Грамадства44

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Мікіта Красько — адзін з радыёаматараў, якіх абвінавачваюць у шпіянажы і здрадзе дзяржаве. «Наша Ніва» пагутарыла з айцішнікам, які правёў 10 дзён у адной камеры з Мікітам і ведае, як таго раскручвалі па крыміналцы.

Мікіта Красько. Скрыншот СТБ

Міхась пазнаёміўся з Мікітам, калі адбываў суткі па палітычным артыкуле ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Гэта было ў верасні 2024 года:

«Мяне затрымалі 28 жніўня, праз некалькі дзён апынуўся ў «палітычнай» камеры ЦІПа. Ён там ужо сядзеў. Тады людзей там было не надта шмат, мо 4‑5 чалавек. Было больш лайтова — яны там і часопісы мелі, і пластыкавыя кубкі для вады. Але пасля пачалі ў тую камеру размяркоўваць больш людзей».

Міхась кажа, што максімальна ў той камеры падчас яго сутак было 23 чалавекі адначасова. Тады, вядома, умовы ў камеры зрабіліся больш жорсткімі.

На той час, успамінае Міхась, Мікіта сядзеў у ЦІПе ўжо каля 50 дзён. Атрымліваецца, Мікіту затрымалі недзе ў сярэдзіне ліпеня 2024-га.

Потым іншыя вязні даведаліся, што за краты кінулі не толькі Мікіту, але і ягоную дзяўчыну, і малодшага брата:

«Спачатку ён не казаў, што яго прэсуюць кадэбэшнікі. Расказваў пра сябе агульнымі словамі — маўляў, я як усе, забралі за рэпост і знайшлі бел-чырвона-белы сцяг у гаражы. Але хлопцы, якія сядзелі ў іншых камерах з яго малодшым братам, потым усё зразумелі. Той брат патлумачыў, што іх трымаюць за радыёаматарства.

Быў дзень, калі яго раніцай забралі на следчыя дзеянні і вярнулі толькі ўвечары, мы ўжо думалі, што яго там ледзь не катавалі ўвесь дзень. Ён пра гэта шмат не расказваў, бо, магчыма, яго запужвалі. Толькі казаў, што яго вазілі ў гараж, і гэта было часта — магчыма, прасілі паказаць, як ён там працаваў з радыё».

Міхась мяркуе, што дзяўчына і брат Мікіты трапілі за краты як закладнікі, каб можна было ціснуць на самога Мікіту. Суразмоўца ўспамінае, што іх затрымалі пазней за хлопца — верагодна, ён не пагаджаўся распавесці тое, што ад яго хацелі пачуць.

Міхась кажа, што правёў з Мікітам у камеры каля 10 дзён:

«Ён казаў, што сеў у чэрвені і быў паголены, а калі я яго бачыў, у яго была даўжэзная барада. Мы жартавалі — маўляў, ты яшчэ і палысеў, пакуль тут сядзеў? Шкадаваў, што за тое лета так і не пакупаўся на Мінскім моры».

Мікіту тым часам дадавалі ўсё новыя суткі арышту. Чарговыя з іх скончыліся, калі Міхась сядзеў з ім у адной камеры. Здавалася, што Мікіту выпусцілі, але ўвечары яго зноў вярнулі ў камеру — расказаў, што далі яшчэ 15 сутак. Разам з ранейшымі тэрмінамі атрымлівалася, што на Акрэсціна Мікіта правядзе як мінімум 65 сутак.

Тое, што Красько накідваюць суткі за суткамі, прымушала хвалявацца шмат каго з яго сукамернікаў — маўляў, і ім могуць даць новыя суткі. Уражвала і тое, колькі часу Мікіта ўжо за кратамі:

«Уявіце, ніякіх шпацыраў, ніякіх душаў, і хлопец так сядзіць 50 сутак. Гэта сапраўднае катаванне, можна так з глузду з’ехаць.

У нас хадзілі чуткі — маўляў, ім інкрымінуюць, быццам яны праслухоўвалі перамовы КДБ і прадавалі іх СБУ. Але хутчэй за ўсё, гэта тое, чым пужалі на допытах малодшага брата Мікіты».

Сюжэт пра «радыёаматараў-шпіёнаў» выйшаў на СТБ 15 студзеня 2026 года. У ім расказвалася, нібыта пад выглядам суполак радыёаматараў дзейнічала структура для перахопу сакрэтнай інфармацыі.

Усяго па справе затрымана сем чалавек, ім інкрымінуюць шпіянаж (арт. 358 КК) і здраду дзяржаве (арт. 356 КК).

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Лукашенка 200
    22.01.2026
    Желаю коле испытать, что случилось с беларусами. Желаю ему несчастья
  • 22.01.2026
    Тутэйшы , ня толькі радыёамататар . Любы жадаючы можа набыць сабе на Алі прыладу SDR коштам ад 8$ , прыстасаваць да USB . И слухаць ўсё . Лбыя радыёхвалі , самыя сучасныя пратаколы, усе тыпы мадуляціі .
  • Сведка
    22.01.2026
    В 2022-м точно так месяцами сидели люди, чьи телефоны пробивались рядом с железной дорогой. Без доказательств, просто пытались им сшить дела.

Цяпер чытаюць

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс23

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхарка Берліна стала сусветнай рэкардсменкай па колькасці марафонаў

Судовыя эксперты сабралі табурэтку па кавалках, каб дапамагчы аднавіць карціну забойства1

«Ажыятаж вялікі». Беларусаў запрашаюць на палі півоняў

У Барысаве шпіталізавалі 28 дашкольнікаў1

У Мінск-Свеце адкрылася крама, у якой можна замовіць піцу ў касіра. Зробяць за тры хвіліны2

Палітвязень Кім Самусенка параўнаў свет на моманты яго пасадкі і вызвалення: Усё нядрэнна для еўрапейскай цывілізацыі, а значыць, і для беларусаў23

Нямецкі эканаміст, які паспяхова прадказаў трох апошніх чэмпіёнаў свету па футболе, зрабіў свае стаўкі на 20264

У Барысаве ўчора атруціліся некалькі дашкольнікаў

Амерыканец, які атрымаў прытулак у Беларусі, вярнуўся ў ЗША11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс23

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць