Міністр замежных спраў Літвы пракаментаваў магчымую калійную здзелку ЗША з Беларуссю
«Незалежна ад таго, хто з'яўляецца ўладальнікам калійных угнаенняў, незалежна ад таго, якая кампанія іх адпраўляе, калійныя ўгнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць апынуцца на тэрыторыі ЕС».

Учора прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што працуе над угодай з Беларуссю, паводле якой будзе купляць калійныя ўгнаенні ніжэйшай цаной, чым ЗША атрымліваюць з суседняй Канады.
Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс пракаментаваў LRT, што гэта справа двухбаковых адносін паміж ЗША і Беларуссю, і наўпрост на Літву гэта, маўляў, не ўплывае.
«Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларуссю, — гэта двухбаковыя дачыненні, дачыненні гэтых дзяржаў. Якія санкцыі ЗША здымаюць — гэта наўпрост не звязана з тым, што робіць Еўрапейскі саюз, якой санкцыйнай палітыкі ён прытрымліваецца», — сказаў ён.
На пытанне, ці выказваў Вашынгтон жаданне, каб беларускія калійныя ўгнаенні рухаліся на рынак ЗША праз тэрыторыю Літвы або літоўскія парты, Будрыс кажа, што кансультаваў амерыканскіх афіцыйных асоб наконт таго, як працуюць санкцыі ЕС: «Цяперашняе рэгуляванне пры ўвядзенні санкцый супраць Беларусі прадугледжвае, што на тэрыторыі ЕС не можа быць ніякіх угнаенняў. Гэта ахоплівае і транзіт. Незалежна ад таго, хто з'яўляецца ўладальнікам калійных угнаенняў, незалежна ад таго, якая кампанія іх адпраўляе, у якой краіне яна ні была б зарэгістраваная, калійныя ўгнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць апынуцца на тэрыторыі ЕС», — кажа Будрыс.
Таму ніводная дзяржава ЕС сёння не можа быць часткай пагаднення аб угнаеннях паміж ЗША і Беларуссю, запэўнівае міністр замежных спраў Літвы.
На пытанне, ці аказвалі ЗША ціск на Літву ці ЕС наконт перагляду санкцый супраць Беларусі, Будрыс кажа, што прычыны, чаму супраць Беларусі ўведзеныя санкцыі, зразумелыя — парушэнні правоў чалавека, разгром апазіцыі, падтрымка Расіі. «Пакуль гэта не змянілася, няма падстаў казаць, што санкцыі могуць быць перагледжаныя. Я сёння не бачу ніякай прасторы для дэбатаў на гэтую тэму», — заявіў Будрыс.
Каментары
І можаце хіба яшчэ тузін літвінаў вынудзіць з'ехаць у Польшчу.