Грамадства33

Хачу быць Мікалаем Радзівілам. Як у Беларусі змяніць прозвішча

Чатыры з пяці выпадкаў змены пашпартных звестак у сталіцы Беларусі прыпадаюць на змену прозвішча пасля разводу на дзявочае.

Калаж: Tochka.by

Ці лёгка ў Беларусі памяняць прозвішча, імя і стаць другім Крышціяну Раналду, яшчэ адной Како Шанэль або Бенедыктам Камбербекавічам? Што для гэтага трэба, колькі прыйдзецца заплаціць і як доўга чакаць новых дакументаў? З гэтымі пытаннямі журналіст Tochka.by звярнуўся да спецыялістаў.

Падставай высветліць усе абставіны змены даных у афіцыйных дакументах стаў першы ва Украіне выпадак змены імя па бацьку на імя па маці.

16-гадовая Станіслава так патлумачыла жаданне ўзяць матронім: «Мама для мяне шмат зрабіла, і я хачу яе імя ўшанаваць». Юная ўкраінка ў якасці адной з прычын пры заяве аб змене імя па бацьку на імя па маці ўказала тое, што не кантактуе з біялагічным бацькам, а маці выхоўвала яе разам з айчымам і шмат для яе зрабіла.

Яна стала першай, хто скарыстаўся магчымасцю, дадзенай законам, прынятым ва Украіне яшчэ ў 2021 годзе.

Цяпер дзяўчыну завуць не Анастасія Мікалаеўна Пасюціна, а Станіслава Лесіеўна Ліцвіненка. Замест прозвішча біялагічнага бацькі яна ўзяла прозвішча айчыма, які яе выхаваў. Імя змяніла на тое, якім мама хацела назваць яе пры нараджэнні.

Уся працэдура была простай, спатрэбілася ўсяго некалькі дакументаў, але новы пашпарт яна атрымала толькі праз чатыры месяцы.

Матронімы ў Беларусі захаваліся ў шэрагу прозвішчаў — Марыніч, Галіч, можна ўспомніць і расійскія варыянты — Ленін, Ульянаў, Кацін, Машкін, Надзеждзін, а таксама ўкраінскія — Марыненка, Кацерынчук, Парасюк і іншыя, якія фігуруюць у жыхароў нашай краіны.

Магчымасць змены імя па бацьку на імя па маці бачыцца лагічнай. Ці магчыма гэта ў Беларусі (як пры дасягненні 16 гадоў, так і пазней)? З такім пытаннем журналіст Tochka.by звярнуўся ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. Менавіта гэты орган дае дазволы на змену прозвішча, імя ў сталіцы краіны.

«Не, у Беларусі можна толькі змяніць імя па бацьку на іншае. Прычым не на любое, якое пажадае заяўнік», — адказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Віктар Насачэўскі.

Выходзіць, паводле беларускага закона адмовіцца ад імя па бацьку нельга. Нават калі біялагічны бацька не выхоўвае дзіця. Нават калі жанчына зрабіла штучнае апладненне, яе абавязваюць прыдумаць імя па бацьку, як і ў выпадку, калі дзіця прыёмнае, а бацька невядомы.

Што трэба ў Беларусі, каб змяніць прозвішча, імя?

З чаго ж пачаць, калі ў вас з'явілася жаданне змяніць пашпартныя даныя? Першы крок — падача заявы ў аддзел ЗАГСа (як па месцы жыхарства, так і па месцы знаходжання).

Пасля гэтага аддзел ЗАГСа адпраўляе запыт у міліцыю, дзе правяраюць, ці не вядзецца ў дачыненні да яго (яе) крымінальная або адміністрацыйная справа, ці маюцца іншыя падставы для адмовы.

Фота: «Наша Ніва»

Калі не, то аддзел ЗАГСа адпраўляе дакументы ў тэрытарыяльнае ўпраўленне юстыцыі, якое дае дазвол аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або адмаўляе ў гэтым.

«Проста так памяняць імя, імя па бацьку або прозвішча нельга. Аднойчы я разглядаў заяву чалавека, які пажадаў стаць «Трэшменам». Зразумела, што яму адмовілі. Павінны быць падставы, пацверджаныя дакументальна. Калі гэта псеўданім, то навуковыя працы, артыкулы, іншыя творы, падпісаныя адпаведным чынам. Прычым калі псеўданімаў у чалавека мноства, то ён можа мяняць прозвішча, імя колькі заўгодна разоў», — растлумачыў Насачэўскі.

Але нават калі вы проста хочаце змяніць прозвішча на дзявочае або прозвішча дзеда, вам могуць адмовіць.

Прычынай можа стаць адсутнасць у ЗАГСе або яго архіве запісу акта аб нараджэнні заяўніка (пры змене імя, імя па бацьку, прозвішча, атрыманага пры нараджэнні), запісу акта аб заключэнні шлюбу (пры змене прозвішча, абранага пры рэгістрацыі шлюбу) або запісу акта аб нараджэнні дзіцяці, якое не дасягнула паўналецця на момант падачы заявы аб змене прозвішча, імя, імя па бацьку (пры змене прозвішча, імя заяўнікамі, якія маюць непаўналетняе дзіця).

Якія могуць быць падставы для змены прозвішча, імя?

У заяве грамадзянін можа пералічыць масу довадаў на карысць свайго жадання памяняць звесткі ў пашпарце. Але на практыцы мясцовыя ўлады даюць дазвол аб змене прозвішча, імя, імя па бацьку толькі пры наяўнасці «ўважлівых прычын».

Фота: Tochka.by

Да іх, згодна з заканадаўствам, адносяцца:

  • немілагучнасць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку або цяжкасць іх вымаўлення;
  • жаданне вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі пра гэта не было заяўлена пры разводзе;
  • жаданне насіць прозвішча айчыма (мачыхі), які выхаваў заяўніка, або імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена;
  • жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адпаведныя абранай нацыянальнасці;
  • жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа;
  • іншыя прычыны (змена прозвішча, імя на псеўданім).

«Нельга памяняць прозвішча на выдуманае, толькі на прозвішча сваякоў, хай і ў трэцім-пятым калене — глыбіня сваяцтва не важная. Пры гэтым па дакументах складаецца генеалагічнае дрэва. Стаць Пушкіным або Скарынам, калі такіх у родзе не было, нельга», — распавёў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.

Якія дакументы спатрэбяцца, каб абнавіць пашпартныя даныя, і ці доўга чакаць новы пашпарт?

Як распавёў Насачэўскі, згодна з указам №200 дзеля рэгістрацыі перамены прозвішча, уласнага імя і імя па бацьку грамадзянамі падаюцца наступныя дакументы:

  • заява;
  • пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;
  • дзве фатаграфіі заяўніка памерам 30x40 мм;
  • пасведчанне аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, якія неабходна замяніць у сувязі з рэгістрацыяй перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку;
  • копіі літаратурных твораў, артыкулаў, нататак — у выпадку выяўлення жадання насіць прозвішча, уласнае імя ў адпаведнасці з літаратурным псеўданімам;
  • дакументы, якія пацвярджаюць матывацыю (за выключэннем дакументаў, выдадзеных органам ЗАГСа Рэспублікі Беларусь), — у выпадку выяўлення жадання насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адрозныя ад дадзеных пры рэгістрацыі нараджэння, з прычын, не ўказаных вышэй;
  • дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы (прадстаўляецца пры выдачы адпаведнага пасведчання).

«Орган ЗАГСа разглядае заяву аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку на працягу месяца. За выключэннем выпадкаў, калі патрабуецца атрыманне звестак і (або) дакументаў ад кампетэнтных органаў іншых дзяржаў», — распавёў ён.

Асноўных прычын для змены прозвішча, імя — чатыры

Якія пашпартныя звесткі часцей за ўсё мяняюць жыхары сталіцы краіны?

Аказалася, што львіная доля — гэта змена прозвішча на дзявочае.

«Прыкладна 90% заяў аб змене звестак падаюць жанчыны, якія жадаюць змяніць прозвішча на дашлюбнае і не заявілі пра гэта пры разводзе.

Другая паводле папулярнасці прычына — змена імя (Алена на Алёна, Ксенія на Аксана і г.д.).

Трэцяя — жаданне насіць прозвішча / імя па бацьку дзядулі або айчыма, які выхаваў дзіця.

Чацвёртая — жаданне змяніць імя на дадзенае пры хрышчэнні.

На гэтыя катэгорыі прыпадае амаль 100% выпадкаў змены пашпартных даных. Астатнія прычыны (да прыкладу, змена на псеўданім) у заявах сустракаюцца вельмі рэдка», — падзяліўся лічбамі Уладзімір Насачэўскі.

Адзначым, што, па даных галоўнага ўпраўлення юстыцыі сталіцы Беларусі, у апошнія гады колькасць заяў ад мінчан, якія жадаюць унесці карэкціроўкі ў свае прозвішча, імя, прыкладна аднолькавая.

У 2020 было пададзена 850 заяў (з іх у замежных установах — 46), у 2021-м — 848 (48), у 2022-м — 781 (21), у першым паўгоддзі 2023-га — 423, з іх у замежных установах — 23.

Ці дорага абыдзецца беларусу змяніць пашпартныя даныя?

Не, за новае прозвішча імя або імя па бацьку, уключаючы выдачу пасведчання, прыйдзецца заплаціць дзве базавыя велічыні. На сёння гэта 74 рублі.

Каментары3

  • Никто
    08.09.2023
    Статья больше про радикальную смену данных. При замене паспорта мне захотелось исправить одну букву в имени, для более благозвучного иностранного звучания, сотрудница молча себе это где то записала, и мне выдали паспорт с измененным именем. И никаких заявлений в ЗАГС
  • Ĺ
    08.09.2023
    Nikto, vierahodna, majecie na uvazie polie z transliteracyjaj lacinskimi litarami.
  • Каждый мнит себя солнцем Или центром вселенной. Я ж хочу быть как солнце, Сидя в душной пельменной
    08.09.2023
    Выходзіць, паводле беларускага закона адмовіцца ад імя па бацьку нельга. Нават калі біялагічны бацька не выхоўвае дзіця. Нават калі жанчына зрабіла штучнае апладненне, яе абавязваюць прыдумаць імя па бацьку, як і ў выпадку, калі дзіця прыёмнае, а бацька невядомы

    ну. у нас жа какстыдуция не под женщину сделата

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі39

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →