Аўстрыйскі палітолаг спрагназаваў, што пачатку вайны Расіі з НАТА можа папярэднічаць паўстанне палякаў у Беларусі. А чаму не бунт рэптылоідаў?
Аўстрыйскі палітолаг Густаў Грэсель у эфіры праграмы выдання Bild выказаў думку, што падставай для вайны Расіі супраць НАТА можа стаць інсцэніроўка паўстання польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці Беларусі, якое нібыта падтрымаюць краіны Балтыі. Для абароны хаўрусніка іх у адказ, маўляў, атакуе Расія.
Перад тым, як выказаць сваё меркаванне, Густаў Грэсель прааналізаваў карту расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017». На яго думку, УС РФ тады фактычна адпрацоўвалі напад на краіны НАТА па некалькіх напрамках.
Па словах Грэселя, непасрэднай зачэпкай для вайны па такім сцэнары можа стаць інсцэніроўка паўстання польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці Беларусі, якое нібыта падтрымаюць краіны Балтыі. А тады ўжо для абароны саюзніка іх у адказ атакуе Расія.
Грэсель адзначыў, што цяпер усе сілы ВС РФ сцягнутыя ва Украіне, ваяваць на балтыйскім кірунку няма каму. Але калі Расія атрымае верх над УСУ, то загартаваныя ў баях часці могуць перакінуць на новую вайну. Пра ўвагу да гэтага рэгіёну гаворыць, маўляў, нядаўняе аднаўленне Ленінградскай вайсковай акругі.
На думку палітолага, у выпадку новай вайны ўсё будзе залежаць ад таго, як хутка краіны Балтыі і Польшча правядуць мабілізацыю і ці спыняць УС РФ на мяжы. Тады НАТА перакіне туды сухапутныя рэзервы і выкарыстае аэрадромы Швецыі для атрымання перавагі ў паветры.
Грэсель лічыць, што Расія не будзе ўжываць ядзерную зброю, а абмяжуецца канвенцыйнай вайной. Ядзерныя пагрозы могуць пайсці ўжо толькі пасля захопу краін Балтыі, каб прымусіць Захад прызнаць іх часткай Расіі.
Сцэнарый пачатку вайны, дадзены Густавам Грэселем, адразу ж раскрытыкаваў іншы заходні эксперт Аляксандр Фрыдман, які як ураджэнец і грамадзянін Беларусі куды лепш арыентуецца ў мясцовых рэаліях, у тым ліку ў этнанацыянальнай сітуацыі ўнутры Беларусі і ў суседніх краінах.
Называючы Густава Грэселя «адным з самых вядомых вайсковых экспертаў у нямецкамоўнай прасторы», Фрыдман называе прапанаваны ім сцэнарый з задзейнічаннем польскай меншасці «кур'ёзным».
«Паўстанне польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці» пры падтрымцы краін Балтыі? А чаму адразу не бунт рэптылоідаў пры падтрымцы Вільні і Рыгі?», — іранічна пытаецца Аляксандр Фрыдман.
Каментары