Культура

Знакі прыпынку

* * *

З Аляксандрам Лукашэнкам (старшынём саўгасу) і Зянонам Пазьняком (навукоўцам) я пазнаёміўся ў розны час, але ў адным месцы: на студыі тэлебачаньня. З Пазьняком - на праграме пра захаваньне старога Менску (пры будаўніцтве мэтро), з Лукашэнкам - на праграме пра вынікі Чарнобылю.

Мяркую, менавіта на тэлебачаньні пазнаёміліся мы ня столькі таму, што я там працаваў, колькі праз тое, што Пазьняк і Лукашэнка ўжо тады былі публічнымі асобамі - і шукалі публічнасьці.

У праграме з удзелам Пазьняка бралі ўдзел людзі казённыя (з гарвыканкаму, Саўміну), якія, як ні намагаўся я выправіць сытуацыю, Пазьняку амаль нічога не далі сказаць. І ён, адсунуўшы мікрафон, замаўчаў дэманстратыўна…

У праграме з удзелам Лукашэнкі таксама бралі ўдзел казённыя людзі (з Саўміну, з Акадэміі навук), якім, як ні намагаўся я выправіць сытуацыю, Лукашэнка амаль нічога ня даў сказаць. Захапіўшы мікрафон, ён гаварыў і гаварыў несупынна…

Пасьля праграмы пра вынікі Чарнобылю старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін сказаў мне: "Глядзі, каб гэтага (ненарматыўная лексыка) ані ў якай праграме болей не было, ён усё тэлебачаньне замудазвоніць…"

Неяк я напомніў пра тое Бураўкіну - ён запярэчыў: "Нешта ты блытаеш, не казаў я такога".

Магчыма, блытаю: ня ён казаў… Але ж нехта казаў… І не магу ўспомніць: хто гэта ўжо тады быў такі прадбачлівы?

* * *

Крымскія школы пераводзяцца на ўкраінскую мову. Пра гэта - па ўсіх расейскіх інфармацыйных каналах, і паралельна з гэтым - пра Севастопаль, Крым і валюнтарыста Хрушчова…

Хрушчоў працаваў ва Ўкраіне ў Юзаўцы (Данецку), Харкаве, Кіеве… У Кіеве я спытаўся ў функцыянэра зь ведамства культуры, які за манумэнтальнае мастацтва адказваў: "Чаму помнік Мікіту Сяргеевічу ні ў адным з украінскіх гарадоў не стаіць?.." Той зьдзівіўся: "А за што? Ён жа маскаль, камуняка…"

Такая во хахляцкая няўдзячнасьць… Расея колькі войнаў за Крым праваявала, насьмерць з туркамі білася, а Хрушчоў падпісаў паперу - і калі ласка: вось вам, друзі, Крым. Далучаю…

Да Беларусі, між іншым, таксама што-кольвечы магло далучыцца. Паводле баек, якія чуў я ў Маскве, Сталін напрыканцы вайны меў намер далучыць Кёнігсбэрг да БССР, каб пазьбегнуць памежнай пярэрвы ў камунікацыях - і наагул з эканамічнай мэтазгоднасьці. Але ў такім разе трэба было пакідаць за Беларусьсю і Беласточчыну. Таму ўмяшаўся ў сталінскія намеры паляк Ракасоўскі, які ўгаварыў пайсьці разам зь ім да Сталіна маршала Жукава: "По нашему мнению, товарищ Сталин, земля Пруссии, политая кровью русских солдат, должна быть только русской землей - и никакой другой".

Такая во пшэцкая сквапнасьць…

Калі ўявіць (каб палякам моташна стала), што Ракасоўскі Сталіна зь беларусамі не абдурыў і Беларусь - марская дзяржава, ці паўстаў бы сёньня ў Менску помнік правадыру? Ну хоць бы там, дзе ён некалі ўжо стаяў, - на Кастрычніцкай плошчы (колішняй плошчы імя Сталіна) - задам да Палацу Рэспублікі і перадам да рэзыдэнцыі Лукашэнкі…

Адным з аўтараў помніка (колішняга) таварышу Сталіну быў скульптар Заір Азгур. Неяк у майстэрні ягонай, забітай Ленінамі, Сталінамі і менш буйнымі правадырамі, крытык Рыгор Бярозкін, які паадпачываў у сталінскіх лягерах і да вайны, і пасьля яе, на Азгура, што называецца, наехаў. Якраз за тое, што той рабіў сталінскі помнік. "Кінь ты, Грыша, - адмахваўся Азгур. - Сталіна іншыя рабілі, я толькі гузікі на ім ляпіў".

Такая во жыдоўская хітрасьць…

"Сталінскі гузік!" - называў нейкі час Рыгор Саламонавіч Заіра Ісакавіча.

Байку ж пра тое, чаму і як з маскальскага Крым хахляцкім стаў, пачуў я ад украінскага літаратара, якога часова (і выключна за высокамастацкія заслугі, як раней яно і ў нас бывала) запісалі ў дыпляматы. І даводзіў ён мне ў Варшаве, што маскалі наўмысна (дзеля глыбіннай гістарычнай кансьпірацыі) брэшуць і брэшуць, нібыта Крым быў далучаны да Ўкраіны праз дурноту Хрушчова, празь нейкія хахляцкія ягоныя (якіх быць не магло!) сымпатыі і сувязі, і што наагул падаравана была Крымская паўвыспа ў імя братэрства савецкіх народаў ледзьве не па п'янцы. А насамрэч, у чым дасюль, маўляў, маскалям сорамна прызнацца, Крым быў закладзены пад каштоўныя савецкія паперы, якія толькі пад гэтую гарантыю на Захадзе, найперш у Амэрыцы, і купляліся. У 1960 г. настаў час абменьваць паперы на рэальныя грошы ды яшчэ плаціць працэнты. Ні першае, ні другое, зразумела, нават ня мелася на ўвазе, калі паперы выпускаліся. Але пазыка ёсьць пазыка, а пад ёю - Крым. Вось тады і прыдумалі перадаць паўвыспу Ўкраіне, на ўсялякі выпадак. Калі абыдзецца дык абыдзецца, а калі не, дык Украіна - самастойная дзяржава з прадстаўніцтвам у ААН, і яна вам нічога ня вінна.

Такое во яно ўсё, разам узятае…

З аднаго боку - абы-што. З другога боку, гісторыя ня тое, што было, а тое, што пра гэта набаяна, напісана, зьлеплена… Сталінскі гузік.

Каментары

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца8

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

У гродзенскім «Еўраопце» заўважылі мыш ВІДЭА1

Буслы, дранікі і БелАЗы. «Мегатоп» выпусціў калекцыю абутку з беларускімі матывамі

Дроны, якія заляцелі ў Латвію і Эстонію, аказаліся ўкраінскімі4

Прэзідэнт Германіі: Адносіны з Масквой і Вашынгтонам ніколі не будуць ранейшымі5

«Кароткі шпацыр, хлёрка, холад». Эдуард Пальчыс расказаў, у якіх умовах трымаюць Андрэя Пачобута

Меланія Трамп абвергла словы Лукашэнкі, што звярталася да яго па дапамогу23

Палітолага Вольгу Харламаву арыштавалі за «здраду дзяржаве»7

Полацкі бізнэсмен Захараў, на якога завялі завочную крыміналку, вярнуўся ў Беларусь і атрымаў 5 гадоў калоніі3

Саудаўская Аравія і ААЭ просяць Трампа не спыняцца з Іранам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца8

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць