Кіно1616

«Канклаў». Драма, якая тонка даследуе межы грэшнасці чалавека, але кансерватыўную публіку чакае шок

Прагнасць, шавінізм, мізагінія і ўсе грахі нашага свету, замкнёныя разам у Сікстынскай капэле, каб выбраць намесніка Бога з кола недасканалых людзей. Якім атрымаўся ватыканскі трылер?

Рэйф Файнс, які сыграў галоўную ролю ў фільме. Кадр з фільма

21 лістапада на экранах кінатэатраў Беларусі выйшаў фільм «Канклаў» (Conclave) нямецкага рэжысёра Эдварда Бергера. Сюжэт фільма грунтуецца на аднайменным рамане-бэстсэлеры англійскага пісьменніка Роберта Харыса пра выбары Папы Рымскага.

Бергер здабыў сусветную славу ў 2022 годзе, калі выйшаў ягоны фільм «На Заходнім фронце нічога новага» па рамане Эрыха Марыі Рэмарка. Фільм заслужыў высокія ацэнкі крытыкаў і публікі і атрымаў мноства прэстыжных узнагарод. Да сваёй новай работы рэжысёр падышоў з уласцівымі яму размахам і скрупулёзнай увагай да дэталяў.

Sede Vacante

У Ватыкане нечакана памірае Папа Рымскі. Развітацца з пантыфікам спяшаецца англійскі кардынал Томас Лоўрэнс, дэкан Калегіі кардыналаў, якая мусіць цяпер абраць новага Папу. Яго ролю выканаў выдатны англійскі акцёр Рэйф Файнс. Лоўрэнс перажывае крызіс веры і хацеў пайсці да смерці Папы, але той не дазволіў яму. 

На плечы дэкана Лоўрэнса, які перажывае крызіс веры, падзе цяжар адказнасці за выбары новага Папы. Кадр з фільма

У пакоі памерлага ўжо сабралася мноства людзей, у тым ліку як сцярвятнікі да божай пасцелі зляцеліся кардыналы, якія прэтэндуюць заняць Святы Прастол. Кардыналы па традыцыі разломваюць пярсцёнак рыбака і абвяшчаюць Sede Vacante, перыяд незанятага пасаду.

Прыцемненыя пакоі, трывожныя струнныя мелодыі і роспыты Лоўрэнса, які не заўважаў ніякай хваробы ў Папы, якая магла стаць прычынай яго смерці, ствараюць напружаную атмасферу таямніцы. 

Сікстынскую капэлу, куды прыедуць выбраць за зачыненымі дзвярыма новага пантыфіка больш за сотню кардыналаў з усяго свету, рыхтуюць да канклаву — ставяць на вокны глухія жалюзі, асцерагаючыся, што іх могуць падслухаць дзякуючы сучасным тэхналогіям. 

In pectore

Джон Літгау ў ролі кардынала Трамбле, аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на папскі пасад. Кадр з фільма

Перад тым, як кардыналы будуць адгароджаныя ад знешняга свету, каб нішто не паўплывала на іхні выбар, здараюцца дзве падзеі, якія толькі пераконваюць Лоўрэнса ў тым, што адбываецца нешта надзвычайнае. Ад вельмі ўсхваляванага біскупа Возняка (Яцак Коман), даверанай асобы спачылага Папы, Лоўрэнс атрымлівае інфармацыю, што той перад самай смерцю зняў кардынала Трамбле (Джон Літгау), аднаго з фаварытаў будучых выбараў. Трамбле ўсё адмаўляе, і дэкан Лоўрэнс вымушаны пачаць сваё расследаванне, каб высветліць праўду.

Таямнічы кардынал Бенітэс, арцыбіскуп Кабула, з'яўляецца перад самым пачаткам Канклава. Кадр з фільма

Другая падзея — з’яўленне на парогу калегіі невядомага раней кардынала. Нейкі Бенітэс (Карлас Дыес) заяўляе, што ён арцыбіскуп Кабула і быў прызначаны спачылым папам кардыналам in pectore, то-бок таемна. Лоўрэнс спачатку думае, што ён ашуканец, але пасля дапускае яго да ўдзелу ў выбарах, палічыўшы, што таемнае прызначэнне звязанае з небяспекай у краіне, дзе ён служыў. 

«Гэта Канклаў, а не вайна»

За сценамі Ватыкана разгараецца сапраўдная палітычная барацьба. Кадр з фільма

Кардыналаў замыкаюць і пачынаецца сапраўдны палітычны трылер. За Святы Пасад змагаюцца адразу некалькі партый, якія падтрымліваюць розных кардыналаў на выбарах. Галоўную пагрозу для дзесяцігоддзяў прагрэсу ў Царкве прыхільнікі ліберальнага крыла бачаць у асобе італьянскага кардынала Тэдэска (Серджыа Кастэліта), харызматычнага традыцыяналіста, які жадае вярнуць былую славу Рыма і адрадзіць такія перажыткі, як літургія на мёртвай лацінскай мове. Яму ў піку выступае амерыканскі кардынал Беліні (Стэнлі Тучы), якога падтрымлівае ў тым ліку і сам дэкан Лоўрэнс. 

Кардынал Тэдэска — галоўны праціўнік прагрэсу ў Царкве. Кадр з фільма

Беліні выступае за ўсё, за што не выступае Тэдэска, ён за здаровы падыход да такіх пытанняў, як геі, разводы і кантрацэпцыя, за павагу да іншых вераванняў і цярпімасць да розных поглядаў у межах Царквы, і за тое, каб жанчыны адыгрывалі большую ролю ў папскай Курыі. Апошняе, праўда, выклікае пярэчанні нават сярод яго прыхільнікаў: «Давайце не згадваць жанчын».

Жанчыны адыграюць немалую ролю ў фільме, хочуць таго мужчыны-традыцыяналісты ці не. Кадр з фільма

Між тым жанчыны прысутнічаюць і на Канклаве, яны нябачнымі ценямі, над якімі стаіць строгая сястра Агнес (Ізабела Раселіні), абслугоўваюць кардыналаў падчас выбараў. І як любая стрэльба, якая вісіць на сцяне, гэтая мусіць урэшце стрэліць, змяніўшы гісторыю.

Палымяная прамова Лоўрэнса пра разнастайнасць, скіраваная супраць кансерватыўна-шавіністычнага крыла, шкодзіць самім лібералам. Па выніках першага дня Канклава Беліні аказваецца толькі на трэцім месцы, пэўную частку галасоў нечакана перацягвае сам Лоўрэнс. Наперадзе аказваецца не толькі Тэдэска, але і нігерыйскі кардынал Адэемі (Лусіян Мсамаці), яшчэ больш рэакцыйны кандыдат, які выступае за тое, каб «адпраўляць геяў у турмы на гэтым свеце і ў пекла ў замагільным». 

Дэкан Лоўрэнс пасля прамовы пра разнастайнасць нечакана набывае вагу, якая шкодзіць інтарэсам яго партыі. Кадр з фільма

Лібералы разумеюць, што Беліні не зможа перамагчы, і вырашаюць аддаць свае галасы найменш людажэрнаму з кансерватараў.

«Мы смяротныя людзі, мы служым ідэалу, але мы не можам заўсёды быць ідэальнымі», — каментуе свой выбар адзін з ліберальных кардыналаў. 

Пробліск рэальнасці

Падчас Канклава становіцца зразумела, што нешта адбываецца па-за ягонымі сценамі, але кардыналы не павінны ведаць што. Нішто не мусіць пранікнуць звонку ў гэты герметычны свет. Расследаванне ўнутры Канклава прыводзіць дэкана Лоўрэнса да выкрыцця непрыемных фактаў, якія змяняюць баланс гульні. 

Як паўплывае на ход гісторыі «цёмны конік» Бенітэс, якога ў Канклаў падкінуў спачылы Папа? Кадр з фільма

Калі вынік Канклава здаецца вырашаным, здараецца сапраўды цудоўнае здарэнне — у герметычную прастору Канклава ўрываецца рэальны свет. Прамень дзённага святла асвятляе прыцемкі таямніц Ватыкана, як сонца адганяе цень ад алтара ў касцёле. Гэта падзея пераварочвае ўсё з ног на галаву. Царква не можа быць асобна1 ад свету, адгарадзіцца ад яго праблем, выклікаў і чаканняў. «Царква гэта не традыцыя, Царква гэта не мінулае, Царква — гэта як мы будзем дзейнічаць далей».

Дэкан Лоўрэнс галасуе на Канклаве. Кадр з фільма.

Фільм пакідае адкрытым пытаннем, што ёсць провідам Божым і што ёсць большым грахом — быць не такімі, якімі нас хочуць бачыць іншыя, або спрабаваць змяніць тое, якімі нас стварыў Усявышні.

Habemus Papam

Ватыкан заўсёды быў прыцягальным: такая закрытая і магутная структура, як Каталіцкая царква, што мае дзве тысячы гадоў традыцыі і столькі ж захоўвае свае таямніцы за бляскам багацця храмаў і палацаў, заварожвае многіх. У кінастужках, ад экранізацый раманаў Дэна Браўна да «Маладога папы» і «Двух папаў», мы прагнем дакрануцца да гэтай таямнічай велічы традыцый і сакральнай абраднасці. І «Канклаў» цалкам задавольвае гэту прагу.

Дэкарацыі італьянскіх палацаў, у якіх здымаўся фільм. Кадр з фільма

Аператар, француз Стэфан Фантэн, разам з рэжысёрам ператварае кожны кадр фільма ў высокае мастацтва. Адныя кадры нагадваюць карціны старых майстроў з бессаромным заігрываннем з гульнёй святла і ценю і барочнай кампазіцыяй, іншыя цягнуцца да строгай сіметрыі і графічнага мінімалізму. Стваральнікі фільма смакуюць хараство пышных, каляровых царкоўных убораў, абрадаў, багатых архітэктурных дэкарацый, і разнастайных людскіх тыпажоў на радасць гледачам.

Трывожную нявызначанасць і небяспеку падтрымлівае саўндтрэк аскараноснага нямецкага кампазітара Гаўшкі, з якім Эдвард Бергер ужо супрацоўнічаў у фільме «На Заходнім фронце нічога новага». Рэзкія гукі струнных інструментаў быццам створаныя для таго, каб нагнятаць атмасферу. Музыку нямецкага эксперыментатара хіба што ўсяго адзін раз перарывае ўзвышаная барочнае песнапенне Miserere mei, Deus (Даруй мне, Божа).

Кардыналы з парасонамі. Кадр з фільма

Але сам саўндтрэк засланяе неверагодная праца з гукам, які становіцца важнай часткай пагружэння ў атмасферу фільма. Ад самага пачатку мы чуем цяжкае дыханне дэкана Лоўрэнса, у ім адчуваецца і цяжар ускладзенай на яго адказнасці, і немалады ўзрост кардынала. Кожны эпізод, кожная дэталь у фільме раскрываюцца праз палітру гукаў, пра якія забыліся б у іншым фільме: і непрыемнае рыпенне абутку па падлозе, і шэлест аркушаў, і звон нацельных крыжоў, і гукі дужак акуляраў, калі іх складаюць.

Адна са шматлікіх сцэнак у фільме, якая быццам спісаная з палотнаў знакамітых жывапісцаў. Кадр з фільма

Гукі гэтыя, здаецца, настолькі дробныя, няважныя, што пачуць іх мы б змаглі толькі прысутнічаючы там асабіста, у целе самога Лоўрэнса — у гэтым, здаецца і хаваецца сакрэт поўнага адчування прысутнасці і датычнасць. У канцы фільма мы літаральна чуем павеў перамен у Сікстынскай капэле, а перад цітрамі Лоўрэнс сімвалічна адчыняе насцеж акно, упускаючы ўсярэдзіну гукі сапраўднага жыцця.

Ізабела Раселіні ў ролі сястры Агнес. Кадр з фільма

У фільме сабраная выдатная плеяда вядомых драматычных акцёраў — Рэйф Файнс, Стэнлі Тучы, Джон Літгау і Ізабела Раселіні. Мноства буйных планаў даюць магчымасць атрымаць асалоду ад гульні Файнса ў ролі дэкана Калегіі кардыналаў, якога турбуюць душэўныя мукі і клопат пра дабрабыт Царквы. Яркі вобраз харызматычнага і выбухнога кардынала Тэдэска атрымаўся ў малавядомага для нас італьянскага акцёра Серджыа Кастэліта. Для Раселіні, якая выконвае невялікую, але значную ролю, гэта таксама вяртанне ў вялікае галівудскае кіно пасля дзесяцігоддзя невялікіх стужак і серыялаў. 

У суб’ектыўным рэйтынгу «Канклаў» заняў бы адно з першых месцаў сярод фільмаў гэтага года. Хочацца вярнуцца да яго, каб яшчэ раз атрымаць дзве гадзіны асалоды ад ідэальна падагнаных элементаў, дзе нічога не раздражняе і не выглядае лішнім. Гэта якаснае кіно, якое будзе цікавае тым, хто цікавіцца і палітычнымі трылерамі, і гістарычнымі драмамі, а вось уражлівай кансерватыўнай публіцы варта падрыхтавацца да непрыемнага шоку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Марыя М.
    30.11.2024
    Усё так, паглядзела фільм ужо два разы, засталася пад вялікім уражаннем.
  • Так
    30.11.2024
    Столькі ўжо "шокавых" серыялаў і фільмаў, што ўжо ўсё менш шакуюць.

    А вось сапраўдны шок пасля выбараў у ЗША далей трымае левых "прагрэсіўных", у тым ліку частку несумленных і прадузятых журналістаў 😉
  • le problème
    30.11.2024
    сериал для адептов покопошиться в сортах д*ма

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі31

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння даляр упаў на сем капеек да 3,4 рубля

На падтрымку дэпартаванага ў Беларусь экс-каліноўца Васіля Верамейчыка сабралі неабходную суму3

На трасе Мінск — Гродна заўважылі дзікіх коней ВІДЭА

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі5

Цэнтр Мінска сёння перакрыюць для ўсіх відаў транспарту — едзе Пуцін11

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным3

Трамп прызначыў «цара» па пытаннях штучнага інтэлекту і крыптавалют4

Адбылося лёсаванне новага футбольнага турніру — Клубнага чэмпіянату свету2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі31

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →