Грамадства66

У Гродне — канфлікт чаек і людзей: адныя крычаць, другія разбураюць гнёзды

У Гродне прыкметна вырасла папуляцыя чаек: птушкі актыўна засяляюць дахі шматпавярховікаў, абжываюць прамзоны і ўсё часцей з’яўляюцца ў дварах. Мясцовыя жыхары скардзяцца на такое суседства: у дварах брудна, па раніцах шумна. І пакуль улады і арнітолагі абмяркоўваюць, як гуманна вырашыць праблему, некаторыя гродзенцы пераходзяць да радыкальных дзеянняў — разбураюць гнёзды птушак. У апошні час зафіксаваныя як мінімум два такіх выпадкі, піша Hrodna Life.

Чайкі - новы гарадскі від у Гродне. Фота ілюстрацыйнае: Unsplash
Чайкі — новы гарадскі від у Гродне. Фота ілюстрацыйнае: Unsplash

Гняздуюцца на дахах, крычаць як людзі

Жыхары шматпавярховікаў дзеляцца, што чайкі сталі сапраўдным бедствам: шумяць з самага світанку, гучна крычаць і перашкаджаюць спаць. У эфіры тэлеканала «Беларусь 4. Гродна» мясцовыя расказваюць:

«Крычаць як каты, як людзі. Проста перашкаджаюць спаць. Ды і наогул не ведаю, што ад іх чакаць».

«Раніцай немагчыма. У мяне ў ваннай такі шум, што не заснуць».

«Раней такога не было. Гэта ўсё дзесьці гады з два таму пачалося. Спачатку думала — хтосьці кліча на дапамогу, аказалася — птушкі».

Чайкі жывуць на дахах у розных раёнах горада: на бульвары Ленінскага Камсамолу, Дзевятоўцы, праспекце Касманаўтаў, вуліцах Белуша і Лідскай. Шмат птушак — на даху рынка «Карона» і на прадпрыемствах: камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Хімвалакно», «Гродна Азот».

Радыкальныя меры: гараджане разбураюць гнёзды

Пакуль гарадскія ўлады шукаюць рашэнне, некаторыя гродзенцы дзейнічаюць самастойна і радыкальна: знішчаюць гнёзды птушак. Было зафіксавана два такія выпадкі. На бульвары Ленінскага Камсамолу відавочцы паведамілі пра знішчэнне гнязда. Інспектары прыродааховы высветлілі нумары аўтамабіля, на якім з’ехалі меркаваныя парушальнікі, і звярнуліся ў РАУС. Пацярпелых птушанят даставілі ў Гродзенскі заапарк. Адно з іх застанецца там назаўсёды з-за траўмаў.

На вуліцы Паповіча невядомыя скінулі з даху двух птушанят. Адно ўдалося выратаваць — у птушкі зламаныя лапкі, цяпер яна жыве ў свайго ратаўніка.

Абодва выпадкі знаходзяцца на кантролі ў прыродаахоўнай інспекцыі.

Закон на баку птушак

З 16 лютага па 14 жніўня ў Беларусі забаронена разбураць птушыныя гнёзды — гэта час актыўнага гнездавання. За парушэнне прадугледжаны штраф:

  • да 30 базавых велічынь для фізічных асобаў;
  • да 500 базавых велічынь — для арганізацый.

Парушальнікі таксама павінны кампенсаваць шкоду прыродзе.

Папуляцыя чаек расце ўжо 15 гадоў

У гарадской прасторы чайкі з’явіліся не ўчора. Яшчэ ў 2016 годзе выданне «Вечерний Гродно» пісала пра рост папуляцыі чаек і праблему, якая намячаецца ў сувязі з гэтымі птушкамі. Тады, па ацэнцы арнітолагаў, у горадзе жыло каля тысячы асобін.

Птушкі прыляталі з Мінска і Міжземнамор'я, дзе яны адаптаваліся да жыцця побач з людзьмі яшчэ раней.

«Чайкі каланізуюць гарады, таму што лёгка адаптуюцца. Яны сілкуюцца адкідамі, а для гнездавання выбіраюць дахі, дзе няма драпежнікаў», — тлумачыў тады арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.

Згодна з улікам 2023 года, каля 75% вялікіх белагаловых чаек Беларусі гнездаваліся на дахах розных будынкаў у дзевяці гарадах і пасёлках. І толькі 25% займалі розныя прыродныя біятопы (тэрыторыі з аднатыпным асяроддзем і ўмовамі для жыцця пэўных відаў). У 2018−2022 гадах у Гродне вялікія белагаловыя чайкі налічвалі 101−300 пар на гнездаванні. Для параўнання, у Мінску папуляцыя складала 3−5 тысяч пар, у Віцебску — 1−3 тысячы.

Улады шукаюць рашэнне, але пакуль безвынікова

Арнітолагі і гарадскія ўлады шукаюць шляхі вырашэння праблемы. Навукоўцы лічаць, што галоўная прычына росту папуляцыі — лішак смецця. Пакуль у горадзе не наладзяць раздзельны збор адходаў і скарачэнне харчовых адкідаў, чайкі будуць сяліцца ў жылых кварталах. Сярод прапанаваных мер — устаноўка на дахах металічных шыпоў, гукавых адпужвальнікаў і спецыяльных пудзіл.

Пра гэту праблему ў мінулым годзе нават гаварыў у жывым эфіры кіраўнік Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.

«На сённяшні дзень эколагам дадзеныя даручэнні: вывучыць пытанне іх міграцыі, з’яўлення і зразумець, што рабіць далей. Пытанне няпростае, таму што ў рамках заканадаўства сёння ўзяць і ачысціць тэрыторыю ад чаек, у тым ліку і ад кладак яек, ад птушанят — праблемна, таму што пытанне выразна ўрэгулявана заканадаўствам. Разам з тым, нядаўна на вуліцы Церашковай гэтая праблема вырашалася.

Сёння, каб хоць неяк выключыць з’яўленне новых лакацый рассялення чаек, мы разам з гарадскім ЖКГ спрабуем розныя метады тэхнічнага характару — адпужванне, напрыклад. Мы рэагуем і будзем працягваць, у рамках заканадаўства. Крыху цярпення, з часам гэтае пытанне будзе вырашана», — дадаў Андрэй Хмель.

Каментары6

  • Жвір
    06.07.2025
    А вароны не замінаюць спаць жыхарам Горадні ? Дзіўна чуць, што людзі займаюцца такой хрэньнёй...
  • Белы
    07.07.2025
    Зялёныя канчаткова з глузду з'ехалі. Скора тараканаў і клапоў абараняць пачнуць.
  • Джонатан Лівінгстан
    07.07.2025
    Белы, Уся надзея на Бацьку і яго дзяцей. Калі ён не ўтрымае краіну і крыкуны і гарлапаны захопяць уладу, зялёныя забароняць не толькі душыць мух, але і ёсць мяса, будзе толькі брусельская капуста на сталах заваяванага народа, а зверху над людзьмі будуць смяяцца чайкі сваім д'ябальскім смехам.

Цяпер чытаюць

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

10 000 км за тры тыдні. Беларусы адправіліся ў Турцыю на аўто: што ўбачылі і колькі патрацілі?1

Аўтар «Балады аб дыктатару» цяпер адпачывае ў Парыжы22

«Была бязмежная розніца культур». У літоўскай сетцы заакрам расказалі, чаму ў іх не склалася праца ў Беларусі14

Выйшла новая Gemini 4 Argon. Яна будуе рэалістычныя 3D-сімуляцыі і пакадрава аналізуе відэа

Трамп расказаў, як і навошта карыстаецца касметыкай12

У Еўропе для абароны ад паводак і засух ствараюць усё больш гарадоў-губак

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!9

«Хацелася, каб камень быў беларускі». У Швейцарыі адкрылі абноўлены помнік Касцюшку8

Зяленскі: Вашынгтон спрабуе арганізаваць яго сустрэчу з Пуціным і Трампам у ААЭ, Саудаўскай Аравіі або ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць