Гісторыя77

Край прыдуманых і адроджаных моваў

Вынаходніку эсперанта Людвіку Заменгафу — 150. Падарожжа па біяграфіі мовабудаўніка з Беластоку і па гісторыі пабудаванай мовы са злабадзённымі зацемкамі перакладніка і паліглота Сяргея Шупы.

Вынаходніку эсперанта Людвіку Заменгафу (менавіта так з націскам на першым складзе) — 150. Падарожжа па біяграфіі мовабудаўніка з Беластока і гісторыі эсперанта са злабадзённымі зацемкамі перакладніка і паліглота Сяргея Шупы.

Адной з мэтаў Заменгафавага вынаходства ўсеагульнай мовы было пазбыцца міжнацыянальнай непрыязі, бо ўніфікацыя мусіла б прывесці да вышэйшага ўзроўню паразумення
… Выгадаваны ў Беластоку, дзе жылі палякі, беларусы, габрэі і немцы, Людвік зрабіўся сведкам шматмоўя і ўвадначассе частага міжнацыянальнага шматканфліктоўя. Стуль ён робіць выснову, што ўніфікацыя прывядзе да лепшага кантакту розных народаў ды этнічных груп. «Цэлая сотня самых вялікіх вынаходстваў не зробіць чалавецтву такой вялікай і каштоўнай рэвалюцыі, якую зробяць уводзіны нейтральнай міжнароднай мовы», — казаў ён…

Сяргей Шупа: Ад часу Замэнгафавага вынаходства свет перажыў мноства канфліктаў, у якіх загінулі мільёны людзей. Якое там паразуменне!

Нават калі б усе людзі на свеце гаварылі адной мовай — усё адно знайшлі б, за што пасварыцца й пазабівацца.
Што дапамагло былой Югаславіі, дзе ўсе бакі канфлікту гаварылі адной мовай? Не разумею, калі гавораць пра «модную цяпер шматкультурнасць». Шматкультурнасць — натуральны стан рэчаў шмат дзе ў прасторы і ў часе. Ці «модна» было сярод местачковых беларусаў сто гадоў таму гаварыць (або хоць бы разумець) на ідышы? Наважуся пастуляваць формулу: «Ня ведаю>не разумею>баюся>ненавіджу». Трэба хутчэй не мову ўніверсальную прыдумляць, а наладжваць усе магчымыя дыялогі між культурамі, каб разбіць гэты закляты ланцуг.

…Адна з ідэяў Заменгафа была зрабіць нейтральную мову і забараніць яе карыстальнікам мяняць фундамент гэтай мовы. Спрабуючы быць абсалютна бесстароннім у справе вынаходства мовы, геніяльны, але як усякі чалавек абмежаваны ў сваіх даляглядах, Людвік Заменгаф не здолеў быць пазбавіцца пэўных перагібаў. Гэтак, у эсперанта відавочнае пераважванне раманскіх моўных элементаў (запазычванняў з французкай, гішпанскай), пры абсалютнай адсутнасці неіндаеўрапейскіх каранёў…

Сяргей Шупа: Заменгаф думаў местачковымі ўсходнееўрапейскімі катэгорыямі. Ну дзе тая нейтральнасьць па-за славяна-рамана-германскім кантэкстам? Эсперанта было і застанецца чужым для шмат каго з еўрапейцаў, не кажучы ўжо пра кітайскамоўны або арабскамоўны свет, дзе эсперанта гучыць як яшчэ адна мова еўрапейскіх імперыялістаў.

Цяпер жа моўныя тэндэнцыі ў Эўропе самыя розныя, ніякай адназначнай «моды» няма:

і амерыканізацыя (ну, гэты працэс павярхоўны, і тут няма чаго палохацца), і вяртанне да каранёў — пурыстычныя барыкады ў Францыі або Літве, і ўздымы моўнага рэгіяналізму (Каталонія, Валія), і ціхае паміранне (лужыцкая мова ў Нямеччыне).
Я вось з хваляваннем і спагадай назіраю за бадай што аднаасобнымі высілкамі майго сябра Яна Максімюка затрымаць знікненне падляшскай мовы праз выпрацоўку новага пісьмовага стандарту, запрашаю наведаць сайт svoja.org

…«Ці неабходная міжнарожная мова? Гэтае пытанне сваёй наіўнасцю выкліча смех у будучых пакаленняў. Гэтаксама як нашыя суайчыннікі засмяяліся б, дапрыкладу, пачуўшы пытанне «Ці патрэбная нам пошта?» — сказаў Заменгаф.

Сёння, бы тое эсперанта, ангельская заняла месца ўніверсальнай мовы. І ўзнікае пытанне пра небяспеку такога панавання міжнародных, нібыта больш важных, моваў над іншымі мовамі…

Сяргей Шупа: Варта, мабыць, адрозніваць мову камунікацыі і мову культуры. У гэтым, мабыць, і палягае іерархія, яе не трэба ствараць, яна для кожнага месца і часу ствараецца сама. Ангельская мова дапаможа паразумецца з прадстаўніком іншай культуры, але наўрад ці шмат дапаможа ў далучэнні да іншай культуры, апрача вельмі павярхоўнага азнаямлення.

Спецыфічная сітуацыя ў Беларусі ў тым, што шырокія масы страцілі сваю мову культуры (на якой стагоддзямі перадаваўся культурны код
— з усёй ідыяматыкай, сінтаксісам, мадэлямі мыслення), і пачынаюцца спробы стварэння культуры на мове камунікацыі. Нешта падобнае сто гадоў таму ў Ірландыі прывяло да з'яўлення Джойса і Ейтса, але ў Ірландыі ўплыў культурнага субcтрату незалежнага і арыгінальнага быў непараўнальна большы. Так што, калі ў Беларусі татальна запануе расейская мова, ёй будзе наканавана навекі застацца культурнай правінцыяй Расеі.

…Заменгаф быў спадчынным паліглотам: яго бацька Марк і дзед Фабіян былі выкладчыкамі замежных моваў, а сам Людвік быў выдатным моўным педагогам. Яго «Падручнік нямецкай мовы для расійскага юнацтва» вытрымаў 14 выданняў, колькі разоў перавыдавалася ягоная «Параўнаўчая расійска-польска-французка-нямецкая фразеалогія». Дарэчы, Заменгаф быў не адзіны, хто ў гэтай часцы Еўропы выношваў такі амбітны моўны праект. У мястэчку Лужкі (цяпер Віцебская вобласць) у 1859-м нарадзіўся яшчэ адзін энтузіяст — Эліезэр Бэн-Егуда, які ў адрозненне ад Заменгафа, (амаль) не выдумляў ровара: яму прыйшла думка адрадзіць старажытную габрэйскую мову, каб на ёй размаўлялі сучасныя габрэі…

Сяргей Шупа: Можна, вядома, сказаць, што некалі Беларусь як шматмоўная, шматкультурная тэрыторыя — людзі ў нас умелі гаварылі на дзвюх-трох-чатырох мовах — была спрыяльным месцам для такіх з'яваў. Аднак пачатак адраджэння іўрыту ў Беларусі наўрад ці мае дачыненне да самой Беларусі. З гэткім жа поспехам тое магло адбыцца ў любым іншым кутку «рысы аселасці». Пагартайце «Еврейскую энциклопедию» — біяграфіі нашых землякоў-юдэяў сведчаць аб іх надзвычайнай геаграфічнай мабільнасці, непрывязанасці да канкрэтнага месца. Шкада, што Беларусь гэтую гістарычную выпадковасць — тое, што рэаніматар іўрыту нарадзіўся тут — вельмі мала выкарыстоўвае і не мае з гэтага ніякіх культурніцкіх працэнтаў. Думаю, што больш выпадае гаварыць пра нейкую адмоўную карму Беларусі — гэта месца, дзе мовы паміраюць, а не адраджаюцца. Памёр ідыш (не забываймася, што БССР была адзінай дзяржавай свету, дзе ідыш быў адной з афіцыйных моваў), амаль памёрлі ўсе крэсовыя польскія дыялекты, памёрлі ўнікальныя ўсходнелітоўскія дыялекты, ледзь жывая беларуская мова...

…Лета 1887 г. Заменгаф публікуе па-расійску сваю кнігу, падпісаную псеўданімам Д-р Эсперанта: «Міжнародная мова. Перадмова і поўны падручнік», гэтак даючы магутны імпульс да ўзнікнення і развіцця такога грамадскага и культурнага феномену як штучна створаная мова эсперанта. Больш за 10 гадоў руплівай працы па супастаўленні граматычных формаў у розных, збольшага еўрапейскіх мовах. Людвік Заменгаф зарабляе акулістам то ў Варшаве, то ў Беластоку, то ў Горадні, пакрысе дасканаліць сваю мову. Асцерагаючыся кпінаў, сваю працу ўдзень выконвае акуліст, уначы — мовабудаўнік, праводзіць яе таемна, пасвяціўшы ў яе адно колькі сваіх знаёмых.

Але па часе эсперанта, нягледзячы на вялікую колькасць энтузіястаў і тытанічныя намаганні стваральніка, так і не зрабілася ўсеагульнай мовай Еўропы. Гэтаму шмат прычынаў: гістарычных (пачатак Першай сусветнай), і культурных (узышлі зоркі нямецкай і ангельскіх моваў у якасці міжнародных). Адмоўны досвед усё адно досвед. Як ён можа дапамагчы задачы беларусізацыі?

Сяргей Шупа:

Заменгаф будаваў мову на пустым месцы, у прабірцы, без культурна-гістарычных падмуркаў
. Таму яго няўдача (ну, скажам, адносная) не мусіць нас засмучаць. Беларуская мова мае свае карані і крону, мае сваё месца ў культурным кантэксце, мае вялізны корпус натуральна ўзніклых тэкстаў. Усё гэта выгадна адрознівае яе ад эсперанта і дае спадзевы на выжыванне. Астатняе залежыць ад нас. Так, сапраўды перакладаць трэба ўсё, і асабліва серыялы і этыкеткі. А стратэгія беларусізацыі ясная — пачаць з тэлевізіі, з чынавенства і сферы паслуг. Тады адукацыя ўсіх узроўняў — не прымушаць, але паўсюль стварыць спрыяльныя ўмовы. І праз пару гадоў без ніякіх законаў ўсё стане на месца.

Сяргей Шупа, знаўца харвацкай, чэшскай, эстонскай, літоўскай, партугальскай, французскай, іўрыту, польскай, ангельскай моваў. Перакладчык на беларускую Мэрымэ, Мапасана, По, Борхэса, Шульца, Керэта, Дарэла, Грэймаса, Ергавіч, Мілаша, Віяна, Джойса.

Каментары7

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

Белы дом афіцыйна прызнаў, што дазволіў Украіне наносіць удары ў глыбіню Расіі

Расійскі тыктокер, які раздражняў беларусаў, паляцеў з Мінска. Шчаслівы, бо змог паскандаліць у аэрапорце з «Белавія»37

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу1

Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →