Культура11

У Міры прэзентавалі факсімільнае выданне Жухавіцкага евангелля 

Помнік старабеларускага кнігапісання XVI стагоддзя, які быў перлінай першага беларускага музея ў Вільні, пасля вайны пакінуты савецкай камісіяй Літве і амаль не даследаваўся. Выправіць гэтую сітуацыю мусіць перавыданне з захаваннем асаблівасцяў арыгінала.

Факсімільнае выданне Жухавіцкага евангелля. Фота: Газета «Полымя»

Афіцыйная прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя адбылася ўчора, 11 лістапада, у партрэтнай зале Мірскага замку.

З прывітальным словам выступілі дырэктар музея Аляксандр Лойка, сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення, протаіерэй Дзімітрый Сёмуха, беларускія спецыялісты ў галіне вывучэння рукапісных помнікаў Ірына Будзько і Алена Пікулік, а таксама дырэктарка Карэліцкага раённага музея Ларыса Кузьміч.

Факсімільнае выданне Евангелля налічвае 740 аркушаў, але выдадзена тыражом усяго 99 экзэмпляраў. Першы экзэмпляр выдання быў перададзены ў царкву Раства Іаана Прадцечы ў Малых Жухавічах у верасні 2023 года.

Сапраўднае месца стварэння Евангелля дагэтуль невядомае, але мяркуецца, што яно было створана для царквы ў сяле Малыя Жухавічы, вядомым з XVI стагоддзя. Папярэдне 40-мі гадамі таго ж стагоддзя датуюць і стварэнне Евангелля.

Прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля. Фота: Замкавы комплекс «Мір»

Паводле запісу, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, у кастрычніку 1733 года Евангелле знаходзілася ў мясцовай царкве. У пратаколе генеральнай візітацыі Цырынскага і Наваградскага дэканатаў 1798 года сярод маёмасці царквы святога Іаана Хрысціцеля былі два Евангеллі — «Ruska i Polska». Пад «Рускім Евангеллем», відавочна, меўся на ўвазе названы помнік. 

Рукапіс складаецца з 347 аркушаў, напісаных мастацкіх паўуставам цёмна-карычневай і чырвонай фарбамі. 

Евангелле мае не толькі гістарычную, але і эстэтычную каштоўнасць, але яго даследаванне ўскладняе дрэнная захаванасць. 

Жухавіцкае Евангелле. Мініяцюра з евангелістам Мацвеем
Разварот з мініяцюрай з евангелістам Мацвеем у факсімільным выданні. Фота: БелТА

Кніга ўпрыгожаная чатырма мініяцюрамі з выявамі евангелістаў Мацвея, Марка, Лукі і Яна, выкананымі на срэбным фоне вохрыста-залацістымі фарбамі, чатырма застаўкамі і чатырма па-мастацку аздобленымі вялікімі літарамі-ініцыяламі. 

Дзве застаўкі выкананыя ў «балканскім стылі» з элементамі «пляцёнкі», а іншыя, відаць, у народнай традыцыі з крыху спрошчанай інтэрпрэтацыяй раслінных матываў.

Жухавіцкае Евангелле. Мініяцюра з евангелістам Лукой

Вырашэнне мініяцюр з евангелля сведчыць аб іх блізкасці да такіх рукапісных помнікаў, звязаных з беларускімі тэрыторыямі, як Аршанскае (ХІІІ стагодзде) і асабліва Шарашоўскае (XVI стагоддзе) евангеллі. Рукапіс таксама мае агульныя стылістычныя рысы з рукапіснымі помнікамі з украінскіх земляў.

Тэкст кожнага з евангелляў адкрывае па-мастацку аздоблены кніжны разварот, своеасаблівы «партал», урачысты ўваход у кнігу, на левым баку якога пададзена выява адпаведнага евангеліста, на правым — застаўка ў спалучэнні з тэкстам.

Жухавіцкае Евангелле. Мініяцюра з евангелістам Янам 

У якім менавіта годзе Жухавіцкае Евангелле апынулася ў Вільні, невядома, але ў 1920-1940-я гады яно захоўвалася ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, дзе было памылкова датавана XIV стагоддзем. 

Гэтая памылка дала падставу некаторым даследчыкам лічыць, што існавалі два Евангеллі, якія паходзілі з Жухавічаў — Жухавіцкае ілюстраванае Евангелле XIV стагоддзя і Малажухавіцкае Евангелле XVI стагоддзя.

Рукапісам Малажухавіцкага Евангелля захапляўся Максім Багдановіч. Пасля знаёмства з беларускімі старажытнасцямі ў Вільні паэт у 1912 годзе стварыў цыкл вершаў «Старая Беларусь», у які ўвайшлі вершы «Летапісец», «Перапісчык», «Слуцкія ткачыхі» і «Кніга».

У 1944 годзе беларускі музей у Вільні быў ліквідаваны. Калекцыі былі падзеленыя супольнай камісіяй паміж ЛітССР і БССР. З боку БССР у камісіі былі асобы, не звязаныя з Беларуссю, якія адбіралі толькі экспанаты на беларускай мове, а ўсё звязанае з ВКЛ, найбольш важныя экспанаты, засталіся ЛітССР або былі вывезеныя ў Маскву.

Жухавіцкае Евангелле. Мініяцюра з евангелістам Маркам

Такі ж лёс напаткаў і Жухавіцкае Евангелле, якое не вярнулася ў Беларусь, а засталося ў Літве, дзе не пазней за 1947 год трапіла ў зборы Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Праз такую адарванасць ад беларускай навукі помнік кнігапісання амаль не даследаваўся.

Па-за ўвагай спецыялістаў доўгі час заставаліся як палеаграфічныя, гістарычныя, лінгвістычныя, так і мастацкія асаблівасці гэтага рукапіснага помніка.

У рамках працы камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцяў музеем «Замкавы комплекс «Мір» у 2019 годзе быў ініцыяваны праект «Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя», вынікі якога беларусы пабачылі толькі цяпер.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Rt
    12.11.2023
    Клятыя літвіністы зноў дабіраюць спадчыну ВКЛ у літоўцаў! 

Цяпер чытаюць

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс26

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Усе навіны →
Усе навіны

Іран перад ударам па амерыканскай базе ў Іарданіі атрымаў спадарожнікавыя здымкі з Кітая

Саудаўская Аравія прыпыніла працу нафтаправода «Усход — Захад» пасля атакі дронаў з тэрыторыі Ірака. Па ім ідзе 5% сусветнай нафты

Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка18

Развітанне з вугалем адкладаецца. Бруднае паліва зноў у модзе дзякуючы Трампу, Пуціну і глабальнаму пацяпленню3

Па цэнтры Мінска скачуць рыцары, а ратавальнікі бегаюць праз дым. Як у сталіцы святкуюць Дзень горада ШМАТ ФОТА9

У фонд Музея Марка Шагала ў Віцебску ўпершыню паступілі работы Восіпа Цадкіна

На «Дажынках» Мінскага раёна зладзілі выставу жанчын-перадавіц у чорных рамках ФОТАФАКТ8

Збіраюцца заяўкі на стыпендыі для беларускіх студэнтаў ад «Нябачнага ўніверсітэта для Беларусі»1

Трамп лічыць «вельмі класнай» ідэяй аб’яднанне Ірландыі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс26

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць