Культура11

Археалагічны комплекс на Менцы абяцаюць зрабіць новым брэндам Беларусі

Яшчэ ў 1920-я з’явілася версія, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск. Каб нарэшце пацвердзіць альбо абвергнуць гэтае меркаванне, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук ладзіць маштабныя раскопкі, піша выданне «Культура і мастацтва».

Пачаць даследаванне комплексу, каб устанавіць яго гісторыка-культурную ролю ў ІХ—ХІ стагоддзях і значэнне ў мінуўшчыне краіны, даручыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Ён зазначыў, наведаўшы помнік у верасні 2022-га: развіццю аб’екта ў вёсцы Гарадзішча неабходна надаць дынаміку і на аснове навуковых рэкамендацый скласці канцэпцыю комплекснага развіцця. Мяркуецца, што мясціна ператворыцца ў музей пад адкрытым небам, пляцоўку для імпрэз і навуковых форумаў — і стане новым брэндам Беларусі. 

«Знаходкі ў Міжрэччы»

У археалагічным комплексе на Менцы палявы сезон пачаўся ў красавіку інструментальнымі даследаваннямі, пазней стартавалі паўнавартасныя раскопкі. З таго часу выяўлена каля 300 індывідуальных знаходак і звыш 5 тыс. адзінак масавага керамічнага матэрыялу. Унікальныя артэфакты зараз можна ўбачыць на выставе «Падарожжа ў мінулае…» ў Мінскай гарадской ратушы. Археолагі тым часам працягваюць пошукі. 

— Мы зрабілі шэсць раскопаў. І калі вывучаць матэрыяльную культуру, то яна не сельская, а гарадская. Яна звязаная з рамяством, — расказвае кіраўнік раскопак, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч. — За валамі мы адшукалі рэшткі ювелірнай майстэрні, якая функцыянавала ў ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя. Вельмі шмат гандлёвых пломбаў розных старажытнарускіх княстваў. Знойдзены гіркі, манеты, арабскія пацеркі. Таксама ёсць сведчанні таго, што тут развівалася кастарэзнае і кавальскае рамяство. А сельскагаспадарчага інвентару вельмі мала. 

Што да значнасці пасялення, Андрэй Вайцяховіч сцвярджае: яно было сапраўды буйным. Агульная плошча пасадаў складала 30 гектараў. Гэта дазваляе казаць, што ў Х — першай палове ХІ стагоддзя паселішча было адным з самых вялікіх. Яно пачало фарміравацца як цэнтр славянскага рассялення. Плямёны з поўдня і паўднёвага ўсходу прыйшлі ў вярхоўі Пцічы на ўрадлівую зямлю, куды пазней хлынула хваля новых людзей. 

Паказальны і той факт, што ў археалагічным комплексе адшукалі ўжо некалькі фрагментаў посуду з родавым знакам князя Ізяслава. Леташняя знаходка стала першай на тэрыторыі Беларусі з асабістай паметай славутай асобы. На думку кіраўніка раскопак, артэфакты могуць сведчыць, што ў гэтым месцы альбо правёў пэўны час сам Ізяслаў, альбо прысутнічалі яго прадстаўнікі, якія мелі права карыстацца знакам. 

«Ацаніць узрост»

Як мяркуецца, на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў нашай эры былі насыпаны валы, і паселішча на Менцы атрымала статус паўнацэннага горада. Каб дакладна ўстанавіць, калі створаны ўмацаванні, археолагі раскопваюць гэтыя вялізныя насыпы. У выніку адмыслоўцы павінны выйсці да самага падножжа. Там захаваліся асновы валоў — дубовыя клеці. Іх выявіў у 1983 годзе слынны навукоўца Георгій Штыхаў. Сучасныя даследчыкі маюць задачу раскрыць драўляныя элементы, узяць спілы і правесці дэндрахраналагічны аналіз. Раней такія дакладныя метады ў гэтым месцы не прымяняліся. 

Удзельнікі раскопак рыдлёўкамі здымаюць пласты зямлі і тачкамі вывозяць грунт. Іншыя работнікі ўручную правяраюць, ці ёсць у ім артэфакты, адкладваюць знаходкі ў адмысловыя скрыні. Фрагменты керамікі пазней дбайна прамываюць. Перыядычна насыпы абследуюць з металашукальнікам. А часам рыдлёўкі даводзіцца пакідаць ды брацца за шуфлікі і пэндзлі. 

«Дапамога ад моладзі»

Разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў раскопках удзельнічаюць валанцёры і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Полацка. Гэта каштоўная магчымасць для маладых людзей атрымаць навыкі, адкрыць для сябе новае месца на карце Беларусі і зрабіць унёсак у лёс важнага помніка. 

— Гэта вельмі пазнавальна. І я ўпэўнена, што ўсім нашым хлопцам і дзяўчатам падабаецца, асабліва калі атрымліваецца нешта знайсці, — дзеліцца ўражаннямі камандзір студатрада Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Настасся Худзік. — Нядаўна трапіліся рэшткі вазы, і мы ўсе разам спрабавалі сабраць элементы, як мазаіку. Радаваліся, калі адшукалі нож. А пацеркі ХІ стагоддзя былі, напэўна, самай захапляльнай знаходкай. Як нам патлумачылі, іх часта прапускаюць і выкідаюць. Таму нам пашанцавала. Цікава, як выглядала ўпрыгажэнне цалкам, хто яго насіў і хто ўвогуле жыў на гэтым месцы. 

Хоць адмыслоўцы ўжо атрымалі нямала артэфактаў, што дапаўняюць старонкі нашай гісторыі, цяперашнія археалагічныя работы — гэта толькі пачатак. Навукоўцаў чакае каласальная прастора для пошукаў. Сёлета раскопкі працягнуцца да халадоў.

Каментары1

  • Андрусь
    04.09.2023
    Некалькі гадоў на навуковым даслдаванні гарадзіча настойваў журналіст, актывіст і заснавальнік ліквідаваных уладамі курсаў Мова Нанова Глеб Лабадзенка, які стварыў побач з гарадзішчам музей "Стары Менск". Ён зрабіў шмат для захавання помніка. І гэты камень са слушнай назвай сталіцы Беларусі - ягоная справа. Яму дапамагалі навукоўцы-археолагі проста з уласнай ініцыятывы. І ў матэрыяле пра яго ні слова. Добра, той дзяржаўнай "Культуры і мастацтву" ўзгадваць Лабадзенку не дазваляе ідэалогія. А ў Нашай Ніве хіба не чулі пра тое, што там столькі гадоў рабіў і дамагаўся Глеб? Галоўчанку вы ўзгадалі... 
    Трэба ж не толькі пераказваць "госаў" (з чаго ўжо любяць парагатаць розныя там "слівы"), але і дадаваць нейкую сваю даданую вартасць.  

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр сувязі: 5G — гэта ўсяго толькі тэхналогія. Карыстальніку ўсё роўна, 5G, 6 або 47

Перад выбарамі ў Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →