Магчымую базу «Арэшніка» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны
Каля тэрыторыі былога вайсковага аэрадрома пад Крычавам, дзе Расія цяпер можа разгортваць балістычны ракетны комплекс «Арэшнік», з лістапада 2025 года з’явіліся абсталяваныя пазіцыі для сродкаў супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы. Гэта заўважылі журналісты-расследавальнікі «Радыё Свабода», прааналізаваўшы разам з вайсковым экспертам апошнія спадарожнікавыя здымкі месца.

На спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs, зробленым 17 лютага 2026 года, у радыусе пяці кіламетраў вакол былога вайсковага аэрадрома «Радыё Свабода» налічыла не менш за шэсць абсталяваных пазіцый з вайсковай тэхнікай.
Частка гэтай тэхнікі сваёй канфігурацыяй і ценямі, што яна адкідае, нагадвае расійскія зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М2» ці сучасны зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр», іншая — комплексы радыёэлектроннай барацьбы тыпу «Красуха» ці «Масква-1». Але якасць спадарожнікавага здымка не дазваляе вызначыць тып тэхнікі дакладна.
Уся пералічаная тэхніка прызначаная для абароны важных аб’ектаў ад авіяцыі, беспілотнікаў і ракетных удараў. Іх задача — выяўленне паветраных цэляў, пры патрэбе іх перахоп, а таксама здушэнне сродкаў навігацыі і кіравання праціўніка.

Са спадарожнікавых здымкаў таксама вынікае, што першая тэхніка для супрацьпаветранай абароны пачала з’яўляцца на пазіцыях у ваколіцах аэрадрома пад Крычавам на пачатку лістапада, калі закладаліся першыя падмуркі будынкаў вайсковай базы на ўзлётна-пасадачнай паласе. У сярэдзіне снежня — прыкладна тады, калі Аляксандр Лукашэнка заявіў пра «заступленне на баявое дзяжурства» ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» — такіх пазіцый вакол аэрадрома ўжо было як мінімум шэсць.
На 17 лютага 2026 года адна з абсталяваных пазіцый з вайсковай тэхнікай знаходзіцца каля вёскі Зарубец, дзве — каля вёскі Ганнаўка, адна — каля вёскі Палошкава, адна — каля вёскі Красная Буда, таксама абсталяваная пазіцыя з некалькімі машынамі, некаторыя з якіх могуць быць радыёлакацыйнымі станцыямі, на ўскрайку вёскі Новыя Дамамерычы. Вакол некаторых з гэтых лакацый выкапаныя невялікія акопы, вакол часткі з іх насыпаныя невялікія абарончыя земляныя валы.

У цэнтральнай частцы вайсковага гарадка на тэрыторыі былога вайсковага аэрадрома на тым жа месцы, што зафіксавана на раней прааналізаваных «Радыё Свабода» здымках ад 9 лютага, знаходзяцца 6 вялікіх машын. На думку экспертаў, яны могуць належаць ракетнаму комплексу «Арэшнік». Іх памер і прапорцыі адпавядаюць памерам паказанай 30 снежня 2025 года міністэрствамі абароны Расіі і Беларусі тэхнікі, якая тады нібыта «заступіла на баявое дзяжурства». Вакол гэтай тэхнікі працягваюць узводзіць ангар.
На здымках таксама можна заўважыць аб’ект, які канфігурацыяй нагадвае зенітна-ракетны комплекс С-300.

Як адзначыў у каментары «Радыё Свабода» ўкраінскі авіяцыйны эксперт, намеснік дырэктара кампаніі — вытворцы прылад для радыёэлектроннай барацьбы Анатоль Храпчынскі, з прааналізаваных ім здымкаў можна зрабіць выснову, што каля аэрадрома пад Крычавам можа стварацца шматузроўневая сістэма супрацьпаветранай абароны. І яна, на думку эксперта, выглядае абсалютна лагічнай у выпадку размяшчэння ў гэтым месцы комплексу накшталт «Арэшніка».
«Калі Расія размяшчае міжкантынентальную балістычную ракету або комплекс кшталту «Арэшніка», яна ў кожным разе будзе будаваць сістэму супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця гэтага аб’екта, бо ён мае для яе стратэгічнае значэнне. І адпаведна эшаланаваную мадэль такой абароны: сістэмы вялікай далёкасці, напрыклад класа С-300, могуць прыкрывацца комплексамі бліжэйшага дзеяння накшталт «Панцыра» або «Тора». Гэта ў прынцыпе супадае з тым, што мы бачым з канфігурацыі ценяў ад тэхнікі і яе размяшчэння на спадарожнікавых здымках. Такім чынам перакрываюцца «сляпыя зоны» і забяспечваецца комплексная абарона аб’екта».
Эксперт таксама адзначае, што характар аховы, а таксама вялікая колькасць разнастайнай тэхнікі сведчаць пра вялікую значнасць аб’екта для ўладаў Расіі і Беларусі:
«Гаворка ідзе пра закрыты вайсковы гарадок з каласальным узроўнем абароны — як наземнай, так і паветранай. Такі ўзровень прыкрыцця звычайна атрымліваюць сапраўды важныя аб’екты».
Новы спадарожнікавы здымак, імаверна, зафіксаваў машыны комплексу «Арэшнік» пад Крычавам
Апакаліпсіс заўтра. Статкевіч напісаў першы артыкул — з папярэджаннем пра небяспеку з боку Расіі
Мінабароны паказала, як «Арэшнік» заступаў на баявое дзяжурства
Даследчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік»
Каментары