Упершыню карта з’явілася ў фундаментальнай працы Карскага «Беларусы» і была створаная для навуковага даследавання тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы.

Ініцыятыва Maldzis выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы «Этнаграфічную карту беларускага племені» Яўхіма Карскага 1920 года выдання.
Упершыню карта з’явілася ў 1903 годзе ў фундаментальнай працы Карскага «Беларусы» і была створаная для навуковага даследавання тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы.

«Яўхім Карскі быў адным з найбольш аўтарытэтных славістаў Расейскай імперыі. Ягоная карта паказала прастору, на якой жывуць беларусы, а ў выніку ператварылася ў тое, пра што сам Карскі першапачаткова не думаў, — у адзін з пераканаўчых аргументаў у абгрунтаванні беларускай дзяржаўнасці і адным з арыенціраў для вызначэння межаў БНР», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч.
Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы, які пажадаў застацца ананімным. Плануецца, што ў будучыні яна будзе перададзеная ў Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей у якасці грамадскага падарунка.

На пачатку XX стагоддзя Яўхім Карскі ставіў перад сабой задачу акрэсліць тэрыторыю распаўсюджання беларускіх гаворак. Пры складанні карты ён улічваў сукупнасць моўных асаблівасцей, у тым ліку характар акання і асаблівасці вымаўлення зычных.
Аднак у наступныя гады гэтая навуковая праца набыла палітычнае гучанне. У 1917 годзе для патрэб Часовага ўрада і будучага Устаноўчага сходу Карскі тэрмінова абнавіў сваю карту. Хаця неўзабаве ўлада змянілася, менавіта гэтая версія, якая пазней перавыдавалася ў 1918 і 1920 гадах, стала галоўным арыенцірам для беларускіх дзеячаў пры вызначэнні межаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Пры гэтым, тэрыторыі, якія БНР уключала ў свае межы, не цалкам супадалі з абрысамі на карце Карскага. Дзеячы БНР разглядалі як частку дзяржавы і Берасцейшчыну, якую Карскі не адносіў да асноўнага беларускага моўнага арэала.

Набыты асобнік выйшаў у Маскве ў чэрвені 1920 года ў Картаграфічным аддзеле Корпуса ваенных тапографаў, выданне Беларускага пададдзела Аддзела асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыята асветы РСФСР. Гэта каляровая літаграфія ў маштабе 1:1 680 000, то бок адзін сантыметр на карце адпавядае 16,8 кіламетра на мясцовасці.
У снежні ў Варшаве ў межах «Арт-кавярні Maldzis» адбудзецца сустрэча з гісторыкам Цімохам Акудовічам, дзе можна будзе ўбачыць карту на ўласныя вочы і даведацца пра яе гісторыю.
Каментары