«Здзек з жывых істот». Беларусы абураныя ўмовамі для катоў на выставе «Мурфэст» у сталіцы
19 верасня ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Чэрвеньскі» ў Мінску пачала працу кантактная выстава катоў «Мурфэст». Ужо на наступны дзень неабыякавыя людзі пачалі біць трывогу за выстаўленых там жывёл.

Па словах наведнікаў, каты ўжо выглядаюць змучанымі, хаця выстава анансавала працу да 8 лістапада ўключна. Да гэтага ж тыя самыя жывёлы пабывалі з «гастролямі» ў Расіі, дзе арганізатары таксама сутыкнуліся з крытыкай і заклікамі спыніць гэты здзек. А ў Чалябінску мясцовыя ўлады нават забаранілі правядзенне выставы «Мурфэст», зафіксаваўшы парушэнні ў транспартаванні і размяшчэнні чатырохлапых.
Беларусы, якія ўжо паспелі наведаць «Мурфэст», апавядаюць, што пад прыгожай абгорткай яны пабачылі жаданне арганізатараў нажыцца на бедных катах, якія перабягаюць з кута ў кут у надзеі знайсці супакой.
«Змучаныя, нібыта пад уздзеяннем седатыўных прэпаратаў — каты ці спяць, ці імкнуцца ўцячы ад дзяцей, якія няспынна іх ціскаюць ці тыкаюць у іх палкамі», — падзялілася назіраннямі ў Threads адна з наведніц.
«Некаторыя выглядаюць хваравітымі, вельмі ўстрывожанымі, яны ў стане стрэсу».

«Чаму ніхто на выставе не кантралюе абыходжання з жывёламі?» — задаецца пытаннем яшчэ адна беларуска, на свае вочы пабачыўшы, як арганізатары праігнаравалі агрэсіўную рэакцыю ката на дотыкі чарговага наведніка.

Выклікала ў наведнікаў пытанне і сама прастора для катоў у ГЦ.
«Пад гэты «Мурфест» арандаванае памяшканне з бетоннай падлогай, замест сценак там банеры. А калі ты туды заходзіш, то бачыш не катоў, а велізарны натоўп людзей вакол іх», — дзеліцца ўражаннямі яшчэ адна беларуска. «У цэнтры — кіпцюрадзёркі, домікі, бегавая дарожка і ўсяго тры ці чатыры латкі на ўсё памяшканне (некаторыя нават не ачышчаныя), прыкладна столькі ж паілак. Пры тым што катоў там недзе 13‑15».

Па словах відавочцы, адпачынак для катоў прадугледжаны выключна ў клетках, але толькі тады, калі яго дазволяць супрацоўнікі выставы.
«Мурфэст» працуе ў сталіцы штодзённа, акрамя панядзелка, з 11:00 да 20:00. З такім графікам жывёлы ўсяго раз на тыдзень могуць паўнавартасна адпачыць ад патоку людзей, якія хочуць іх палашчыць, бо заплацілі за тое грошы. Квіткі на «Мурфэст» каштуюць ад 24 да 26 рублёў — усё гэта падаецца як «котатэрапія», аднак для саміх катоў тут прыемнага мала.
«Калі ўлічваць, што да прыезду ў Мінск тыя ж каты пабывалі на гастролях у Расіі, то гэта выглядае як жудасная эксплуатацыя, якая можа прывесці да хвароб на фоне стрэсу», — кажа ветэрынар.


У Расіі арганізацыя «Мурфэсту» каранямі цягнецца да прадпрымальніка Юрыя Ткачэнкі з Саратава (менавіта яму адмовілі ў свой час у ліцэнзіі ў Чалябінску).
У Мінску за прывоз катоў на тэрыторыю Чэрвенскага ГЦ адказная кампанія «Экзібіт», зарэгістраваная ў Беларусі з 2024 года і асноўная дзейнасць якой — «арганізацыя адпачынку і забаў».
Журналіст «Нашай Нівы» звярнуўся да арганізатараў «Мурфэста» ў Мінску як прыватная асоба.
«Хочам запэўніць вас, што выстава строга выконвае ўсе нормы і правілы, скіраваныя на забеспячэнне дабрабыту жывёл і камфорт наведвальнікаў. Усе коткі ў нас знаходзяцца пад назіраннем прафесіяналаў, і іх здароўе кантралюецца. Мы абмяжоўваем колькасць наведвальнікаў, каб стварыць камфортную атмасферу», — пракаментавалі там.
Пры гэтым ад дадатковага пытання наконт канкрэтнай дазволенай колькасці наведнікаў арганізатары ўхіліліся, цьмяна ўдакладніўшы, што «строгага абмежавання па колькасці наведнікаў няма, але мы імкнёмся рэгуляваць плынь людзей».
На афіцыйнай старонцы фэста ў інстаграме да некаторых пастоў была абмежаваная магчымасць каментавання. Там жа, дзе гэта яшчэ магчыма, негатыўныя водгукі падчышчаюцца.
Каментары