Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне
Прэзідэнт Францыі ў чацвер прыляціць у Варшаву, каб абмеркаваць план еўрапейскай міратворчай місіі, якая дазволіць захаваць украінскі суверэнітэт у рамках магчымай дамоўленасці паміж Трампам і Пуціным, піша польскае выданне Rzeczpospolita.
Rzeczpospolita адзначае, што ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу, які акурат цяпер перажывае Францыя, толькі надзвычай важныя справы могуць прымусіць Эмануэля Макрона некуды паехаць. І акурат такой справай з'яўляецца пытанне вайны ва Украіне, якое цяпер паўстае ўсё больш востра з-за таго, што 20 студзеня на пасаду прэзідэнта ЗША мае заступіць Дональд Трамп.
7 снежня напярэдадні ўрачыстасці адкрыцця ў Парыжы адноўленага сабора Нотр-Дам Макрон менш чым гадзіну размаўляў тэт-а-тэт з Трампам у Елісейскім палацы, а пасля да іх на паўгадзіны далучыўся Уладзімір Зяленскі.
«З таго, што я разумею, Эмануэль Макрон паведаміў Дональду Трампу, што Еўропа не толькі не можа быць выключаная з перамоў ЗША і Расіі, бо мае тут уласныя сур'ёзныя інтарэсы бяспекі, але і гатовая ўдзельнічаць у гэтым працэсе фінансава, а галоўнае — узяць на сябе рызыку, звязаную з абаронай украінскага суверэнітэту», — заявіў польскаму выданню Каміль Гран, які да 2022 года быў намеснікам генеральнага сакратара НАТА.
Асновай французскай прапановы з'яўляецца міратворчая місія, якая гарантавала б, што Крэмль у будучыні не парушыць магчымае перамір'е і вызначаную лінію размежавання.
У лютым Макрон упершыню прапанаваў ідэю накіравання войскаў НАТА ва Украіну. Аднак ён не вызначыў умоў, пры якіх гэта магчыма. Больш канкрэтна да гэтай ідэі ён звярнуўся 11 лістапада на сустрэчы ў Парыжы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.
«Місія магла б складацца з пяці брыгад (прыкладна 40 тысяч вайскоўцаў). Кіраванне адной з іх магла б узяць на сябе Польшча», — тлумачыць Элі Тэненбаўм, эксперт парыжскага IFRI.
Паводле Каміля Грана, ёсць тры спосабы забеспячэння гарантый бяспекі для Украіны:
«Першы — «нямецкі», гэта значыць прыняцце краіны ў НАТА нават без вызначэння канчатковых межаў. Аднак Амерыка і Германія супраць гэтага. Другі — «ізраільскі», гэта значыць масавая пастаўка зброі Украіне нават пасля заключэння міру. Трэці — «карэйскі», які прадугледжвае міжнародную міратворчую місію для кантролю лініі размежавання».
Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі нядаўна ўпершыню выказаўся, што менавіта такая місія магла б гарантаваць бяспеку краіны, пакуль Украіна чакае гарантый ад НАТА.
На фоне ўнутраных праблем Францыі і адсутнасці парламенцкай большасці Макрон застаецца адзіным, хто мае права прымаць рашэнні аб выкарыстанні французскіх узброеных сіл і кірунках знешняй палітыкі.
У той жа час на гэты момант Крэмль не падае ніякіх сігналаў, што гатовы адмовіцца ад імкнення кантраляваць усю ўкраінскую тэрыторыю і пайсці на пагадненне з Украінай і яе саюзнікамі.
Між тым прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск сёння на пасяджэнні ўрада сказаў, што перамовы аб міру ва Украіне могуць пачацца ўжо гэтай зімой:
«Як вы можаце сабе ўявіць, наша дэлегацыя будзе суадказнай, сярод іншага, за тое, як будзе выглядаць палітычны каляндар, магчыма, якой будзе сітуацыя падчас перамоваў, якія могуць, хоць гэта яшчэ пад пытаннем, пачацца зімой гэтага года», — заявіў ён.
«Мір дзякуючы сіле магчымы!» Зяленскі ў Парыжы сустрэўся з Трампам і Макронам
Зяленскі: Мы з Трампам гаварылі пра замарозку вайны
Макрон не выключыў магчымасці адправіць войскі заходніх краін ва Украіну
Чаму Макрон раптам загаварыў пра магчымы ўвод заходніх войскаў ва Украіну
Макрон: Не можа быць працяглага міру, калі не будзе вяртання да міжнародна прызнаных межаў Украіны з Крымам уключна
Каментары
Ніхто з Еўра бюракратаў за Украіну не будзе ні змагацца ні штосці рваць . Усё Украіну злілі і памянялі на Сірыю. Праект Украіна дапабачэнне!