«Нішто так не заахвочвае пісаць, як нуда». 50 гадоў таму памерла Агата Крысці. Як пісала гэта геніяльная жанчына?
Дэтэктыўныя раманы Агаты Крысці захапляюць чытачоў ужо больш за стагоддзе, але нават праз 50 гадоў пасля смерці сама яна застаецца загадкай. У інтэрв'ю ў 1955 годзе былі раскрытыя некаторыя сакрэты пісьменніцы, якая была такая ж складаная, як і сюжэты яе твораў, паведамляе Бі-бі-сі.

Агаце Крысці фенаменальна ўдавалася хавацца ва ўсіх на вачах. Яна выглядала як высакародная пажылая дама ў футры, якая любіць садоўніцтва, добрую ежу, сям'ю і сабак.
Пры ўсім сваім бяскрыўдным выглядзе пісьменніца атрымлівала задавальненне, прыдумляючы заблытаныя гісторыі пра атручванні, здраду і кровапраліццё, якія потым станавіліся бестселерамі. Яна рэдка распавядала пра тое, як працуе яе вынаходлівы розум.
Крысці была вельмі сарамлівай, але ў 1955 годзе яна пагадзілася даць рэдкае інтэрв'ю ў сваёй лонданскай кватэры для радыёпраграмы Бі-бі-сі.
У ім пісьменніца распавяла, як нетрадыцыйнае дзяцінства распальвала яе мысленне, чаму пісаць п'есы было лягчэй, чым раманы, і як яна магла скончыць кнігу за тры месяцы.
Агата Мілер (яе дзявочае прозвішча) нарадзілася ў заможнай сям'і ў 1890 годзе і ў асноўным атрымлівала адукацыю дома. На пытанне пра тое, як яна пачала пісаць, Крысці адказвала: «Я звязваю гэта з тым, што ў мяне ніколі не было адукацыі». […] Урэшце я ўсё ж пайшла ў школу ў Парыжы, калі мне было 16 ці каля таго. Але да таго часу, акрамя навучання асновам арыфметыкі, я не атрымлівала ніякай адукацыі».
Крысці апісвае сваё дзяцінства як поўнае цудоўнага гультайства, але ўжо тады ў яе быў неўтаймаваны апетыт да чытання. «Я прыдумляла гісторыі і грала розныя ролі, і няма нічога лепшага за нуду, каб прымусіць цябе пісаць. Так што да 16 ці 17 гадоў я напісала даволі шмат апавяданняў і адзін доўгі, сумны раман», — казала яна.
Па словах Крысці, сваю першую апублікаваную кнігу яна дапісала ў 21 год. Пасля некалькіх адмоваў раман «Загадкавае здарэнне ў Стайлзе» быў апублікаваны ў 1920 годзе — і свет пазнаёміўся з яе самым вядомым персанажам, дэтэктывам Эркюлем Пуаро.
Крысці не выпадкова выбрала атручванне ў якасці метаду забойства для сваёй першай гісторыі.
У час Першай сусветнай вайны, калі яе муж Арчы Крысці служыў у Францыі, яна працавала медсястрой у шпіталі для параненых салдат у Брытаніі. Крысці была памочніцай у шпітальнай аптэцы, дзе атрымала веды пра лекі і яды. Пісьменніца выкарыстоўвала яд у сваёй творчасці ў 41 выпадку забойстваў, замахаў і самагубстваў.
Тыповая формула раманаў Крысці пачынаецца з замкнёнай групы падазраваных з аднаго сацыяльнага кола і забойства, ахутанага доказамі, якія вядуць да кульмінацыйнай канфрантацыі. У цэнтры сюжэту — прыватны дэтэктыў, такі як Пуаро ці міс Марпл, які разгадвае таямніцу і раскрывае праўду ўсёй групе ў драматычнай фінальнай сцэне. Гэтая знаёмая і бясконца адаптуемая структура аповеду з'яўляецца часткай таго, што робіць творчасць Крысці такой даўгавечнай.
У 1926 годзе ў свет выйшла кніга «Забойства Роджэра Экройда», і за Агатай Крысці канчаткова замацавалася рэпутацыя прафесійнага аўтара дэтэктываў — у той час як яе ўласнае асабістае жыццё пайшло пад адхон. Маці Крысці памерла, а яе муж Арчы прызнаўся, што кахае іншую жанчыну, і папрасіў пра развод.
У змаганні з горам і творчым крызісам, Крысці сама апынулася гераіняй дэтэктыўнай гісторыі. Халоднай снежаньскай ноччу ў маляўнічым мястэчку ў графстве Сурэй быў знойдзены яе аўтамабіль на краі мелавога кар'ера. У машыне паліцыя знайшла яе футра і пасведчанне кіроўцы, але самой пісьменніцы нідзе не было.
Была распачата адна з найбуйнейшых у гісторыі Вялікабрытаніі аперацый па вышуку зніклага чалавека. Гэтая гісторыя мела ўсе прыкметы сенсацыі для таблоідаў: вядомая пісьменніца і аўтар дэтэктываў, якая знікла, пакінуўшы пасля сябе шэраг інтрыгуючых слядоў, сямігадовая дачка, якая засталася без маці, і прыгожы муж, які заблытаўся ў адносінах з маладой палюбоўніцай. Нават аўтар Шэрлака Холмса сэр Артур Конан Дойл уключыўся ў пошукі, наняўшы экстрасэнса, каб той звязаўся з Агатай праз адну з яе пальчатак.
Падарожжы па Блізкім Усходзе
Праз 10 дзён Агату Крысці знайшлі ў гатэлі ў Харагейце ў Паўночным Ёркшыры за 370 км ад таго месца, дзе знайшлі яе машыну. З'явілася мноства тэорый: ці было яе знікненне вынікам страты памяці, спробай паставіць мужа ў няёмкае становішча ці нават рэкламным трукам?
Крысці вырашыла не разгадваць гэтую таямніцу ў сваёй аўтабіяграфіі, напісаўшы толькі: «Пасля хваробы прыйшлі смутак, роспач і разбітае сэрца. Няма патрэбы зацыклівацца на гэтым».

Яна была гэтак жа прагматычная, калі гаворка зайшла пра сакрэты яе стылю працы, сказаўшы Бі-бі-сі ў 1955 годзе: «Праўда ў тым, што ў мяне няма асаблівага метаду. Я друкую свае чарнавікі на старой друкарцы, якая дакладна служыць мне шмат гадоў, і выкарыстоўваю дыктафон для кароткіх апавяданняў ці для перапрацоўкі акта п'есы, але не для больш складанай працы над раманам».
У 1930 годзе Агата Крысці выйшла замуж за Макса Малоўэна — археолага на 14 гадоў маладзейшага за яе, з якім пазнаёмілася падчас паездкі ў Ірак за паўгода да гэтага. Пара падзяляла любоў да старажытных культур. Іх падарожжы па Блізкім Усходзе натхнілі яе на напісанне такіх твораў, як «Смерць на Ніле» (упершыню апублікавана ў 1937 годзе). Шчасце ў асабістым жыцці, мяркуючы па ўсім, глыбока паўплывала на яе творчасць: за наступныя дзевяць гадоў яна напісала 17 паўнавартасных раманаў.
Для Крысці галоўнае задавальненне ад пісьменства заключалася ў прыдумванні хітрых сюжэтаў.
Яна казала: «Я думаю, што сапраўдная праца заключаецца ў тым, каб прадумаць развіццё сюжэту і абдумваць яго да таго часу, пакуль ён не стане ідэальным. Гэта можа заняць даволі шмат часу. Затым, калі ўсе матэрыялы сабраныя, застаецца толькі знайсці час, каб напісаць кнігу. Мне здаецца, што тры месяцы — цалкам разумны тэрмін для напісання кнігі, калі можна адразу прыступіць да справы».
У радыёперадачы 1955 года тэатральны імпрэсарыа сэр Пітэр Сондэрс, які спрадзюсаваў пастаноўку п'есы Крысці «Мышалоўка», што стала хітом, казаў, што пісьменніца валодала дзіўным талентам ствараць у сваёй галаве цалкам сфарміраваныя сцэны і гісторыі.
«Аднойчы я спытаў яе: «Як ідзе новая п'еса?» «Яна гатовая», — адказала яна. Але калі я спытаў, ці магу я яе прачытаць, яна адказала так проста: «О, я яе яшчэ не напісала».
З яе пункту гледжання, п'еса ад пачатку да канца была прапрацавана да найменшых дэталяў. Напісанне п'есы было для яе проста фізічнай працай».
Пра гэта ж казаў і заснавальнік выдавецтва Penguin Books сэр Алан Лейн. За 25 гадоў сяброўства з Агатай Крысці ён ні разу «не чуў гукаў яе друкарскай машынкі… нягледзячы на ўзрушальную колькасць і якасць яе працы». Па яго словах, чым бы пісьменніца не займалася — арганізоўвала працу лагера падчас экспедыцыі па пустынях Месапатаміі ці вышывала вечарамі, «новая п'еса ці аповесць Агаты Крысці распрацоўвалася ў яе розуме».
Кнігі, лічыла Крысці, можна напісаць за тры месяцы, а п'есы, па яе словах, «лепш пісаць хутчэй». Калі радыёпраграма пра Крысці выйшла ў 1955 годзе, тры яе п'есы ішлі ў лонданскім Вэст-Эндзе. «Мышалоўка» ўжо біла рэкорды касавых збораў усяго праз тры гады пасля прэм'еры. П'еса спачатку была прадстаўлена ў выглядзе радыёпастаноўкі пад назвай «Тры сляпыя мышкі» ў 1947 годзе ў рамках вячэрніх праграм, прысвечаных 80‑годдзю каралевы Марыі.
Па словах Крысці, пісаць п'есы было «значна весялей, чым пісаць кнігі». Яна казала: «Не трэба турбавацца пра доўгія апісанні месцаў і людзей ці пра тое, як размеркаваць матэрыял. І трэба пісаць даволі хутка, каб захаваць настрой і зрабіць дыялогі натуральнымі».
Самы доўгаіграючы спектакль
У 1973 годзе Крысці наведала мерапрыемства ў гонар 21‑годдзя «Мышалоўкі» ў лонданскім гатэлі Savoy. На ім таксама прысутнічаў Рычард Атэнбора, выканаўца галоўнай ролі ў арыгінальнай пастаноўцы, які прадказаў, што спектакль «можа ісці яшчэ 21 год». «Я не пастаўлю яго ў адзін шэраг з саборам Святога Паўла, але, безумоўна, амерыканцы лічаць, што, прыехаўшы ў Лондан, яны павінны пайсці і паглядзець «Мышалоўку», — казаў ён.
У 1957 годзе «Мышалоўка» стала самым доўгаіграючым спектаклем у Вялікабрытаніі. Спыніць гэты поспех змагла толькі пандэмія кавіду ў 2020 годзе, калі паказы былі прыпыненыя. У сакавіку 2025 года адбылося 30‑тысячнае па ліку прадстаўленне; «Мышалоўка» ідзе і дагэтуль.
Атэнбора таксама даў інтэрв'ю ў 1955 годзе. Па яго словах, Крысці была «апошнім чалавекам у свеце, пра якога вы маглі б падумаць у сувязі са злачынствам, гвалтам ці чымсьці жудасным ці драматычным».
«Мы проста не маглі змірыцца з тым фактам, што гэтая ціхая і шаноўная дама магла выклікаць у нас дрыжыкі, зачароўваць людзей ва ўсім свеце сваім майстэрствам саспенсу і сваім дарам ствараць на сцэне і на экране такую атмасферу жаху», — казаў ён.
Інтэрв'ю, якое Агата Крысці дала ў 1955 годзе, пралівае трохі святла на яе метады, але сама яна па-ранейшаму застаецца загадкай.
Каментары