«Палова групы — са слязамі на вачах». Беларуска арганізуе незвычайныя падарожжы — ад сустрэчы з кітамі да сафары
Кацярына арганізуе падарожжы ў Ісландыю, Нарвегію і Афрыку. Яе турысты назіраюць за кітамі, адпраўляюцца на сафары і даследуюць цяжкадаступныя мясціны. Але не на ўсе прыгоды Кацярына гатовая пагадзіцца. Напрыклад, яна адмовілася арганізоўваць плаванне з кітамі на Маўрыкіі, даведаўшыся, як там абыходзяцца з жывёламі. Выданне Most паразмаўляла з ёй пра незвычайную працу, небяспекі і любоў да кітоў.

«Я толькі ў падарожжах трохі выдыхала»
Кацярына працавала ў Беларусі ў сферы катэгарыйнага і брэнд-менеджменту. Добра зарабляла, але не адчувала задавальнення ад працы.
«Ёсць грошы, а няма адчування жыцця ў жыцці, няма энергіі. Я толькі ў падарожжах трохі выдыхала», — узгадвае яна.
Кацярына пайшла з найму і запусціла праект «На каву з падарожнікам»: арганізоўвала сустрэчы ў Мінску, а пазней разам з партнёрам — паездкі ў Ісландыю. Яна збірала групы, а партнёр суправаджаў турыстаў. Пандэмія спыніла праект на некалькі гадоў.

У 2021 годзе дзяўчына атрымала прапанову працы ва ўкраінска-дацкай кампаніі і пераехала ў Кіеў. Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны выехала ў Гданьск, дзе неўзабаве пазнаёмілася з палякам Войтэкам.
Пазней Кацярыну скарацілі з кампаніі. Ведаючы пра яе любоў да падарожжаў і вопыт арганізацыі паездак, Войтэк прапанаваў аднавіць праект. Сам ён кіруе швейным бізнэсам і працуе менеджарам па найме. Ён паабяцаў падтрымліваць Кацярыну фінансава столькі, колькі спатрэбіцца, каб яна змагла запусціць сваю справу.
«Гэта адыграла ключавую ролю ў тым, што я ў гэта пайшла. Таму што калі ў цябе тыл прыкрыты, то можна і паспрабаваць», — кажа Кацярына.
Цяпер большую частку арганізацыйных пытанняў Кацярына вырашае сама, а Войтэк дапамагае падчас падарожжаў: сядае за руль, займаецца аўтамабілямі і падказвае, як вырашыць складаныя сітуацыі з удзельнікамі групы.

У Афрыку — амаль за 4 тысячы еўра
Кацярына размясціла інфармацыю ў сацсетках — і група на Лафатэнскія астравы ў Нарвегіі набралася амаль адразу. Усё дзякуючы аўдыторыі, якая засталася ў яе яшчэ з часоў беларускага праекта.
Цяпер Кацярына арганізуе паездкі ў Ісландыю, Нарвегію і Афрыку. У Ісландыі турысты могуць убачыць вадаспады і ледавікі або аб'ехаць востраў цалкам. А на лета 2027 года дзяўчына плануе падарожжа ў дзікую цэнтральную частку краіны, куды дабіраюцца на пазадарожніках, здольных перасякаць рэкі ўброд.
У Афрыцы — ПАР і Намібіі — праграма іншая: сафары, шпацыры з гепардамі, каякінг з марскімі коцікамі і спускі на дошках з пясчаных дзюн. Кацярына тлумачыць, што падарожжа ў Афрыку дарагое — 3800 еўра без авіяпералёту — і кліенты «хочуць узяць максімум».

«Дакрананне да чагосьці вельмі каштоўнага і важнага»
Асаблівая любоў Кацярыны — кіты. Яна стараецца ўключаць назіранне за імі ў падарожжы, хоць для турыстаў гэтая экскурсія неабавязковая.
«Палова групы стандартна са слязамі на вачах. Гэта вельмі яркія эмоцыі, складана з чымсьці параўнаць. Такое нешта дзіцячае, глыбокае, дакрананне да чагосьці вельмі каштоўнага і важнага», — расказвае яна.

У Ісландыі турысты адпраўляюцца назіраць за кітамі на лодках. Кацярына аддае перавагу невялікім, прыкладна на 12 чалавек. Экскурсія на вялікім судне каштуе каля 80—90 еўра, на маленькім — каля 150 еўра. Але, паводле яе слоў, уражанні вартыя пераплаты.
«Людзі глядзяць Instagram і ўяўляюць сабе, як яны ўбачаць кіта, але ў рэальнасці гэта выглядае прасцей. Звычайна бачныя спіна і хвост, вельмі рэдка плаўніком махне», — тлумачыць дзяўчына.
З невялікай лодкі жывёлу можна ўбачыць бліжэй. Аднойчы кіт сам вынырнуў побач з групай. Але прадбачыць, дзе ён з'явіцца — за 30 ці за 200 метраў ад турыстаў, немагчыма.
Кацярына возіць людзей на такія экскурсіі не толькі дзеля ўражанняў. Яе даўно непакоіць кітабойны промысел, які дагэтуль вядуць у некаторых краінах, у тым ліку ў Ісландыі, Нарвегіі і Японіі.
Кацярына разважае так: калі назіранне за жывымі кітамі будзе прыносіць краінам больш грошай, чым іх здабыча, ва ўладаў з'явіцца дадатковы аргумент адмовіцца ад промыслу. Таму яна стараецца зацікавіць турыстаў такімі экскурсіямі.
Кацярына таксама падтрымлівае арганізацыі, якія абараняюць кітоў: пераводзіць ім ахвяраванні, падпісвае петыцыі і сочыць за іх дзейнасцю. Дзяўчына нават хацела б працаваць у адной з іх, калі з'явіцца прыдатная вакансія.
Нядаўна яна выпусціла худзі з выявай кітоў, разлічваючы накіроўваць больш грошай на іх абарону. Праўда, пакуль продажы не пайшлі.

«Не магу прыкласці руку да папулярызацыі гэтай жэсці»
Кацярына марыць не толькі назіраць за кітамі з лодкі, але і аднойчы паплаваць побач з імі ў адкрытай вадзе. Яна нават планавала арганізаваць такую паездку на Маўрыкій, але адмовілася ад ідэі, калі даведалася, што плаваць з кітамі там афіцыйна забаронена. Турыстаў там усё роўна возяць да жывёл у абыход правілаў. І яны вялікімі групамі скачуць у ваду побач з кашалотамі, замінаючы ім.
«Я не магу прыкласці руку да папулярызацыі гэтай жэсці», — тлумачыць Кацярына.
Дзяўчына прызнае, што любое плаванне побач з кітамі можа непакоіць жывёл. Аднак, паводле яе слоў, ёсць кірункі, дзе арганізатары хаця б стараюцца абмяжоўваць колькасць турыстаў і кантраляваць адлегласць да кітоў. Менавіта такі варыянт яна хацела б знайсці для сябе.
Для глыбокага пагружэння побач з кітамі патрэбная сур'ёзная падрыхтоўка: ныраць даводзіцца на затрымцы дыхання, без акваланга. Кацярына расказвае пра дзяўчыну са сваёй групы, якая ўжо займалася дайвінгам і плавала з кітамі. Толькі падчас трэцяга пагружэння яна змагла справіцца з хваляваннем і па-сапраўднаму атрымаць асалоду ад таго, што адбываецца.
Наколькі гэта бяспечна? Кацярына лічыць кітоў міралюбнымі жывёламі, але дапускае, што яны могуць выпадкова траўмаваць чалавека.
«Развярнуліся — а месца, дзе мы толькі што стаялі, ужо не было»
За прыгожымі фатаграфіямі з падарожжаў хаваюцца і небяспечныя сітуацыі. Асабліва непрадказальнай бывае Ісландыя. Там настолькі моцныя вятры, што аднойчы парыў пашкодзіў дзверы аўтамабіля, а іншым разам прыйшлося літаральна паўзці — ісці было немагчыма. А аднойчы снежны карніз, на які група ўзабралася, каб сфатаграфаваць вадаспад, абваліўся, ледзь турысты паспелі адысці.
«Пачуўся грукат. Развярнуліся — а таго месца, дзе мы стаялі, ужо не было. Гэта быў момант татальнага ўсведамлення дзікасці і небяспечнасці Ісландыі», — кажа Кацярына.
Кацярына стараецца не планаваць паездкі ў Ісландыю з верасня па канец мая, але і ўлетку турысты часта недаацэньваюць мясцовую прыроду. Таму ёй часам даводзіцца строга спыняць удзельнікаў групы і тлумачыць, чаму далей ісці нельга.
Не праца мары
Арганізацыя падарожжаў патрабуе немала падрыхтоўкі. Напрыклад, Кацярына дапамагае турыстам афармляць візы. Паводле яе слоў, асабліва непрадказальным бывае атрыманне электроннай візы ў ПАР. Хтосьці з кліентаў атрымліваў яе з першага разу, хтосьці — з пятага.
Для ўдзельнікаў Кацярына рыхтуе падрабязную інструкцыю: пра страхоўку, прышчэпкі, рызыкі малярыі. Рашэнне пра вакцынацыю кожны прымае самастойна.
Суправаджэнне турыстаў — не адпачынак, а праца. Арганізатар павінен кантраляваць усе пытанні і несці адказнасць за ўдзельнікаў. Кацярына лічыць, што не ўсе арганізатары групавых паездак да канца ўсведамляюць, якую адказнасць бяруць на сябе, і бываюць не гатовыя да надзвычайных сітуацый.
Дзяўчына прызнаецца, што ёй таксама бывае няпроста, і іранічна заўважае, што ў яе «не праца мары». Але менавіта гэта прымушае яе кожны раз больш старанна рыхтавацца да падарожжаў.
10 000 км за тры тыдні. Беларусы адправіліся ў Турцыю на аўто: што ўбачылі і колькі патрацілі?
Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»
Падарожнік Карл Бушбі дайшоў пехатой з Чылі ў Вялікабрытанію. На гэта спатрэбілася 28 гадоў
Беларусы адмовіліся ад тура за 15700 BYN і выправіліся ў Кітай самастойна. Ашчадзілі ўдвая
Каментары