Вайна2828

Кушнер Пуціну: Вы нам і год назад казалі, што за пару месяцаў зоймеце Данбас

Зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер падчас перамоваў у Крамлі паставіў пад сумнеў заяву Уладзіміра Пуціна аб хуткім захопе Расіяй усяго Данбаса. Пра з'едлівую рэпліку Кушнера паведаміла The New York Times.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сустракаецца са спецпасланнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам у Крамлі. Масква, 5 верасня 2026 года. Фота: Kremlin Press Office / Anadolu via Getty Images

Сустрэча Пуціна з прадстаўнікамі Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткафам адбылася ў Крамлі 5 верасня. Як піша The New York Times, падчас перамоваў Пуцін дэманстраваў упэўненасць. Ён заявіў амерыканцам, што на працягу некалькіх месяцаў расійскія войскі нарэшце возьмуць пад кантроль увесь Данбас.

Пуцін таксама заявіў, што Расія гатовая нанесці маштабныя ўдары па энергасістэме Украіны, што можа зрабіць будучую зіму асабліва цяжкай для ўкраінцаў.

Кушнер паспрабаваў запярэчыць Пуціну.

«Пры ўсёй павазе, вы казалі нам дакладна тое самае год таму. Якая імавернасць таго, што мы вернемся сюды яшчэ праз год, а вы зноў будзеце казаць тое самае? Можа, не будзем губляць год?»

Гэты абмен рэплікамі The New York Times апісалі чалавек, знаёмы з ходам перамоваў, і амерыканскі чыноўнік. Выданне адзначае, што ён добра ілюструе дылему, з якой сутыкнуліся намаганні Трампа пакласці канец вайне ва Украіне, якія працягваюцца ўжо больш за 18 месяцаў.

Адным з ключавых пытанняў на перамовах застаецца Данбас. NYT адзначае, што стала зразумела: Украіна не збіраецца выводзіць войскі з той часткі сваёй тэрыторыі, якую Пуцін патрабуе.

Пазней Кушнер публічна расказаў пра гэтую праблему падчас выступу па відэасувязі на сустрэчы міжнародных прыхільнікаў Украіны ў Кіеве.

«Прэзідэнт Пуцін акрэсліў лінію, якой ён хоча дасягнуць, — сказаў Кушнер. — Калі б Украіна хацела адысці да гэтай лініі, тады, відавочна, астатняя частка пагаднення ў нас ужо падрыхтаваная. Але Украіна цяпер не хоча гэтага рабіць».

На гэтым фоне адміністрацыя Трампа шукае новыя спосабы заахвоціць Расію да заканчэння вайны. Паводле NYT, Белы дом цяпер разглядае магчымасць заключэння бізнес-здзелак з Расіяй яшчэ да спынення баявых дзеянняў. Гэта было б зменай у параўнанні з ранейшай пазіцыяй Трампа, які заяўляў, што бізнес з Расіяй будзе магчымы пасля ўрэгулявання вайны.

Адначасова Кангрэс ЗША прыняў законапраект, накіраваны супраць расійскага энергетычнага сектара. Ён дазваляе прэзідэнту ўводзіць тарыфы да 100 працэнтаў супраць краін, якія купляюць найбольш расійскай нафты або газу, а таксама прадугледжвае санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў, бізнесменаў і фінансавых устаноў. Трамп даў зразумець, што падпіша законапраект.

Паездка Кушнера і Уіткафа ў Маскву, а затым у Кіеў стала спробай аднавіць перамовы, якія раней у гэтым годзе ў значнай ступені спыніліся. Паводле ўкраінскіх чыноўнікаў, трохбаковыя перамовы ЗША, Украіны і Расіі могуць аднавіцца ў кастрычніку. На іх, як чакаецца, можа абмяркоўвацца абмежаванае спыненне агню — у прыватнасці, спыненне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры або суднаходстве ў Чорным моры.

Каментары28

  • Indrid Cold
    18.09.2026
    Ну дык ён жа не сказаў у якім годзе гэта будзе і колькі рускіх пры гэтым будзе вынішчана.
  • Пеця
    18.09.2026
    Дык вось узнiкае пытанне як гэта пазьнячок трындзiць аб тым, што трэба пачакаць пакуль пуцiн прайграе i тады Беларусь будзе вызвалена калi лапiдарны генiй выводзе пуцiна з пад санкцый i заключае з iм бiзнес здзелкi, дык калi гэта тады будзе? А нiкалi.
  • ?
    18.09.2026
    А калі б змог да 5 верасня захапіць чужую зямлю, то быў маладзец, так, зяцёк?

Цяпер чытаюць

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вокны павыбівала, кватэры заліло. Хто і як будзе кампенсаваць шкоду ад «фантана» на Жукоўскага ў Мінску1

Тэйлар Свіфт атрымала ўзнагароду MTV за відэа года6

Не дачакаў заканчэння кантролю на мяжы і паехаў. 22‑гадовага кіроўцу з пагоняй затрымалі ў Беластоку2

58‑гадовую мінчанку асудзілі за пратэсты і «абразу Лукашэнкі»6

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома14

Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было1

Саладуха распавёў, як Лукашэнка спяваў разам з ім «Чужую мілую»25

Што не так з ідэяй, быццам нацыі ўзніклі толькі ў ХІХ стагоддзі?48

Трамп заявіў, што папрасіў Зяленскага зменшыць атакі на НПЗ у Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць