Гадзіннік Дзяніса Кучынскага сапраўды каштуе $430 тысяч? Расследавальнікі прамахнуліся ў дзесяць тысяч разоў
У рэдакцыі некалькіх незалежных СМІ даслалі фота дарадцы Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Дзяніса Кучынскага з гадзіннікам на руцэ. Сцвярджаецца, што гэта Cartier за 430 тысяч даляраў.

Адзенне і аксэсуары як самой Святланы Ціханоўскай, так і яе атачэння неаднойчы станавіліся прадметам абмеркавання. Раней «Наша Ніва» пісала пра калекцыю незвычайных гальштукаў Дзяніса Кучынскага, а таксама пра гадзіннік Франака Вячоркі. Цяпер увагу прыцягнуў гадзіннік Кучынскага.
На фота адной з сустрэч дарадца дэмакратычнай лідаркі па міжнародных справах сядзіць за сталом у светлым гарнітуры. На яго руцэ бачны гадзіннік незвычайнай формы з залацістым корпусам, белым цыферблатам і чорным раменьчыкам.
У лісце, разасланым у рэдакцыі некалькіх незалежных СМІ, сцвярджалася, што гэта Cartier Crash — гадзіннік коштам сотні тысяч даляраў. Для пераканаўчасці да фота Кучынскага дадалі скрыншот з сайта продажу люксавых гадзіннікаў Chrono24, дзе падобная мадэль выстаўленая за 429 995 даляраў.

Cartier Crash — адна з самых незвычайных мадэляў французскага ювелірнага дома Cartier. Яе ўпершыню стварылі ў Лондане ў 1967 годзе. Адметнасць гадзінніка — асіметрычны, нібы расплаўлены корпус і выгнутыя рымскія лічбы на цыферблаце. Такі дызайн часта параўноўваюць са знакамітымі расплаўленымі гадзіннікамі на карціне Сальвадора Далі «Сталасць памяці».
Cartier Crash выпускаўся невялікімі партыямі і з часам стаў калекцыйнай рэдкасцю. Пра тое, наколькі высока цэняцца такія гадзіннікі, сведчыць і аб'ява на Chrono24: за амаль 430 тысяч даляраў прапануюць не новы, а патрыманы экзэмпляр. Прычым нават без арыгінальнай скрыначкі і дакументаў, якія не захаваліся, як адзначае прадавец.

«Наша Ніва» звярнулася да Кучынскага, каб высветліць, ці сапраўды ён носіць такі дарагі гадзіннік, і папрасіла паказаць яго зблізку.
Аказалася, што падабенства сапраўды ёсць, але гаворка ідзе пра два зусім розныя гадзіннікі. Той, які носіць Дзяніс Кучынскі, — значна прасцейшы і зусім танны.
Вонкава ён сапраўды нагадвае дарагі Cartier, аднак пры бліжэйшым разглядзе можна заўважыць шэраг адрозненняў.

У арыгінальнага Cartier Crash корпус выраблены з 18‑каратнага ружовага золата з выразнай залацістай абводкай вакол цыферблата. У гадзінніка Кучынскага корпус цалкам залацісты. Адрозніваюцца і стрэлкі: у Cartier яны сінія, а ў бюджэтнага аналага — чорныя. Акрамя таго, на цыферблаце гадзінніка Кучынскага няма фірмовага надпісу Cartier, а галоўка заводу мае іншую форму.
Падобны гадзіннік можна купіць на Vinted пад назвай Dali Gold Vintage Unisex Watch за 41,51 еўра, або каля 46 даляраў. З улікам збораў платформы яго кошт складае 44,29 еўра.

Сам Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», што набыў гадзіннік яшчэ танней: «Я, здаецца, нават за 35 узяў на Vinted».
Такім чынам, гадзіннік, які ў разасланым лісце выдавалі за Cartier коштам амаль 430 тысяч даляраў, напраўду каштуе ў дзесяць тысяч разоў менш.
Чытайце таксама: Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары