Bloomberg: Трамп прапанаваў Зяленскаму правесці сустрэчу з Пуціным у Маскве
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай асамблеі ААН прапанаваў прэзідэнту Украіны правесці сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Маскве. Пра гэта 25 верасня паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, Зяленскі адхіліў прапанову Трампа. Яна, як сцвярджаецца, выклікала незадаволенасць украінскага прэзідэнта.
Неўзабаве, аднак, карэспандэнт выдання Financial Times Крыстафер Мілер аспрэчыў гэтую інфармацыю:
«У офісе Уладзіміра Зяленскага, у тым ліку чыноўнікі, якія прысутнічалі на сустрэчы, паведамляюць мне, што гэтага не было; падчас іх сустрэчы ў ААН Трамп не заклікаў прэзідэнта Украіны сустрэцца з Пуціным у Маскве. Лідары дзвюх краін абмеркавалі патэнцыйныя будучыя трохбаковыя перамовы, але тое, што апісана ў артыкуле [Bloomberg], не адбывалася».
«Гэта непраўдзівая інфармацыя», — паведаміў пасля журналістам і дарадца ўкраінскага прэзідэнта Дзмітрый Літвін.
Раней Пуцін ужо заяўляў пра гатоўнасць прыняць Зяленскага ў Маскве. Зяленскі ў адказ называў такія запрашэнні «гульнямі» і прапаноўваў правесці сустрэчу ў нейтральнай краіне. Сярод магчымых месцаў ён называў Швейцарыю і Турцыю.
23 верасня, адказваючы на пытанні расійскіх прапагандыстаў, калі ён прыедзе ў Маскву, Зяленскі сказаў, што можа прыляцець «на ракеце».
«На ракеце». Зяленскі рэзка адказаў расійскім журналістам
Зяленскі выказаўся за энергетычнае перамір'е з Расіяй, але сумняецца, што яна будзе яго выконваць
Трамп запатрабаваў ад Зяленскага спыніць знішчэнне расійскіх НПЗ з-за пагрозы сусветнага дэфіцыту паліва
Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў
Каментары