Жаночы дзень 8 сакавіка: як ён з'явіўся і навошта ён патрэбны? Сем невідавочных фактаў
Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка — адно з самых любімых і масава адзначаных святаў на постсавецкай прасторы, хоць яго змест зведаў метамарфозу: з ідэалагічнага ўшанавання жанчыны — перадавіка вытворчасці і актывісткі — ператварыўся ў дзень кахання і любові і сямейных каштоўнасцяў.
За межамі постсавецкай прасторы яно менш папулярнае, хоць чулі пра яго многія, і ён прызнаны ААН у якасці памятнай даты. Але для чаго прыдумалі адзначаць гэты дзень, і чаму менавіта 8 сакавіка? Што гэта — свята ці, хутчэй, пратэст? І як наконт Міжнароднага дня мужчын? Бі-бі-сі пастаралася даць адказы на ўсе гэтыя пытанні.
З чаго ўсё пачалося?
Як і 1 Мая, свята 8 Сакавіка вырасла з рабочага руху і мае амерыканскія карані.
У 1908 годзе 15 тысяч жанчын у Нью-Ёрку выйшлі на дэманстрацыю, патрабуючы скарачэння працоўнага дня, павелічэння заробку і права голасу (у большасці штатаў жанчыны здабылі яго ў 1920 годзе, калі была прынятая 19-я папраўка да Канстытуцыі ЗША). На наступны год Амерыканская Сацыялістычная партыя прапанавала зрабіць апошнюю нядзелю лютага Днём працоўных жанчын.
У жніўні 1910 года вядомая дзяячка германскай сацыял-дэмакратыі Клара Цэткін на канферэнцыі ў Капенгагене прапанавала заснаваць Міжнародны дзень барацьбы за жаночае раўнапраўе і эмансіпацыю.
Каля ста удзельніц з 17 краін падтрымалі ідэю аднагалосна.
У 1911 годзе яго ўпершыню адзначылі ў Нямеччыне, Аўстра-Венгрыі, Даніі і Швейцарыі.
Чаму 8 сакавіка?
Дэманстрацыя ў Нью-Ёрку, з якой усё пачалося, адбылася 28 лютага. Клара Цэткін канкрэтнай даты не называла. Першае святкаванне жаночага дня ў Нямеччыне адбылося 19 сакавіка ў азнаменаванне сакавіцкай рэвалюцыі 1848 года ў Прусіі. Затым жаночы дзень у розных краінах адзначалі 2, 9 і 12 сакавіка, а таксама 2 і 12 мая.
Дата 8 сакавіка прыйшла ў міжнародны левы рух з Расіі. У 1917 годзе ў гэты дзень (23 лютага па старым стылі) пачалася забастоўка работніц ткацкіх фабрык Выбаргскай стараны ў Петраградзе з патрабаваннямі «Хлеба і міру!», што перарасла ў Лютаўскую рэвалюцыю. Праз тыдзень імператар адрокся ад трона.
У першыя гады савецкай улады выбаргскіх ткачых шырока ўшаноўвалі як застрэльшчыц звяржэння царызму. Пасля Лютаўская рэвалюцыя аказалася ў цені бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту, і дадзеная акалічнасць у СССР не акцэнтавалася.
У 1975 годзе Генасамблея ААН абвясціла 8 сакавіка днём святкавання дасягненняў жанчын ва ўсіх абласцях жыцця і пратэсту супраць перажыткаў нераўнапраўя.
Ці ёсць у 8 Сакавіка свае колеры?
Так, хоць у Беларусі пра іх практычна не ведаюць. Гэта фіялетавы (або пурпурны), зялёны і белы.
Іх прапанаваў у якасці сімвала барацьбы за раўнапраўе брытанскі Жаночы сацыяльна-палітычны саюз у 1908 годзе. Фіялетавы (пурпурны) азначае сабой справядлівасць і годнасць, зялёны — надзею, белы — чысціню.
Ці існуе Мужчынскі міжнародны дзень?
У Беларусі, як на абломках СССР, прынята віншаваць мужчын і хлопчыкаў 23 лютага. Афіцыйна гэта Дзень вайскоўцаў і ветэранаў узброеных сіл, але ў масавай свядомасці ён традыцыйна разглядаецца, трэба прызнаць, як Дзень усіх мужчын.
А ў свеце ён адзначаецца 19 лістапада больш чым у 80 краінах, хоць не мае фармальнага прызнання ААН. Акцэнт пры гэтым робіцца на ўмацаванне здароўя мужчын і іх сучаснай ролі ў сям'і.
Як святкуюць 8 Сакавіка ў розных краінах?
У Беларусі 8 сакавіка — выхадны дзень. Жанчынам дораць падарункі і кветкі — за тры-чатыры дні, што папярэднічаюць святу, іх продажы падвойваюцца.
У Кітаі працоўны дзень у жанчын доўжыцца чатыры гадзіны замест васьмі, але гэтая рэкамендацыя Дзяржсавета КНР не з'яўляецца законам, і частка працадаўцаў яе не прытрымліваецца.
У Італіі жанчынам 8 сакавіка дораць кветкі мімозы. Гэты звычай узнік у Рыме неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны, яго крыніца невядомая.
У ЗША сакавік лічыцца месяцам гісторыі жанчын. Штогод прэзідэнт выступае з заявай, у якой аддае належнае дасягненням і ўкладу амерыканскіх жанчын.
Урачыстасць або пратэст?
Арганізатары святкавання Міжнароднага жаночага дня ў 2021 годзе выбралі ў якасці дэвізу для яго хэштэг #ChooseToChallenge («Выберы выклік»). Асноўная ідэя — свет кідае чалавеку выклікі, і кожны нясе асабістую адказнасць за свой выбар.
Дзеля чаго гэта ўсё трэба?
Апошнія гады былі адзначаны прагрэсам у справе жаночага раўнапраўя, і барацьба за яго здабыла новы размах.
У ЗША ўпершыню ў гісторыі віцэ-прэзідэнтам стала жанчына і прадстаўніца каляровага насельніцтва — Камала Харыс.
У 2019 годзе ў Фінляндыі быў сфармаваны кааліцыйны ўрад з пяццю жанчынамі на чале з Санай Марын.
Тэйлар Свіфт стала першай спявачкай, якая зарабіла мільярд даляраў канцэртамі.
Паўночная Ірландыя легалізавала аборты, Судан адмяніў закон, які дэталёва дыктаваў, як жанчынам апранацца і паводзіць сябе на публіцы.
У Беларусі, на жаль, амаль дзве сотні жанчын сядзяць за кратамі «за палітыку».
Напрыклад, Вольга Маёрава па «справе Аўтуховіча» асуджана на 20 гадоў, галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава і гендырэктарка Людміла Чэкіна атрымалі па 12 гадоў зняволення.
Каментары