«Маладому фронту» — 27 гадоў. Што рабіла і каго выхавала апазіцыйная «кузня кадраў»
«Малады фронт» адзначае 6 верасня дзень народзінаў. У гэты дзень у 1997 годзе прайшоў першы з’езд моладзевай структуры пры Партыі БНФ, якая стала самай масавай моладзевай арганізацыяй з апазіцыйных рэжыму Лукашэнкі.
«Белсат» папрасіў трох былых чальцоў «Маладога фронту» расказаць, чым у арганізацыі займаліся, якія рэпрэсіі перажылі і чаму лічаць, што гэта не было дарэмна.
Два гады таму ўлады Беларусі назвалі МФ «экстрэмісцкім фармаваннем», а ейны лідар Дзяніс Урбановіч з 2022 года гераічна бароніць Украіну. Аб дзейнасці «Маладога фронту» ў Беларусі з таго года не чуваць, ды нельга выключаць, што арганізацыя працягвае існаваць падпольна, нягледзячы на аблавы на ягоных чальцоў.
Як узнік «Малады фронт»
Падзеі першых гадоў існавання МФ апісваў у кнізе «Пакаленне Маладога Фронту» Павел Севярынец, які на першым з’ездзе МФ быў выбраны адным з трох сустаршыняў, а з 1999 па 2004 год быў адзіным старшынём. Паводле яго слоў, МФ узнік менавіта вясной 1996 года як адказ на жорсткія разгоны дэманстрацыяў і збіванне актывістаў. Севярынец з іншымі «маладафронтаўцамі», дарэчы, у 2005 годзе вырашылі адрадзіць партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Севярынец з таго часу і дагэтуль застаецца сустаршынём БХД, але з 7 чэрвеня 2020 года ён у няволі ў Беларусі.
Вадзім Кабанчук расказвае «Белсату», што яшчэ ў 1996 годзе не прапускаў ні адной дэманстрацыі. Тады Аляксандр Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэнні «супольнасці Беларусі і Расеі», у адказ на гэта пачаліся пратэсты, якія ўвайшлі ў гісторыю як «менская вясна». І на тых акцыях — яшчэ да «дня народзінаў» і першага з’езду — паўстаў «Малады фронт».
Кабанчук згадвае, што на акцыях «менскай вясны» пабачыў, як маладзёны з «Беларускага народнага фронту» ладзілі ахову пратэстоўцаў. І з Севярынцам ужо быў знаёмы — той ладзіў сустрэчы ў студэнцкіх інтэрнатах. Дык вырашыў далучыцца. МФ меў розныя накірункі, Кабанчук далучыўся да спартовага, у якім ладзілі трэнаванні, заняткі ў спартовай залі, акцыі і ахову мітынгаў. З таго спартовага крыла ў 1998 годзе вырасла моладзевая спартова-патрыятычная арганізацыя «Край», якую Кабанчук узначаліў. Затым Кабанчук стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі «Зубр».
У пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе Кабанчук вазіў валанцёрскую дапамогу для ўкраінцаў, у 2015 годзе пайшоў бараніць Украіну, далучыўся да тактычнай групы «Беларусь». Неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны стаў намеснікам камандзіра батальёна імя Каліноўскага (які хутка вырас у полк). 3 жніўня 2024 года Кабанчук быў прызначаны прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Юрась Губарэвіч быў адным з арганізатараў «Маладога фронту», адказваў за стварэнне рэгіянальных структураў. Ён згадвае ў каментары «Белсату», што да зімы 1996/97 будучы МФ быў моладзевай арганізацыяй БНФ, якой кіравалі Уладзімір Несцер і Алесь Касач — ужо пазней лідарства пераняў Севярынец, а арганізацыя ператварылася ў «Малады фронт», а Касач, як адзначае Губарэвіч, пасля «ўсплыў» як памочнік праўладнага дэпутата Алега Гайдукевіча і ўрэшце быў асуджаны за махлярства і карупцыю. «Малады фронт» жа стаў фармавацца як самастойная структура, незалежная ад партыі БНФ (у якой у 2005 годзе ўзнікла новая моладзевая арганізацыя — «Моладзь БНФ»).
У той час канкуравалі між сабой дзве моладзевыя апазіцыйныя групы: адна вакол Севярынца, другая вакол Віталя Рымашэўскага. У тым канфлікце, як згадвае Губарэвіч, перамог Севярынец, на працяглы час шляхі Севярынца і Рымашэўскага разышліся, але зноў сышліся пры фармаванні БХД — Рымашэўскі і Севярынец дагэтуль застаюцца сустаршынямі аргкамітэту па стварэнні БХД разам з яшчэ двума людзьмі. Рымашэўскі таксама з’яўляецца сябрам Каардынацыйнай рады.
Губарэвіч пазней стаў старшынём Берасцейскай абласной арганізацыі БНФ і дэпутатам Белаазёрскага гарадскога савету, намеснікам старшыні партыі БНФ, першым намеснікам старшыні і з 2016 года старшынём руху «За свабоду». Губарэвіч цяпер таксама сябра Каардынацыйнай рады і каардынатар праграмы Аб’яднанага пераходнага кабінету «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі».
Чым займаўся «Малады фронт»
Хутка «Малады фронт» стаў найбуйнейшай моладзевай арганізацыяй з апазіцыйных Лукашэнку.
«Тады Лукашэнка і сама дыктатура былі, як па сённяшніх часах, такія маладыя і не ўкаранёныя, — згадвае Кабанчук першыя гады МФ. — У нас была думка, што магчыма, вось-вось, кожны год, кожныя паўгода могуць быць змены. Мы бачылі шматлікія акцыі, мы бачылі незадаволенасць народу. І ён сапраўды вісеў на валаску! Напрыклад, у 1996 годзе, калі парламент 13-га склікання вынес яму імпічмент, ягоны лёс уратаваў «крамлёўскі дэсант», які прыехаў і ўвёў у зман і Вярхоўны савет Беларусі, і саміх беларусаў».
МФ запомніўся акцыямі кшталту «Горад наш!», у межах якой па ўсёй Беларусі вывешвалі ўжо забароненыя Лукашэнкам бел-чырвона-белыя сцягі. Губарэвіч згадвае, як з Валянцінам Стэфановічам «узяў пад апеку» некалькі высотак у Кастрычніцкім раёне Менску, лазалі начамі па гарышчах і вывешвалі сцягі.
Стэфановіч у 1997 годзе быў выбраны сустаршынём МФ, сустрэў у арганізацыі сваю будучую жонку Аліну, але неўзабаве сышоў з МФ, стаў праваабаронцам і затым намеснікам старшыні «Вясны», а таксама віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. З 2021 года Стэфановіч у няволі.
Але МФ вядомы не толькі сцягамі. Можна згадаць акцыю «Беларускую кнігу — дзецям», у межах якой сабралі тысячы кніг для дзіцячых дамоў; розныя іншыя акцыі (хоць да выбараў, хоць да Дня святога Валянціна), зборы подпісаў і пікеты з розных нагодаў; варту ў Курапатах (яшчэ ў 2001 годзе, калі праз месца расстрэлу і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў праклалі шашу, і пазней, у канцы 2010-х, калі на краі ахоўнай зоны мемарыялу пабудавалі рэстарацыю «Поедем-поедим»). МФ таксама займаўся адукацыяй моладзі, ладзіў «шоў беларушчыны», канцэрты, летнікі, падарожжы, семінары… У 2015 годзе МФ зладзіў спартова-патрыятычны клуб «Ваяр».
МФ меў філіі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а ў Менску ва ўсіх раёнах былі рады МФ. І Кабанчук, і Губарэвіч згадваюць, як ва ўправе МФ на вуліцы Варвашэні, 8 (цяпер — праспект Машэрава) фізічна не змяшчаліся ўсе ахвочыя ўзяць удзел у штотыднёвых сустрэчах па чацвяргах. І гэта без сучасных сродкаў камунікацыі: не тое, што інтэрнэту, а нават пэйджэраў большасць моладзі ў канцы 1990-х не мела. Моладзь збіралі праз пошту і «кол-цэнтр» — як згадвае Губарэвіч, даводзілася па некалькі гадзінаў абтэлефаноўваць паплечнікаў па розных гарадах, каб даведацца, як справы ў арганізацыі, ці сабраць сяброў на з’езд. Ды й моладзь не мела грошай на бары і клубы — МФ станавіўся прывабнай магчымасцю ангажавацца ў грамадскае жыццё.
«Малады фронт» — гэта як падмурак для самых розных накірункаў. Наш асяродак выхаваў і палітыкаў, і праваабаронцаў, самых яскравых і дасведчаных спецыялістаў грамадскай дзейнасці», — кажа «Белсату» колішняя актывістка «Маладога фронту» Настасся Азарка.
Але не паўсюль «Малады фронт» быў масавым. Настасся Азарка расказвае, што ў свой час была адзінай актывісткай МФ у Нясвіжы. Актыўная моладзь з малых гарадоў з’язджала ў сталіцу і буйнейшыя гарады. І нават калі нясвіжская моладзь цікавілася МФ, дык ехала вучыцца ў буйнейшыя гарады і там далучалася да «Фронту», а ў свой горад прыязджала хіба адпачыць. Азарка і сама паехала вучыцца ў іншы горад, ды вучэльню давялося пакінуць праз канфлікт з паліталагіняй з-за «шоу беларушчыны». Тая паліталагіня, згадвае Азарка, сказала: «Ты забіраеш у мяне мой хлеб».
Як улады ваявалі з «Маладым фронтам»
Настасся Азарка «на сваёй скуры» адчула і наўпроставыя, і «неафіцыйныя» рэпрэсіі. Былі і арышты, і штрафы. Яна згадвае, як у 2004-м атрымала першыя 5 содняў арышту на 10-годдзе кіравання Лукашэнкі, а пасля рэферэндуму-2004 суддзя хацеў ёй прысудзіць 15 дзён, але не знайшоў падставы садзіць — і даў толькі 10 дзён арышту. У 2006 годзе супраць яе распачалі крымінальную справу за «Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», затым прыпынілі і зноў аднавілі, а ў выніку аштрафавалі на 40 базавых велічыняў. Азарка не памятае, колькі гэта было ў рублях, але добра памятае, што такую суму за жыццё не трымала ў руках.
З адукацыі яна настаўніца і гісторык-музеязнаўца. Ды чыноўнікі прама казалі актывістцы: «Дзяцей мы табе не дамо вучыць». Ёй былі забароненыя любыя «грашовыя» прафесіі, даводзілася працаваць на пошце, хлебзаводзе, ільнозаводзе… І ў невялікім горадзе, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, маральны ціск адчуваўся асабліва моцна: «Глядзіце, ідзе апазіцыянерка». Калі што здаралася ў горадзе, кажа, была першай падазраванай. А пасля суду за «незарэгістраваную арганізацыю» над ёй дык наогул зладзілі татальны кантроль, які яна параўноўвае з «хатняй хіміяй». Кажа, адчувала сябе як воўк з мультфільму «Ну, пагадзі!», які пры відзе міліцыі выварочвае кішэні. А на камісіі па працаўладкаванні, згадвае, яе пыталі: «Ты змяніла свае погляды? Не? Сядзі далей без працы». Працу рабочай на льнозаводзе ў выніку знайшла з дапамогай міліцыі.
Той артыкул за «незарэгістраваную арганізацыю» (193-1 КК РБ) з’явіўся ў канцы 2005 года. Па словах Азаркі, з гэтым артыкулам можна было судзіць каго заўгодна за любую супольнасць, «нават аматараў хамячкоў». Але судзілі за апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі — у тым ліку за «Малады фронт», які некалькі разоў спрабаваў зарэгістравацца ў Беларусі і атрымліваў адмовы з бюракратычных прычынаў, а ў выніку зарэгістраваўся ў Чэхіі. Гэта не дапамагло абараніцца ад пераследу, як не дапамагло і заключэнне Венецыянскай камісіі аб тым, што арт. 193-1 КК РБ парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах.
Шмат «маладафронтаўцаў» могуць расказаць гісторыі, падобныя да той, якую расказала Настасся Азарка: затрыманні, арышты, штрафы, забарона працаваць, «асаблівая ўвага» сілавікоў… Суразмоўцы не сумняюцца, што прычына ў масавасці арганізацыі.
Губарэвіч дадае: улады Беларусі ваююць з усім, што ім непадкантрольнае і незразумелае. А МФ быў яшчэ і альтэрнатывай моладзевай палітыцы ўладаў, якая была нязграбнай і нягеглай: рэшткам камсамолу і пазней БРСМ даводзілася змагацца за розумы і сэрцы моладзі.
Якое значэнне мае «Малады фронт»
Ці не дарэмна гэта ўсё было? Азарка, толькі расказаўшы пра рэпрэсіі супраць яе, без ваганняў адказвае на гэтае пытанне: «Канешне, недарэмна!»
«Ты атрымліваеш такі вышкал, такі досвед на ўсё жыццё… — разважае яна. — Калі пачаліся пратэсты 2020 года, я змагла дапамагаць людзям, я іх кансультавала па юрыдычных пытаннях, па пытаннях «партызаншчыны» — што трэба рабіць, што не трэба, каб цябе раней за час не заўважылі».
Губарэвіч прызнае, што «Малады фронт» не меў «манаполіі» на прадстаўленне маладых нацыянальна-дэмакратычна-арыентаваных людзей. Але дадае: МФ адыграў істотную ролю не толькі ў фармаванні будучых грамадскіх і палітычных лідараў, а і ў фармаванні іхных адносінаў да ўсяго беларускага. Шмат хто прыходзіў проста па знаёмстве, заставаўся і выходзіў самастойна рабіць прабеларускія справы.
Кабанчук перакананы, што «Малады фронт» ужо ўвайшоў у гісторыю Беларусі і ў будучых падручніках будзе згаданы як «авангард адраджэння, авангард беларускай нацыянальна свядомай моладзі». А людзі, якія прайшлі праз «Малады фронт», верыць ён, яшчэ «скажуць сваё слова». Ды і тыя людзі ўжо выхавалі сваіх дзяцей — таксама «ў беларускім духу».
Хто яшчэ быў у «Маладым фронце»
Усіх вядомых «маладафронтаўцаў» не пералічыць, але вось, напрыклад, некаторыя, не згаданыя вышэй, пра якіх расказвала «Радыё Свабода».
Зміцер Дашкевіч — былы старшыня і сустаршыня «Маладога фронту» (2004—2015), у няволі з 2022 года. У «Маладым фронце» была і ягоная жонка Наста (дзявочае прозвішча — Палажанка), якая з чатырма дзецьмі чакае мужа на волі.
Эдуард Лобаў — былы сустаршыня МФ, ваяр-добраахвотнік Збройных сілаў Украіны, гераічна загінуў пад Вуглядарам у 2023 годзе.
Іншыя былыя «маладафронтаўцы», якія ваявалі ці ваююць ва Украіне: Альгерд Аўчыннікаў, Аляксей Вайцяховіч, Віталь Трыгубаў, Сяргей Пальчэўскі…
Вадзім Саранчукоў — выканаўца абавязкаў старшыні партыі БНФ.
Барыс Гарэцкі — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Алег Корбан — лідар грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва».
Артур Фінькевіч — былы палітвязень, сябра Каардынацыйнай рады.
Наталка Харытанюк — пісьменніца, перакладчыца, лаўрэатка прэміі «Дэбют» 2010 года.
Зміцер Хведарук — былы палітвязень, семінарыст.
Паліна Шарэнда-Панасюк — палітычная актывістка, у няволі з 2021 года.
Сяржук Лісічонак — праектны менеджар, які працаваў у шэрагу буйных IT-кампаніяў.
Іван і Ілля Шылы — заснавальнікі міжнароднай клінінгавай кампаніі «Чысты кіт».
Дзяніс Мельянцоў — актыўны праўладны палітолаг.
Раман Пратасевіч — былы журналіст, дзеля затрымання якога ўлады Беларусі захапілі самалёт «Ryanair». Па вызваленні рабіў праўладныя выказванні, але не вядзе актыўнай дзейнасці.
Каментары