмону». Турэмшчыкі рашылі, што гэта малявы (запіскі, якімі між сабой абменьваюцца вязні). Тлумачэнні, што гэта цытаты для кнігі, не дапамаглі.

У следчым ізалятары Гайшун ажаніўся.

Сведкамі на шлюбнай цырымоніі былі супрацоўнікі СІЗА. Ад «урачыстасці» ў Аляксея засталіся цяжкія ўспаміны. Яна праходзіла пад іранічныя ўсмешкі турэмшчыкаў.

«Гэта быў адзіны спосаб нармальна камунікаваць з каханай, — гаворыць Аляксей пра шлюб у няволі. — Лісты ішлі без асаблівых пытанняў толькі ад блізкіх. Мне ўдалося пацалаваць жонку, але нам адмовілі ў спатканні».

Нявольніцкія лісты Аляксея Гайшуна. Калаж з фота Аляксея Гайшуна

Захаваныя лісты Аляксей называе шпаргалкамі для аднаўлення знішчаных рукапісаў.

«Як выявілася, я іх пісаў не толькі родным, але і сабе. Па іх магу дэталёва аднавіць успаміны, канкрэтызаваць іх. Нават вобразна перадаць пахі, гукі і колеры», — кажа былы палітвязень.

У эміграцыі Гайшун хоча напісаць універсальны дапаможнік, як выжыць ды захаваць розум за кратамі на прыкладзе таго, што рабіў ён сам. Такая літаратура, лічыць ён, запатрабаваная, бо ніхто не застрахаваны цяпер ад зняволення.

«Я шмат каго слухаў, назіраў за стаўленнем турэмшчыкаў да звычайных асуджаных і палітычных. Для супрацоўнікаў вязніцы ціснуць на асуджаных з палітычных прычын — проста піск моды. Вакханалію яны пачынаюць, пачуўшы хрыплы гул з тэлевізара ці радыё», — даводзіць Аляксей.

«Са 100 нявольнікаў 15 мелі жоўтыя біркі»

Дзевяць месяцаў Аляксей Гайшун няволіўся ў магілёўскай калоніі №15

Кажа, што ў 18-ці атрадах калоніі ўтрымліваецца больш за 1 600 асуджаных. Прыкладна 10 працэнтаў — палітвязні. У яго атрадзе са 100 нявольнікаў 15 мелі жоўтыя біркі.

Не ўсе атрады ўкамплектаваныя і не ва ўсіх ёсць палітвязні.

Асуджаныя ПК №15. Сёлета ў сакавіку грамадская камісія наведала гэту калонію. Мінюст паведаміў, што прэтэнзій ад асуджаных не было. Фота: minjust.gov.by

Паводле слоў былога палітвязня, некаторыя атрады сфармаваныя толькі з рафінаваных асуджаных. Там не павінна быць тых, каго прызналі «экстрэмістамі» ці хто стаіць на прафілактычным уліку.

«Напрыклад, у атрадзе, які займаецца сталовай, няма палітычных. Адміністрацыя калоніі лічыць, што яны могуць кагосьці атруціць», — даводзіць Аляксей.

Падрабязнасці з нявольніцкага жыцця палітвязняў суразмоўца расказваць асцерагаецца.

Любая навіна пра іх становіцца нагодаю для пераследу на зоне, кажа ён.

«Я быў пунктуальным і ахайным»

Аляксей Гайшун да ўмоў утрымання ў калоніі ставіўся як да парадкаў у войску. Армейскі досвед дапамагаў яму трымаць сябе ў тонусе, асабліва калі з'явіўся «вораг».

«Вораг — гэта зборны вобраз сваявольства сілавікоў. Нас лічылі ворагамі на роўным месцы, значыць вораг ворагу вораг», — тлумачыць ён.

Былы палітвязень кажа, што ў вязніцы сутыкаўся з супрацоўнікамі, якія ставіліся да сваёй працы як да выканання абавязку. Калі ў іх пачыналі здаваць нервы, то яны стараліся хутка ў сабе перамагчы гэтую слабасць. Часам звярталіся да начальства па псіхалагічную дапамогу. Атрыманыя рэкамендацыі дазвалялі ліквідаваць крызіс.

Сярод турэмшчыкаў былі і тыя, хто, па словах Аляксея, «кайфаваў ад таго, што нявольнікам кепска». Іхнімі дзеяннямі кіраваў «сапраўдны ашалелы патрыятызм па-лукашысцку».

«Ім уліваюць у вушы прапаганду, запалохваюць, што мы, палітычныя, жахлівыя монстры, якія хочуць знішчыць краіну. Прыплятаюць да гэтага нацызм, фашызм, кучу жахаў і страхаў. І яны пачынаюць слепа верыць у тое, што перад імі вырадкі», — тлумачыць ён.

Былы палітвязень кажа, што стараўся пазбегнуць садызму турэмшчыкаў, скіраванага на прыгнёт яго як асобы. Ён не даваў ім падстаў для пакарання. 

«У іх не было прычын дакалупацца да нечага, папракнуць мяне ў чым-небудзь. У мяне быў парадак ва ўсім. Я быў пунктуальным і ахайным», — тлумачыць свае паводзіны Гайшун.

«Мацюкаўся і абражаў адміністрацыю»

За дзевяць месяцаў калоніі Аляксей Гайшун толькі аднойчы трапіў у штрафны ізалятар.

Яго пакаралі 10 суткамі за тое, што ў гутарцы з супрацоўнікам ужыў «жаргоннае выказванне». Замест «паступіла пасылка» сказаў «зайшла пасылка». У пратаколе аб дысцыплінарным спагнанні турэмшчыкі напісалі, што асуджаны «мацюкаўся і абражаў адміністрацыю».

«Так, з чалавека з вышэйшай адукацыяй, які мае гісторыка-філалагічны дыплом, які атрымліваў павышаную стыпендыю, зрабілі мацяршчынніка. Але нічога іншага мне прыпісаць не маглі», — кажа Аляксей.

Так выглядае бібліятэка калоніі №15. Фота: minjust.gov.by

Дзесяці адбытых у ШІЗА дзён яму хапіла, каб зразумець, што гэта такое. Ён кажа, што ў калоніі былі асуджаныя, якіх трымалі ў штрафным ізалятары месяцамі. Хаця адправіць туды можна нявольніка толькі на 10 дзён (але гэты тэрмін могуць бясконца працягваць).

«У камеры штрафнога ізалятара голыя сцены, нары прышпіленыя. Немагчыма спаць на дошках пры нізкай тэмпературы і ў дыскамфортных умовах. Чалавек можа не спаць суткамі. Ён адключаецца проста ад стомы і ляжыць на бетоннай падлозе, пакуль на яго не зверне ўвагу ахоўнік. Прычым гэта можа быць i падставаю для чарговага пакарання», — расказвае Аляксей.

«У іх прыдушаная воля»

Аляксея Гайшуна вызвалілі 29 красавіка 2023 года.

За час адседкі абстаноўка ў краіне змянілася. Па яго словах, яна стала больш дэпрэсіўнай. Ён не заўважыў, каб людзі атрымлівалі асалоду ад жыцця. У іх прыдушаная воля і ўсё зведзена да хатніх п’янак, заяўляе былы палітвязень.

«Калі ўзяць Бабруйск пятнаццацігадовай даўніны, дык выхадныя былі больш ажыўленыя, чым цяпер у Мінску. Цяперашні Мінск падобны да Бабруйска таго часу», — мяркуе ён.

Былы палітвязень кажа, што людзі з незалежнымі поглядамі згадваюць падзеі 2020 года. З памяці сцерці іх не ўдасца ніколі. Яны гавораць пра вайну ва Украіне, але разумеюць, што не могуць нічога зрабіць, ды прыстасоўваюцца да ўмоў жыцця, якія ёсць.

Па яго словах, землякі, якіх не закрануў 2020 год, ужо не згадваюць яго або ставяцца да тых падзей са спачуваннем, але глыбінна такія людзі не змяніліся.

«Яны загартаваныя аўтакратыяй і дбаюць толькі пра сваю дупу, бо не ведаюць, як жыць іначай. Гэта робіць іх жорсткімі ў адносінах да іншых», — заўважае Аляксей.

Паводле яго, бюджэтнікі, пенсіянеры, работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, калі нават і нязгодныя з нечым, то баяцца «чмыхнуць, каб не прыцягнуць да сябе ўвагі». Яны будуць гаварыць пра ўсё, але толькі не пра палітыку.

«У іх жывёльны інстынктыўны страх, — кажа ён. — Яны могуць пра палітыку пажартаваць, але так, каб злы сусед не мог на іх данесці».

«Кліенты разбегліся»

Былы палітвязень кажа, што за час адседкі кліенты, якія карысталіся яго паслугамі перакладчыка, разбегліся. Вярнуць іх ён не змог. З дзяржаўнымі арганізацыямі супрацоўнічаць не хацеў.

Рашэнне аб эміграцыі, адзначае ён, выспявала паволі.

Аляксей Гайшун. Фота: архіў Аляксея Гайшуна

Гайшун не бачыць аптымістычнага сцэнара для Беларусі. На яго погляд, аўтакрата забівае час альбо яго мяняе іншы аўтакрат. Тое, што адбываецца ў краіне, ён называе прававым бясчынствам.

«Бясчынства, беззаконне ў розумах людзей. Яны ўспрымаюць яго як звычайнасць. Каб змяніць сітуацыю, трэба прыкласці немалыя высілкі», — лічыць былы палітвязень.

У эміграцыі Аляксей збіраецца стварыць канал, у які будзе выкладаць успаміны аб перажытым і іншыя свае творы. Сябе ён прэзентуе як перакладчыка з англійскай мовы і пісьменніка-пачаткоўца.

«Я вярнуся на радзіму, калі пацяплее наогул, — падсумоўвае ён. — Калі я гэта ўбачу і ўсвядомлю. Тады я вярнуся і пачну адбудоўваць тое, што разбурылі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«І тады зэкаў пашыхтаваў начальнік калоніі і паабяцаў датэрміновае вызваленне» — фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча

Судаленка: Пры мне ў калоніі памерла тры чалавекі, а Уцюрын панібрацтвуе з начальнікам «Віцьбы»

«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў

Альгерд Бахарэвіч: У жніўні каля Стэлы падышла жанчына: «Вы ж напішаце пра нас усіх раман, праўда?» І я паабяцаў, што напішу

«Хараство, створанае і пакінутае нам гэтай пісьменніцай, — найлепшы лек»

Каментары8

  • В.
    20.08.2023
    Дзякуй за інтэрв'ю. Цікава. І чалавек цікавы. Хуткага аднаўлення!
  • ..
    20.08.2023
    ёсць адзін станоўчы момант - ён значна пахарашэў. увогуле на фота, як два розныя чалавекі
  • РЛБ
    20.08.2023
    За 30 лет авторитарной "многовекторности" в РБ, как и в России, выросло целое поколение  "непуганых идиотов" ("невероятных") . В РБ после 2020-го их стали жёстко, с явным "перегибанием палки",  возвращать к реальности, - по "иронии судьбы", те же, кто и взрастил... Но многие, особенно среди "съехавших", похоже, уже неизлечимы...

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →