У Пецярбургу пасля атакі дронаў загарэўся нафтавы тэрмінал. Пад удар трапіў таксама дата-цэнтр «УКантакце»
Пажары ўзніклі ў чатырох раёнах горада, частка жыхароў засталася без электрычнасці. Гарыць мост. У Пулкаве абмежавалі палёты, пасажыраў і супрацоўнікаў аэрапорта адпраўлялі ва ўкрыцці.

У ноч на 18 кастрычніка Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць зазналі масаваную атаку беспілотнікаў. Губернатар Пецярбурга Аляксандр Бяглоў пацвердзіў пажар на тэрыторыі Пецярбургскага нафтавага тэрмінала.
Паводле яго, пажары таксама ўзніклі на аб’ектах інфраструктуры ў Неўскім, Краснасельскім, Краснагвардзейскім і Маскоўскім раёнах. Бяглоў заявіў, што «ахвяр няма», і папярэдзіў пра магчымыя перабоі з мабільным інтэрнэтам.
Кампанія VK пацвердзіла атаку на свой дата-цэнтр у Ленінградскай вобласці. Паводле яе заявы, сэрвісы працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Аднак карыстальнікі скардзіліся на праблемы з доступам да «УКантакце».
Паведамляецца таксама пра траплянне беспілотніка ў мост праз Карабельны фарватар. Мост уваходзіць у склад платнай магістралі «Заходні хуткасны дыяметр». Ступень пашкоджанняў пакуль невядомая.
Рух на асобных участках дарог у горадзе абмежавалі. Жыхары шэрагу раёнаў паведамлялі пра адключэнні электрычнасці.
Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў пра 126 збітых беспілотнікаў. Пашкоджанні ліній электраперадачы выклікалі перабоі са святлом.
Працу аэрапорта Пулкава абмежавалі каля другой гадзіны ночы. Раніцай пасажыраў прасілі не прыязджаць загадзя: расклад рэйсаў працягвалі карэктаваць.
Каментары