Грамадства1515

Гісторыя беларускамоўнага мінскага самелье, які ведае 8 моў і вярнуўся з Жэневы, каб падымаць культуру ў Беларусі

У мінскім рэстаране на Інтэрнацыянальнай працуе чалавек, які мог бы стаць героем фільма Уэса Андэрсана. Ён цытуе японскіх драматургаў у арыгінале, вольна пераходзіць з французскай на сербскую, а гасцей сустракае на роднай беларускай мове. Алег Грубіч пакінуў заробак у 8 тысяч даляраў у Швейцарыі, каб працаваць у сваім горадзе. Яго гісторыю распавядае Onliner.

Вечар у мінскім рэстаране. Публіка сабралася інтэрнацыянальная: за адным столікам сядзяць швед з беларускай, за другім — кампанія французаў, крыху далей — паляк. Да гасцей падыходзіць самелье, каб дапамагчы з выбарам напояў. І з кожным размаўляе на яго роднай мове. «Алег, ты што, прыкалваешся?» — дзівіцца літовец, які ведае рускую. Ён з такім сэрвісам яшчэ не сутыкаўся. Але Алег не жартуе — проста ведае восем моў. А яшчэ ён жыў у Японіі і Швейцарыі, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь, каб падымаць на новы ўзровень абслугоўванне ва установах і вінную культуру.

«Я абажаю Мінск, ён абалдзенны!»

«Добры дзень! Зрабіць вам каву ці гарбату?» — сустракае Алег Грубіч.

Затым цікавіцца, на якой мове яму лепш размаўляць падчас інтэрв'ю: на рускай ці на беларускай. Сваёй асноўнай ён выбірае другую. На ёй і спыняемся.

Мы прыйшлі ў рэстаран «Чайны п'яніца» (мужчына ўжо сёмы год працуе тут самелье), але здаецца, што патрапілі ў фільм Уэса Андэрсана. Знешні выгляд, міміка, манера гаварыць — усё ў нашым героі выглядае вельмі кінематаграфічна, пры гэтым жыва і натуральна. Харызмы і акцёрскага майстэрства Алегу не займаць.

З першых хвілін мы даведваемся пра адно з галоўных захапленняў беларуса — японскую драматургію.

— Бацькі выхоўвалі мяне ў агромністай павазе і любові да літаратуры. У нас дома была вялікая бібліятэка. На яе паліцах стаялі мастацкія творы, навуковыя зборнікі, кнігі па гісторыі ды культуры розных краін, у тым ліку Японіі. Гэтыя выданні заўжды стаялі на самым версе. Але я быў цікаўным хлопцам, мне абавязкова трэба было да іх дабрацца.

Так я даведаўся пра японскую драматургію, і яна стала для мяне сапраўдным адкрыццём! Бо там усё зусім не так, як мы звыклі. Настолькі нязведаная ды дзіўная для беларусаў сфера! Проста іншы свет, як бы банальна гэта ні гучала.

Алег нарадзіўся ў Мінску ў сям'і медсястры і інжынера, якія не прытрымліваліся класічнага савецкага сцэнарыя «дом — праца — дача». Бацькі хлопчыка займаліся ў асветніцкіх і гістарычных гуртках, захапляліся краязнаўствам. Дапытлівасць, шырокі кругагляд, любоў да свайго горада перадаліся ад іх і сыну.

— Я абажаю Мінск, ён абалдзенны! Мне падабаецца наша шэрая, але такая класная і добрая гарадская традыцыя, дзе спалучаюцца тысячы людзей і некалькі нацыянальнасцяў. Тут побач жывуць славяне, габрэі, мусульмане, татары… Фантастыка! Я лічу, што такое шматкультур’е — сапраўдны скарб. Бацькі таксама скіроўвалі мяне ў гэты бок: «Чым больш даведваешся, тым лепей. Пашырай гарызонты, адчыняй новыя дзверы, каб стаць багацей. І абавязкова дзяліся сваімі ведамі з іншымі».

«Акцёр павінен працаваць 48 гадзін у суткі, а мяне хапала толькі на 3»

Алег пайшоў у школу з тэатральным ухілам і ў восьмым-дзявятым класе канчаткова зразумеў, што хоча звязаць сваё жыццё з тэатрам.

Ён паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе працягнуў вывучаць драматургію. Асабліва захаплялі хлопца сербскія і японскія п'есы — настолькі, што хацелася чытаць іх у арыгінале. Ён, уласна, гэта і рабіў, паступова асвойваючы новыя мовы.

— Яшчэ ў школе мы рыхтавалі штосьці накшталт курсавых работ. І маёй улюбёнай тэмай была творчасць Цікамацу Модзаэмона — вялікага драматурга, якога яшчэ называюць «японскім Шэкспірам». Я быў настолькі апантаны яго сюжэтамі ды персанажамі і ўвогуле тэатральнай культурай, што куды мне яшчэ было ісці пасля адзінаццатага класа, акрамя Акадэміі мастацтваў? І трэба сказаць, што мне вельмі пашанцавала з выкладчыкамі. Гэта быў важны ды каштоўны час.

Аднак акцёрам Алег так і не стаў — кажа, з-за таго, што ён занадта лянівы. Вядома, у гэта складана паверыць, улічваючы той факт, што наш суразмоўца ведае восем моў, а менавіта рускую, беларускую, нямецкую, французскую, японскую, сербскую, польскую і англійскую (ну і яшчэ трохі літоўскую). Да таго ж большую частку жыцця Алег захапляецца японазнаўствам. Менавіта гэтая акалічнасць у свой час прывяла студэнта-тэатрала спачатку ў Польшчу, а потым і ў саму Японію.

— Акцёр павінен працаваць 48 гадзін у суткі, а мяне хапала толькі на 3. Я быў хутчэй тэарэтыкам курса, увесь час чытаў, даследаваў звесткі. Мне хацелася больш грунтоўна вывучаць культуру, філасофію і традыцыю Японіі… Але ў нашых вучэбных установах на той момант не было факультэта япаністыкі, а ў Варшаўскім універсітэце быў. Так я трапіў у Польшчу — ідучы за сваім запалам.

— Але як жа вы вывучылі столькі моў і што дапамагае іх не забываць?

— Гэта атрымалася натуральным чынам, дзякуючы вучобе ў розных універсітэтах і зносінам з носьбітамі. Што датычыцца падтрымання ўзроўню, то тут дапамагае тое, што я займаюся перакладамі, а таксама чытаю замежную літаратуру ў арыгінале. Ды і ўвогуле люблю падарожжы — там заўжды можна папрактыкавацца.

«Сімвалам маёй падарожнай мапы заўжды была літаратура»

У Варшаве Алег пазнаёміўся з такімі ж апантанымі філолагамі і японазнаўцамі, дзякуючы якім у яго з'явілася магчымасць з'ездзіць на стажыроўку ў Японію.

— Трэба сказаць, што я не быў захоплены самой гэтай краінай, мне хацелася далучыцца менавіта да яе культуры. І канешне, лепш за ўсё рабіць гэта ў натуральным асяроддзі.

Для свайго далейшага навучання Алег выбраў горад Хакадатэ. І зрабіў гэта невыпадкова: менавіта там калісьці жыў і працаваў першы консул Расійскай імперыі ў Японіі Іосіф Гашкевіч. Ён быў складальнікам першага японска-рускага слоўніка і ў цэлым унёс вялізны ўклад у развіццё япаністыкі. Сам, дарэчы, быў родам з Астравеччыны, то-бок наш зямляк.

— Сімвалам маёй падарожнай мапы заўжды была літаратура. Памятаю, як чытаў кнігу «Адысей з Беларусі», прысвечаную жыццю і дзейнасці Іосіфа Гашкевіча. І высветлілася, што дакладна невядома, дзе ён пахаваны… І мне стала цікава даведацца больш аб гэтым дыпламаце. А зрабіць гэта магчыма было менавіта ў Хакадатэ, бо там у мясцовых архівах ёсць звесткі аб ягоным жыцці.

Што агульнага ў Японіі і Беларусі

За тыя паўгода, што Алег правёў у Японіі, ён супрацоўнічаў з навуковым выдавецтвам і часопісамі, даследаваў спадчыну Іосіфа Гашкевіча, перакладаў п'есы тэатраў нагаку, кабукі і сучасную драму сінгэкі. Ён паспеў глыбока пагрузіцца ў гісторыю нацыянальнага тэатра і культуру гэтай краіны і, больш за тое, убачыў у ёй агульныя рысы з нашай, беларускай.

— У межах Японіі ёсць асобны народ — айны. І ў межах сваёй культуры яны адзначаюць свята мядзведзя — Ёцоманэ. У Беларусі таксама ёсць падобнае — Камаедзіца. Ёсць у японцаў і лялечны тэатр бунраку, традыцыя якога нагадвае нашу батлейку.

А ведаеце, як па-японску будзе гучаць слова «сад»? Ніва! А па-беларуску так называецца засеянае поле. Не тое ж самае, канешне, але дзесь побач.

А вось сяброў сярод мясцовага насельніцтва Алег не знайшоў. Паводле слоў мужчыны, да замежнікаў японцы ставяцца насцярожана. Яны ўспрымаюць турыстаў як дадзенасць, не грубяць ім, ветліва ўсміхаюцца, але асаблівай гасціннасцю гэтая нацыя не адрозніваецца. Затое заўсёды рады адзін аднаму там прыезджыя. Яны лёгка знаёмяцца і хутка збліжаюцца.

— Быў там такі бар са сваёй файнай спецыфікай: туды прыходзілі мігранты, якія ўжо нейкі час жывуць у Японіі. Там я пазнаёміўся са шматлікімі класнымі людзьмі і нарэшце знайшоў сяброў. Нас сабралася цэлая кампанія: дзяўчаты з Пецярбургу і з Адэсы, хлопцы з Жэневы. Мы абмяркоўвалі ўсё на свеце, смяяліся, пілі віно — добра бавілі час.

Калі стажыроўка Алега падыходзіла да канца, тыя самыя хлопцы з Жэневы прапанавалі яму працу ў міжкультурным цэнтры ў Швейцарыі. Гэта была заманлівая прапанова — і па грошах, і па развіцці. Ад паездкі Алег атрымаў нават больш, чым чакаў. У яго з'явілася новая страсць — вінаробства.

«Я тады ашалеў! І падумаў, што хачу сам распавядаць так пра віно»

Жэнева знаходзіцца ў заходняй частцы Швейцарыі, побач з мяжой Францыі. Там рукой падаць і да Бургундыі — рэгіёна, які лічыцца цэнтрам французскага вінаробства. Неяк, падарожнічаючы па гэтых месцах, Алег з сябрамі аб'ехалі мноства вінных дамоў. І вядома ж, дэгуставалі напоі ад розных вытворцаў. Тады нашаму герою адкрыўся яшчэ адзін дзіўны свет.

— Я да гэтага нават не мог уявіць, што віно можа быць настолькі розным: чырвонае, ружовае, белае, нават аранжавае. Уявіце сабе: на гэтай тэрыторыі куды ні глянь — паўсюль вінаграднікі. Мы былі вельмі ўражаныя.

Але больш за ўсё Алегу запомніліся нават не дэгустацыі, а чалавек, які праводзіў адну з іх.

— Аднойчы мы прыехалі ў вінны дом у Безансоне. Там нас сустрэў вельмі прыемны самелье — на выгляд яму было гадоў 200. Але як упэўнена і годна паводзіў сябе гэты месье! Ён дапамагаў нам выбіраць віно, размаўляў інтэлігентна і проста, без усялякага пафасу, ставіўся да гасцей з павагай. Даваў парады: «Вазьміце кавалачак грушы, пажуйце і толькі потым паспрабуйце шарданэ». І сапраўды, смак адкрыўся зусім інакш.

Я тады ашалеў! І падумаў, што хачу сам распавядаць так пра віно, толькі на сваёй радзіме, у Беларусі.

Той выпадак падштурхнуў беларуса пайсці вучыцца ў вінную школу ў Бургундыі. Пасля яе заканчэння ён некалькі гадоў працаваў самелье ў рэстаранах Швейцарыі, але потым, як і хацеў, вярнуўся ў родны Мінск і ўжо сёмы год працуе ў рэстаране на Інтэрнацыянальнай.

«У Жэневе амаль усе мае калегі былі ўзросту 30+ і пераважна мужчыны»

Сваім цяперашнім жыццём Алег цалкам задаволены: ён абажае размаўляць з кліентамі пра віно, яму падабаюцца калегі і сама атмасфера рэстарана. Акуратна пытаемся, ці не бянтэжыць яго тое, што ў 40 гадоў (а Алегу менавіта столькі) ён працуе ў сферы гасціннасці: усё ж, у адрозненне ад Еўропы, у мінскіх рэстаранах часцей за ўсё абслугоўваннем займаюся студэнты.

— Наадварот, я гэтым ганаруся! Нас фарміруюць не абставіны, а наша стаўленне да іх. А тое, што некаторыя лічаць, што праца ў рэстаранах, барах ды кавярнях хутчэй нейкая халтура ці падпрацоўка, чым нешта сур’ёзнае… Гэта нават не віна наведвальнікаў. Сам персанал часта ўплывае на такое ўспрыманне. Калі ты не паважаеш сам сябе, чаго чакаць ад іншых? У Жэневе, напрыклад, амаль усе мае калегі былі ўзросту 30+ і пераважна мужчыны. І там гэта ў парадку рэчаў. Да таго, хто любіць людзей і сваю справу, будуць ставіцца з павагай. У адваротным выпадку ў сферы гасціннасці няма чаго рабіць.

Алег таксама прызнаецца: яму вельмі пашанцавала з камандай, тут усе на адной хвалі.

— Тут, у «Чайным п’яніцы», мы адчуваем сябе гаспадарамі ў лепшым сэнсе гэтага слова. Адпаведна, тыя, хто да нас прыходзіць, — гэта нашыя госці. Таму і я, і мае калегі імкнёмся не толькі забяспечыць людзей смачнай ежай ды якаснымі напоямі, але і стварыць атмасферу, падарыць эмоцыі.

— А як адрозніваецца праца ва ўстановах Швейцарыі ад працы ў беларускіх рэстаранах? Напэўна там яна лепш аплачваецца, ды і чаявыя больш істотныя…

— Усё гэта так. У Швейцарыі самелье ў сярэднім можа зарабляць $8 тыс., у Беларусі — каля $1,5 тыс. Але там няма такой шчырасці і сэрвісу, як у нашай краіне. У Жэневе персанал больш заціснуты ў рамкі. Там я павінен быў падыходзіць да гасцей вельмі цырыманіяльна, далікатна, сачыць за тым, у якой руцэ ў мяне бутэлька, а ў якой ручнік… Напрыклад, мне было б няёмка зрабіць вось так…

Тут Алег падрываецца з месца і ўсхвалявана пачынае шукаць штосьці сярод стэлажоў з бутэлькамі: «Дзе ж яно, дзе… А, вось, знайшоў!» Самелье паказвае нам сваю знаходку.

— Вось ізраільскае віно! Дастаткова цяжка было дастаць яго і прывезці ў Беларусь. І вось калі я размаўляю з госцем і разумею, што гэты (ці нейкі іншы) варыянт зараз ідэальна падыдзе да стану ці настрою чалавека, то магу такім жа чынам пабегчы шукаць бутэльку. А ў Жэневе я б так ужо не зрабіў. Не тое каб там гэта забаронена, але мне было б дыскамфортна паводзіць сябе так.

Што тычыцца саміх гасцей, то, як адзначае Алег, розніца паміж нашай публікай і еўрапейскай таксама ёсць.

— Швейцарцаў, напрыклад, вельмі цяжка чымсьці ўразіць. Яны могуць замовіць бутэльку віна за $13 тыс., выпіць віно за вечар, і ў гэтым для іх не будзе нічога асаблівага. А каб такое здарылася ў Мінску, то, напэўна, ужо б увесь горад ведаў (смяецца. — Заўв. Onlíner). Але справа не толькі ў фінансавых магчымасцях, а яшчэ і ў саміх людзях. Наш народ менш спакушальны і больш душэўны — беларусам цікава спрабаваць новае, яны лёгка ідуць на кантакт.

— Як наведвальнікі мінскага рэстарана рэагуюць на вашу «беларускамоўнасць»?

— У асноўным усе ставяцца да гэтага добра. Калі просяць перайсці на рускую мову — без праблем. Магу і на польскую, французскую (далей не будзем пералічваць. — Заўв. Onlíner). А бывае і наадварот: калі людзі чуюць, што я размаўляю па-беларуску, таксама пачынаюць гутарыць так. І гэта вельмі прыемна.

Алег не адмаўляе: пасля вяртання ў Беларусь яго даход істотна ўпаў. Але гэта яго не засмучае, бо галоўнае ў тым, што ён бачыць сэнс у сваёй працы.

— У нашай краіне няма гор ці мораў, але тут неверагодная прырода. І ў мяне столькі месцаў сілы на роднай зямлі! Ну і, канешне, галоўнае — гэта людзі. Я вельмі люблю сваіх сяброў ды калег. Некалькі разоў мяне спрабавалі ханціць іншыя ўладальнікі рэстараннага бізнесу, прапанавалі большы заробак. Але я ведаю, што ў іншым месцы я не буду такі шчаслівы, як тут. Акрамя таго, я працягваю займацца перакладамі. Карацей, мне ўсяго хапае.

Каментары15

  • Невытлумачальна, але факт
    01.04.2026
    Падымаць культуру Беларусі гэта марная, бязглуздая, цалкам прырэчаная на правал ідэя, гэтым займацца могуць толькі страчаныя канчаткова людзі. Магчыма яму прапанавалі большую суму чым у Швейцарыі, улічваючы рызыкі.
  • Отец Засандалий
    01.04.2026
    Всё проще и прозаичнее - выходцам из восточной Европы просто не продляют вид на жительство, намекая на чемодан.
  • Казачны трусік
    01.04.2026
    Невытлумачальна, але факт, хіба як піша каментатар ўнізе, падстава па скончыўшымся днж ці як савецкія дурачкі вярталіся па казках ад знаёмых, бо 100% грошай, упэўнены, ніхто яму больш не прапанаваў. Ці ён аматар ружовых поняў і латэнтны ябацька

Цяпер чытаюць

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?17

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Усе навіны →
Усе навіны

Жлобінскі мужчына хаваўся ад судовых выканаўцаў у лясным шалашы1

У Мінску некаторыя дарогі зробяць вузейшымі

Расія страціла яшчэ адзін самалёт Су-341

Забудзьцеся пра нафту і газ. Як вада можа стаць зброяй у вайне ЗША і Ізраіля супраць Ірана

«Сала як масла, такога нідзе не знайсці». Як сям'я са слуцкай вёскі ператварыла хатнюю гаспадарку ў брэнд9

Мерц хоча выправіць з Германіі дахаты 80% сірыйцаў. Яго ўжо моцна раскрытыкавалі29

Заходнія вятры прынеслі ў Беларусь першыя пылкі-алергены1

«Няма магчымасці далей цягнуць бясплатны фармат». Фестываль Tutaka ўпершыню будзе браць грошы за ўваход7

Літовец паехаў наведаць сваякоў у Беларусь — яго арыштавалі і далі 15 гадоў. Кажуць, што за шпіянаж2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?17

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць