Свет11

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?

Узнаўляючы ўзаемадзеянне з Мадурам, мы нічога не губляем. Затое атрымліваем шанец змякчыць міграцыйны крызіс — прыблізна так разважаюць уплывовыя людзі ў атачэнні Трампа.

Жанчына трымае плакат з надпісам «Fuera» (Прэч) падчас пратэсту венесуэльскіх эмігрантаў у Чылі супраць перавыбрання Нікаласа Мадуры ў 2024 годзе. Фота: Lucas Aguayo Araos / Anadolu via Getty Images

Венесуэла — найбагацейшая краіна ў свеце ў плане нафтавых рэсурсаў. Па стане на 2024 год, запасы нафты ў гэтай краіне ацэньваюцца на больш за 300 мільярдаў барэляў. Гэта амаль у чатыры разы больш, чым у Расіі, і ў пяць з паловай разоў больш, чым у ЗША.

У той жа час гэта краіна займае другое месца па беднасці ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Восем з дзесяці чалавек жывуць у беднасці, прычым сем з іх — у крайняй беднасці. Цягам апошняй дэкады краіну пакінула амаль восем мільёнаў чалавек.

Усё гэта — вынік 25 гадоў кіравання левых папулістаў Уга Чавеса і яго наступніка Нікаласа Мадуры. Хранічная карупцыя, эканамічны дылетантызм і дыктатура далі вось такі вынік. 

«Палітыка максімальнага ціску толькі ўмацавала Мадуру»

У часы свайго першага прэзідэнцтва ў 2017—2021 Дональд Трамп вызначаўся жорсткай палітыкай у дачыненні да Мадуры і ягонай клікі. Падсумоўваючы гэту палітыку, выданне Foreign Policy ў чэрвені 2021 пісала так: «Палітыка «максімальнага ціску» Трампа толькі ўмацавала Мадуру. Цяпер [новы прэзідэнт Джо] Байдэн павінен выбраць новы курс».

Выбіранне новага курсу ў часы Байдэна звялося да эпізадычных спробаў падштурхнуць Мадура да дыялогу з апазіцыяй узамен за паступовае паслабленне санкцыяў.

Пасля таго, як Трамп зноў выйграў выбары, а Мадура свае выбары зноў сфальшаваў, узнавіліся размовы пра неабходнасць перагледзець палітыку адносна Венесуэлы — піша The Wall Street Journal. Прычым перагледзець у тыпова бізнэсовым ключы: прагматычна і без лішніх сантыментаў. 

Давайце дамаўляцца з Мадурам

Гары Сарджант III, мільярдэр і донар Рэспубліканскай партыі, разважае наступным чынам. Ад санкцыяў на венесуэльскую нафту не выйграе́м ні мы, ні Мадура. Узнаўляючы ўзаемадзеянне з Мадурам і паслабляючы санкцыі, мы нічога не губляем, затое атрымліваем шанец змякчыць міграцыйны крызіс.

Адно з сёлетніх апытанняў паказала, што калі Мадура застанецца пры ўладзе, то 19% венесуэльцаў гатовы эміграваць неадкладна. Ажно 48% хочуць зрабіць гэта на працягу аднаго да шасці месяцаў. Асноўны напрамак міграцыі — канечне ж, ЗША.

Паколькі не можам звергнуць аўтакрата — давайце з ім дамаўляцца. Бо нешта ж трэба рабіць — новыя хвалі эміграцыі ўжо на гарызонце — прыблізна так гучыць пасыл бізнэсоўцаў а-ля Гары Сарджант.

Апроч таго — кажуць яны — аднаўляючы эканамічныя сувязі з Венесуэлай, ЗША могуць вярнуць сабе ўплыў у нафтавай прамысловасці Венесуэлы і паменшыць стратэгічныя перавагі, якімі зараз карыстаюцца геапалітычныя канкурэнты — Расія і Кітай. 

Мадура — дзвюма рукамі «за». Трамп — наўрад ці

Венесуэльскі аўтакрат не раз заяўляў пра гатоўнасць перазагрузіць адносіны з Вашынгтонам, акцэнтуючы менавіта «бяспройгрышнасць» магчымай здзелкі.

Ці ёсць шанец, што Трамп дыяметральна зменіць сваю палітыку адносна Венесуэлы?

Што ж, у перадвыбарнай кампаніі ён не раз згадваў пра Каракас (сталіцу Венесуэлы) як пра «цалкам спакойнае месца». Казаў нават, што пераедзе туды, калі прайграе на выбарах у ЗША — нагадвае Wall Street Journal.

Гэтыя выказванні, аднак, больш падобныя да іроніі. А калі сур’ёзна, то больш красамоўным у гэтым плане ёсць факт, што Трамп прызначыў дзяржсакратаром сенатара Марка Рубіа — чалавека, які вядомы сваёй падтрымкай суровых захадаў супраць Мадура і іншых аўтакратаў рэгіёна.

У камандзе Трампа будуць іншыя праціўнікі Мадуры — заўважае WSJ. Напрыклад, былы дарадца па нацыянальнай бяспецы Маўрысіа Клавер-Кароне і Ілан Маск.

Гэты апошні нават запрапанаваў Мадуру двубой са здзеклівай умовай: калі ў бойцы пераможа ён, то Мадура пакіне ўладу ў Венесуэле, а калі пераможа Мадура, то Маск падорыць палітыку бясплатны білет на Марс.

Непрыязь да Мадуры надалей моцная ў колах рэспубліканцаў. Некаторыя, як Эрык Прынс, прапануюць нават павялічыць узнагароду за арышт Мадура з 15 да 100 мільёнаў долараў.

Меркаванні тыпу таго, што агучвае Гары Сарджанта III, адлюстроўваюць адзін з трэндаў у амерыканскай палітыцы. Гэтыя меркаванні маюць свае козыры і патэнцыял для пашырэння.

Але на сёння яны хутчэй індыкатары настрояў, чым рэальная сіла, здольная змяніць курс.

Каментары1

  • беларус
    06.12.2024
    "калі ў бойцы пераможа ён, то Мадура пакіне ўладу ў Венесуэле, а калі пераможа Мадура, то Маск падорыць палітыку бясплатны білет на Марс."

    А Маск часам у хакей не гуляе? Есьць адзін кандыдат на двубой.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава, які хаваўся 20 гадоў. Адзін з яго пашпартоў быў на імя Сашы Белага3

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава, які хаваўся 20 гадоў. Адзін з яго пашпартоў быў на імя Сашы Белага

Усе навіны →
Усе навіны

Каля мінскага шматпавярховіка нехта патруціў катоў, рассыпаўшы атруту1

«На роздум далі паўгадзіны». Настаўніцы з Полацка давялося звольніцца з-за тыкток-блога15

Расійскі прызёр Паралімпіяды з парушэннямі інтэлекту пайшоў на вайну і загінуў5

Азараў адкрыў у Варшаве дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»31

Хто такі Аляксандр Дзюкаў і чаму ён узяўся за Каліноўскага12

Аляксандр Куўшынаў расказаў, каму пойдуць грошы, аддадзеныя за гадзіннік Франака Вячоркі9

У суботу ў Беларусі можна будзе назіраць частковае сонечнае зацьменне3

Улады абяцалі зрабіць частку падвеснага моста ў Мастах шкляной. Беларусы паказалі, што атрымалася4

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце?14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава, які хаваўся 20 гадоў. Адзін з яго пашпартоў быў на імя Сашы Белага3

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава, які хаваўся 20 гадоў. Адзін з яго пашпартоў быў на імя Сашы Белага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць