Культура22

Выканаўца суперхіта «Шчучыншчына» Алена Зуй-Вайцяхоўская распавяла пра новую працу і змаганне з дэпрэсіяй

Актрыса Алена Зуй-Вайцяхоўская, яна ж Елена ЖелудОk, калісьці скарыла беларусаў хітом «Шчучыншчына». Даведаліся, дзе цяпер яна працуе, а заадно пагутарылі пра дэпрэсію, афрыканскія танцы, год жанчыны, міністра культуры, творчыя планы іх сямейнага гурта Zui і, вядома, самой спадарыні ЖелудOk.

Алена Зуй-Вайцяхоўская. Тут і далей фота з асабістага архіва

Пра працу ў польскіх тэатрах

Вось ужо чатыры месяцы Алена Зуй-Вайцяхоўская працуе ў варшаўскім тэатры Syrena ў якасці суфлёра — чалавека, які знаходзіцца за кулісамі і яго не бачна на сцэне, але які можа выратаваць увесь спектакль, калі акцёры забудуць тэкст.

«Гэта вельмі цікавы для мяне досвед — пабачыць знутры, як уладкаваная польская тэатральная кухня. У беларускіх тэатрах, у якіх я працавала, асобнага чалавека ў штаце на такія абавязкі я не памятаю. Звычайна тэкст падказваў памочнік рэжысёра. Але, насамрэч, з таго, што я ўжо пабачыла, вельмі рэдка акцёры забываюць тэкст менавіта падчас спектакляў. А на рэпетыцыях сапраўды дапамагаць часта даводзіцца — акцёрам прасцей адразу абазначыць суфлёру, у якім месцы ў іх вылятае нейкае прозвішча ці лічба, чым марнаваць час на пошукі канкрэтнага месца ў тэксце».

Актрыса маніторыла сайт з вакансіямі ў сферы культуры ў пошуках падпрацоўкі і, пабачыўшы пасаду суфлёра, на наступны дзень ужо была ў тэатры — праз пару дзён перамоваў ёй сказалі, што яна цалкам падыходзіць для гэтай ролі.

«Я добра валодаю польскай мовай, звычайна палякі нават не здагадваюцца, што я не мясцовая, калі ім пра гэта не казаць. Першапачаткова на гэта паўплывала тое, што мая маці працавала ў польскім консульстве, і ў пятым-шостым класе я два гады жыла ў Гданьску і вучылася ў польскай школе. То бок, база ў мяне адтуль.

Але як для любога іншага чалавека, які вывучае замежную мову, вялікім бонусам тут з’яўляецца музычны слых і назіральнасць. Ну, і ўсё ж мы ўжо чатыры гады жывём у Варшаве».

Алена расказвае, што яе аплата залежыць ад колькасці гадзін і на рукі яна атрымлівае мінімальны па мясцовых мерках заробак. Але гэта ўсё роўна больш чым тое, што ёй плацілі ў тэатры ў Беларусі.

«Але цяпер у нас ёсць медыцынская страхоўка, якая распаўсюджваецца на ўсю сям’ю. Ну, і як для актрысы для мяне вельмі цікавы досвед супрацы з польскімі акцёрамі, рэжысёрамі. Мне вельмі падабаецца гэты тэатр. І ў прынцыпе ў Польшчы школа музычнага тэатра на куды больш моцным узроўні, чым у нас».

Суразмоўца згадвае, што калі на адной з рэпетыцый адсутнічала актрыса, занятая ў нядаўняй прэм’еры мюзікла пра былога мэра Варшавы «Starzyński», то яна спявала за яе тэкст, за што сарвала апладысменты ад рэжысёра і трупы. Таксама яна з задавальненнем агучвае свае парады-назіранні акцёрам, калі тыя не супраць. 

«Дадаткова я працягваю граць у «Хоры кабет», і неўзабаве мы зноў адправімся на гастролі, на гэты раз у Швецыю, з нашым антываенным спектаклем «Маткі. Песня падчас вайны». Мы працягваем казаць пра вайну ва Украіне са сцэны, пакуль можам. Для мяне гэта вельмі важна.

Сцэна са спектакля «Маткі. Песня падчас вайны»

Па суботах жа выкладаю тэатральнае майстэрства для дзетак ад 3 да 13 год у студыі «Купалінка». Мае дзеці ў тэатральную студыю не ходзяць — яны займаюцца музыкай у школе. Мне здаецца, у Мішы (акцёра Міхаіла Зуя — мужа Алены. — НН) была такая мара, каб яны сталі ўдзельнікамі нашага гурту. Ці, прынамсі, стварылі б уласны з дзецьмі нашых сяброў (бо ў таго ж Дзімы Есяневіча яго Варвара доўга займалася фартэпіяна). Але вось малодшую Марыйку я б аддала дадаткова на анімацыю да Андруся Такінданга ў «Купалінцы». Бо яна ўжо і ютуб сабе завяла, і тыкток, пастаянна нешта здымае і мантуе. Аднак найперш я за тое, каб дзеці самі абіралі тое, што ім прыносіць радасць. Тое, у чым яны сябе добра адчуваюць і знаходзяць рэсурс».

Актрыса дадае, што дзеці ўжо амаль цалкам адаптаваліся ў Польшчы — малодшая 10‑гадовая дачка нават нядаўна прызналася ў тым, што пачала думаць па-польску. Але ў старэйшага сына ўсё яшчэ час ад часу праскоквае пытанне «калі паедзем дадому?» 

«Я думаю, што яны сумуюць па сваіх дзіцячых успамінах, па месцах, дзе ім было добра і весела — сесці ў цягнік і ехаць ноччу да бабулі; гуляць па садзе, куды можна было выйсці ў піжаме басанож. Нягледзячы на польскіх сяброў і атачэнне, яны працягваюць заставацца беларусамі. І будуць імі.

Я стараюся ім нагадваць у тым ліку пра тое, што трэба ведаць беларускую мову. Кажу: «Калі вы не будзеце яе памятаць, то яе не будзе, яна як бы загіне». Ну і мы самі робім усё для таго, каб яны не забываліся, каб памяталі свае карані.

«Мне падавалася, што далей канец свету, усё засталося ў мінулым»

Амаль тры гады актрыса была ў тэрапіі і год з гэтага часу — на антыдэпрэсантах.

«Я прайшла праз розныя стадыі дэпрэсіі. Калі мы яшчэ жылі ў Львове, пачалося з таго, што мне стала нецікава, што адбываецца ў маім жыцці. Мне было важна проста падняцца зранку, накарміць дзяцей, адправіць іх у школу ці ў садок, пасля забраць плюс нешта арганізаваць вакол іх здароўя і развіцця. Штодзень я чакала, калі ўжо прыйдзе вечар і можна будзе хутчэй легчы спаць.

Пасля пачатку вайны мы пераехалі ў Польшчу, і я канчаткова згубіла пачуццё бяспекі, якое паступова пачала губляць з пачаткам рэпрэсій супраць нас у Беларусі. Мне падавалася, што далей канец свету, усё засталося ў мінулым. З гэтым шэрым, беспрасветным пачуццём я жыла, стараючыся выконваць функцыі маці, зачыняючыся ў прыбіральні, каб паплакаць у ручнік.

Памятаю, напярэдадні Новага году — 2024 (на той момант я была ўжо ў тэрапіі паўгода) сяброўка, што прыехала ў госці, параіла: «Лена, я не буду цябе змушаць, але схадзі, калі ласка, на кансультацыю да псіхіятра». Я ж доўгі час думала, што сама з гэтым усім дам рады, не хацела медыкаментознай дапамогі, але на той Новы год мне стала так страшэнна, што я зразумела — трэба ісці».

Сёння кожную нядзелю Алена бавіць час на афрыканскіх танцах. Гэта стала для актрысы дадатковай тэрапіяй.

«Там такая класная група! Такі добры выкладчык! Я выходжу пасля заняткаў з жаданнем жыць. Атрымліваю добрую перазагрузку, зарад бадзёрасці», — пасміхаецца.

«У нас няма менеджара, а мы самі — ні разу не менеджары»

У лістападзе 2024‑га ў Алены з мужам выйшаў альбом «Арка» ў межах іх сямейнага праекта — музычнага гурту Zui. Усе песні для яго былі напісаныя яшчэ ў Беларусі, што цікава, бо многія з іх вельмі сугучныя сёння пачуццям эмігрантаў.

Алена з мужам Міхасём. На фота — цытата з песні Thank youth

Пры вялікім поспеху ў аўдыторыі Zui, на жаль, пакуль не могуць выступаць так часта, як усім хацелася б.

«Адказ тут вельмі просты: у нас няма менеджара, а мы самі — ні разу не менеджары. Спяваць і выступаць — калі ласка, нас тут хлебам не кармі. Але з арганізацыяй гэтага ўсяго пакуль не атрымліваецца».

Пры гэтым ужо пішацца матэрыял на новы альбом.

«Ёсць свежыя творы, як мінімум адзін, які мы выконваем ужо падчас выступаў. Але агулам у нас Міша рухавік гэтага праекта, ён піша больш песень, таму пра будучы альбом пытанне хутчэй да яго».

«Новыя сукенкі з бліскучымі пінжачкамі для Елены ЖелудOk набываюцца»

Папулярнасць і прызнанне актрысе ў свой час прынёс вобраз Елены ЖелудOk з яе «Шчучыншчынай». Пасля таго хіта Жалудок падарыла нам песні пра «Узду», «Лядскую псіхіятрычную», «Кедышкі», удзельнічала ў адборы на «Еўрабачанне» з трэкам «Дзекаць і цекаць», а таксама знялася ў кароткім метры «Чын-чыны» праляцелі зязюляй». Сёння Елена ЖелудOk час ад часу з’яўляецца з калегамі з «ЧынЧынЧэнала» у кароткіх гумарыстычных роліках-пародыях на чыноўнікаў. Некалькі з іх, напрыклад, высцёбваюць абвешчаны Лукашэнкам Год жанчыны.

«Я думаю, што і анансаванне Года жанчыны, і ўсё іншае — гэта тэатр у дрэнным сэнсе гэтага слова. Мне агулам не вельмі цікава абмяркоўваць дзеянні і выказванні таго, хто ўжо даўно паказаў пра сябе ўсё, што мог паказаць. Гэта чалавек, да якога я апрыёры не маю ні даверу, ні павагі», — каментуе Алена.

Дарэчы, у Беларусі ў агульных кампаніях яна не раз перасякалася з сённяшнім міністрам культуры і акцёрам Русланам Чарнецкім.

«Аднойчы я прыйшла ў грымёрку да знаёмых. І падчас спектакля, паміж сцэнамі, здаецца, туды зайшоў Руслан. Ён глядзеў на сябе ў люстэрка, а паралельна па радыё грала песня «Дыяменты» групы «ВІА Гра» са словамі «Я немного постою у зеркала, мне станет легче». І ён пад гэтыя словы нешта сабе папраўляў, гледзячы ў люстэрка. Яго тады падкалолі, што гэтая песня прысвячаецца яму.

Для мяне гэта вельмі сімвалічны і смешны ўспамін у кантэксце яго сённяшняй пасады. Пра чалавека, які вельмі хацеў быць заўважным і значным — і вось знайшоў, якім чынам набыць сабе вагу».

Што тычыцца планаў Елены ЖелудOk, пакуль вялікіх прэм’ер ад яе не чакаецца.

«Яе можна пабачыць у кароткіх відэа на тыктоку ці ў інстаграме. Альбо на мерапрыемствах, куды нас часам запрашаюць. Я вельмі шаную гэты вобраз — бачу, што творчасць Жалудок прыносіць людзям пэўную радасць, яны не супраць разам з ёй патанчыць, паспяваць, пасмяяцца. Жалудок дакладна жывая! І сукенкі з бліскучымі пінжачкамі для яе часам набываюцца — у маёй шафе рэальна вялікая частка гардэроба — гэта касцюмы Жалудок».

Каментары2

  • Малойчык,
    18.03.2026
    Муравейчык! ;)
  • Sintra
    18.03.2026
    Калісьці бачыла Алену ў спектаклі "Раскрыццё" і яна мяне скарыла. Вельмі крутая актрыса, поспеху ў Польшчы!!!!

Цяпер чытаюць

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі13

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

На жыхара Слоніма, які скардзіўся на пераслед за лайк, зроблены ў 2016 годзе, завялі крымінальную справу6

«Фінскі палітык», якога штодня цытуюць крамлёўскія і лукашысцкія СМІ, аказаўся сантэхнікам без грамадзянства Фінляндыі14

КВІР пацвердзіў гібель кіраўніка ваенізаванага апалчэння «Басідж»6

Успрыманне Трампа Масквой змянілася, загаварылі пра вераломства і ненадзейнасць9

Кая Калас: Еўропа спрабавала адгаварыць Трампа ад канфлікту з Іранам, але ЗША з ЕС не кансультаваліся4

Памёр патрыярх Грузіі Ілія ІІ

У месенджары Max Салаўёў дадаецца аўтаматычна, а адпісацца ад яго цэлы квэст5

Марына Адамовіч вярнулася дахаты6

Трамп заявіў, што ЗША больш не маюць патрэбы ў дапамозе краін НАТА15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі13

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць