Украінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па марскім порце ў Ейску Краснадарскага края Расіі, паведаміў Генеральны штаб УСУ.

У выніку атакі былі пашкоджаныя рэзервуары з паліўна-змазачнымі матэрыяламі на нафтава-наліўным комплексе. Украінскі бок сцвярджае, што гэты аб’ект выкарыстоўваецца для забеспячэння расійскай арміі. Памер нанесенай шкоды пакуль удакладняецца.
Губернатар Краснадарскага края Веніямін Кандрацьеў раней паведаміў пра атаку беспілотнікаў на Ейскі раён. Паводле яго слоў, адзін з дронаў упаў у прыватным сектары, а яго абломкі трапілі на прадпрыемства на тэрыторыі порта. Там узнік пажар, які на момант паведамлення тушылі.
Таксама паведамлялася пра пацярпелых сярод мясцовых жыхароў. Паводле заявы Кандрацьева, у выніку атакі загінулі двое дзяцей, яшчэ двое дарослых былі шпіталізаваныя.
Ейскі нафтава-наліўны комплекс уваходзіць у інфраструктуру марскога порта Ейск. Ён выкарыстоўваецца для прыёму, захоўвання і пагрузкі нафтапрадуктаў на марскія судны.
Агульная прапускная здольнасць грузавых тэрміналаў порта складае каля 6,8 мільёна тон грузаў у год. Больш за мільён тон з гэтага аб’ёму прыпадае на наліўныя грузы, у тым ліку нафтапрадукты.
Каментары