Культура22

Акцёры, якія гралі ў РТБД і Вялікім тэатры, з партнёрамі ствараюць у Варшаве кафэ-кам'юніці — наведаліся да іх у госці

«Нас у камандзе шэсць чалавек-партнёраў: я, Даша, Насця і Паша, Лёша і Гена. Хто з оперы, хто з драмтэатра, хто з рэжысуры, хто з музыкі — усе творчыя. Большасць з’ехала з Беларусі пасля 2020-га і ніхто дагэтуль не меў досведу ў грамадскім харчаванні», — коратка знаёміць з калектывам варшаўскага кафэ Michelle Андрэй Новік, у мінулым зорка тэатра беларускай драматургіі. У кавярні ён — адзін з галоўных кухараў. А яго жонка Дар’я, у Беларусі спяваўшая ў Вялікім тэатры, — адказная за веганскія торты.

Пагутарылі з імі пра тое, як яны пачуваюць сябе ў новым амплуа, пра фірмовыя стравы і творчасць.

Андрэй і Дар'я Новік у сваім кафэ Michelle. Фота: «Наша Ніва»

«Хочам мець не проста кавярню, а тэатральна-музычнае кам’юніці»

Гісторыя кафэ Michelle з новай камандай пачала пісацца 1 ліпеня. Да гэтага па адрасе Grochowska, 282 ужо працавала кавярня, і ва ўладанне беларусам дастаўся гатовы бізнэс, у які яны ўдыхаюць новае жыццё.

«У нас ні ў каго не было досведу працы з кафэ, але калі Насця з Пашам даведаліся, што такі бізнэс прадаецца, бо папярэднія ўладальнікі пераязджаюць у ЗША, прапанавалі нам разам з Лёшам і Генам узяцца за яго, рызыкнуць. Мы хочам мець не проста кавярню, а тэатральна-музычнае кам’юніці», — расказвае Андрэй Новік.

Разам з жонкай Дар’яй і гадавалым сынам яны з’ехалі з Беларусі ў Польшчу ў 2021 годзе. Незадоўга да эміграцыі акцёр падтрымаў усеагульную забастоўку, якую ў кастрычніку 2020-га анансавала Святлана Ціханоўская, і напісаў заяву на звальненне з РТБД. Дар’я на той момант была ў дэкрэтным адпачынку, але на сцэну пасля яго таксама не вярнулася: у Вялікім тэатры пачаліся чысткі нязгодных, і жанчына вырашыла звольніцца.

Два з паловай гады Андрэй прапрацаваў у Варшаве кур’ерам службы дастаўкі. Паралельна працягваў займацца тэатрам. Разам з аднадумцамі заснавалі новы незалежны калектыў — BY teatr. Дар’я паспяхова далучылася да некалькіх польскіх праектаў, выкладае вакал і займаецца ўласным гукавым тэатрам. Усё гэта яны цяпер будуць сумяшчаць з новымі абавязкамі па кафэ, дзе, па іх словах, кожны робіць усё, падмяняючы адно аднаго.

Зварот Андрэя ў 2020-м. Апошнім часам глядач мог бачыць акцёра ў белсатаўскім серыяле «Працэсы» ці ў фільме «У жывым эфіры» Мары Тамковіч. Восенню разам з BY teatr яны зноў плануюць паказы спектакля «З@mova», створанага па матывах песень і рытуалаў Палесся (рэжысёр Максім Шышко). Таксама свет пабачыць новы праект Андрэя — чытанне п’есы «Маю нахабства быць» Дзіяны Балыка, прысвечанай памяці Алеся Пушкіна.

«Мы пасціліся на працягу 12 гадоў запар, за гэты час сабралася шмат рэцэптаў смачнай веганскай ежы»

«Першыя два тыдні было, канечне, цяжкавата прызвычаіцца да кухні і рытму там. Усё ж, калі гатуеш дома, не думаеш пра хуткасць, — дзеліцца Дар’я. — Я любіла пячы торты дома — для сяброў, на дні народзінаў, упрыгожвала іх сама, але толькі тут гэта пачалося на сталай аснове. Андрэй жа пастаянна нешта смачнае дома гатуе — гэта проста немагчыма (пасміхаецца).

Што важна — мы пасціліся на працягу 12 гадоў запар, і вечна шукалі цікавыя раслінныя спалучэнні, смакі, эксперыментавалі. І за 12 гадоў у нас сабралася вельмі шмат рэцэптаў смачнай веганскай ежы. Да нас у кафэ завітвалі з іншых гарадоў і здзіўляліся, як па-іншаму тут смакуюць звыклыя ім стравы».

Фірмовыя дэсерты ад Дар’і ў кавярні — тафурнік (сырнік з тофу) і банофі.

«Прапанову пра БДСМ-вечарыну адхілілі»

Узяцца за кафэ — гэта сур’ёзны выклік для ўсіх у камандзе, але кожны глядзіць на сітуацыю з пазітывам: «любы новы крок — гэта рух наперад».

У верасні ўласнікі хочуць атрымаць ліцэнзію на алкаголь, каб мець магчымасць прапаноўваць у меню віно. Да пятнічных творчых вечароў неўзабаве дададуцца і суботнія. Днём жа ў выходныя кавярня адкрытая для правядзення майстар-класаў.

«Прапанову пра БДСМ-вечарыну мы адхілілі, а так адкрытыя для розных ідэй, — пасміхаецца Андрэй. — Мы хочам даць пляцоўку акцёрам і музыкам, стэндаперам. Таксама ў нас будуць ладзіцца выставы розных беларускіх мастакоў. 

Адзін з запланаваных канцэртаў на пляцоўцы — сольнік самой Дар’і:

«Спачатку хачу выступіць з каверамі. І ў перарывах, каб разбавіць канцэрт, магчыма, будзе стэндап ад мяне. У мяне ёсць шмат думак, хочацца імі з людзьмі падзяліцца, паразмаўляць». 

Сваё 35-годдзе яна таксама марыць адзначыць у гэтых сценах:

«Я ўжо сёмы год пішу альбом. Спадзяюся, у снежні атрымаецца зрабіць паўнавартасную прэзентацыю. Усе песні і музыка на ім — майго аўтарства, на англійскай мове. Але без сутворцы, аранжыроўшчыка, тэатральнага кампазітара, Мікіты Залатара ў мяне б нічога не атрымалася».

Тофушніца, ці амлет з тофу — адна з цікавых пазіцый на сняданне, якія тут падаюцца цэлы дзень

«Гэта шчасце, калі не сядзіш на адным месцы»

Суразмоўцы прызнаюцца, што праз два месяцы валодання кафэ знікла адчуванне таго, што гэта праца.

«Гэта нібыта мой другі дом, куды я прыязджаю і клапачуся пра яго, пра нашых гасцей», — дзеліцца адчуваннямі Дар’я.

Дадаткова пачуццё дома ствараюць суседзі. Так, Новікі пасябравалі з сям’ёй эмігрантаў-украінцаў зверху — цяпер, пакуль бацькі працуюць, іх сын часта застаецца там, знайшоўшы ў тых сценах сяброўку. 

Каманда прызнаецца, што адмыслова не робіць стаўку на тым, што гэта беларускае кафе, бо яно для ўсіх, хто падзяляе чалавечыя каштоўнасці, любіць раслінную, здаровую ежу, speciality-каву і мастацтва. 90% наведнікаў тут — палякі. Частыя госці — замежнікі з іншых краін.

Андрэй не хавае, што, хоць сумяшчаць і тэатр, і здымкі ў кіно, і кавярню няпроста, ён так ці інакш кайфуе ад пераключэння на розныя віды дзейнасці.

«Гэта шчасце, калі не сядзіш на адным месцы. Я сапраўды шчаслівы, што мы спрабуем сябе ў новых розных рэчах. І пакуль, падаецца, у нас добра атрымліваецца».

Каментары2

  • Minak
    01.09.2024
    Дар'і асобная падзяка за нашу мову.
  • ЯНКА
    01.09.2024
    .
    • РАСЕЙСКІЯ НІЦІ •

    📿 Ізноў сунуць беларусаў у пятлю «велікого і могучего». Ну, зьявілася ў маскоўцаў чарговае моднае «слофцо» «комьюнити», дык навошта гэтую расейшчыну адразу цягнуць пішчом у нашу мову?!

    🐹 І хай хамячкі не пераконваюць сябе й іншых, што яно быццам з ангельскае. Бо, згодна з транслітарацыяй (па прыкладу «кампутару»), па-наску слушна толькі «камуніты», «камуныты»... Каму, ну, ты гэта даводзіш? Усе й так здавён кажуць «камуна», «камуніст» і ім падобнае — а не «кам'юна», «кам'юніст»! Не, тутака трэба зноў, малпуючы, пераймаць у расейцаў, міжволі сцьвярджаючы, што мы кшталту іхнія малодшыя браты.

    🧵 Па-другое, калі з ангельскай, то чаму напрыканцы нейкія -ніці? Па-ангельску ж і гучыць «community» якраз з -ныты. Але, падобна, халуйскія ніці зьнітавалі гэтым во вушы й вочы.
    .

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі40

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →