Грамадства1212

«Я вынайшаў сваю формулу шчасця — восем «с». Яраслаў Раманчук пра жыццё ва Украіне, эканоміку і турнік у кватэры

Эканаміст, кандыдат у прэзідэнты — 2010 Яраслаў Раманчук жыве ва Украіне з 2021 года. Ён расказаў, чым займаецца цяпер, у якім горадзе яго прасілі гаварыць па-руску, ці клікалі вярнуцца ў беларускую палітыку і якую планку паставіў для сябе да наступнага юбілею.

Яраслаў Раманчук. Фота: старонка ў Facebook Яраслава Раманчука

«Людзей хвалюе не вада і ежа, а што з заробкамі і ці будзе мабілізацыя»

Да паветраных трывог і выбухаў за гэтыя гады Раманчук ужо прывык.

«Чалавечы мозг працуе так, што ў любым выпадку надыходзіць адаптацыя. Цяпер, калі за дзень па 3-4 паветраныя трывогі, стаўленне да іх стала больш спакойнае. Магчыма, месцамі нават занадта расслабленае», — прызнаецца Раманчук.

Яраслаў разумеў, што вайна будзе зацяжная. Ён прытрымліваецца пункту гледжання палітыка Андрэя Іларыёнава, які ў пачатку канфлікту сказаў, што вайна ў найлепшым выпадку скончыцца ў другой палове 2025 года.

«Праз два гады яго ацэнка сітуацыі, дадзеная яшчэ ў самым пачатку, на мой погляд, з'яўляецца самай дакладнай», — адзначае Яраслаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Libkos

Нягледзячы на тое, што расійскія войскі даўно адступілі ад Кіева, вайна ў сталіцы ўсё адно адчуваецца.

«На час трывогі зачыняюцца школы, метро, дзяржустановы, дзейнічае каменданцкая гадзіна, гэтага немагчыма не заўважаць.

Але гэта непараўнальна з адчуваннямі першых месяцаў, калі незразумела, ці будзе вада, ежа, электрычнасць. Вельмі складанай была зіма 2022-2023 года, калі ўвесь час адбываліся блэкаўты. Цяпер такога, вядома, няма, але нявызначанасць і напружанне, безумоўна, вісяць у паветры.

Цяпер проста людзей часцей цікавяць ужо іншыя пытанні. Не «ці будзе святло, вада, ежа і ацяпленне», а «што будзе з працай, заробкамі, ці будзе мабілізацыя».

«На мяжы мяне ведаюць, калісьці падарыў сваю кнігу кіраўніку мытні»

Яраслаў Раманчук кажа, што ў беларусаў па-ранейшаму застаюцца складанасці з легалізацыяй, прычым шмат у чым яны звязаныя не з беларускім пашпартам, а агулам з дзейным заканадаўствам і бюракратыяй. Непасрэдна для беларусаў застаюцца абмежаванні па адкрыцці банкаўскіх рахункаў, вядзенні бізнэсу.

«У плане легалізацыі і працаўладкавання мігрантаў ва Украіне дзейнічае саўковая сістэма з прапіскамі, складанымі працэдурамі і высокімі падаткамі. Існуючую сістэму трэба назаўжды ліквідаваць, паколькі яна ніяк не ўплывае на абароназдольнасць і бяспеку краіны, а тармозіць развіццё і спрыяе карупцыі», — лічыць Раманчук.

Эканаміст адзначае, што ў гэтым і іншых пытаннях, звязаных з эканомікай, Украіне неабходна імкнуцца не да аднаўлення даваеннай сістэмы, а да выхаду на новы ўзровень.

«Шмат хто кажа, што нам неабходна аднавіць усё да даваеннага ўзроўню, але гэта азначае вярнуцца ў рэжым, калі Украіна была краінай з аднымі з самых павольных тэмпах развіцця ў Еўропе за апошнія 30 гадоў. Таму мы размаўляем на гэтую тэму з Міністэрствам эканомікі, з Офісам прэзідэнта, Радай нацыянальнай бяспекі, каб гэтыя пытанні вырашаць.

І тут мы сутыкаемся з зусім не ваенным падыходам. Ёсць інэрцыя, чыноўнікі, абгрунтаванні, куча ўзгадненняў. Нават вырашэнне пытанняў, звязаных з вытворчасцю тавараў ваеннага часу і ўзбраення, можа займаць год і больш. Менавіта так працуе ўся сістэма бюракратыі. Яе трэба ліквідаваць і цалкам памяняць», — упэўнены эканаміст.

Што тычыцца стаўлення да грамадзян Беларусі на бытавым узроўні, то, па словах Раманчука, таго хейту, які быў у першыя паўгода вайны, ужо няма.

Асноўным месцам, дзе яму даводзіцца паказваць беларускі пашпарт, з'яўляецца мяжа.

«Я езджу да дзяцей у Польшчу, і на мяжы мяне ўжо ведаюць. У іх, напэўна, ёсць базы даных. Плюс я калісьці падарыў сваю кнігу кіраўніку мытні, і ў мяне няма неабходнасці тлумачыць, хто я такі і чаму туды еду.

Я чалавек даволі публічны. Людзі бачаць, што я з імі па адзін бок барыкад, таму стаўленне ў цэлым пазітыўнае».

Яраслаў Раманчук разам з Міхаілам Падаляком і Анатолем Лябедзькам на сустрэчы ў Кіеве. Фота: старонка ў Facebook Яраслава Раманчука

Тым не менш Раманчук лічыць, што для далейшай нармалізацыі адносін паміж Украінай і Беларуссю нашай краіне неабходна будзе адказаць за саўдзел у агрэсіі.

«Беларусь як краіна з'яўляецца суагрэсарам, і яна павінна плаціць сваю частку рэпарацый. Хоць дэ-факта наша краіна з'яўляецца акупаванай. Але яна не прызнаная такой дэ-юрэ, таму мы ўсё роўна павінны будзем пасля вайны выплачваць рэпарацыі. Пытанне толькі, у якім выглядзе і ў якім аб'ёме», — лічыць Раманчук.

«Найбольшыя абаронцы рускай мовы — перасяленцы з Данбаса»

За гады жыцця ва Украіне Яраслаў ужо нядрэнна асвоіў украінскую мову. Праўда, за кошт таго, што гэта ўжо чацвёртая мова славянскай групы, якую ён ведае, у размове могуць праскокваць рускія, беларускія і польскія словы.

Што тычыцца рускай мовы ў Кіеве, то цяпер, па назіраннях Раманчука, руская мова памянялася месцамі з украінскай.

Кіеў. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

«Калі да вайны, па адчуваннях, 80% кіяўлян гаварылі на рускай, а 20% на ўкраінскай, то цяпер наадварот. Кіяўляне з-за вайны сталі актыўна пераходзіць на ўкраінскую, але і руская цалкам нікуды не знікла, яе нават можна сустрэць у органах дзяржкіравання. Але яе папулярнасць прыкметна знізілася, паколькі многія асацыююць рускую з мовай агрэсара».

Пры гэтым людзі могуць свабодна размаўляць на рускай не толькі ў Кіеве ці традыцыйна рускамоўных рэгіёнах, але і на захадзе краіны.

«Рускую можна пачуць і ў тым жа Івана-Франкоўску, і ў Львове. Пры гэтым можна адзначыць, што на ўкраінскую пераходзіць усё больш харкаўчан і жыхароў іншых гарадоў, дзе раней дамінавала руская».

Па назіраннях Раманчука, найбольшымі абаронцамі рускай мовы ва Украіне застаюцца перасяленцы з Данбаса, якія беглі ад вайны яшчэ ў 2014 годзе.

«У Мікалаеве сказалі, што мая ўкраінская лепшая, чым у многіх жыхароў горада»

У мінулым годзе Яраслаў Раманчук выпусціў кнігу «Новы Захад. Украінская мара», з прэзентацыяй ён наведаў 23 гарады Украіны. Для яго было важна быць крыніцай аптымізму і надзеі, асабліва на ўсходзе краіны.

У 21 з 23 гарадоў ён выступаў на ўкраінскай.

«Толькі ў Адэсе прэзентацыя была на рускай, там людзі самі мне гэта прапанавалі. Адэса застаецца горадам, дзе руская па-ранейшаму дамінуе», — адзначае Раманчук.

Яраслаў таксама ўспамінае, што ў Мікалаеве яму сказалі, што яго ўкраінская лепшая, чым у многіх жыхароў горада, а ў Чарнігаве, які знаходзіцца непадалёк ад Беларусі, Раманчук выступаў на беларускай.

Прапаноў вярнуцца ў беларускую палітыку не паступала

Акрамя напісання кніг, Раманчук ва Украіне займаецца распрацоўкай прававых нормаў для эканамічных рэформаў, стратэгіі доўгатэрміновага эканамічнага росту. У першыя месяцы пасля пачатку вайны разам з калегамі распрацаваў праграму эканомікі ваеннага часу.

«Гэтая праграма была прэзентаваная Вярхоўнай Радзе, ураду, Офісу прэзідэнта. На яе падставе і пачаў рыхтаваць кнігу. Таксама вядзецца актыўная праца з бізнэсам, з замежнымі партнёрамі».

Эканаміст мяркуе, што ўсё, чым ён цяпер займаецца ва Украіне, можа пасля краху рэжыму Лукашэнкі спатрэбіцца і Беларусі.

Прапаноў вярнуцца ў беларускую палітыку Раманчуку не паступала. Аднак ён не забывае пра Беларусь.

«Я раблю інфармацыйныя прадукты па Беларусі, вяду ютуб-канал, праводжу стрымы. Я, безумоўна, добра ведаю беларускую эканоміку. У мяне ёсць добрыя сувязі ўнутры краіны. Ёсць выдатнае разуменне, што адбываецца ў эканоміцы».

Па словах эканаміста, цяпер залежнасць Беларусі ад Расіі знаходзіцца на рэкордна высокім узроўні, а да эканамічнай залежнасці дадалася і лагістычная, паколькі экспарт перанакіраваны з балтыйскіх партоў у расійскія.

«За апошнія гады наша эканоміка атрымала падтрымку з боку Расіі ў памеры да 15% ад ВУП. Унутры краіны, асабліва ў 2023 годзе, адбылося істотнае стымуляванне спажывецкага попыту. Рост заробкаў амаль на палову апераджаў рост прадукцыйнасці працы. Такога роду стымуляванне забяспечвае загрузку вытворчых магутнасцей, што дазваляе казаць, што ўсё добра працуе. Але гэта працуе толькі ва ўмовах, калі ёсць падтрымка звонку».

Раманчук кажа, што за падобны «дабрабыт» мы плацім вялікую цану, бо залежнасць Беларусі ад Расіі расце. Эканаміст лічыць, што ў цяперашніх умовах Расія прымусіць Лукашэнку паглыбляць інтэграцыю і аддаць частку паўнамоцтваў у эканамічнай сферы. 

«Да 60-гадовага юбілею хачу рабіць 60 падцягванняў»

На свой 58-ы дзень нараджэння Раманчук выклаў відэа, дзе паказвае зайздросную фізічную форму і робіць 48 падцягванняў. Праз месяц яго рэкорд складае ўжо 51 раз.

«Да 60-гадовага юбілею хачу навучыцца рабіць 60 падцягванняў. Я дастаткова спартыўны чалавек. У школе быў першы разрад па валейболе, настольным тэнісе, гадоў 20 гуляў у футбол, пакуль не з'явіліся праблемы з нагамі.

Калі пачалася вайна, павесіў у кватэры турнік. Стаў чаргаваць: дзень вішу на турніку, дзень качаю прэс.

А наогул жаданне заняцца фігурай паўстала, яшчэ калі жыў у Мінску. Памятаю, што паглядзеў на свае фатаграфіі, на якіх з дзецьмі гуляю ў футбол. Я там быў дзевяноста з чымсьці кілаграмаў, падумаў: гэта нейкі жах.

Цяпер важу 81 кг. Знаходжуся ў выдатным стане, у дадатак прыйшлося памяняць харчаванне на больш здаровае, паколькі зразумеў, што метабалізм чалавека, якому пад 60, моцна адрозніваецца ад таго, калі табе 30», — кажа Раманчук.

Цікава, што пры гэтым ён кожны дзень есць сала.

«Я вынайшаў сваю формулу шчасця — восем «с»: свабода, сям'я, сала (здаровая ежа), сон, смех, спорт, сэкс і стварэнне. У кожнага свая дазіроўка».

Чытайце таксама:

Зяленскі назваў час пераломнага моманту ў вайне ва Украіне

Зяленскі пра правал контрнаступу: планы Украіны былі на стале ў Крамлі яшчэ да пачатку

Каментары12

  • Фэйспалм
    28.02.2024
    Раманчука нават крыху шкада, бо многія хэйцілі яго за 2010 год, калі ён прамовіў тое, што ад яго патрабавалі каты з КДБ. На жаль некторыя толькі праз 10 гадоў зразумелі сутнасць рэжыму, узровень гвалту і метады працы КДБ.
  • Боб2
    28.02.2024
    Фэйспалм, гэта так. Але і задоўга да 2010 было зразумела пра сутнасць рэжыму. Таму ад усіх гэтых кандыдадаў уключна з Рамачуком цягне інфантылізмам. Вось і інтэрв’ю атрымалася пустым. Чытачы хацелі прачытаць пра нешта важнае і сур’ёзнае ад вучонага і вопытнага чалавека, а атрымалася бытавуха пра нейкага звычайнага пенсіянера, які пераехаў жыць ва Ўкраіну.
  • Стась
    28.02.2024
    Раманчук, Лябедзька - людзі якія дурылі і дураць беларусаў ужо 30 гадоў. Гуляюць у гулі. Прыкідваюцца апанентамі.

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА19

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Індыі мужчына вырашыў ахвяраваць грошы на храм і выпадкова выкінуў у скрыню свой айфон

Шахматыста Магнуса Карлсэна дыскваліфікавалі на чэмпіянаце свету за вернасць джынсам4

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні18

«У 2020-м два сыны ўгаворвалі Лукашэнку ляцець з Беларусі»31

«Газпрам» спыняе пастаўкі газу Малдове

Арменія не збіраецца вяртаць пасла ў Мінск2

Рэцыдывіст, які скраў унітаз у суседа. Расказваем, хто той найміт з Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Украіне3

Шэф ChatGPT пра Маска: «Хам і хуліган, але і прадпрымальнік легендарны»

Пуцін выбачыўся перад Аліевым за атаку на самалёт Баку — Грозны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА19

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →