Ксеніі (імя зменена) было 26 гадоў. 23 сакавіка яна адказвала на занятках па матэматыцы ў навучальным цэнтры пры Лодзінскім універсітэце, калі раптам адчула сябе дрэнна, упала, а потым стала сінець. Выклікалі хуткую, і медыкам удалося запусціць сэрца дзяўчыны. Але ў бальніцы высветлілася, што яе мозг памёр. У пачатку красавіка лекары прынялі рашэнне адключыць Ксенію ад апаратаў. Выданне Most паразмаўляла з навучэнцамі, якія ведалі беларуску.

Некалькі гадоў Ксенія жыла і працавала ў Грузіі, а ўвосень 2025 года пераехала ў Польшчу. Тут дзяўчына паступіла на 9‑месячны курс польскай мовы ў Цэнтр польскай мовы для замежнікаў пры Лодзінскім універсітэце. У наступным акадэмічным годзе яна планавала паступіць на гукарэжысёра. Аднак планам не наканавана было здзейсніцца. 23 сакавіка падчас заняткаў Ксенія страціла прытомнасць.
Паводле слоў Вікторыі (імя зменена), студэнткі таго ж курса, якой не было ў той момант у аўдыторыі, падчас заняткаў па матэматыцы Ксенія адказвала, але раптам папрасіла прабачэння — і ўпала на падлогу, ударыўшыся тварам аб парту. Яна не дыхала і пачала сінець. Відаць, у яе спынілася сэрца. Магчыма, у яе пачаліся сутаргі, бо аднагрупнікі казалі, што яна нібыта пачала касцянець і яе было цяжка перавярнуць на спіну.
«Што там дакладна адбывалася, не ведаю. Усё, што зразумела з аповедаў розных людзей: у нейкі момант супрацоўніца Цэнтра пачала рэанімаваць Ксенію. Урэшце прыехала хуткая, але хто і як хутка яе выклікаў, калі яна прыехала — мне невядома», — кажа Вікторыя.
Ксенію ўдалося рэанімаваць, яе шпіталізавалі. Паводле інфармацыі, атрыманай Most ад блізкага атачэння дзяўчыны, у пачатку красавіка пасля правядзення розных даследаванняў лекары прынялі рашэнне адключыць яе ад апаратаў, якія падтрымлівалі жыццядзейнасць. Беларуска памерла.
8 красавіка ў Лодзі з ёй развіталіся сваякі, сябры і аднагрупнікі. Цела маладой дзяўчыны адправілі ў Беларусь, дзе яе пахаваюць бацькі. Наколькі вядома Most, родныя і сябры дзяўчыны спрабуюць высветліць, ці своечасова была выклікана хуткая і ці аказана першая дапамога.
Паклікала на дапамогу ў бальніцу, але там сказалі выклікаць хуткую
Алена (імя зменена) вучыцца ў тым жа цэнтры. Дзяўчына чула, што адна з аднагрупніц Ксеніі, убачыўшы, што тая страціла прытомнасць, у стрэсе пабегла ў бальніцу — найбліжэйшая медыцынская ўстанова знаходзіцца проста насупраць будынка цэнтра. Аднак у падобных выпадках правільна выклікаць хуткую, паколькі лекары бальніцы займаюцца сваімі пацыентамі.
Паводле інфармацыі аднаго з чытачоў Most, знаёмых з сітуацыяй, адзін са студэнтаў у той дзень пабег да вахцёра, каб выклікаць хуткую. Алена бачыла, як хуткая дапамога кагосьці везла 23 сакавіка.
«Я выйшла пасля заняткаў — каля ўвахода стаяла хуткая, але без мігалак і з выключанымі сірэнамі. Праз некалькі хвілін я пераходзіла вялікае скрыжаванне — і загучалі сірэны. Убачыла, што хуткая спрабуе выехаць на дарогу, але там вельмі моцны рух, асабліва ў гадзіну пік, і на святлафоры ўтварыўся затор. Кіроўца хуткай вельмі моцна сігналіў, гук проста аглушаў. Машыны з цяжкасцю раз’ехаліся, — згадвае беларуска. — Я яшчэ сама сабе падумала: «Ну і сюр: бальніца і SOR (аддзяленне хуткай дапамогі) за два крокі, а траціцца каштоўны час на абы-што».
Алена не была блізка знаёмая з Ксеніяй: дзяўчаты некалькі разоў перасякаліся ў цэнтры і размаўлялі «на бытавыя тэмы».
«Ксенія пакідала ўражанне сціплай, ціхай дзяўчыны. Размаўляла на беларускай мове і вельмі цікава апраналася», — згадвае яна.
Бацькі спрабавалі зрабіць візы, але яны не спатрэбіліся
Аднагрупнікі і куратар Ксеніі хадзілі ў бальніцу, спрабуючы даведацца хоць нейкую інфармацыю пра яе стан. Дактары ставіліся з разуменнем, але, улічваючы лекарскую таямніцу, не маглі даць звесткі староннім людзям.
У Польшчы ў Ксеніі ёсць сваякі: сястра і цётка. Цётка Ксеніі прыязджала ў Лодзь і некаторы час знаходзілася побач з пляменніцай. У бальніцы працуе лекар, які валодае рускай мовай, — ён увесь час быў у кантакце з бацькамі дзяўчыны, якія знаходзяцца ў Беларусі.
«Бацькі Ксеніі так і не паспелі прыехаць. Яны змаглі аформіць візы па паскоранай працэдуры, але яны, на жаль, не спатрэбіліся», — не стрымлівае слёз Вікторыя.
Каментары