Эканоміка11

«Мы з імі няньчыліся, як з дзецьмі». Сям'я з Валожына вырасціла ў сябе дома 7 тысяч цюльпанаў на продаж

Сакавік — сезон цюльпанаў. Вуліцы гарадоў і кветкавыя крамы ўжо пачалі апанаваць гэтыя рознакаляровыя далікатныя расліны. Але ці магчыма вырасціць іх самастойна дома, не маючы пры гэтым спецыяльнага абсталявання? Менавіта гэта вырашылі праверыць муж і жонка Канстанцін і Алена Зарубежнавы з Валожына. Сям'я вырасціла ў нежылым драўляным доме сем тысяч цюльпанаў. Адкуль у іх узнікла ідэя, што трэба ведаць пра нюансы вырошчвання гэтых мілых кветак і якія эмоцыі пары прыносіць такі занятак, піша Kraj.by.

Алена працуе адміністратаркай у адной з валожынскіх крам. Канстанцін па прафесіі маналітчык, ездзіць на працу ў Мінск, але пакуль што ўзяў перапынак на асноўнай працы і ўвесь час ды сілы накіроўвае на эксперымент з цюльпанамі.

Задумка вырошчваць кветкі ўзнікла менавіта ў Канстанціна:

«Мы неяк сядзелі з сябрам і думалі, чым жа цікавым можна заняцца. Прыйшла думка паспрабаваць самім вырасціць цюльпаны. Летась мы з жонкай ужо прадавалі да 8 сакавіка кветкі ад пастаўшчыкоў. Узялі тады невялікі аб'ём, нам спадабалася, вось і вырашылі: а чаму б не вырасціць іх самім?»

Для сям'і гэта першы падобны вопыт. Інфармацыю пра правільныя высадку і догляд па крупінках збіралі ў інтэрнэце. Таксама ездзілі па цяпліцах, буйных гаспадарках у Пінску і Мінску, пыталіся, як і што неабходна рабіць, вывучалі ўмовы.

Першапачаткова хацелі высаджваць у цяпліцы, нават замовілі яе, але ў выніку выкарыстоўвалі свой нежылы дом, які дастаўся ў спадчыну.

«Мы падумалі, што ў памяшканні ўсё ж прасцей захоўваць тэмпературны рэжым і мікраклімат, неабходны для кветак. Ёсць шмат фактараў, якія трэба ўлічваць для іх росту, — дзеліцца нюансамі тэхналагічнага працэсу Канстанцін. — Большасць цюльпанаў у нас расце на пілавінні, а яно хутка высыхае, таму вельмі важна кантраляваць паліў. Таксама трэба сачыць за тэмпературай і вільготнасцю ў памяшканні. Калі вільготнасць занадта падымаецца, мы праветрываем пакоі, а тэмпературу рэгулюем з дапамогай галандскай грубкі».

Вытрымаць патрэбную тэмпературу — задача адказная. З лістапада па снежань сям'я падтрымлівала ў памяшканні тэмпературу ў 9 градусаў, затым яе плаўна паніжалі да 7-5°С, каб у цыбулінах закладалася пупышка з бутонам.

У студзені тэмпература вытрымлівалася ў межах 2 градусаў, а далей цыбуліны зноў паступова выгравалі. У апошні час падтрымлівалі 12-15 градусаў цяпла.

«Мы з імі няньчыліся, як з дзецьмі, — смяецца Алена. — У першыя дні пры выганцы нават святло не ўключалі. Цяпер яно гарыць па 14 гадзін у суткі, імітуючы натуральнае асвятленне. А 7-й гадзіне раніцы святло аўтаматычна ўключаецца і гарыць да 9-й вечара».

Поўны цыкл ад закупкі сыравіны да першых вырашчаных кветак заняў амаль год. Прадзамову на цыбуліны пара зрабіла яшчэ ў пачатку красавіка 2023 года, а забралі доўгачаканую замову ў кастрычніку. Самі цыбуліны з Галандыі, але замаўлялі іх не непасрэдна, а ў пастаўшчыкоў у Беларусі. Давялося самім ехаць у Пінск забіраць.

«Было вельмі хвалююча іх везці, бо дарога далёкая і важна было захоўваць у машыне належную тэмпературу, а тут якраз надвор'е палепшылася, і тэмпература папаўзла ўверх. Вельмі перажывалі, што гэта паўплывае на рост кветак, але, на шчасце, усё прайшло добра».

Як толькі цыбуліны апынуліся ў доме, пара правяла абавязковы этап іх астуджэння па дзевяціградуснай тэхналогіі. Далей проста захоўвалі цыбуліны пры патрэбных умовах, а ў лістападзе пачалі высаджваць паэтапна, у залежнасці ад сартоў.

Па словах Канстанціна і Алены, больш за ўсё часу сыходзіла на пачатковым этапе — у працэсе падрыхтоўкі памяшкання, стварэння неабходных умоў, нарыхтоўкі субстрату, і ў канцы, калі ішоў збор кветак.

Падчас вырошчвання клопатаў было крыху менш: прыходзілі проста праверыць рост, паліць, падкарэктаваць тэмпературу і вільготнасць.

«Пасля збору кветак мы адносім іх на захоўванне ў іншы пакой — там халадней. Спецыяльных халадзільнікаў у нас няма, памяшканне астуджаецца за кошт ёмістасцяў са снегам і лёдам. Наш самы ранні сорт вырас яшчэ 18 лютага, і мы захоўвалі яго на цыбулінах, а 27 лютага прайшла першая зрэзка гэтых кветак. Далей мы іх пакуем, і можна дастаўляць замоўцам».

Акрамя вырошчвання на субстраце, Алена і Канстанцін спрабавалі вырасціць некаторыя гатункі без глебы, проста на спецыяльным растворы. Такі спосаб называецца гідрапонікай. Але гэты эксперымент не вельмі спадабаўся пары — некаторыя цыбуліны пачалі хварэць.

Гаворачы пра негатыўныя моманты, сям'я адзначае, што пры закупцы ім трапляліся бракаваныя, бітыя цыбуліны. Былі таксама і заражаныя цыбуліны, усярэдзіне знаходзіўся клешч, які іх з'ядае. Такія цыбуліны адразу выкідаюцца, таму пара радая, што іх было няшмат.

Замоваў на кветкі ў сям'і ўжо хапае. Рэкламаваліся ў асноўным праз сацыяльныя сеткі, але і сарафаннае радыё ў Валожыне добра працуе. Пара сама дастаўляе кветкі пакупнікам, хоць ёсць і самавываз.

«Увогуле, працэс дастаўкі таксама вельмі цікавы. Калі прывозіш кветкі, людзі вельмі ім радуюцца, і гэта прыемна. Летась, калі мы яшчэ проста прадавалі, мы дастаўлялі замову на прыгожы букет для настаўніцы, якой больш за 80 гадоў. Яна абсалютна не чакала такога сюрпрызу, сустрэла з усмешкай і была вельмі ўдзячная, — з цяплом успамінаюць Алена і Канстанцін. — Гэта вельмі выдатна — прыносіць людзям прыемныя эмоцыі і радасць».

Па словах валожынцаў, яны займаюцца гэтай справай не столькі для атрымання прыбытку, а больш дзеля цікавасці, прыгажосці, эмоцый.

«У нас вырасла 7 тысяч цюльпанаў. Нібыта як і няшмат, але для Валожына гэта прыстойная колькасць. Плануем прадаваць іх у Валожыне і Мінску, падрыхтавалі патрэбныя дакументы.

У Валожыне прадаваць прасцей, галоўнае аплаціць падатак. У Мінску, акрамя аплаты падатку, трэба атрымаць дазвол на месца. Для гэтага мы ў райвыканкаме бралі даведку, што кветкі вырашчаныя на тэрыторыі нашай краіны. Да нас прыязджалі спецыялісты, усё правяралі і ў выніку выдалі патрэбную даведку».

Гаворачы пра планы на будучы год, Алена адзначае, што ўжо запісвае сарты, якія яны хочуць вырасціць наступным разам:

«Нягледзячы на цяжкасці і хваляванні, нам спадабаўся гэты занятак. Думаем, што будзем працягваць і далей гэтым займацца, можа нават і маштабавацца. Хочам паспрабаваць і большую разнастайнасць сартоў.

Стараемся ўлічваць памылкі і недахопы гэтага года. Косця нават вядзе дзённік, дзе прапісвае ўсе дзеянні з цыбулінамі ў працэсе росту і іх рэакцыі, усе паліванні, падкормкі, каб у наступны раз мы нідзе не накасячылі».

Каментары1

  • кізіл
    06.03.2024
    А падаткі Аляксандру заплацілі?

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →